Жыццё і творчасць Міхася Зарэцкі (1901—1937)
Міхась Зарэцкі (1901—1937)
зарэцкі
беларускай літаратура
Нарадзіўся Міхась
Зарэцкі (Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч) 20 лістапада 1901 г. у в. Высокі Гарадзец
Сенненскага павета Магілёўскай губерні (зараз — Талачынскі раён Віцебскай
вобласці) у сям'і вясковага дзяка.
Бацька М.
Зарэцкага паходзіў з бедных сялян, быў чалавекам з крутым, няўжыўчывым
(асабліва ў адносінах да начальства) характарам, з падкрэслена крытычным
стаўленнем да жыцця, меў значны ўплыў на мастацкае фарміраванне сына.
Маці да замужжа
спявала ў царкоўным хоры. Дзяцінства М. Зарэцкага прайшло ў в. Зарэчча пад
Шкловам (адсюль і псеўданім пісьменніка).
Чатыры гады ён
правучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы, два — у Магілёўскай духоўнай
семінарыі.
У 1917 г.,
пакінуўшы семінарыю, каля паўгода працаваў перапісчыкам у адной з паўвайсковых
часцей, затым царкоўным вартаўніком.
У 1919 г. атрымаў
пасаду настаўніка ў адной з вясковых школ на Магілёўшчыне. Працаваў старшынёй
валаснога аб'яднання настаўнікаў, загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы,
у 1920 г. — пастаянным членам праўлення работнікаў асветы і сацыялістычнай
культуры ў Магілёве.
У тым жа годзе
ўдзельнічаў у 2 Усесаюзным з'ездзе работнікаў асветы. Амаль сем гадоў служыў у
Чырвонай Арміі, быў камісарам. Адначасова вучыўся ў БДУ. З'яўляўся актыўным
удзельнікам літаратурна-грамадскага руху. З 1924 г.
М. Зарэцкі — член
літаратурна-мастацкага аб'яднання «Маладняк» (уваходзіў у Цэнтральнае Бюро
гэтага аб'яднання). Член КПСС з 1925 г.
У 1926—27 гг.
рэдагаваў часопіс «Маладняк». З 1927 г. — член літаратурна-мастацкага
аб'яднання «Полымя» (уваходзіў у ініцыятыўную групу па яго стварэнні).
У жніўні —
кастрычніку 1927 г. разам з Ц. Гартным і М. Чаротам наведаў Латвію,
Чэхаславакію, Германію, Францыю. Сябраваў з Я. Коласам, Я. Купалам.
У 1929 г.
выключаны з партыі «за праяўленне нацыянал-дэмакратызму».
У 1934 г. прымаў
удзел у працы Першага Усебеларускага з'езда пісьменнікаў, актыўна выступаў на
пленумах, сходах пісьменнікаў. Працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і
мастацтва ў Акадэміі навук Беларусі. У 1936 г. М. Зарэцкі незаконна арыштаваны.
У 1937 г. прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. На Поўнач была выслана яго
жонка, якая сядзела разам з Л. Геніюш.
Міхась Зарэцкі —
таленавіты прадстаўнік новай пісьменніцкай генерацыі, што прыйшла ў беларускую
літаратуру на пачатку 20-х гадоў з аптымістычнай верай у неабходнасць
рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця і ўсталяванне сацыяльнай справядлівасці.
Прыхільнік рамантычнага кірунку ў беларускай прозе, пісьменнік-наватар, М.
Зарэцкі стварыў шэраг твораў, якія прыкметна ўзбагацілі беларускае слоўнае
мастацтва ў ідэйна-тэматычным, жанрава-стылявым, вобразна-выяўленчым плане і па
праву належаць да лепшых дасягненняў нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Першым друкаваным
творам М. Зарэцкага стала апавяданне «Спатканне», якое было змешчана ў 1922 г.
у газеце «Савецкая Беларусь». Працэс станаўлення творчай індывідуальнасці
маладога пісьменніка ішоў даволі інтэнсіўна: з-пад яго пяра выходзіць шмат
апавяданняў, якія пазней склалі асобныя зборнікі «У віры жыцця», «Пела вясна»
(абодва — 1925), «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх» (абодва —
1926). Змешчаныя тут творы атрымалі ў большасці сваёй высокую ацэнку крытыкі і
былі прыхільна сустрэты чытацкай аўдыторыяй.
У
навукова-крытычнай літаратуры трывала замацавалася думка, нібыта свой шлях у
літаратуру М. Зарэцкі пачынаў як рамантык — з услаўлення рэвалюцыі, з
бадзёра-аптымістычнага, пафаснага апявання светлай сацыялістычнай явы і толькі
паступова авалодваў прынцыпамі рэалістычнага пісьма. Гэты вывад патрабуе,
аднак, істотнага ўдакладнення.
Знаёмства з
раннімі творамі — «Цішка Бабыль» (1922), «Як гэта часам трапляецца», «З нашых
дзён», «Ноччу» (усе — 1923) — сведчыць аб тым, што пачынаў пісьменнік якраз у
рэчышчы традыцыйнай рэалістычна-бытавой прозы.
У ранніх творах
нямала паасобных праўдзівых сцэн, эпізодаў, замалёвак, якія не зліваюцца ў
сюжэтна-вобразнае адзінства. Бытавая плынь тут часта перамагала абагульняючую
думку маладога аўтара, звязвала яго творчую фантазію. Пісьменнік аказваўся ў
палоне натуралістычнай апісальнасці. Таму і характары дзейных асобаў глыбока не
раскрыты, псіхалагічна не вытлумачаны матывы іх паводзін. Напрыклад, сэнс
апавядання «Як гэта часам трапляецца» зводзіўся да абмалёўкі пачварнага ўчынку
селяніна Якуба, які праз сваю ўпартасць не паслухаўся жонкі і не прымкнуў на
замок кабылу. Калі ж кабылу ўкралі, Якуб з адчаю забівае жонку, быццам гэта яна
наклікала бяду.
Мастацкая
аналітыка ў творы падменена дыдактыкай і асветніцкім маралізатарствам. Аднак,
дзеля справядлівасці неабходна зазначыць, што ў шэрагу ранніх апавяданняў М.
Зарэцкі дасягаў пэўнага поспеху, калі пасіўна не капіраваў рэчаіснасць, а
пераўтвараў яе па законах прыгожага («У Саўках», 1922; «У віры жыцця»,
«Чаплюк», «Мар'я» — усе 1923).
М. Зарэцкі не
наводзіць глянец на паслякастрычніцкую рэчаіснасць, не ідэалізуе яе, а смела
заглыбляецца ў сацыяльныя супрярэчнасці жыцця, закранае вострыя, надзённыя
тэмы. Адной з такіх была тэма драматычнага лёсу прадстаўнікоў таго класа, каго
рэвалюцыя пазбавіла ранейшых прывілеяў лёсу — гэтак званых былых. Найболын
яскравае адлюстраванне дадзеная тэма знайшла ў апавяданнях «Ворагі» (1923),
«Адна партыя ў шашкі» (1924), «Кветка пажоўклая», «Двое Жвіроўскіх» (абодва —
1926). Значэнне гэтых твораў надзвычай вялікае. Ва ўмовах, калі ідэя класавай
барацьбы, ідэя класавага падыходу ўсё больш актыўна навязвалася грамадству,
абарона пісьменнікам «былых», «учарашніх», яго заклік праявіць спагадлівасць,
міласэрнасць, дабрыню да пераможаных крыху нейтралізавалі гэтую небяспечную
ідэю. Сваімі апавяданнямі М. Зарэцкі ўмацоўваў аўтарытэт беларускай літаратуры
як мастацтва гуманістычнай скіраванасці.
Маральна-этычная
праблематыка ў «малой прозе» М. Зарэцкага не вычэрпвалася, аднак, тэмай
«былых», «учарашніх». Актыўную, дзейсную натуру Зарэцкага-мастака неадольна
прыцягвала і сучасная яму рэчаіснасць, складаныя, супярэчлівыя працэсы, якія
адбываліся ў жыцці і свядомасці прадстаўнікоў розных сацыяльных груп.
Асаблівую
цікавасць у маладога празаіка выклікала тэма моладзі, кахання, сям'і, шлюбу,
тэма духоўнага станаўлення чалавека, складванне новай маралі, новых
узаемаадносін паміж людзьмі. Але тут поспехі М. Зарэцкага аказаліся не такімі
значнымі. Некаторыя апавяданні — «Спакуса» (1923), «Гануля» (1924),
«Камсамолка», «У велікодную ноч», «Як Настулька камсамолкай зрабілася», «Пела
вясна» (усе — 1925) — не ўздымаюцца вышэй газетных агітацыйных публікацый. Гэта
— тыповая маладнякоўская проза ранняй пары, бадзёра-ўзвышаная, паэтычная,
прасякнутая аптымізмам, але павярхоўная і малазмястоўная. Тут няма ні належнай
глыбіні, ні псіхалагічнай распрацоўкі характару герояў, што мела месца ў
«Ворагах» і «Кветцы пажоўклай».
Больш важкімі
аказаліся ідэйна-мастацкія пошукі М. Зарэцкага ў апавяданнях «Бель» (1924),
«Дзіўная», «Пра майго прыяцеля» (1925), «Радасць» (1926), «Паэма пра чорныя
вочы» (1927), «Ракавыя жаронцы», «Максімаліст» (абодва — 1928), «Ой, ляцелі
гусі...» (1929). Прыгаданыя творы наглядна дэманструюць бясспрэчны рост
майстэрства, вастрыню сацыяльнага позірку М. Зарэцкага, яго здольнасць чуйна
ўлаўліваць сімптомы нараджэння новага ў грамадскім жыцці, у псіхалогіі
чалавека. А новае не заўжды асацыіравалася з пазітыўным, жыццесцвярджальным.
Так, з выразна крытычных пазіцый пісьменнік ацэньвае лявацкія захапленні,
нігілістычныя погляды на сям'ю, шлюб, што набылі шырокае распаўсюджанне ў
першыя паслякастрычніцкія гады сярод інтэлігенцыі («Дзіўная»). Прычым, М.
Зарэцкі не зводзіць сэнс апавядання да спрошчанага выкрыцця гераіні. Ён нават
спачувае Шумавай (прозвішча галоўнай гераіні апавядання «Дзіўная»), бо паводле
прыроднай існасці яна чалавек неблагі, сардэчны, мяккі. Вытруціць са свайго
сэрца пачуцці мацярынскай прывязанасці да роднага сына Шумавай не ўдалося, і
гэта пакідае надзею, што яна зразумее памылковасць уласных поглядаў. Вера ў духоўныя
магчымасці чалавека складае істотны момант пісьменніцкай гуманістычнай
канцэпцыі.
Паводле сваёй
скіраванасці да «Дзіўнай» блізкае апавяданне «Ракавыя жаронцы», галоўнай
дзейнай асобай якога выступае «нядобры чалавек» — прафесіянал-дамушнік. Але
нават гэтая маральна скалечаная істота знаходзіць у сабе ўнутраныя сілы, каб не
ўчыніць новае цяжкое злачынства: воблік дарагой бабулі, што даглядала героя ў
дзяцінстве, вярнуў яму здольнасць стаць літасцівым, пашкадаваць ахвяру.
Тэндэнцыя да
паглыблення сацыяльнай аналітыкі і псіхалагізму бачна і шмат у якіх іншых
творах М. Зарэцкага. Герой апавяданя «Максімаліст» піянер Вовачка Пенкін,
нягледзячы на свой узрост, выявіў здольнасць пераймаць паводзіны і рысы
чыноўніка, рысы дэмагога і прыстасаванца. «Вовачка нават умее рабіць на сваім
белазорым твары асаблівую нейкую спагадліва-насцярожаную ўсмешку, якраз такую,
якую ён бачыў у аднаго з важных палітычных правадыроў». Вовачка выдаваў сябе за
палітычна адукаванага грамадзяніна, але не захацеў паклапаціцца пра сірату
Алёнку з цыганскага табару. Такі клопат праявіў хлопчык Макс, з якога Вовачка
насміхаўся і якога крыўдзіў.
Паводле жанравых
прыкмет апавяданні «Максімаліст» і «Ракавыя жаронцы» ў чымсьці блізкія да
навелы. Гэтыя творы вызначаюцца не толькі лаканізмам, кампазіцыйнай
зладжанасцю, але і агульнай высокай культурай пісьма, артыстызмам, навізной
тэмы, тонкасцю ў падыходзе да яе вырашэння, багаццем выяўленчых сродкаў.
У апавяданнях
шмат ледзь улоўнай іроніі, лёгкай усмешкі, нязлоснага гумару. Аўтарская думка
раскрываецца праз падтэкст, праз бытавую і псіхалагічную дэталь.
Неспрыяльная для
сапраўднай творчасці атмасфера 1930-х гг. наклала заканамерны адбітак на
апавяданні М. Зарэцкага гэтага часу. Так, творы малой эпічнай формы «Пачатак
шчасця», «Петрык і Пятрусь» (абодва — 1932), «Навела пра каханне» (1935) сваім
зместам і мастацкім узроўнем саступаюць творам 1920-х гадоў. У іх няма ні
вострага канфлікту, ні смелага павароту ў раскрыцці тэмы. Не знойдзем мы тут і
ўласцівай ранейшым творам заглыбленасці ва ўнутраны свет героя, у яго
псіхалогію.
К сярэдзіне
1920-х гг. у творчасці М. Гарэцкага наспявала тэндэнцыя ўмацавання эпічнасці,
мела месца ўзбуйненне жанру. Так, шэраг твораў — «Ворагі», «Бель», «На
маладое», «Кветка пажоўклая», «Радасць», «Ой, ляцелі гусі...» — з поўным правам
можна назваць аповесцямі. Тут дзеянне ахоплівае досыць вялікі прамежак часу,
шмат разнастайных сюжэтных калізій, а некаторыя героі праходзяць складаную
эвалюцыю ў поглядах на свет і чалавека. Адчувалася, што пісьменніку стала цесна
ў звыклых жанравых рамках «малой прозы», што яны пэўным чынам стрымліваюць яго
творчыя магчымасці, не адпавядаюць цалкам новым творчым задумам. Таму
заканамернае з’яўленне “паўнацэннай”, паўнафарматнай аповесці, якой стаў твор
«Голы звер» (1926) — рэч адметная шмат у якіх адносінах. Істотна перш за ўсё
тое, што ў цэнтры аповесці — адмоўны персанаж (індывідуаліст і эгаіст Віктар
Яроцкі) і людзі, унутрана яму блізкія. Выбарам героя пісьменнік недвухсэнсоўна
выказаў свой погляд на мэты і задачы мастацтва. Ён не наводзіў глянец на
рэчаіснасць новага часу, не займаўся апалагетыкай існуючых грамадскіх адносін,
а лічыў патрэбным сказаць сучаснікам мужную праўду пра негатыўныя з'явы новага
жыцця і тую небяспеку, якую неслі з сабой людзі тыпу Віктара Яроцкага.
Характар галоўнага
героя раскрыты па-мастацку пераканальна, доказна, у выразных праявах. Яроцкі
пададзены як істота актыўная, дзейсная. Але яго неўтаймаваная энергія скіравана
на задавальненне эгаістычных патрэб, нізкіх інстынктаў. I ў ажыццяўленні сваіх
намераў Яроцкі не спыняецца ні перад чым, ідзе на падман, ігнаруе пісаныя і
няпісаныя законы чалавечага грамадства. «Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё,
мне дарагое. I я жыву. I ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон...
Ха-ха-ха!.. Гэта ж для дурняў, для асталопаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць
сваю долю! А я — вышэй за ўсіх гэтых дрындушак... Я — сам сабе пан...» — вось
які лозунг напісаў герой аповесці на сваім сцягу і няўхільна праводзіць яго ў
жыццё. Каштоўнасць аповесці як мастацкага твора — не толькі ў праўдзівай
абмалёўцы вобраза Яроцкага, але і ў майстэрстве, з якім пісьменнік раскрыў
вытокі жывучасці героя як сацыяльнага тыпу. Прыкметнае месца ў вобразнай
сістэме аповесці займаюць персанажы, якія воляю лёсу апынуліся на сацыяльным
дне. На гэтую катэгорыю людзей беларуская паслякастрычніцкая літаратура амаль
не звяртала ўвагу, і М. Зарэцкі выступаў тут першаадкрывальнікам.
Ёсць у аповесці і
спробы творчага пераймання вопыту Ф. Дастаеўскага, што выклікае асаблівую
цікавасць як момант ідэйна-мастацкай эвалюцыі пісьменніка. Маецца на ўвазе
матыў літасці, даравання і нават спачування добрымі, так бы мовіць,
“нармальнымі” людзьмі таму, хто быццам бы спазнаў усю глыбіню маральнага
падзення, але на самой справе зноў гатовы хлусіць і здраджваць (такой даверлівай
і спачувальнай асобай у аповесці высупае падманутая Яроцкім дзяўчына Лідачка).
У першым нумары
часопіса «Полымя» за 1927 г. пачаў друкавацца раман «Сцежкі-дарожкі», які стаў
значнай падзеяй літаратурнага жыцця. Гэты твор закладваў плённыя традыцыі
праўдзівага мастацкага асваення тэмы рэвалюцыі. Аўтарам рамана прынцыпова не
прымалася ўстаноўка на прыхарошванне гістарычных падзей, на ідэалізацыю
рабочага класа і спрошчаны, тэндэнцыйны паказ «варожага» лагеру.
Заслугай М.
Зарэцкага было тое, што складаны працэс барацьбы і драматызм шляхоў, якім у
рэвалюцыю ішла інтэлігенцыя, раскрыты па-мастацку пераканальна, праз лёс
канкрэтных герояў — Васіля Лясніцкага, Нікадзіма Славіна, Халімы, Ніны,
Матруніна. У адлюстраванні падзей М.
Зарэцкі ішоў ад
непасрэдных уражанняў, ад асабіста ўбачанага і перажытага. Светапоглядная
сталасць, памножаная на талент і вопыт папярэдняй працы над апавяданнямі, якраз
і паспрыяла ўдаламу вырашэнню тэмы. Раман пазначаны выразнай пячаткай
наватарства, якое забяспечвалася перш.за ўсё глыбінёй і маштабнасцю задумы і
майстэрствам яе вобразнага ўвасаблення, згарманізаванасцю зместу і формы.
Маладому
пісьменніку ўдалося падпарадкаваць разнастайны жыццёвы матэрыял, укласці яго ў
кампактныя жанравыя рамкі. Заслугоўвае быць адзначаным уменне аўтара чаргаваць
агульны і буйны планы, панарамныя апісанні і непасрэднае сутыкненне герояў. У
«Сцежках-дарожках» М. Зарэцкі даў надзвычай перспектыўную жанравую мадэль
рамана, дзе герой і абставіны існуюць у арганічнай узаемасувязі, а характар
героя выяўляецца ў дзеянні, у працэсе грамадскай практыкі і адначасова — праз
рэфлексію, праз няспынны роздум, сумненні, перажыванні, праз самапазнанне. У
рамане шырока выкарыстана форма дыялогу, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых
інтэлектуальных сутыкненняў.
Часопіс “Полымя”
пачаў у 1929 г. друкаваць раман М. Зарэцкага «Крывічы». Аднак убачылі свет
толькі чатыры раздзелы 1-й часткі, далейшае ж друкаванне твора было афіцыйна
забаронена. А між тым раман абяцаў быць значнай з'явай літаратурнага і
грамадска-культурнага жыцця Беларусі. Новы твор дэманстраваў высокі ўзровень
раманнага мыслення М. Зарэцкага. Апублікаваныя раздзелы «Крывічоў» прасякнуты
думкай пра гістарычна абумоўленую заканамернасць актывізацыі вызваленчага руху,
які грунтуецца на ўсенароднай падтрымцы.
У 1932 г.
з’явіўся раман М. Зарэцкага «Вязьмо». Гэты твор не толькі знаменаваў далейшае
развіццё самабытнага таленту пісьменніка, але і стаў выдатнай з'явай усёй
беларускай літаратуры. Думаецца, невыпадкова ён доўгі час заставаўся
недаацэнены: крытыка, якая кіравалася прынцыпамі партыйнасці, не магла
спасцігнуць сэнс гэтага глыбокага твора. I нават пасля рэабілітацыі пісьменніка
(1957) у трактоўках «Вязьма» адчувалася спрошчанасць, павярхоўнае разуменне
аўтарскай задумы. Зрэшты, падобнага роду выдаткі былі заканамернымі, бо
даследчыкі зыходзілі з пераканання, што масавая калектывізацыя — гэта
прагрэсіўны і найболей эфектыўны сродак перабудовы старой, аднаасобнай вёскі на
сацыялістычных асновах, а лявацкія перагібы непажаданыя, але непазбежныя з'явы
ў працэсе сацыяльна-эканамічнай рэвалюцыі. У сапраўднасці ж галоўная вартасць
рамана не толькі ў тым, што аўтар з гуманістычных пазіцый выкрываў небяспеку
«пацяробаўшчыны», незаконнае высяленне вяскоўцаў. Логікай сюжэтнага развіцця
пісьменнік паставіў пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі і
паказаў, якімі трагедыямі ў жыцці народа, маральнымі стратамі яна
суправаджалася.
Праз вобразную
сістэму М. Зарэцкі пераканальна раскрыў глыбіню сацыяльных супярэчнасцей
пачатку 30-х гадоў, трагедыю рассяляньвання вёскі, разбурэнне яе традыцыйных
бытавых і духоўных асноў. І. Мележ у 1969 г. назваў «Вязьмо» самым глыбокім
творам тых часоў пра калектывізацыю», падкрэсліўшы менавіта «суровы рэалізм і
мужную глыбіню», уласцівыя «лепшаму твору М. Зарэцкага».
Пяру Зарэцкага належаць
п'есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929), якія і да нашага
часу невядомыя грамадскасці, бо фактычна яны не ставіліся на прафесійнай сцэне
і рэдка бачылі старонкі друку. I іх ацэнка ў канцы 20-х гадоў, а таксама
даследчыкамі пазнейшай пары як твораў нібыта неглыбокіх па змесце і невыразных
у жанравых адносінах не адпавядае аб'ектыўнаму стану рэчаў. Ацэнка гэта
прадузятая, несправядлівая, беспадстаўна заніжаная. У сапраўднасці ж прыгаданыя
творы — значны крок па шляху ідэйна-творчай эвалюцыі пісьменніка. Яны каштоўныя
вастрынёй пастаноўкі актуальных праблем часу, смелым, наватарскім падыходам
мастака да іх вырашэння.
Пісьменнік рамантычнага
светаўспрымання М. Зарэцкі звярнуўся да паэтыкі, да выяўленчых сродкаў
меладрамы з яе традыцыйным любоўным трохкутнікам, экзальтаванымі героямі, з
момантамі празмернай афектацыі, праявамі рэўнасці, помсты і трагічнымі ахвярамі
як выніку непадзельнага кахання.
Наватарскімі
рысамі пазначана таксама і п'еса «Белыя ружы», вытрыманая ў рамантычным ключы з
выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва. Гэтыя структурныя асаблівасці і стылявая
адметнасць недастаткова ўлічваліся даследчыкамі, што і прыводзіла да
неаб'ектыўных ацэнак. Падзейны бок галоўнай сюжэтнай лініі — змаганне
партызанскага атрада з багатым уладальнікам маёнтка панам Сомскім, які спачатку
знаходзіўся пад надзейнай абаронай кайзераўскіх, а затым польскіх вайскоўцаў.
Але гэта — сацыяльна-бытавы фон, на якім разгортваюцца вострыя сутыкненні паміж
героямі п'есы. Увогуле сюжэт твора багаты на нечаканыя павароты, вострыя
калізіі.
У лёсе дзейных
асоб шмат таямнічага, загадкавага (напрыклад, таямніца нараджэння Міколы і
Юрыя). Фактычна «Белыя ружы» паглыбляюць праблематыку рамана «Сцежкі-дарожкі»,
але ў адметнай форме. Вялікая роля тут належыць сімволіка-алегарычным вобразам,
шматзначным паэтычным дэталям, фальклорным паданням і легендам. Так, белыя ружы
— гэта сімвал агульналюдскога шчасця, балотныя здані («стварэнні чорнай ночы»)
— увасабленне перашкодаў і спакусаў, што звабліваюць слабых духам.
Легенда пра
забойства братам роднай сястры ўспрымаецца як вобразна-паэтычны аналаг
тагачаснай рэчаіснасці, дзе мае месца бяссэнснае братазабойства і самазнішчэнне.
У размове дзейных асоб часта прыгадваюцца ваўкі. I гэтая дэталь мае
іншасказальны сэнс — як адзнака ператварэння людзей у жорсткіх, бязлітасных
драпежнікаў. У тэксце п'есы мы знаходзім багата літаратурных рэмінісцэнцый.
Ахвотна
выкарыстоўваюцца вобразы і матывы, узятыя з твораў М. Гарэцкага — з абразка
«Чырвоныя ружы» (матыў адплаты панам-крыўдзіцелям), з аповесці «Дзве душы»
(падмена сялянскага сына на панскага), з драматычнай аповесці «Антон» (дзяўчына
Наста губіць уласнае дзіця і сябе). Ёсць тут відочнае перагукванне і з аўтарам
«Раскіданага гнязда» (трагічнае каханне сялянскай дзяўчыны да паніча). Высокі
ўзровень мастацкай дасканаласці п'есы абумоўлены тым, што аўтарская пазіцыя
раскрываецца не дэкларатыўна, а праз характары дзейных асоб, іх учынкі, праз
эвалюцыю поглядаў і паводзін.
«Драматычная
аповесць у чатырох актах» «Сымон Карызна» (1935), напісаная на аснове «Вязьма»,
не ўзбагацілася ў параўнанні з першакрыніцай новымі ідэямі ці
сюжэтна-вобразнымі адкрыццямі, хоць яна і не ўяўляе цалкам механічную пераробку
рамана. Дзеянне ў аповесці часта рухаецца не ў глыбіню, а ўшырыню. Яна
фрагментарная, мазаічная. Тое, што пісьменнік ішоў шляхам перапрацоўкі
апублікаваных ужо твораў, — з'ява невыпадковая: гэта — сведчанне боязі брацца
за распрацоўку неасвоеных пластоў рэчаіснасці, новых тэм, якія не атрымалі
блаславення афіцыйных інстанцый.
У 1936 г. была
надрукавана п'еса «Ная» — дынамічны, вострасюжэтны твор, прысвечаны новай для
беларускай літаратуры тэме жыцця цыганоў. Але п'еса не стала значным мастацкім
набыткам Зарэцкага-драматурга. Ёй шкодзіць неўласцівая творчай манеры
пісьменніка тэндэнцыйнасць.
У творы шмат
зададзенасці, хоць пафас абароны цыганоў, якія стагоддзямі пакутавалі ад
сацыяльнай несправядлівасці і нацыянальнага прыгнёту, цалкам прымальны. Ды
толькі трэба мець па ўвазе, што ва ўмовах 30-х гадоў «палепшанне жыцця» на
практыцы вылівалася ў такія ж пачварныя формы, што і масавая калектывізацыя
сялянства: цыганскае насельніцтва павінна было перайсці на аседлы лад жыцця. А
гэта непазбежна прыводзіла да разбурэння іх спрадвечнага ўкладу, непаўторнай,
самастойнай культуры.
Лёс гістарычнай
драмы «Рагнеда», якую М. Зарэцкі пачаў пісаць у канцы 1920-х гг., невядомы.
М. Зарэцкі
сцвердзіў сябе як моцны нарысіст, а таксама тэатральны крытык. Прычым, апошняе
трэба разумець даволі шырока, бо ў артыкулах-выступленнях М. Зарэцкага яскрава
прасвечваліся пытанні агульнанацыянальнага характару і маштабу. Тут пісьменнік
выступаў у якасці абаронцы нацыянальнай беларускай ідэі.
Нарыс «Падарожжа
на Новую Зямлю» — гэта рашучая падтрымка плана тагачаснага наркома земляробства
З.X.Прышчэпава па развіцці на асушаных Мар'інскіх балотах індывідуальных
фермерскіх гаспадарак, што разглядалася іх аўтарам як адна з найболей
эфектыўных форм вырашэння зямельнай праблемы на Беларусі. Распрацоўка вялікага
забалочанага масіву павінна была даць значны эканамічны эфект — запаволіць
эміграцыйны працэс на Беларусі, затрымаць працаздольных людзей, «дзесяткі тысяч
сем'яў», якія ўцякалі ад беззямелля ў пошуках лепшай долі. Эканамічны аспект
праблемы не мае, аднак, у нарысе самамэтнага значэння, ён увязаны з пытаннямі
сацыяльнага і маральна-этычнага зместу. I ў гэтым — каштоўнасць «Падарожжа...»
як мастацкага твора. Логіка апавядання падводзіць да думкі, паводле якой
эканамічныя змены без зрухаў у псіхалогіі, у свядомасці селяніна немагчымыя.
Неабходна перш за ўсё абуджэнне духоўных сіл народа. Селянін павінен адчуць
сябе гаспадаром на ўласнай зямлі. Гэтая выснова якраз і складае сутнасць
ідэйна-філасофскай канцэпцыі М. Зарэцкага як аўтара нарыса.
У гэтым творы М.
Зарэцкім была закранута яшчэ адна вельмі важная праблема. Як вынікае са зместу
нарыса, «кіруючая верхавіна» працоўнага калектыву меліяратараў не рабіла спроб
паўплываць на выхаванне нацыянальнай і грамадзянскай свядомасці. Па-ранейшаму
пераважала утылітарная, прагматычная мараль, спажывецкае стаўленне да жыцця.
Асабліва моцна абурала пісьменніка абыякавае стаўленне рабочых і мясцовага
жыхарства да культуры, да нацыянальных традыцый. Тыя ж вясковыя дзяўчаты на
спеўках нязменна аддавалі перавагу безгустоўным гарадскім рамансам («Нічаво мне
ў міры не нада...») перад народнымі ці класічнымі мелодыямі.
Пагарда да родных
каранёў, да нацыянальных вытокаў і спарадзіла пісьменніцкае выказванне, якое
пазней у шматлікіх выступленнях кваліфікавалася як нацыяналістычны выпад, як
праява варожасці да братняга рускага народа. «Мне стала сумна-сумна. Я падумаў:
дакуль мы будзем жыць гэтым пазаддзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім
самадавольствам «преподносят» нам нашы суседзі і якое мы прымалі як чыстае
збожжа? Дакуль мы будзем збіраць з чужога стала ўбогія брудныя аб'едкі, аддаючы
сваё дабро на агульную пагарду і зругу?» Як бачым, не пра ігнараванне духоўных
здабыткаў братняга народа ішла ў нарысе размова, а пра павагу да ўласнай культуры
і небходнасць барацьбы з праявамі нацыянальнага нігілізму. М. Зарэцкі тут
фактычна канкрэтызаваў свае погляды, выкладзеныя падчас дыскусіі аб шляхах
развіцця беларускага тэатра ў артыкуле «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай
крытыцы)». Сюды ж трэба далучыць і пазнейшы артыкул «Чым пагражае нам
Белдзяржкіно (Да крытыкі тэматычнага плана)».
Выступленні М.
Зарэцкага на старонках друку, нягледзячы на асобныя спрэчныя моманты і
палемічныя перабольшванні, мелі вялікае грамадскае значэнне.
Пісьменнік рашуча
пратэставаў супраць размывання асноў нацыянальнай культуры беларускага народа,
калі пад выглядам збліжэння культур ігнаруецца яе самабытнасць, закрэсліваюцца
лепшыя традыцыі, не прымаецца ў разлік яе сувязь з народнай глебай, з духоўным
жыццём беларуса. Асабліва звярталася ўвага на беднасць нацыянальнага рэпертуару
ў драматычных тэатрах, на нешматлікасць беларускіх фільмаў.
М. Зарэцкі
асудзіў заганную практыку механічнай пераробкі папулярных рэвалюцыйных п'ес
накшталт «Браняпоезд 14-69» Ус. Іванава.
У перакладзе
назва горада Томск была адвольна заменена на блізкае па гучанні Мінск.
Лічылася, што з дапамогаю такіх паправак можна задаволіць патрэбу ў
адлюстраванні актуальнай нацыянальнай тэматыкі ў Беларускім тэатры.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ
КРЫНІЦ
1. Мушынскі М.І. Міхась Зарэцкі //
Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. - Мн., 1999. С.
504-549.
2. Чыгрын І.П. Зарэцкі Міхась //
Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 2. Мн., 1993. С.
502-503.
4. Мушынскі М.І. Нескароны талент:
Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
5. Зарэцкі М. Зборнiк твораў: У 4 т./
Зарэцкі М. - Мн., 1989-1992. Т. 1-4.
Размещено
на