'Лабірынты' Вацлава Ластоўскага

  • Вид работы:
    Курсовая работа (т)
  • Предмет:
    Литература
  • Язык:
    Белоруский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    29,72 Кб
  • Опубликовано:
    2016-01-12
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

'Лабірынты' Вацлава Ластоўскага

УВОДЗІНЫ

Творчасць Вацлава Ластоўскага (1883 - 1938), аднаго з самых загадкавых беларускіх пісьменнікаў XX ст., фарміравалася пад знакам адкрыцця. Многае з таго, што ён рабіў як літаратар і як грамадскі дзеяч, было навацыяй для Беларусі. Ён спрычыніўся да дзейнасці першай у нашай краіне палітычнай партыі «Беларуская сацыялістычная грамада», быў сакратаром першай масавай беларускай газеты «Наша ніва» (1909). Потым стаў заснавальнікам і рэдактарам новых газет «Гоман» (1916 - 1917), «Крывічанін» (1918), «Крывіч» (1923). Быў адным з першых беларускіх дыпламатаў, у якасці пасла наведваў Бельгію, Ватыкан, Германію, Італію, Францыю, Чэхаславакію, Швейцарыю. У 1927 - 1929 гг. займаў пасаду першага неадменнага сакратара Беларускай Акадэміі навук.

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі належыць да самых выдатных беларускіх адраджэнцаў. Ён сцвердзіў сябе як неардынарны дзяржаўны, палітычны і грамадскі дзеяч нацыянальнага кірунку, арыгінальны навуковец у галіне гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства, таленавіты літаратуразнаўца і пранікнёны крытык. Па сутнасці, самавучка, бо афіцыйна скончыў толькі пачатковую школу, ён урэшце стаў акадэмікам Беларускай акадэміі навук. Прыкметны след у нашай шматпакутнай гісторыі пакінулі яго выдавецкая дзейнасць і, вядома ж, публіцыстычная і уласна мастацкая творчасць на ніве, як некалі казалі, прыгожага пісьменства. Займаўся ён і перакладамі з розных літаратур свету - рускай, украінскай, польскай, дацкай, галандскай і англійскай.

Бальшавіцкая улада, якая на словах клапацілася пра росквіт нацыянальных культур, у тым ліку культуры беларускай, а на самой справе душыла яе, аддзячыла Ластоўскаму, як і абсалютнай большасці іншых нашых самаахвярных адраджэнцаў, расстрэлам.

На больш ці менш актыўную творчую працу з іх прыпала толькі дваццаць. Ды і тыя былі пераважна цяжкімі, папраўдзе кручанымі, бо ўвабралі ў сябе такія грамадскія катаклізмы, як імперыялістычная, а потым Грамадзянская войны, замежную інтэрвенцыю, што змянялі адна другую, дзяржаўныя перавароты і іншае ліха, якое творчай працы спрыяла найменш.

Але Ластоўскі і у такіх умовах зрабіў вельмі многа. Аднак яго навуковая і літаратурна-мастацкая спадчына у нашай краіне на шэсць дзесяцігоддзяў была схавана ад грамадскасці: бязвіннага пакутніка перасталі друкаваць з 1929 года, а поўнасцю рэабілітавалі толыа у 1988-м. 3 канца 80-х і пачалося вяртанне Ластоўскага у нашу культуру. У перыёдыцы і у розных серыйных выданнях зноў пабачылі свет яго некаторыя мастацкіая і мемуарныя творы. Асобнымі кнігамі перавыдадзены «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1991) і «Кароткая гісторыя Беларусі» (1992). Аператыўна, ужо з 1988 года, сталі паяўляцца і артыкулы з вельмі добразычлівай ацэнкай творчасці Ластоўскага (А. Сідарэвіч, А. Лойка, Б. Сачанка, I. Багдановіч, Я. Лецка, П. Навойчык, У. Конан, Ю. Пацюпа).

Глыбокую зацікаўленасць да творчай спадчыны Ластоўскага і самой яго асобы праявіў Я. Янушкевіч. Ён падрыхтаваў да выдання кнігу выбраных твораў Ластоўскага, якая выйшла ў «Беларускім кнігазборы» у 1997 годзе. Гэтая кніга дазваляе даволі шырокаму колу чытачоў далучыцца да духоўнага свету яшчэ аднаго нашага падзвіжніка, лепш зразумець, які багаты патэнцыял мела наша літаратура ужо ў першай чвэрці XX стагоддзя, якія магутныя постаці адданых сыноў Беларусі працавалі ў ёй у гэты час.

Яны вельмі востра адчувалі грандыёзнасць тых задач, якія трэба было неадкладна вырашаць дзеля поспеху нацыянальнага адраджэння, і таму імкнуліся рабіць усё, што гэтымі задачамі вымагалася. Так нараджалася шматграннасць іх творчай дзейнасці, якая ў Ластоўскага выявілася асабліва выразна. Бо ён вызначаўся рознабаковай таленавітасцю, без якой і пры самым найлепшым старанні асабліва не разгонішся [1, с. 33].

Пра арыгінальнасць яго празаічнага таленту важка сказаў яшчэ Максім Багдановіч. Ён добрым словам згадваў і навуковую працу Ластоўскага, вылучаючы ягоную «Кароткую гісторыю Беларусі», а характарызуючы яго як мастака, гаварыў пра уласцівае яму «тонкае адчуванне прыгажосці», падкрэсліваў рэдкасную тэматычную і стылёвую разнастайнасць твораў пісьменніка, іх напоўненасць глыбокіміі ўсхваляванымі пачуццямі, трывожнай і значнай думкай, прасякнутасць агулънай паэтьгчнасцю, якую крытык лічыў «лепшым бокам» таленту Власта-празаіка, але называў яе сумнай, маючы на ўвазе журботны настрой, які вызначае эмацыянальную атмасферу у многіх абразках. I невыпадкова тое, што ярка пачуццёвы абразок элегічнага складу «Дзень ружавай кветкі», пранізаную журботнай настраёвасцю легенду «Сож і Няпро», завершанае на шчымлівай скрушлівай ноце апавяданне «Лебядззіая песня» ды яшчэ асобныя жартоўныя рэчы вылучаў Багдановіч як самыя выдатныя з вядомых яму ў Ластоўскага творы, вартыя таго, каб іх «узяць за прыклад, як трэба пісаць».

Перачытваючы цяпер «малую» прозу Власта, пераконваешся і ў безумоўнай слушнасці высокіх ацэнак, якія даваў узорам гэтай прозы Максім Багдановіч, і ў тым, наколькі істотна напісаныя Ластоўскім апавяданні рознай танальнасці, ягоныя абразкі, легенды, казкі і прытчы-прыпавесці ўзбагачалі беларускую літаратуру пачатку XX стагоддзя, як хораша і значна яны пашыралі і абнаўлялі яе не толькі тэматычны, але і жанрава-выяўленчы дыяпазон, яе эмацыянальна-стылёвуб палітру.

Літаратурнымі, навуковымі адкрыццямі пазначаны ковенскі перыяд творчасці Ластоўскага (1923 - 1927). У Коўне Ластоўскі піша і выдае споўненую загадкамі аповесць «Лабірынты» (1923), жанравых аналагаў якой у сусветнай літаратуры таго часу бадай што не было.

Адзін з лепшых твораў Вацлава Ластоўскага - незакончаная аповесць «Лабірынты», дастаткова грунтоўна даследаваная ў апошняе дзесяцігодзе-два, - не была разгледжана ў плане навуковых пошукаў XX- пачатку XXI стагоддзя. Між тым, падобны разгляд у значнай ступені дазваляе актуалізаваць твор і ўвесці яго ў шырокі навуковы дыскурс новага часу.

Аповесць «Лабірынты» вядома, невялікая, але кола гуманітарных праблем, закранутых у ёй, здзіўляе і захапляе нават нас, чытачоў трэцяга тысячагоддзя, спакушаных і ў нейкім сэнсе стомленых ад абрынутых на нас на мяжы стагоддзяў ідэй.

Мэта курсавой работы - раскрыць Лабірынты Вацлава Ластоўскага як аповесць-гіпотэзу.

Мэтай прадвызначана вырашэнне наступных задач:

·асэнсаваць літаратурную спадчыну Вацлава Ластоўскага з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі;

·па-новаму перачытаць аповесць Лабірынты Вацлава Ластоўскага, паказаць якія важныя і актуальныя праблемы ставіў і вырашаў пісьменнік у творы;

·паказаць узаемасувязь Лабірынтах Вацлава Ластоўкага і навуковых пошуках ХХ стагоддзя;

·раскрыць археалогію культуры ў аповесці;

·ацаніць наватарскія здабыткі Вацлава Ластоўскага ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці лабірынтаў як вобразаў-сімвалаў.

Прадмет даследавання - аповесць-гіпотэза.

ластоўскі аповесць лабірынт пісьменнік

ЛАБІРЫНТЫ ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА І НАВУКОВЫЯ ПОШУКІ ХХ-ХХІ СТАГОДДЗЯЎ

Вацлава Ластоўскага - выдатнага філолага, гісторыка, этнографа - можна з поўным правам назваць вучоным-універсалам, даследчыкам, якога цікавіла неверагодна вялікая колькасць навуковых праблем, хоць усе яны, у рэшце рэшт зводзілася да вывучэння генезісу, гісторыі і культуры беларускага этнасу. Ластоўскага хвалявалі ўсе найбольш інтрыгуючыя навуковыя загадкі пачатку XX стагоддзя, але ў многіх сваіх гіпотэзах, увасобленых па-мастацку ў аповесвці «Лабірынты», ён і абганяў свой час.

Вядома, што ўсё XIX стагоддзе - стагоддзе бурнага развіцця навукі і тэхнікі - прайшло пад знакам надзвычай плённага вывучэння мовы і культуры індаеўрапейцаў. У пачатку XX стагоддзя індаеўрапейская тэорыя атрымала новы імпульс дзякуючы кніге знакамітага індыйскага даследчыка Бал Гангадхара Цілака «Арктычная радзіма ў Ведах». Кніга выйшла ў 1903 годзе і адразу стала шырокавядомай у Еўропе, даўшы дадатковы штуршок вывучэнню культуры індаеўрапейцаў, або, як іх называў Цілак - арыйцаў.

Б. Г. Цілак быў першы, хто ў міфах Ведаў важнейшага пісьмовага помніка арыйцаў, якія прынеслі яго з сабою ў Індыю ў II тысячагоддзі да новай эры, - знайшоў звесткі пра апошняе абледзяненне Паўночнага паўшаря Зямлі і паказаў, як яно адбілася на продках сучасных людзей белай расы. На аснове надзвычай тонкага і глыбокага аналізу тэкстаў Вед і іх мовы санскрыту, з прыцягненнем геалогіі, астраноміі і іншых навук, Б. Г. Цілак пераканаўча даказаў існаванне прарадзіны арыйцаў і некаторых іншых народаў у арктычным рэгіёне, за цяперашнім Палярным крутам.

У эпоху Антычнасці Арктыка называлася Гіпербарэяй («гіпер» - «за», «над», Барэй - у міфалогіі грэкаў паўночны вецер). Паводле лепшага знаўцы элшскай культуры, рускага філосафа і філолага А. Лосева, які надзвычай скрупулёзна даследаваў антычныя тэксты, Гіпербарэя згадваецца ў старажытных аўтараў шэсцьдзесят разоў. Гэта дастаткова сурёзная лічба, каб паставіцца да сведчанняў антычных мысляроў з пэўнай увагай. Буйнейшы сучасны даследчык Гіпербарэі, доктар філасофскіх навук В. Дзёмін піша ў кнізе «Атлантыда і Гіпербарэя»: «Тут некалі жылі тытаны і гаргоны, нарадзіліся шмат якія будучыя Алімпійскія багі, адбываліся велічныя баі элінскай прадгісторыі - Тытанамахія і Гігантамахія. Тут, на беразе Ледавітага акіяна (або Кранідскага мора, як яно называлася ў глыбокай старажытнасці), размяшчаўся таямнічы сад Гесперыд...» Інакш кажучы, уся грэчаская міфалогія ўяўляе сабою не што іншае, як моцна перапрацаваны народнай фантазіяй успамін пра геаграфічныя і гістарычныя падзеі, што адбываліся ў Гіпербарэі.

Па сведчаннях старажытных аўтараў, у Гіпербарэі панаваў Залаты век, яе жыхары не ведалі беднасці, гора, хвароб і нават смерці - каму надакучвала жыць, той проста кідаўся ў мора. Спасылаючыся на тэксты Рыгведы і Авесты, свяшчэннай кнігі арыйцаў-іранцаў, Б. Г. Цілак пераканаўча паказаў, як прыкладна дванаццаць тысяч гадоў таму раптоўна і кардынальна змяніўся клімат у Гіпербарэі. Краіна абледзянела, і добрыя багі параілі жыхарам пакінуць радзіму назаўсёды. Так пачалася міграцыя арыйцаў і іншых народаў на поўдзень Еўразіі. Вёў іх Рама.

Вацлаў Ластоўскі дапаўняе і па-свойму інтэрпрэтуе аднаго з галоўных герояў «Лабірынтаў» Івана Іванавіча ён абвяшчае: «Паўночныя народы, якіх звалі гіпербарэйцамі, займаліся лавецтвам, скацежніцтвам і ратайствам. Зналі рамёслы і асабліва любаваліся ў вызначэнні прыроды, а дзеля гэтага былі носьбітамі высокай веры. 3 берагоў Герадотаўскага мора, цяперашняга Палескага краю, паходзіў вялікі індыйскі рэфарматар Рама. Ален-гіпербарэец вывеў з поўначы калонію вучоных, якія сталіся ў Грэцыі кастай святароў і аснавапаложнікамі чэсці Алалона і Дыяны ў Дэласе. 3 поўначы, са славяна-гецкай зямлі, прыбыў у Грэцыю Арфей, заснавец гарадоў, вучыцель мастацтва і рамёслаў» [2, с. 75].

У прыведзеным урыўку некалькі цікавых звестак. Пра тое, што адзін з наймагутнейшых багоў алімпійскага пантэона Апалон і і яго сястра Артэміда (Дыяна) паходзілі з Гіпербарэі, сведчаць усе антычныя аўтары - тут Ластоўскі дэманструе выдатнае веданне антычнай літаратуры. Пра Алена-гіпербарэйца таксама згадваецца ў элінаў. Заўважым, што «Ален» - тое ж, што «алень» - свяшчэнная жывёла гіпербарэйцаў (магчыма, і этнонім «элін» - адсюль жа). А жаночае імя Алена і сёння папулярнае ў беларусаў. Корань «ал-ла», як і «ар-ра», пра што я пісала яшчэ дваццаць гадоў таму, - адзін з самых старажытных і надзвычай распаўсюджаны ў індаеўрапейцаў. 3-за Алены Прыгажуні, як вядома, пачалася Траянская вайна, як і вайна Рамы з Раванам з-за Сіты ў «Рамаяне». Яшчэ да Б. Г. Цілака некаторыя заходнія вучоныя звярталі ўвагу на дзіўнае падабенства «Іліяды» Гамера і «Рамаяны» Вальмікі. Відаць, тут нельга гаварыць пра запазычанні адзін у аднаго, а справа ў агульным вытоку дзвюх знакамітых паэм, ад якіх пачалася, уласна кажучы, сусветная літаратура, так, дарэчы, і блізкіх да іх сюжэтаў шматлікіх беларускіх казак. Ці не з казак і паданняў узяў Ластоўскі сюжэт пра палескае паходжанне Рамы? Сам Б. Г. Цілак асцярожна выказваў думку пра сэнсавае супадзенне вобраза Рамы з богам сонца Суряй, які неаднаразова згадваецца ў Міфах Рыгведы, хоць у пазнейшай «Рамаяне» Рама зяўляецца ўжо сёмым увасабленнем бога Вішну на зямлі. Як вядома, да беларускіх казак і іх галоўнага героя Івана (у Ластоўскага, нагадаем, герой- Іван Іванавіч) таксама можна прыкласці салярную тэорыю - у гэтай гіпотэзы дастаткова прыхільнікаў. Але не выключана, што Рама- сапраўдны гістарычны персанаж, тыпу Аляксандра Македонскага, правадыр арыйцаў, які вывеў іх з Гіпербарэі, а пазней быў міфалагізаваны, як і іншыя гістарычныя дзеячы: той жа Арфей - першы еўрапейскі фактычна абагоўлены паэт і музыка, пра якога таксама згадвае Ластоўскі.

Ці жылі Рама і Арфей у сапраўднасці, мы ўжо не даведаемся ніколі, але пісьменнік мае права на гістарычна-мастацкія дапушчэнні. Тым больш, што сучасныя даследчыкі, скажам, лепшы ў Расіі індолаг і знаўца санскрыту Н. Гусева, аналізуючы кнігу Б. Г. Цілака, справядліва адзначае: невядома, якім шляхам і на працягу якога часу прасоўваліся арыйцы з поўначы на поўдзень- пяцісот гадоў, тысячы ці пяці тысяч? Апошняе - найбольш верагодна. Акрамя таго, чаму лічыцца, што Рама павёў арыйцаў менавіта адразу ў Індыю? А можа, у Еўропу? Але памяць пра яго справы захавалася ў тых індаеўрапейсых народаў, якія ў II тысячагоддзі да нашай эры сапраўды эмігрыравалі - відаць, пад уплывамі зноў-такі нейкіх знешніх фактараў - з Еўропы ў Індыю. Аднак да таго плямёны, прыведзеныя ва ўмераную зону Рамам, рассяліліся па велізарнай тэрыторыі Еўразіі, не перастаючы пастаянна перасоўвацца - у асноўным у шыротным напрамку або па крузе.

Гіпербарэйская тэорыя, бясспрэчна, дрэнна ўпісваецца ў акадэмічную навуку, хоць на аснове гэтай тэорыі створана ўжо цэлая бібліятэка грунтоўных прац. Афіцыйная навука, як правіла, баіцца займацца праблемамі, якія цяжка даказаць, і таму не звяртае ўвагу на рэчы, у прынцыпе, надзвычай важныя. Скажам, да той жа Гіпербарэйскай тэорыі мы не можам легкадумна паставіцца хоць бы таму, што арктычная прарадзіма арыйскай (нардычнай) расы - аснова акультнай традыцыі Трэцяга рэйха, самай агрэсіўнай дзяржавы XX стагоддзя, якая прынесла столькі гора і народу Германіі, і шмат якім іншым народам Зямлі. Нямецкія вучоныя і пісьменнікі - Ланц фон Лібенфельз, Іаган Горслебен, Дзітрых Экхарт, Карл Вілегут, Рудольф фон Зеботэндорф у пачатку XX стагодцзя, у пры-ватнасці, у пачатку 20-х гадоў, якраз калі шсаў сваю аповесць і В. Ластоўскі, глыбока распрацавалі арктычную тэорыю, стварылі таемныя ордэны, эзатэрычная дактрына якіх моцна паўплывала на Гітлера і іншых будучых нацысцкіх дзеячаў. Вучоныя і нявінныя, і адначасова вінныя ў тым, што іх ідэі настолькі спадабаліся фашыстам, што сталі афіцыйнай ідэалогіяй нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі, а ў далейшым і дзяржавы: гэта трагічны прыклад таго, як паранавуковыя тэорыі авалодваюць мазгамі правадыроў і могуць паўплываць на гісторыю, на лёс мільёнаў людзей. Новае вяртанне да той жа Гіпербарэйскай тэорыі на мяжы XX і XXI стагоддзяў абумоўлена ўсё ж сапраўды добрай яе навуковай распрацоўкай яшчэ да таго, як ёю зацікавіуся Гітлер.

Наколькі актуальная тэма Гіпербарэі і сёння, гаворыць той факт, што рускі даследчык В. Дзёмін на працягу некалькіх гадоў (на мяжы стагоддзяў) - да сваёй заўчаснай смерці - наладжваў добра экіпіраваныя экспедыцыі на Кольскі паўвостраў, дзе ім удалося знайсці сведчанні існавання дапатопнай, як лічыў кіраўнік праекта, цывілізацыі. На нашу думку, інтарэс тут быў не толькі навуковы, а і палітычны, а таксама галоўным чынам эканамічны, утчваючы зусім нядаўняе апусканне тытанавага сцяга РФ на дно Ледавітага акіяна: некалькі краін, тэрыторыя якіх выходзіць за Палярны круг, пачалі жорсткую барацьбу за авалоданне Арктыкай, акваторыяй Паўночнага Ледавітага акіяна, дзе тоіцца нафта і шмат якія іншыя прыродныя багацці. Расія сімвалічным актам апускання сцяга паспела заявіць свае правы на шэльф, даказваючы, што хрыбет Ламаносава, што цягнецца пад полюсам, зяўляецца працягам мацерыка ў той яго частцы, дзе размешчана РФ. Вось па гэтай прычыне тэма Гіпербарэі, якая, можа быць, і зяўляецца тым хрыбтом Ламаносава, і ад якой астаўся, як даказваюць расійскія даследчыкі, і Кольскі паўвостраў, і Ямал, і Новая Зямля, і Навасібірскія астравы, яшчэ далёка не вычарпана. Яе існаванне, безумоўна, даказаць будзе неверагодна складана, практычна немагчыма, хоць яшчэ ў 1595 годзе самым знакамітым картографам свету фламандцам Герардам Меркатарам была апублікаваная карта, на якой пазначана менавіта Гіпербарэя. Сапраўднасць карты ніхто не аспрэчвае, тым не менш чароўная краіна так і застаецца вобласцю міфаў. Але міфы ў XX стагоддзі змяняюць твар зямлі і рушаць дзяржавы. Ды і чым зяўляецца навука, нават афіцыйная, як не зборам міфаў, розных у тую ці іншую эпоху? Марксізм, дарвінізм, фрэйдызм... Ёсць ужо крамольнікі, што робяць замах нават на тэорыю адноснасці Эйнштэйна... Усе гэтыя тэорыі не зяўляюцца абсалютнай ісцінай, хоць нясуць, бясспрэчна, ісціны адносныя, і не заўсёды шкодныя, а якраз тыя, дзякуючы якім навука развіваецца. «Калі навука разбурае міф, - гаварыў А. Лосеў, - гэта азначае толькі тое, што адна міфалогія змагаецца з іншай міфалогіяй» [3, с. 105].

Гіпербарэйскай тэорыяй - надзвычай прыгожым і прыцягальным для ўсіх еўразійскіх народаў міфам - цесна суседнічае гіпотэза пра падземных жыхароў і пячорныя гарады. Сапраўды, ратуючыся ад холаду, частка родаў, што выйшлі з Гіпербарэі, калі прыняць за сапраўднасць існаванне такой зямлі, магла прывучыцца жыць у пячорах.

Той жа В. Дзёмін на Поўначы, на Урале і ў Сібіры сабраў шматлікія легенды пра падземныя народы, хоць бы пра чудзь (ад «чудо») белавокую. Рускія паморы, што спрадвеку палявалі на цюленяў на Новай Зямлі, малявалі самыя неверагодныя карціны новазямельскіх ледзяных гарадоў, храмаў і палацаў. У саамаў ёсць легенда пра старажытны народ, яи раней жыў на Поўначы, а потым пагрузіўся разам са сваёй зямлёю на дно акіяна і там працягвае нармальна існаваць. Прыклады можна працягваць бясконца.

В. Ластоўскага таксама хвалююць падземныя жыхары. Ён прыводзіць беларускае павере пра загінуўшыя гарады, напрыклад Багоцк каля Полацка. «Другі такі горад,- зазначае ён, - што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьментк пад найменнем Кіцежа». Бясспрэчна, у нас не Кіцеж - нам не патрэбна чужое, калі свайго хапае: літаральна ў кожным рэгіёне Беларусі існавалі легенды пра патанулыя цэрквы і гарады. Часам легенды пра іх сталі асновай выдатных літаратурных твораў - Адама Міцкевіча, Яна Чачота.

Абапіраючыся на народныя паданні, Ластоўскі, аднак, ідзе далей, расквечваючы ўласнай багатай фантазіяй незвычайнае жыццё ў гэтых гіпатэтычных паселішчах. «Гляньце на гэту салю, - сказаў Іван Іванавіч, - вы тут не ўбачыце нідзе ніякіх прылад для асвятлення, а ў салі светла і цёпла. Гэта таму, што сцены гэтай салі пакрыты элементам, падобным да радыю, з якога пабудавана сонца. Пад гэтым святлом і расліны, і людзі могуць жыць без ушчэрбку для свайго здароўя. Гэты элемент тут ужыты як маса да тынкавання сцен, акрамя святла і цяпла мае яшчэ і другм дзействы: хто знаходзіцца заўсёды пад уплывам яго святла, не падлягае старасці, якая паходзіць ад звапнення крываточных начынанняў у людскім арганізме. Пад уплывам гэтага святла вапна не можа ў арганізме зацвердзяваць, а як вынік гэтага - не падлягае смерці. Мы з вамі цяпер знаходзімся на глыбіні каля тысячы метраў ад паверхні зямлі, і аднак жа вы аддыхаеце лёпам паветрам, гэта таму, што элемент гэты, яи завецца гетынам, мае ўласнасць паглынаючую лішкі кіслых газаў. Вось жа старыя вучоныя, сышоўшы з поля дзікага змагання на зямлі, жывуць тут, працуючы над навукай і ўмеласцямі ў сваіх абшырных і добра абстаўленых бібліятэках і лабараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калі ім прыйдзецда ізноў выйсці да свайго народа. Адным з важнейшых адкрыццяў, якія імі тут зроблены, ёсць крывін, пры помачы якога кожную рэч можна разлажыць на першапачатковыя высхады, і з першапачатковых высхадаў злажыць любую рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра і вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, тлушч і, наадварот, кожную рэч можна перамяніць у другую <.. .> Гэтае вялікай вагі адкрыццё, зробленае нашымі старцамі, развяжа на зямлі сацыяльнае пытанне... Пытанне пракорму людзей» [2, с. 95]. Прыведзеныя заявы героя аповесці Івана Іванавіча здаюцца абсалютна неверагоднымі, але для таго часу і сёння відавочна, што В. Ластоўскі (ў 1923 годзе) прадбачыў нана-тэхналогіі, якія дазволяць, па сцверджаннях сучасных вучоных, стварыць любую рэч з патрэбнай структурай і новымі ўласцівасцямі пры дапамозе маніпулявання атамамі і малекуламі. Гэта прыкладна тое ж, што ўжо робіць Саці Саі Баба, якога ў Індыі лічаць святым (з паветра стварае залатыя рэчы). На сённяшні дзень перад сусветнай навукай стаіць задача стварэння так званых асэмблераў - «зборшчыкаў» атамаў. Асэмблеры, як своеасаблівыя «нанарукі», павінны надзейна змешваць у адным новаствораным прадмеце атамы розных рэчываў.

Апісанне святла ў падземных залах і харчовага дабрабыту пад зямлёю - зусім у духу шматлікіх славянскіх народных казак. Ды фактычна казак усіх народаў свету. Але не толькі казак. Шырокавядомы той факт, што пачынаючы з 20-х гадоў выдатны рускі мастак і філосаф-містык Мікалай Рэрых наладзіў ў Гімалаі некалькі экспедыцый, адной з неафіцыйных задач якіх быў пошук таямнічай краіны Шамбалы. I хоць у будызме Шамбала - хутчэй сімвал пэўнага стану чалавечай душы, простыя людзі, ды нават і інтэлектуалы ў шмат якіх краінах, той жа Рэрых, вераць у яе рэальнае існаванне. Праўда, трапіць у Шамбалу зусім няпроста. Пра яе ж пісаў і адзін з найбуйнейшых філосафаў свету Рэне Генон. Апісанні чароўнай краіны (часткова яна ў даліне паміж гор, часткова пад зямлёю) у гэтых рамантыкаў-летуценнікаў XX стагоддзя дзіўным чынам супадае з апісаннем падземнага жытла ў В. Ластоўскага. Ад яго «Лабірынтаў» ідзе ў нашай прыгодніцкай літаратуры добрая традыцыя паказу шматлікіх таемных падземяў і ходаў - успомнім хоць бы творы У. Караткевіча, лепшага з паслядоўнікаў В. Ластоўскага, і такога ж, як ён, няўрымслівага шукальніка прыгод, загадак і таямніц роднай гісторыі.

Пад зямлёю можна жыць і нават даволі доўга, як жылі падпольшчыкі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў каменяломнях Адэсы і Керчы. Нядаўна расійская прэса шырока пісала пра незвычайныя тунелі на рацэ Мядзведзіцы, прытоку Дона. Вядомыя яшчэ са старажытнасці, яны былі ўзарваныя савецкімі сапёрамі ў 1942 годзе. Людзі, што ў маленстве хадзілі па іх або памяталі расповеды землякоў, сведчаць, што яны - яўна штучна зробленыя і вельмі незвычайныя. Праблема тысячакіламетровых хадоў абмяркоўвалася на Зігелеўскіх навуковых чытаннях у 1996 годзе, дзе прагучала нямала версій паходжання мядзведзіцкіх тунеляў. Знойдзены тунелі і ў Сахары, і ў Паўднёвай Амерыцы. У прынцыпе гэтая тэма невычарпальная - як у прыгожым пісьменстве, так і ў навуцы, эканоміцы (пракладка шахт, метро, тунеляў пад пралівамі, у гарах і інш.). Пад кожным вялікім горадам знаходзіцца іншы горад - падземны, з якім заўсёды звязаная адпаведная міфалогія (прыкладам, пошук «Ліберыі» - бібліятэкі Івана Жахлівага пад Крамлём, і падобнае). Ды любы беларускі горад ці палац не абыходзіліся без таямнічых падземяў. У прыгожым пісьменстве тэма жыцця пад зямлёю аказалася надзвычай папулярнай у сусветнай літаратуры XIX-XX стагоддзяў - у творах Э. Бульвер-Літана, Жуль Верна, У. Абручова. Яны былі або непасрэдныя папярэднікі, або сучаснікі В. Ластоўскага [3, с. 108], - абагульняе Т. Шамякіна.

Нельга не сказаць пра яшчэ адну, сучасную Ластоўскаму, зяву. У пачатку XX стагоддзя ў Гёрманіі быў створаны сакрэтны ордэн «Туле» (так называлася, як быццам, сталіца Гіёрбарэі), дактрына якога выключна моцна паўплывала на акультную тэорыю Трэцяга рэйха. Адэпты ордэна верылі, што краіна Туле (краіну можна называць па сталіцы, як Рым) не знікла поўнасцю а пагрузілася пад зямлю, аднак не з-за катастрофы, а па добрай волі яе жыхароў, якія вырашылі пакуль што пазбягаць спраў гэтага недасканалага свету. Такім чынам, магічны цэнтр арыйскай цывілізацыі захаваўся недзе глыбока пад зямлёю. У бясспрэчную дапамогу гэтага цэнтра гітлераўцы верылі ажно да падзення Берліна ў маі 1945 года. Даўно, дзякуй Богу, знік Трэці рэйх і ордэн «Туле», а ідэі пра Полую Зямлю або пра Новую Швабію, якая, як быццам, працягвае існаванне ў пячорах Антарктыды, час ад часу ўзнікаюць як сенсацыя ў сусветных СМІ. Няхай гэта міф, але характэрны міф...

Такім чынам, аповесць «Лабірынты» уражвае сілаю фантазіі і глыбінёй пранікнення аўтара ў найбольш інтрыгуючыя загадкі Сусвету. Ластоўскі, які стаў акадэмікам у Савецкай Беларусі, знаходзіўся не проста на перадавым краі тагачаснай навукі, а ў многім і абганяў яе. Ластоўскі дбаў пра праўдападабенства сваіх містыфікацый і знаходзіў апірышча для іх не толькі ў кніжных ведах, але і ва ўласным жыццёвым вопыце. Містычная, «гатычная» атмасфера дзеяння ў «Лабірынтах» вынікае з цікавасці пісьменніка да эзатэрыкі, таемных ведаў.

Ластоўскі стаў прарокам і ў дачыненні да ўласнага лёсу. Ствараючы сваю аповесць, ён не мог не ведаць пра значэнне слова «лабірынт» якое паходзіць са старажытнакрыцкай мовы і мае наступнае першае значэнне: сякера з двума лёзамі. Такім быў герб старадаўняга Крыта. Сваім выглядам ён як бы папярэджваў пра смяротную небяспеку, што хавалася ў нетрах сутарэнняў.

Блуканні па лабірынтах небяспечныя як у прамым, так і ў пераносным сэнсах.

Ластоўскі пасяліў у сваім Лабірынце смерць. У сутарэннях гіне ад рытуальнага ўдару Падземны чалавек. Смерць, што пасялілася ў Лабірынце, абрынулася і на аўтара: Ластоўскага расстралялі 23 студзеня 1938 годзе ў Саратаве.

Пісьменнік, як і яго Падземны чалавек, не памірае. Ён саступае месца наступнікам, тым, хто мог бы рэалізаваць яго незавершаныя праекты, а сам сыходзіць у свой таямнічы Лабірынт.

археалогія культуры ў аповесці лабірынты вацлава ластоўскага

год стаў для Вацлава Ластоускага своеасаблівым пераломам у навуковай і літаратурнай працы. Менавіта ў гэты час ён выказаў думку, што «Мы - Крывічы, а не Русь Літоуская, Варажская ці Маскоўская, Белая ці Чорная». Думка была абаснаваная ў шэрагу публікацый і стала ідэйным стрыжнем далейшай дзейнасці пісьменніка. I менавіта ў гэты час на старонках «Крывіча» з'яўляецца яго аповесць «Лабірынты».

Твор цікавы не толькі культуралагічнымі звесткамі і захапляльнымі фантастычнымі прыгодамі, але таксама насычаны нацыянальнай праблематыкай, пабудаваны з дапамогай некалькіх ідэйна-сэнсавых узроўняў: сюжэтнага, сацыяльнага, культуралагічнага. У адпаведнасці з гэтым многія даследчыкі вызначаюць і жанр «Лабірынтаў»: фантастычна-прыгодніцкая аповесць, нацыянальная ўтопія і г.д.

У «Лабірынтах» сюжэт іграе зусім не галоўную, а дапаможную ролю. Праз сімвалы, алегорыі Ластоўскі паступова выводзіць нас на культуралагічны і сацыяльны ўзроўні. Аднак заўважым, што не заўсёды факты, на якія абапіраецца пісьменнік, афіцыйна пацверджаныя. Менавіта таму твор называюць яшчэ «аповесцю-гіпотэзай».

Але пачнём з назвы. Шматлікія культурныя каштоўнасці, схаваныя ў падземных лабірынтах, сімвалізуюць беларускую культуру ў заняпадзе, адшукаць якую нялёгка ў сутарэннях гісторыі. Дарэчы, так званая «археалогія культуры» - галоўны лейтматыў твора. Шляхі да старцаў, якія ў глыбінях лабірынтаў захоўваюць культурныя скарбы, таксама можна трактаваць як сувязь паміж прашчурамі і маладымі пакаленнямі. У гэтым сацыяльны аспект назвы. Цікава, што на працягу аповесці Вацлаў Ластоўскі ўзгадвае гарады, што праваліліся пад зямлю, гаворыць, што лабірынты існуюць толькі пад «культурнымі» месцамі.

Месца дзеяння - Полацк. Гэты горад лічыцца самым старажытным, а таксама культурнай сталіцай Беларусі, што адпавядае тэматыцы твора. Сю-жэтная інтрыга падтрымліваецца таямнічымі словамі герояў: «У нашых бяседах ажываюць вякі», «Кажуць людзі, а хто ж ведае...», «Акром мяне з жывых ніхто не ведае».

Містычнасці і займальнасці твору надаюць таксама сімвалы і лічбы. Напрыклад, узгадваецца «сёмы вугал», «трэцяя зала», памяшканне мае трохкутную форму, адсутнічэе галоўны герой тры дні, да таго ж у творы гучыць маналог аб «траістасці рэчаў».

У творы таксама ёсць выхад на ідэю Ластоўскага пра адзіную сусветную культуру, а бібліятэка, схаваная ў лабірынтах, нагадвае ідэю пра сусветную бібліятэку. Цікавая дэталь і ў канцы твора: апавядальнік прачынаецца на сваім ложку ў гатэлі, 23 чэрвеня, на Купалле, і бачыць на падлозе сонечныя промні. Гэта таксама сімвал - язычнікі былі сонцапаклоннікамі, а свята Купалле звязвалася з культам сонца.

Яшчэ медаль з выявай змея і Дзевы-Сонца, які з'яўляецца сімвалам стараславянскай культуры, бо змея Ластоўскі асацыяваў з Конам (а сам Кон ні ў якіх летапісах ці іншых архелагічных знаходках не зафіксаваны - з'яўляецца абстрактнай назвай вышэйшай сілы і мае значэнне «кола», «скон»). Уводзячы ў аповесць стылізаваны медаль, Вацлаў Ластоўскі выходзіць акрамя культуралагічнага і на сацыяльны ўзровень. Шмат увагі пісьменнік надае пытанню нацыянальнага стылю. Стыль у яго - адметная рыса кожнай нацыі, яе самабытнасць. Між іншым, адраджэнне стылю - таксама адна з галоўных задач сучасных беларусаў.

А хто ж такі мёртвы старац Ярамір у залататканай павалоцы? Імя Ярамір паходзіць ад імя Ярылы (бога сонца). У Ластоўскага можна таксама знайсці згадкі пра тое, што беларусы былі сонцапаклоннікамі. Такім чынам, Ярамір і ёсць мёртвае сонца Беларусі, і значыць ён сімвалізуе заняпаўшую культуру. Але пісьменнік упэўнены, што і для Беларусі настануць лепшыя часы: па-першае, поза старца, у якой ён ляжыць, нагадвае апавядальніку, быццам той не памёр, а толькі заснуў; да таго ж яшчэ ёсць старцы, якія чакаюць свайго часу, каб выйсці на паверхню і перадаць навуковыя адкрыцці. 3 сімваламі нязгаснага святла Ярылы можна звязаць ідэю Ластоўскага пра тое, што трэба звярнуцца да старадаўняй навукі. Дарэчы, святароў, якія служаць Ярылу, Ластоўскі называе «ведунамі».

У аснову «Лабірынтаў» пакладзена ідэя адраджэння Крывіі. Асабліва яскравы прыклад праяўлення гэтай ідэі - аповед пра цудадзейныя элементы «крывін» і «гетын» (крывічы і геты - плямёны заходніх славян), якія даюць вечнае жыццё. Маецца на ўвазе памяць продкаў і адраджэнне старасвеччыны, якія даюць жыццё нацыі. Тут прасочваюцца яшчэ дзве ідэі: першая - што культуру захаваў не народ, як гэта было прынята лічыць, а інтэлігенцыя; а другая - неўміручасць культуры праз слова.

Ластоўскі прысвяціў слову шматлікія працы. Сам працэс чытання таксама іграе не апошнюю ролю ў аповесці: таямнічыя надпісы на труне і на ліхтары, ліст, атрыманы з Полацка, вялікая падземная бібліятэка, тэлеграма, і, нарэшце, паведамленне ў газеце. Шмат летапісаў згадваецца і ў маналогах, якія ўяўляюць сабой культуралагічную каштоўнасць. Згодна з працамі Ластоўскага, старажытныя пісьмёны выкарыстоўваліся і ў магічнай практыцы. Скарбы лабірынтаў, заўважу, таксама складаюцца з пісьмёнаў, і Падземны чалавек баіцца, каб не забралі і гэтыя апошнія скарбы. Тут мы пераходзім да яшчэ адной ідэі Ластоўскага, якая мела непасрэднае дачыненне да тагачаснага працэсу - русіфікацыі краіны.

У апошні час вывучаны вялікі корпус тэкстаў антычных, візантыйскіх і арабскіх аўтараў, паводле якіх акадэмічная навука даволі ўпэўнена рэканструюе шляхі засялення тэрыторыі Беларусі, праўда, на працягу ўсяго толькі апошніх дзвюх тысяч гадоў. Першым з плямён, якое згадваюць антычныя пісьменнікі, былі кімерыйцы (кімры). В. Ластоўскі лічыў, што яны ж - «курэты, квірэты, або крывіты», якія «ужывалі рунічнае пісьмо задоўга да прыбыцця ў Грэцыю фініцыянскага Кадмуса» (курэты, як вядома па грэчаскай міфалогіі, выхоўвалі Зеўса). Аўтарытэтны сучасны расійскі гісторык А. Кузьмін расшыфроўвае назву «кімерыйцы» як «зімовыя» і згадвае, што антычная традыцыя трывала захавала думку пра роднасць кімерыйцаў да жыхароў самага краю Зямлі - «каля Акіяна».

В. Ластоўскі быў упэўнены ў тым, пра што пакуль яшчэ вельмі нясмела пішуць гісторыкі. Ён зазначае: «Грэцкія вучоныя самі сведчаць, што жыўшыя на прунач ад іх паўночныя народы занеслі ў Грэцыю не толькі некаторыя мастацтвы, але і цэльную сістэму, навукі і ўмеласці» У канцы XX стагоддзя расійскі акадэмік А. Дзяканаў усё ж асмеліўся сцвярджаць, што нават земляробства як такое ўзнікла зусім не ў стэпе на чарназёме, а якраз у лясной зоне, значыць, на нашай тэрыторыі. А менавіта на аснове развітага земляробства ўзнікае асёдлая цывілізацыя, рамёствы, гандаль, гарады, урэшце, дзяржава. Вацлаў Ластоўскі не сумняваўся, што культуру грэкам падаравалі славяне. Але эліны, разбурыўшы славянскі горад Трою, знішчыўшы іншыя гарады, «стараліся іх зняславіць перад гісторыяй, няслушна прыпісваючы ім нялюдскія звычаі і чараўніцтва». У якасці аналогіі з дзеяннямі элінаў адносна сваіх паўночных суседзяў Ластоўсці прыводзіць гісторыю больш вядомых, чым праславяне, этрускаў, ад якіх рымляне перанялі ўсе цывілізацыйныя даброты, а саміх этрускаў абняславілі. «Пад ударамі чужаземных наезнікаў, - піша беларускі пісьменнік, - заняпала і наша культура» [2, с. 86].

Ёсць сярод гіпотэз В. Ластоўскага і фантастычныя, але шмат што з гістарычных звестак аб рассяленні славянскіх плямён знаходзіць водгук у сучаснай гістарычнай навуцы. Расійскія вучоныя - у адрозненне ад беларускіх - не баяцца выказваць даволі смелыя і пры гэтым абгрунтаваныя гіпотэзы. Напрыклад, вядомы рускі міфолаг А. Асаў зусім сур'ёзна піша пра знакамітую Трою як славянскі горад. Але ж першы пра гэта сказаў Ластоўскі (Да яго акадэмік А. Весялоўскі даказаў праславянскае паходжанне Ахіла, аднаго з галоўных герояў «Іліяды», - выходзіць, Ахіл, выступаючы на баку грэкаў, змагаўся супраць сваіх.)

Чаму ж не знаходзяць у нас археалагічных артэфактаў, велічных збудаванняў, пісьмовых помнікаў, у той час як зямля Грэцыі, Італіі, Егіпта літаральна напоўнена імі? На гэтае пытанне пісьменнік адказвае так, як што «край наш не валодае ні годным да будовы каменнемі ні капальнямі мінералаў, а з гэтай прычыны адзіным годным да будовы матэрыялам было дрэва, нашы мастацкія будоўлі былі драўлянымі, малатрывалыя» [2, с. 89]. Так, наша цывілізацыя - драўляная, і па гэтай прычыне не захавалася. Толькі тая зямля, на якой стаіць Полацк, добра захоўвае дрэва (таму берасцяныя граматы там знаходзяць - яшчэ адно сведчанне высокай цывілізаванасці продкаў), і дзякуючы гэтаму зусім нядаўна ўдалося высветліць, што Полацк амаль равеснік Рыму - узнік у VІІ да нашай эры.

Пра падземныя тунелі, хады і незвычайныя збудаванні нагадвае і назва твора В. Ластоўскага - «Лабірынты». У антычным свеце было вядома пяць лабірынтаў - адзін у Егіпце, два на Крыцё, па адным у Грэцыі (Пелапанесе) і ў Этрурыі. Бясспрэчна, яны былі прызначаны для ініцыяцый, для містэрый тыпу Элеўсінскіх, звязаных з уяўленнямі пра падарожжы душы ў іншасвеце. Традыцыя будовы лабірынтаў аказалася надзвычай трывалая на працягу тысячагоддзяў. У эпоху Сярэднявечча лабірынты выкладаліся мазаікай на падлозе хрысціянскіх храмаў, у эпоху Барока іх стваралі ў садах, высаджваючы па адпаведным плане вечназялёнае кустоўе. На Салавецкіх астравах, на беразе Белага мора і ў Скандынавіі існуе каля 200 лабірынтаў - выкладзеных з камянёў, закручаных спіраляў, прызначэнне якіх да сённяшняга дня невядомае. Лабірынт - адно з важнейшых паняццяў акультызму, што даказвае глыбокае знаёмства з ім Вацлава Ластоўскага. Ды і іншыя перыпетыі сюжэта аповесці сведчаць пра веданне пісьменнікам адпаведнай літаратуры.

Прызначэнне лабірынта, паводле аднаго з самых вядомых гісторыкаў рэлігіі XX стагоддзя Мірча Эліадэ, - ахоўваць Цэнтр. Цэнтр чаго? Усяго. Самага важнага. Можа, тую ж Шамбалу, якую лабірынт графічна і выяўляе. Іспанскі даследчык сімвалізму X. Э. Керлат лічыць, што лабірынт сімвалізуе падсвядомасць. Відаць, усё ж першапачаткова лабірынт азначаў іншасвет, свет па той бок. Заўважым, што ў аповесці Іван Іванавіч памірае ў лабірынтах: «перада мной ляжаў наўзнач мой праваднік з разбітай і акрываўленай галавой», а потым раптам ажывае і паказвае герою-апавядальніку падземны свет. А можа, усё ўбачанае - сон героя, і ў сне ўжо мёртвы Іван Іванавіч, яго душа, водзіць героя па лабірынтах? Толькі ў лабірынтах такое і магчыма, бо - іншасвет. Тым больш, што Іван Іванавіч у канцы аповесці, ужо ў рэальнасці, неяк таямніча сапраўды памірае. Значыць, герой праходзіў ініцыяцыю, бо ў лабірынце немагчыма без ніткі Арыядны ці такога вось правадніка (душа знакамітага Вергілія суправаджала паэта Дантэ па пекле). Відавочна, што ў аповесці, акрамя навуковага, акультнага і розных іншых планаў, ёсць глыбокі і патаемны - інтымны. Якую ініцыялізацыю, калі, дзе праходзіў Ластоўскі?

Любая ініцыялізацыя ў антычным свеце абавязкова мела дачыненне да пэўных язычніцкіх багоў. У аповесці таксама выкладаецца міфалогія славян.

У пачатку XX стагоддзя ў мастацкай літаратуры адбылася рэміфалагізацыя - шмат якія пісьменнікі звярнуліся да міфаў, асабліва міфаў нацыянальных. Ластоўскі, як ніхто з беларускіх класікаў, падрабязна і глыбока выкладае свае ўласныя меркаванні пра язычніцкі пантэон.

Другі раз на працягу стагоддзя міфалогіяй пачалі займацца філолагі і гісторыкі ўжо канца XX стагоддзя. А. Ненадавец, Э. Зайкоўскі, А. Хатэнка, У. Васілевіч, I. Крук, А. Коваль з розных бакоў даследавалі беларускую народную культуру, у тым ліку і міфалогію. Бясспрэчна, ва ўсіх нас пантэон багоў, у якіх верылі нашы продкі, не ва ўсім супадае. Але гэта зусім натуральна. Антычныя аўтары таксама кожны па-свойму апрацавалі і інтэрпрэтавалі корпус грэчаскіх міфаў, а ў рэшце рэшт выкрышталізавалася стройная сістэма, якая стала асновай, без перабольшання, культуры чалавецтва.

Першае, што адзначае Ластоўскі ў айчыннай міфалогіі, гэта траістасць як аснова ўсяго існага. Свет падзяляецца па вертыкалі на тры часткі: «Уверсе - выабражаны сілы нябесныя, усярэдзіне - жыхары зямлі з іх турботамі, унізе - іншасвет з яго валадарамі і жыхарамі. Кожны з гэтых светаў, паводле старой навукі, распадаўся ў свой чарод на тры істотныя характары» [2, с. 97]. Інакш кажучы, кожны са светаў мае, у сваю чаргу, траістую структуру і, акрамя таго, за кожны ўзровень адказвае пэўны бог. У якасці доказу сваёй схемы пісьменнік спасылаецца на траістасць багоў вавілонскіх (Ану, Эа і Бела) і індуісцкіх (Брама, Шыву і Вішну). Метад Ластоўскага абсалютна правільны і навуковы: выбудаванне той ці іншай нацыянальнай міфалагічнай сістэмы немагчыма без тыпалагічнага параўнання з іншымі міфалагічнымі сістэмамі.

Графічна славянскую міфалагічную Тройцу можна ўявіць у выглядзе трохкутніка вяршынаю уверх. На важнасць падобнай фігуры ў славянскіх народаў звяртае ўвагу сам апавядальнік: «Мне прыпомнілася чытанае некалісь апісанне славянскай святыні ў Рэтры, якая была збудавана трыбочнай фігурай, як і сама сяліба пры ёй, якая мела з трох старон агароду і тры брамы: на ўсход, поўдзень і поўнач. Спомнілася мне адна дыскусія ў кружку маладзёжы і як паважаны вучоны, які быў сярод нас, даводзіў тады, што таксама ў трохкутную фігуру была будаваная слаўная, апеяная Гамерам Троя, што ўсе бажніцы, ці то багоды, старой славянскай веры, пасвячоныя Найвельшаму, бацьку багоў, зваліся Троямі» [2, с. 99].

Бацьку багоў Найвельшага (Орtimus), як яго называе Ластоўскі, можна ўмоўна памясціць на версе трохкутніка-піраміды. Аўтар «Лабірынтаў» лічыць, што бацька багоў не меў імені, а толькі эпітэты да яго - «Баг, Бог, Дэос, Дзевас, Гот, Элахаім, Алах-Адэнай». Сучасная беларуская міфалагічная школа, услед за рускім акадэмікам Б. Рыбаковым, такім бацькам багоў лічыць Сварога, імя якога часта згадваецца ў старажытных тэкстах. Аднак не выключана, што і Сварог (той, хто сварганіў-стварыў свет) - таксама эпітэт, і значыць, большую рацыю меў якраз Ластоўскі, лічачы, што імя Найвельшага проста «нельга вымавіць». Гэта, дарэчы, адпавядае старазапаветнай традыцыі.

Другой асобай славянскай Тройцы пісьменнік называе бога Кона, «які даў усяму жывому законы жыцця, назначыў кон, долю і акрэсліў канец, скон». Як і іншыя ўвасабленні Духу, Кон меў розныя эпітэты, сярод якіх аўтар называе Прова і Тура. У сучаснай навуцы ўсе гэтыя функцыі аддадзены богу Роду. Тут пакуль што цяжка вызначыцца пэўна. Заўважым, што калі правільнасць той ці іншаи тэорыі ў прыродазнаўчых і дакладных навуках правяраецца практыкай, то ў міфалогіі як навуцы - фактамі мовы. Мова - ...адзін з самых сурёзных доказаў існавання канкрэтнага персанажа, імя якога, як правіла, зяўляецца коранем цэлага гнязда слоў. Так, корань «ра» (імя старажытнаегіпецкага, але таксама і індаеўрапейскага бога Ра) уваходзіць як марфема ў неверагодна вялікую колькасць онімаў і іншых груп слоў самых розных моў Еўропы і Азіі. Корань «кон» і корань «род» таксама прадстаўлены дастаткова шырока, прычым у словах сэнсава надзвычай важных, жыццявызначальных. На нашу думку, Ра, паколькі сустракаецца ў самых розных моўных групах, прычым не толькі індаеўрапейскіх, адпавядае Гіпербарэйскаму перыяду жыцця прадстаўнікоў белай расы, ці, інакш кажучы, мае дачыненне да настратычнай мовы. «Род» адпавядае праславянскаму перыяду, а «кон» - уласна ўсходнеславянскай групы народаў.

Трэцяй іпастассю славянскай Тройцы Ластоўскі называе бога Ярылу. Ярыла знаходзіць адпаведнасці ў вялікай колькасці еўрапейскіх багоў. Можна, скажам, назваць грэчаскага Арэса, рымскага Марса, паўднёваславянскага Геравіта, заходнеславянскіх Яравіта, Радыгоста і інш. Няма ніводнага даследчыка ў славянскіх краінах, які б адмаўляў існаванне гэтага бога, функцыі якога тычацца як ваеннай справы, так і падтрымання ўрадлівасці раслін, плоднасці людзей і жывёл. Сімвалам Ярылы Ластоўскі называе нязгасны агонь, што таксама меў розныя імёны.

На думку сучасных філосафаў (А. Нагавіцына, Д. Гаўрылава), у любой міфалагічнай сістэме вярхоўная існасць, што ўключана ў Тройцу, увасабляе задуму (хоць бы і задуму стварэння ўсяго свету), патэнцыі і энергіі; другая - узровень ідэй інфармацыі, праектавання; трэцяя - узровень канкрэтнага праяўлення. Дадзеная тэорыя вельмі добра пацвярджаецца сутнасцю хрысціянскай Святой Тройцы. У Ластоўскага акцэнты некалькі іншыя, але ў прынцыпе ўкладваюцца ў дадзеную схему. Так, ён піша: «...аракул назваў Найвельшага святлом (rad), мыслю-словам (logas) і крыніцай жыцця (рneumа)...» Пра Кона: «...даў права, закон людзям, звярам, птахам, полазам, рыбам, раслінам і наогул усяму, што жыве, родзіцца і памірае». Галоўнае свяцілішча, прысвечанае Кону, размяшчалася, на думку Ластоўскага, у горадзе Тураве. Сакральнасць Турава пацверджана многімі незвычайнымі падзеямі, што здараліся тут не толькі ў старажытнасці, а і ў атэістычным, глыбока прафанным і таму такім трагічным, XX стагоддзі.

Акрамя трох галоўных багоў, ці, лепш сказаць, узроўняў існавання Духа ўнутры Матэрыі, Ластоўскі называе яшчэ семі Кона, Конязя (Сонца), Княжыча (Месяц), Ярылу (планета Марс), Радзігоста (Меркурый), Перуна-Грамовіка (Юпітэр), Грамавіцу (Венеру), Ладу-Ладона (Сатурн). Тут не ўсё стасуецца з сучаснымі міфалагічнымі тэорыямі, хоць у прынцыпе амаль усе імёны і адпаведныя ім планеты (а таксама дні тыдня) сустракаюцца ў даследаваннях канца XX - пачатку XXI стагоддзя. Парушае стройнасць схемы паўтарэнне некаторых імён, якія аказваюцца на розных узроўнях (Кона, Ярылы), і аднесенасць Радыгоста да беларускай міфалогіі, хоць не выключана яго прысутнасць на беларускай зямлі, улічваючы, што радзімічы прыйшлі з захаду і маглі прынесці свайго бога на Усходнюю Беларусь.

Далей Ластоўскі называе 12 знакаў Задыяка і чатыры вятры, што прыносяцца з чатырох бакоў зямлі. Усе лічбы, названыя ў аповесці, глыбока сакральныя: 3, 4, 7, 12. Заўважаецца імкненне пісьменніка зрабіць міфалагічную сістэму беларусаў як мага больш лагічнай, яснай, структураванай. Распрацаваная Ластоўскім сістэма не страціла свайго значэння да нашага часу - ад яе адштурхоўваюцца ці яе ўключаюць як складнік у свае сістэмы сучасныя даследчыкі.

Такім чынам, мы можам бачыць, што «Лабірынты» самі з'яўляюцца як культуралагічнай каштоўнасцю, так і публіцыстычным творам, які ўзнімае сацыяльныя праблемы, а таксама творам мастацтва, створаным фантазіяй мастака.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Такім чынам, прааналізаваўшы Лабірынты Вацлава Ластоўскага як аповесць-гіпотэзу, мы прыйшлі да наступных высноў:

Загадкавасць «Лабірынтаў» выклікана перапляценнем у творы некалькіх свядомых аўтарскіх містыфікацый, галоўная з якіх звязана з існаваннем Полацкага лабірынта. Полацкі лабірынт у трактоўцы Ластоўскага быў адным з цэнтральных артэфактаў, на якім грунтавалася крыўская тэорыя пісьменніка.

У спрэчках, якія вядуць паміж сабою выведзеныя ў «Лабірынтах» героі знаўцы полацкай даўніны, паўстае велічны вобраз Полацкай цывілізацыі, па ўзросце больш старадаўняй, чым рымская або грэчаская. Прычынай яе амаль бясследнага знікнення бачыцца тое, што помнікі гэтай цывілізацыі былі нетрывалыя: зніклі вырабы з дрэва, знішчыліся тэксты, выкананыя на крохкім матэрыяле.

Пісьменнік бярэцца сканструяваць гэтыя артэфакты шляхам літаратурнай містыфікацыі. Ластоўскі памяшчае ў Лабірынт легендарную бібліятэку Еўфрасінні Полацкай, што знікла ў далёкай прошласці. У творы паўстае найбагацейшы кнігазбор, запоўнены манускрыптамі, шкунабуламі, скруткамі, пергаменамі, кнігамі легендарных і гістарычных эпох. Грандыёзнасць падземнага кнігасховішча прымушае згадаць вобраз Вавілонскай бібліятэкі, створаны ў аднайменным апавяданні знакамітага аргенцінскага пісьменніка Хорхе Луіса Борхеса.

Перастварыўшы архетып Лабірынта ў вобраз ідэальнага сховішча, Ластоўскі памясціў у ім не толькі нацыянальныя святыні, але і ўласныя запаветныя творчыя праекты, ідэі, здагадкі, галоўнай сярод якіх выступае ягоная крыўская тэорыя.

Такім чынам, лабірынт, які лучыць у цэлае разгалінаваную сімволіку аповесці Ластоўскага, у сваю чаргу, уяўляе вобраз-сімвал, напоўнены некалькімі сэнсамі. Лабірынт - хітраспляценне чалавечай думкі; Лабірынт - заблытаная інтрыга... Цэнтральны сэнс ствала, на нашу думку, датычыцца лёсу беларускай (крыўскай, як называў яе Ластоўскі) культурнай цывілізацыі. Прастора Лабірынта адпавядае нацыянальнай парадыгме культурнага развіцця. Яна - лабірынтападобная.

Беларуская гісторыя і культура бачыліся Ластоўскаму чарадой шматлікіх сыходжанняў у Лабірынт, спробаў закансерваваць нацыянальныя скарбы і рэліквіі ў віртуальных сховах часу. Віртуальньнымі можна лічыць адносіны прыхаванасці, пакрыёмасці, залішняй «сціпласці», што назіраліся на ўсіх адрэзках нацыянальнага жыцця беларусаў. Годным носьбітам такога сутарэннага, андэграўнднага існавання выглядае падземны чалавек з «Лабірынтаў», а ахвярай - Ігнат з апавядання «Прывід». Нашыя шматлікія нацыянальныя адраджэнні, усплёскі пасіянарнай актыўнасці беларусаў, што паўтараліся цягам стагоддзяў з настойлівай перыядычнасцю, можна разглядаць як спробы пераадолення лабірынтавай экзістэнцыі.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1 Бугаёў, Дз. Служэнне Беларусі. Праблемныя артыкулы, літаратурныя партрэты, эсэ, успаміны [Тэкст] / Дз. Бугаёў. Мн.: Мастацкая літаратура, 2003. ― 297 с.

Ластоўскі, В. Выбраныя творы [Тэкст] / В. Ластоўскі. Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. ― 297 с.

Шамякіна, Т. Лабірынты Вацлава Ластоўскага і навуковыя пошукі ХХ-ХХІ стагоддзяў [Тэкст] / Т. Шамякіна. // Маладосць. ― 2008. ― №8. С. 103-110

Васючэнка, П. Захоплены лабірынтам [Тэкст] / П. Васючэнка. // Роднае слова. ― 2008. ― №11. С. 3-6

Багдановіч, І. Авангард і традыцыя [Тэкст] / І. Багдановіч. Мн.: Навука і тэхніка, 2001. ― 359с.

Марціновіч, А. Шляхам праўды і няпраўды [Тэкст] / А. Марціновіч. Мн.: Навука і тэхніка, 1994. ― 417с.

Камендава, В. Мы крывічы…. Археалогія культуры ў аповесці Вацлава Ластоўскага Лабірынты [Тэкст] / В. Камендава. // Літаратура і мастацтва. ― 2004. ― №54. С. 7

Янушкевіч, Я. Вяртанне з нематы [Тэкст] / Я. Янушкевіч. // Ластоўскі, В. Выбраныя творы. Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. С. 3-21

Лёцка, Я. Валадар слова і духу [Тэкст] / Я. Лёцка. // Маладосць. ― 1991. ― №1. С. 35-39

Янушкевіч, Я. Вацлаў Ластоўкі [Тэкст] / Я. Янушкевіч. // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4-х т. Т.1. Мн.: Беларуская навука, 2003. С. 427-447

Похожие работы на - 'Лабірынты' Вацлава Ластоўскага

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!