Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна

  • Вид работы:
    Курсовая работа (т)
  • Предмет:
    Литература
  • Язык:
    Белоруский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    46,8 Кб
  • Опубликовано:
    2015-05-20
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна

Установа адукацыі

"Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка"

Факультэт беларускай і рускай філалогіі

Кафедра беларускага мовазнаўства

Басікірская Алена Уладзіміраўна






Курсавая работа

Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна


Навуковы кіраўнік:

кандыдат філалагічных навук,

дацэнт Сычова С.А.







Мінск, 2014

Змест

Уводзіны

1. Жыццёвы шлях паэта

. Тэматыка і праблематыка творчасці

. Мастацкая вобразнасць

. Уклад Р.Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі

. Матывы ў творчасці

5.1 Элементы паганскай міфалогіі

5.2 Біблейска-хрысціянскія матывы

.3 Фальклорныя матывы ў творчасці

Заключэнне

Бібліяграфічны спіс

Уводзіны

паэт барадулін міфалогія фальклорный

У беларускай паэзіі Рыгор Барадулін - самабытная і арыгінальная індывідуальнасць па сіле мастацкага дару і па значнасці напісанага. У паэта свой голас, сваё бачанне свету, свой паэтычны слоўнік. Рыгор Барадулін - "кароль метафары", найбольш яркі прадстаўнік філалагічнага пакалення. Паэзія Рыгора Барадуліна даўно набыла ўніверсальны характар. Рыгор Барадулін - народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі.

Па сваёй прафесіі ён адносіў сябе да літаратара. А хай сабе лёс распарадзіўся б па-іншаму, і Рыгор Барадулін меў бы іншую прафесію, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабе светаўспрымання, спосабе бачыць зявы і рэчы ён паэт.

Барадулін нёс у падарунак сваё жыццё велічнаму і прыгожаму беларускаму слову. Ён вельмі любіў родную мову, родную зямлю, ясна ўсведамляў сваю прыналежнасць да беларускага быцця і таму не ўмеў не жыць вершам, не ўмеў не ўбачыць паэзію ў любой праяве жыцця.

Рыгор Барадулін быў моцна ўлюбёны ў слова, зяўляўся яго палонным і ўладаром. Ведаў, што слова - гэта заўсёды вялікае шчасце, якое падаравала нам жыццё і гісторыя. Барадулін смакаваў слова. Вычытваў то тое, то другое са свайго запаветнага блакноціка, выпытваў у сяброў, ці ёсць такое слова ў іншых гаворках. Яго захапляла мажлівасць даць свайму ўшацкаму слову высокі пасад у мове агульналітаратурнай.

Тэма курсавой работы па актуальнасці займае значнае месца, таму што даследуецца творчасць народнага беларускага паэта.

Мэта курсавой работы - даследаванне паэзіі Рыгора Барадуліна розных гадоў.

Задачы курсавой работы:

- акрэсліць жыццёвы шлях паэта;

зрабіць агляд паэзіі Р.Барадуліна;

прасачыць тэматыку творчасці паэта;

ахарактарызаваць мастацкую вобразнасць у паэзіі;

асэнсаваць функцыю элементаў паганскай і хрысціянскай міфалогіі;

прасачыць фальклорныя матывы ў творчасці;

вызначыць уклад творчасці Р.Барадуліна ў развіццё беларускай дзіцячай паэзіі

Абект даследавання:

Лірычныя творы Рыгора Барадуліна

Асноўныя палажэнні:

Рыгор Барадулін - народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі. Ён увайшоў у мастацкую літаратуру ў пасляваенны час.

- На творчасці паэта выразна адбілася свежая і горкая памяць аб дзяцінстве, абпаленым вайной. Адным з вядучых у творчасці Р.Барадуліна з'яўляецца вобраз маці. Гэты вобраз паступова перарастае ў адзіны суладны вобраз маці-Радзімы. Тэма роднай мовы і яе лёсу, бадай, самая хвалюючая на працягу ўсёй творчасці Барадуліна. У яго паэзіі шырока прадстаўлена тэма кахання. Глыбокая павага і замілаванне дзяўчынай, стварэнне яе таямнічага, недасягальнага вобразу нараджаюць у душы паэта моцнае каханне. Скразной зяўляецца ў творчасці Барадуліна гумарыстычная тэматыка. Ён аўтар больш за паўдзесятка гумарыстычных кніжак.

Мастацкая мова Рыгора Барадуліна багатая на вобразныя сродкі. Свабоднае валоданне і выкарыстанне мастацкасці ў мове надае творам паэта лёгкасць, шчырасць, прыгажосць і натуральнасць ва ўспрыманні. У вершах аўтар выкарыстоўвае розныя мастацкія сродкі, але найбольшая колькасць належыць эпітэтам, параўнанням, метафарам, увасабленням, адухаўленням, паўторам. Больш тропаў выкарыстоўваў мастак у ранні перыяд тварэння сваіх шэдэўраў. Радасная мелодыя жыцця перакрывае адзнакі трагедыйнасці ў паэзіі Рыгора Барадуліна 60-70-х гадоў.

Рыгор Барадулін пісаў выдатную літаратуру для дзяцей. Дзякуючы народнаму гумару ён набывае сваю адметную індывідуальнасць у дзіцячай паэзіі.

Паэзія Барадуліна-прыродапаклонніка язычніцкая. "Хрышчоным паганцам" паказаў сябе Рыгор Барадулін. Ён ужывае ў сваёй творчасці агульнапрынятыя вобразы паганства. Гэтыя вобразы характарызаюцца вялікай частотасцю ўжывання.

Зварот Барадуліна да біблейскай тэматыкі заканамерны. Нядаўняя кніга паэзіі так і называецца - "Евангелле ад Мамы". У творчасці хрысціянскае лучыцца з паняццямі хатняга, хлеба, маці. Паэт звяртаецца да Бога: моліцца за шматпакутную Беларусь. Відавочна, што ў творчасці паэта яскрава бачна звяртанне да Бога, асэнсаванне біблейскіх высноў.

У мастацкім свеце Барадуліна выразна назіраюцца фальклорныя матывы. Прыкладам глыбокага пранікнення ў фальклор служыць цэлы цыкл "Матчыных песень". У творчасці ствараюцца арыгінальныя, народныя вітанні, зычэнні і падзякі, дараванні, заклінанні і інш. У паэзію Р.Барадуліна арганічна ўваходзяць разнастайныя жанравыя фальклорныя матывы песні, плачу, галашэння, прыпеўкі, замовы, праклёну, заклінання, легенды і падання, балады, прыказкі, прымаўкі, дзіцячага фальклору і, нарэшце, сатыры і гумару. Ключавымі выглядаюць народныя вобразы бору і туману.

Курсавая работа складаецца з уводзін, пяці раздзелаў, заключэння, спісу выкарыстанай літаратуры. Спіс выкарыстанай літаратуры мае 18 найменняў на 2 старонках. Агульны аб'ём працы складае - 29 старонак, з іх асноўнага тэксту - 25 старонак.

1. Жыццёвы шлях паэта

Рыгор Барадулін лічыў, што яму пашанцавала, бо нарадзіўся ў літаратурным рэгіёне, яго землякамі былі П.Броўка, В.Быкаў, Е.Лось, С.Законнікаў, А.Салтук… А на Віцебскай зямлі, у тым ліку на Полаччыне, Ушаччыне, спакон веку скрыжоўваліся гістарычныя шляхі і інтарэсы нашых мужных продкаў з рознымі заваёўнікамі. Гэта вельмі яскрава пазней адабецца ў творчасці Р.Барадуліна: "Віцебшчына! // Ты лёсам не выпешчана. // Ты войнамі выпесчана…" [2, с.174].

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года ў вёсцы Верасоўка (зараз Гарадок) у сялянскай сямі. Праз невялікае акенца звычайнай вясковай хаты хлапчук убачыў прыгожы і багаты свет. У маленстве жыццё адкрывалася з самага блізкага наваколля: студні, што выкапаў бацька, каля якой дражніўся з хлапчуком бусел, быццам абяцаючы дацца ў рукі; вярбы, што стаяла непадалёку ад студні… "Помніць сябе, - успамінае Рыгор Барадулін, - пачаў пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Жнейкі жнуць. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе…"

З басаногага маленства на ўсё жыццё засталася жыць у душы матчына песня. Сваю матулю, звычайную беларускую сялянку, працаўніцу і песенніцу Куліну Андрэеўну, паэт пазней назаве "стыхійна вялікім філолагам". Гэта менавіта яна і бабуля па мацярынскай лініі Малання Несцераўна, якая ведала многа казак, песень, "прыбабунек", удыхнулі ў душу хлапчука любоў і чуйнасць да роднага слова. Бацька будучага паэта Іван Рыгоравіч хадзіў на працу ў мястэчка Ушачы, дзе цяслярыў у райкамунгасе.Толькі вечарамі пасля работы яны бачыліся: бацька апавядаў, чым займаўся, а сын любіў шукаць за пазухай у бацькі гасцінец: то абаранак, то драбок цукру. Калі хлопчыку было чатыры гады, сямя пераехала з Верасоўкі ва Ушачы, дзе бацька здолеў збудаваць сваю хату.

Вялікая Айчынная вайна адбілася ў свядомасці Р.Барадуліна шэрымі, як хмары, натоўпамі палонных чырвонаармейцаў, параненых і панурых. Іх праз мястэчка гналі гітлераўцы ў лагер. Праз нейкі час паўшэптам стала вымаўляцца слова "партызаны", а потым ушацкія, лепельскія, бягомльскія лясы сталі партызанскай зонай. Спачатку Ушачы былі заняты гітлераўцамі, а потым мястэчка адбілі ў акупантаў партызаны. Сюды часта прыляталі нямецкія самалёты і скідвалі бомбы. Сямя Барадуліных, як і суседзі, дзеля бяспекі пабудавала сабе зямлянку. Бацька стаў партызанам. Маці шыла для партызанаў маскхалаты з парашутнага шоўку. Вясной 1944 года фашысты пачалі рашучы наступ на партызанскую зону. Партызаны вымушаны былі хутка адступаць, пакідаючы цывільнае насельніцтва, безабаронных жанчын, старых і малых. Таму маці з Рыгорам і суседзямі вырашылі ўцякаць у пушчу, узяўшы з сабой толькі самае неабходнае, што можна было панесці. Калі гітлераўцы адыходзілі пры наступленні савецкай Арміі, яны спалілі бацькаву хату. "Маці, бабуля і я засталі свежыя галавешкі", - успамінаў Рыгор Іванавіч.

Пасля вайны сямя чакала гаспадара. Не верылася, што ён загінуў. Доўгія гады ў сэрцы Куліны Андрэеўны і сына жыло спадзяванне. У аўтабіяграфічных нататках Рыгор Барадулін піша: "А мама чакала да канца дзён свайго Івана, бацьку майго. Пыталася ва ўсіх, ці бачылі, ці чулі, ці помняць партызана Івана Барадуліна. Адны казалі, што нібыта паранены, сам сябе ўзарваў, другія, што загінуў у вёсцы Белае. Ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста. А непахаванага чакаюць, пакуль жывуць". У памяці сына бацька застаўся мужным і добрым, працавітым і жартаўлівым волатам, які любіў сваю зямлю і працу на ёй.

Пасляваенныя годы ў жыцці Р.Барадуліна былі ў многім тыповымі для пакалення хлапчукоў-"бязбацькавічаў" і іх нястомных працаўніц-матуль, што засталіся ўдовамі.

Ва Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыўся Р.Барадулін, былі любімыя настаўнікі, якія давалі станоўчы прыклад, фарміравалі ідэалы прыгажосці і чалавечнасці, абуджалі ў душы падлетка прагу да ведаў, любоў і цікаўнасць да роднага слова. Старшакласнікам у школе і ў раённым Доме культуры ўдзельнічаў у вечарах мастацкай самадзейнасці, быў чытальнікам, напісаў нават байку і выконваў яе. Вершамі пачалі пісацца першыя прызнанні дзяўчатам-аднакласніцам.

Куліна Андрэеўна працавала прыбіральшчыцай у райспажыўсаюзе, а ў вольны час, звычайна начамі, шыла. Яна марыла даць адукацыю сыну, збірала і адкладвала капейку да капейкі. "Заказаў было досыць ад раённай знаці дый ад бедных местачкоўцаў, бо магла пашыць і з нічога нешта. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Калі сонца спіць, ніхто не бачыў", - пісаў пазней паэт. І ў светлыя, і ў цяжкія часіны Куліна Андрэеўна звярталася да Бога са шчырай малітвай, навучыла ў маленстве і сына паўтараць за ёй услед "Ойча наш". У піянерах Р.Барадулін не быў, бо маці лічыла іх бязбожнікамі.

У старэйшых класах быў камсамольцам. Бабуля Малання была ўніяткай, запомнілася ўнуку апранутай на святы ва ўсё беленькае, малілася па-беларуску. Глыбока народным укладам жыцця сямі, песнямі, казкамі, прыказкамі, замовамі, лічылкамі, дражнілкамі, выслоўямі, якія пераняў з маленства Рыгор Барадулін ад матулі і бабулі, узгадавалася адчуванне прыгажосці і бясконцай глыбіні роднага слова ў душы паэта. Народна-песенныя матывы пазней трывала ўвойдуць у яго творчасць. І невыпадкова ў паэзіі Р.Барадуліна так многа твораў-прысвячэнняў матулі, увогуле прыгожай душой беларускай жанчыне.

Прыкметны ўплыў на выбар жыццёвага шляху будучага паэта аказаў настаўнік роднай літаратуры Канстанцін Паўлавіч Баразна, якога Р.Барадулін называе сваім першым літаратурным настаўнікам. Ён наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха "Першыя крокі". Там упершыню зявіліся вершы старшакласніка Р.Барадуліна, аднаго з першых паэтаў Ушацкай школы. У выпускным класе Рыгор разам з аднакласнікам Алесем Лобкісам надрукавалі ў абласной газеце "Віцебскі рабочы" допіс аб свяце песні ва Ушачах. Абодвух юнакоў ужо вабіла журналістыка. Па газеце "Звязда" Р.Барадулін пазнаёміўся з умовамі прыёму ў БДУ ў Мінску. Матуля праводзіла са словамі: "Паспрабуй, сынок, можа, і паступіш, каб пасля не крыўдзіўся". Было гэта ў 1954 годзе.

У Мінску многае было ўпершыню: упершыню ехаў у трамваі, упершыню апынуўся ў асяроддзі маладых, захопленых роднай мовай і літаратурай хлопцаў і дзяўчат, пасяліўся ў студэнцкім інтэрнаце. У адзін час з ім вучыліся цікавыя, адметныя маладыя людзі, будучыя пісьменнікі, "філалагічнае пакаленне": М.Стральцоў, Я.Сіпакоў, Г.Бураўкін, В.Зуёнак, Ю.Свірка, Е.Лось… Пасябраваў на ўсё жыццё з У.Караткевічам. Літабяднанне пры газеце "Чырвоная змена" было асяродкам, дзе творча раслі і сталелі пачаткоўцы. У 1953-1954 і наступных гадах вершы маладога паэта друкаваліся у шматтыражцы БДУ "За сталінскія кадры", у газеце "Чырвоная змена" пад псеўданімам Алесь Чабор.

На фарміраванне светапогляду, літаратурных густаў і грамадзянскіх перакананняў Р.Барадуліна паўплывала шчырае сяброўства і творчыя пошукі "філалагічнага пакалення". Ён, як і многія студэнты-камсамольцы, тры гады працаваў на цаліне. Маладыя рамантыкі сутыкнуліся там з цяжкасцямі, неўладкаваным бытам, але ўсведамленне патрэбнасці і вялікага сэнсу сваёй працы па асваенні стэпу дадавала сілы і працоўнага натхнення. Гэтымі думкамі і пачуццямі былі прасякнуты "цалінныя" вершы. Нізка вершаў "На зямлі цаліннай" была адзначана ў 1957 годзе сярэбраным медалём VІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Яна склала асноўны змест першага зборніка паэзіі "Маладзік над стэпам", што быў выдадзены ў 1959 годзе. Яшчэ студэнтам Р.Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1959 годзе скончыў універсітэт і застаўся жыць у Мінску. Спачатку працаваў літкансультантам аддзела культуры ў рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия". Пазней у рэдакцыях часопісаў "Бярозка", "Беларусь", "Полымя". Гэта праца была звязана з камандзіроўкамі на прадпрыемствы, у гаспадаркі. Даводзілася многа бываць у іншых рэспубліках былога СССР, сустракацца з цікавымі людзьмі, калегамі па літаратурнай творчасці. Знаёмствы і гутаркі выліваліся ў нарысы, замалёўкі, вершы, якія рэгулярна зяўляліся ў перыядычным друку. Сапраўдным падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна "Нагбом" (1963), "Неруш" (1966), "Лінія перамены дат" (1969), "Вяртанне ў першы снег" (1972), "Свята пчалы" (1975), "Вечалле" (1980), "Амплітуда смеласці" (1983), "Маўчанне перуна" (1986), "Парастак радка, галінка верша" (1987), "Самота паломніцтва" (1990), "Міласэрнасць плахі" (1992), "Аратай, які пасвіць аблокі" (1995), "Евангелле ад мамы" (1996).

Многія вершы Р.Барадуліна пакладзены на музыку і сталі песнямі. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў розных народаў свету. Рыгор Барадулін - актыўны грамадскі дзеяч. У розныя гады пабываў у многіх краінах свету. Прымаў удзел у рабоце 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, абіраўся ў прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1992 годзе яму было прысуджана ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Яго актыўная рознабаковая пісьменніцкая і грамадская праца адзначана ордэнамі Дружбы народаў, "Знак Пашаны", медалём Францыска Скарыны і іншымі ўзнагародамі. [19].

2. Тэматыка і праблематыка творчасці

Р.Барадулін увайшоў у мастацкую літаратуру ў пасляваенны час. На творчасці паэта выразна адбілася свежая і горкая памяць аб дзяцінстве, абпаленым вайной, аб гераізме, моцы і вытрымцы змагароў, барацьбітоў за Радзіму.

Жахі блакады і пасля вайны не пакідаюць, не адступаюць ад паэта. Таму зварот да вайны - гэта не даніна часу, а ўнутраная неабходнасць, вымушанасць. Ён не мог па-іншаму, бо вайна адклала моцны адбітак на біяграфіі паэта. "Што ты хочаш яшчэ, Блакада?" - пытаецца паэт [1, с.86]. Ён просіць яе не прыходзіць у сны: "Хоць у сны мае не прыходзь, // Я прашу цябе! // Чуеш, Блакада?" [1, с.87]. У "Блакадзе" мы чытаем пра пошукі забітага бацькі, пра ўдоў, якім прыходзілася цяжка працаваць, аповед пра былога партызана, які памірае ў бальніцы, непрыдуманую замову старой. Гэта рэквіем абпаленаму вайной дзяцінству і ўсім ахвярам вайны, праклён гэтай жорсткай, страшнай вайне: "У складчыну горкую пюць удовы: // Пеўні галовы // Кладуць на калодкі, // Вясну забралі блакада, балоты" [1, с.81]. "У бальніцы раённай партызан памірае", [1, с.84] - і можа, не ад адных толькі ран - ад пакутнай памяці вайны, ад неўладкаванага побыту, ад няздольнасці пераключыцца на новыя ўражанні, перайсці на "мірныя рэйкі".

У вершы "Партызанская маці" аўтар горача спачувае тым матулям, якія праводзілі сваіх дарагіх сыноў на вайну, а ніводнага не сустрэлі. Як не расце трава пад карчом, так і маці - "захавальніца дрэва жыцця" [2, с.255] становіцца дрэвам. Міжволі, чытаючы радкі з такім сэнсам, вельмі балюча ўспрымаць гора такіх матуль, колькасць якіх вельмі шматлікая. Калі загінуў на Беларусі кожны чацвёрты, значыць, гэтая колькасць толькі для Беларусі вызначаецца ў мільёнах.

У вершы "Нагбом" паказана прага да жыцця, чаму сведчаннем зяўляецца поўнае вядро вады. "Нагбом з поўнага пе партызан са смакам - // Толькі ходзіць кадык" [2, с.54]. Але ён не змог дажыць да вясны, калі адступіў крыгаход. Жыццё прыпынілася. Хлопец не сустрэў перамогу над немцамі, не здзейснілася жаданне мірна жыць пасля перамогі. Між радкоў твора мы яскрава чытаем удзячнасць будучых пакаленняў змагарам за перамогу. У вершы прысутнічаюць дзве ключавыя постаці, два героі. Першы герой не паспеў пражыць жыццё, з другім - лірычным героем - мы аддаём даніну памяці.

У вершы "Партызанскі ўрок" Рыгор Барадулін прыгадвае той урок, які даваў яму бацька, вяртаючыся дадому з атрада. "Адзінка - // Бачыш гэты палец, якім я цісну на курок", "А" - слуп з падпорай, на каторым павешаны быў паліцай" [3, с.338]. Для партызанаў гэта быў самы першы ўрок. Сапраўдную навуку мог атрымаць далёка не кожны. Умовы вучобы ў школах у перыяд вайны былі вельмі цяжкія. Мільёны савецкіх дзяцей на часова акупіраваных тэрыторыях зусім не вучыліся. Некаторыя працягвалі вучобу і ў час вайны, праўда, у вельмі цяжкіх умовах голаду, холаду, адсутнасці школьных рэчаў. Але найсвяцейшае іх прызначэнне было дапамагаць дарослым у барацьбе з ворагам. Яны, знаходзячыся ў тыле, станавіліся партызанамі і падпольшчыкамі, усялякім чынам, як умелі, змагаліся з ворагам.

У вершы "Мяне жагнала галадуха" лірычны герой прыгадвае ваенны і пасляваенны час, калі ён пакутаваў ад голаду. Ён жыў духоўным жыццём, святым духам, таму што хлебным духам прыходзілася дыхаць зрэдку. У гэты цяжкі перыяд жыцця ён спасціг ісціну, што падаць духам ні ў якім разе нельга. "З асноўных ісцін // Саматугам // Адну спасціг: "Не падаць духам!" [3, 378].

Паэма "Матчына хата" пра цяжкія пасляваенныя гады. Паэма адносіцца да вершаў Барадуліна на гэтую ж тэматыку. Гісторыя адбудовы роднай хаты, расказаная паэтам, нягледзячы на скурпулёзную падрабязнасць бытапісу, гучыць досыць сімвалічна. Гэта пачатак таго шырокага пасляваеннага будаўнічага Адраджэння, за якое ўзяліся нашы людзі, прыйшоўшы на пагарэлішчы - з надзеяй адбудаваць правамоцную, годную сваёй гістарычнай барацьбе Айчыну. "Маці сталярыла і цяслярыла // Без гэбля, без ватэрпаса. // Сякера была адна, // Як доля ўдавіная, чэзлая" [1, с.14].

Кожны з твораў пра вайну - гэта яшчэ адна старонка ў паэтычным летапісе гераізму народа ў Вялікай Айчыннай. Рыгор Барадулін асуджае войны і напамінае аб неабходнасці паўсядзённай барацьбы за забарону ядзернай зброі.

Адным з вядучых у творчасці Р.Барадуліна з'яўляецца вобраз маці. Для паэта маці - увасабленне дабра і справядлівасці, спагады і жалю, чалавечай шчодрасці і самаахвярнасці. Творы, прысвечаныя гэтай тэме, асвечаныя дабравесцем, благаславеннем, бо маці - пачатак жыцця, ідэал працавітасці, сумлення і дабрыні, зберагальніца маральных каштоўнасцяў, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў. З радкоў твора паўстае вобраз маці паэта Куліны Андрэеўны. Свой жыццёвы вопыт, багаты прыродны дар і незвычайную чуласць да слова яна перадала ў спадчыну сыну. "Не ведаючы тэорыі вольных вершаў, // Не чуўшы нічога // Пра факт існавання авангардызму, // Мама лісты мне пісала верлібрам" [4, с.114]. Звычайная вясковая жанчына, якую не песціў лёс: не дачакалася з вайны мужа, адна гадавала сына, перажыла пасляваенныя цяжкасці. Вобраз маці - вечны арыенцір для паэта. Паэт не проста апавядае пра маці, ён абагаўляе яе: "А мама багіняй была" [5, с.271].

У вершы "Матулі нашы сведчаць неўміруча" аўтар падкрэслівае, што краса мамы непадуладная гадам. І гэтай незвычайнай красе матуль моляцца сыны са спазненнем.

У вершы "Мама" лірычны герой пастарэў без яе і адчувае сябе адзінокім. Параўновае сябе з вокам у ілбе і жадае закаціцца ў века, бо ў гэтай адзіноце хмарыць любая крыўда і слепіць любая парушынка.

У вершы "Нам застаецца ад матуль" аўтар заўважае, што нам у спадчыну ад матуль застаецца іх шчырасць і ласка. Нашы матулі жадаюць задобрыць лёс сваім дзецям, але гэтага, па словах аўтара, ім зрабіць не ўдасца. І ўсе тыя крыўды, якія мы часам і незнарок ім чынілі, да нас вяртаюцца. Верш вучыць нас, чытачоў, разуменню матчынай дыбрыні і шчырасці, бласлаўлення лёсу сыноў і дачок. І канечне ж, не чыніць крыўды матулям - самым дарагім людзям на свеце.

У вершы "Мама" аўтар апісвае маму, якая пажыла, як пабыла ў гасцях. Пасядзела з прыхаду, не было ён ні спагады, ні парады. Жыла па той прыказцы: добраму чалавечку добра і ў запечку, а якой благаце блага і на куце. За свой век шмат працавала-шчыравала, "папераносіла азёры вёдрамі" [2, с.222]. Мала чула добрых слоў, а словы злыя беглі ўслед. Не было каму дапамагчы. Верш заканчваецца такімі радкамі: "Закацілася ў журбе балючай знічкай // Мама, сцежка да цябе не зарасце бруснічкай" [2, с.222]. У творчасці, прысвечанай маме, аўтар стварае лірычнага героя, які вельмі любіць сваю матулю, паважае яе і шануе. Ды і адносіны аўтара да мамы паказаны самыя пяшчотныя. Вобраз маці паўстае такім зямным, рэальным і, разам з тым, самым святым і узнёслым.

Вобраз маці ў творчасці Барадуліна паступова перарастае ў адзіны суладны вобраз маці-Радзімы. Тэма Беларусі балючая для яго. Бацькаўшчына - гэта не толькі тое, што мы маем на сённяшні дзень. А не ў меншай ступені і тое, што страцілі праз скрываўленую беларускую гісторыю На старонках яго кніг Беларусь паўстае на розных гістарычных скрыжаваннях. "Грунвальд - крывіцкай крыві голас, што змогі не мае" [6, с.228], "Васпаватая ад асколкаў і куль, на свет Сафійка глядзіць вачыма цнатлівымі" [7, с.84], "Майданакі, Трасцянцы, Хатыні - Крыжы пакуты Дарог крыжавых" [1, с.90]

У вершы "Спадчына" аўтар называе Беларусь берагам белых буслоў. Паўстае гэтая краіна ў выглядзе жывога чалавека, таму што ў паэме акцэнтуецца ўвага на васільках яе воч. Беларусь спазнала цяжкі лёс, ды ніколі не плакала. "Святлела ад святла, // Ад ворага не бегала, // Ты Белаю была, // Але не плямай белаю" [7, с.24]. Беларусь любой парой была надзейнаю сястрой, сяброўкай. Аўтар ёй і надалей жадае цвісці пяцікутнаю зоркай, зыча таксама, каб шчодрылася яе сяўба адборнымі зярнятамі. У творы пастаўлена пытанне: колькі год Беларусі? І тут жа даецца адказ: "Колькі дочкам, сынам, // Колькі радасці, скрусе, // Колькі снам, курганам, // Колькі зорцы дасвецця, // Што ўзышла для вякоў, // Колькі шумнаму веццю // Баравых бальшакоў. // Колькі крэўнаму слову, // Што вяшчуе святло, // Небу, што крутаброва // Маладзік узняло" [7, с.26]. Аўтар звяртаецца да кожнага з нас займеннікам "ты" і нагадвае, што "Ты спрадвечны Радзімай". Але тут жа дадае: "І Радзіма табой" [7, с.26]. Апраўдана Радзіма называецца Адзінай. Прычым гэты прыметнік напісаны з вялікай літары, што падкрэслівае незвычайна паважлівае стаўленне да Радзімы.

У вершы "Памяць босых ног" аўтар сцвярджае, што ў босых ног ёсць памяць, якая не забываецца на сцяжынкі, па якіх хадзіла, на лугі, дзе расла атава, на трыпутнік, які можа загаіць рану. Аўтар спадзяецца, што памяць босых ног нідзе не страціцца і не прывядзе да чужога парога: "Хай памяць босых ног // Не страціцца нідзе // І на чужы парог // Цябе не завядзе [7, с.27].

У вершы "Трэба дома бываць часцей" акцэнтуецца ўвага на родным доме. А пад родным домам маецца на ўвазе малая радзіма, дзе кожнаму трэба часта бываць, не забывацца на яе і клапаціцца пра яе. А калі лёс распарадзіўся так, што чалавек апынуўся па-за межамі Радзімы, то захоўваць яе ў сваёй памяці і наведваць абавязкова, каб "душою не ачарсцвець, // Каб не страціць святое штосьці" [8, с.19]. Тая сцежка, якая выводзіла з дому ў вялікую дарогу, даражэйшая за ўсе. Памятаць пра сямю, якая весела збіраецца за вялікім сталом, і пра суседа…Трэба дзякаваць лёсу, што паспелі пачуць блаславенне самага святога чалавека ў жыцці - маці. Трэба дома бываць родным чалавекам, а не чужым госцем, які ўжо даўно забыўся на родную хату і лад у ёй. Толькі светламу і добраму вучыць нас гэты верш.

У вершы "Маленне за Беларусь" аўтар моліцца за сваю краіну, просіць Бога, каб ён паслаў ласку, злітаваўся. Гэтае маленне сведчыць пра неабсяжную і неабдымную любоў паэта да роднай краіны. Барадулін просіць, каб Бог не даў знікнуць Беларусі, каб вярнуў людзей з выгнання. Хай пануе ў людзей любоў адно да аднаго, і боскай святасцю поўняцца нашы хаты: "Божа, на ўсіх раздарожжах // Нас ад напасцяў варожых // Твой зберажэ напамін. // Амін"

Зямля бацькоў дала Барадуліну права быць чалавекам на зямлі. Ён зрабіў усё тое, што дае права лічыць сябе беларусам: "З рэк піў, // Еў хлеб без асцюкоў, // He даланіў меч, // Лашчыў рала" [1, с.222]. Паэт любіць зямлю, і прычым любіць нязмушана. Яна дзіўная: дала і забрала ў яго бацькоў, але і, нягледзячы на гэта, ён любіць яе: "Зямлю бацькоў // Я так люблю, // Што ненавідзець // Маю права!" [4, с.84] На маю думку, у гэтых мастацкіх радках спляліся прыёмы антытэзы і аксюмарана - спалучэння неспалучальнага. Злучана неспалучальнае: пры моцнай любові магу ненавідзець. Такі прыём яшчэ з большай моцай падкрэлівае любоў паэта да роднай Беларусі.

Віцебшчына ў творах паэта - старажытная і легендарная, адкрытая і гераічная. "Прыцягненне Віцебскай зямлі // Мы адчуем пад зямлёй сырою".

"З суседзямі падзелішся скарынкаю, // Адно не ўмееш - з торбаю прасіць. // Як ластаўка, з падстрэшша рук Скарынавых // Тваё крыляла слова па Русі"

Тэма роднай мовы і яе лёсу, бадай, самая хвалюючая на працягу ўсёй творчасці Барадуліна. Мова - найсвяцейшы духоўны скарб, які мы маем у жыцці. І гэта разумеў сапраўдны беларус Рыгор Барадулін.

Верш "Неруш" - адзін з многіх вершаў Барадуліна аб непаўторнай прыгажосці і невычэрпным багацці нашай мовы. Паэт называе родную мову нерушам, таму што яна светлая, чыстая, некранутая, незаплямленая, святая. Лірычны герой і паэт разам вельмі любяць родную мову. Ад роднага слова "на небе світае", "яснее ў вачах" [2, с.101]. На прыкладзе лірычнага героя паказана, што кожны з нас павінен бараніць родную мову, заблытваць шлях ад наслання, не даваць яе зневажаць і крыўдзіць, не дазваляць, каб яна пакутавала, бо яна ЖЫВАЯ: "Ад абразы, ад позірку злога, // Шлях заблытаўшы ад наслання // Неруш ранішні - матчына слова // Мне, як бору, цябе засланяць" [2, с.101].

У вершы "Мова" сцвярджаецца, што мова-маці лірычнага героя ніколі не аджыве. Ён да яе адчувае неверагодную роднасць і еднасць з ёй: "Што мне, як імя ўласнае, блізкая і знаёмая, // Што па жылах маіх цячэ і сонным Сажом і Нёманам" [4, с.42]. Аўтар ведае, што калі нават мова яго замаўчыць і на яе ўсе забудуцца, то спатрэбіцца вывучыць яе нанова, каб даведацца пра гістарычнае мінулае краіны, пра яе гераічны лёс. Лірычны герой верыць, што "мова мая ўліецца ў агульны людскі акіян - // Пацячэ ў ім, стрыманая, // Цёплым Гальфстрымам. // І будзе мне сэрца грэць // Кожным ашчаджаным словам, // Бо, як жыта, спрадвечная // Беларуская мова!" [4, с.43] У гэтым вершы лірычнага героя можна поўнасцю атаясамліваць з аўтарам, бо Рыгор Барадулін таксама чалавек вельмі улюбёны ў родную мову.

У паэзіі Барадуліна шырока прадстаўлена тэма кахання. Глыбокая павага і замілаванне дзяўчынай, стварэнне яе таямнічага, недасягальнага вобразу нараджаюць у душы паэта моцнае каханне.

У гэтым рэчышчы ён нават паспрабаваў стварыць акраверш на імя Ала: "Аленю здзіўлення аб скалы адчаю разбіцца ў запале. // Ледзь Вашая ўсмешка ўзыдзе - ухвал загрыміць абвал. // Але, асмялеўшы ад страху, выводжу світальнае Але" [10, с.213]. Атрымаўся цудоўны акраверш на імя жанчыны.

У "Рамансе" лірычны герой Барадуліна чакае сваю каханую "з вясны да сівізны". Вясна паўстае ў творы маладосцю. Параўноўвае сябе з вечным вязнем, які чакае раніцу. Лірычны герой настолькі па-трапяткому адносіцца да сваёй абранніцы, што яна нават бачыцца яму ў снах. Моцнае каханне прасочваецца праз кожны радок раманса. Герой яе гукае, але "голас мой змаўкаў // Перад красой, нябачанай вякамі" [11, с.84]. Яна была настолькі прыгожая, што перад яе гожасцю нават змаўкаў голас. Толькі паэт, якія адчуў сапраўднае каханне, можа стварыць такога прачулага лірычнага героя, шчыра закаханага ў сваю музу. Нават не проста каханую, а музу, таму што толькі той, якая так моцна можа натхніць на каханне, магчыма прысвяціць такія радкі: "Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі, // I ў кожнай маладой неразгаданай. // Вы, ўзнёслая, былі і не былі, // Плылі ракой, разводдзем разгайданай" [11, с.84]. І лірычны герой нават і зімой - у сталым узросце - жыве чаканнем і надзеяй прыемнай сустрэчы з ёю: "Я жыў чаканнем і цяпер жыву // Надзеяй, што сустрэну хоць зімою. // Хілю заснежаную галаву // I дзякую за веснавую мрою" [11, с.84]...

У вершы "Вы зблыталі мяне са мной" жанчына або дзяўчына абрала лірычнага героя ў якасці таго, каго яна раней кахала. "I нагадаў я сам сабе // Таго, каго Вы не кахалі" [12, с.31]. Журба ўвасоблена ў жывы вобраз, таму што герой ёй нагадвае пра ашуканне: "Я Вашай нагадаў журбе, // Што хвалі човен ашукалі" [12, с.31]. Але ў вершы грэецца надзея пра тое, што дзяўчына і яе абраннік пазнаёмяць кожны са сваёй журбой: "У кожнага свая журба. // Мы іх і пазнаёмім, можа" [12, с.31]. У вершы адзначаецца, што свет прымае ўсіх з варожасцю, але калі абраннік і дзяўчына (так назавём таямнічую незаёмку) падзеляцца адно з адным сваёй журбой, гэта дасць надзею на тое, што яны, магчыма, паяднаюць свае лёсы, пакахаюць адно аднаго і будуць жыць ва ўнісон з гармоніяй і гэтым прыемным пачуццём кахання. Лірычны герой да сваёй каханай дзяўчыны адносіцца з вялікай павагай. Гэта можна сцвярджаць, зыходзячы з розных акалічнасцей. Ён сваю абранніцу называе на Вы "Вы мне жыццём і забыццём былі", "Што незабытна помніць толькі Вас", "Успомніце хоць раз свайго няпершага, // Якому першай засталіся Вы" [12, с.26]. Ён ужывае ў сваёй творчасці такія радкі, якія сведчаць пра неаспрэчную паслухмянасць і падпарадкаванасць дзяўчыне: "Княгіня хараства, я верны Ваш халоп"// Капрызаў Вашых неадступны лёкай" [12, с.10]. Лірычны герой параўноўвае сябе з вязнем, які без каханай знаходзіцца ў зняволенні і залежнасці ад яе: "Чакаю Вас, пакуль адчай не згас, // Чакае вязень так свайго прысуду, // Каб волю ўбачыць хоць апошні раз", "Я Вас чакаў з вясны да сівізны, // Як вечны вязень раніцу чакае" [12, с.15]. І гэтая непахісная пакорнасць, павага да дзяўчыны, яе абагаўленне чуецца паўсюль: у кожным мастацкім тропе, якімі гарманічна насычаны вершы. Параўнанні, метафары, эпітэты - вось тое духоўнае і самае вялікае багацце, якім надзяліў паэт каханую дзяўчыну, святую, некранутую, цнатлівую, нябесную, да якой імкнецца і парываецца душа. Лірычны герой і аўтар, мяркую, у адной асобе нават не ведаюць, ці ёсць гэты незямны вобраз на свеце. Таму паўстае пытанне: ці да рэальнага вобраза дзяўчыны ідзе зварот у вершах: "Я выдумаў цябе, ці ёсць // Ты сапраўды на гэтым свеце, // Як ёсць адчай, як ёсць мілосць, // Як ёсць спякота ў кожным леце" [12, с.24]. Заўважаем, як тонка падабраны параўнанні. Адчай, мілосць, спякота - тонкія адчуванні, абстрактныя, якія таксама не маюць канкрэтных абрысаў у рэальным свеце, але ўсё-ткі існуюць.

У вершы "Прашу спагады Вашае рукі" лірычны герой уяўляе вяселле ў прыродзе: "Вяселле мы згуляем баравое. // Заручаць нас у небе жаўрукі //срэбны ложак нам засцелюць хвоі" [1, с.414]. Прырода узвышае, паэтызуе, узмацняе каханне, надае яму натуральнасць, непадробнасць, шчырасць. Аднак "Прашу пакорна Вашае рукі" [1, с.414] гучыць напоўніцу рэальна. Зямное жыццё з узвышанасцю вельмі гарманіруюць у творы і арганічна спалучаюцца.

Скразной зяўляецца ў творчасці Барадуліна гумарыстычная тэматыка. Ён аўтар больш за паўдзесятка гумарыстычных кніжак. Паэма "Смаргонская акадэмія" - бадай, адзіная ў нашай паэзіі спроба сатырычнай паэмы на фальклорна-гістарычнай аснове. У паэме тое-сёё тычыцца мядзведзяў, між іншым, як і людзей. Энцыклапедычная даведка: "Смаргонская акадэмія" - жартоўная народная назва промыслаў лавіць і дрэсіраваць мядзведзяў, заснаваная князем Радзівілам ў 17 стагоддзі ў Смаргоні (Гродзенская вобл.).

А пачалося дзеянне быццам з таго, што мядзведзям "быць дрымучымі, быццам бы дрымучы бор, - знадакучыла" [13, с.228]. Як на тое, і "акадэмія" адкрылася якраз. "Мядзведзям у людзей // Ёсць чаму вучыцца!" [13, с.228] І бедным мядзведзям даводзіцца праходзіць школу чалавечай навукі, пераймаць чалавечыя звычкі ды норавы, - вядома, горшае ў іх, бо горшаму навучыцца часам і выгадней, і прасцей: "Шчэр усмешкай ляпу - // І тае навукі! // Лапы ўжо Не лапы, // Нейкім чынам - Рукі. // Імі капялюш трымай, // Як мацней пляскай, // Што даюць - Прымай, // Пазірай з ласкай!" [13, с.226] Тут, канешне, шмат прастору для сатыры і гумару, і паэт напоўніцу і бліскуча карыстаецца сваімі, створанымі ім жа самім магчымасцямі.

У сатырычным вершы "Амплітуда смеласці" выкрываецца баязлівасць, амплітуда адвагі, якая можа вагацца да нуля. Амплітуда смеласці можа зніжацца перад шэфам. Не рае аўтар і хадзіць па бітым шкле, а рае адхіляцца па амплітудзе смеласці. Гэтая амплітуда і прыпыняе смелыя, "дзёрзкія" думкі. Аўтар вучыць ў фінале верша: "Хочаш скразнякоў, святла, // Пахвала прыелася, - // Вытры ўсю шкалу // Датла // Набярыся смеласці" [9, с.163]. Трэба быць смелым і адважным, бо гэта менавіта тыя якасці, якія вядуць ды маральна непахіснага жыцця, узаемапавагі, вытрымкі. У гумарыстычным плане, сатырычым, амплітуда смеласці, г.зн. яе ваганне, узнікае толькі ў баязлівых, няўпэўненых людзей. З гэтых людзей і смяецца аўтар.

У сатырычным вершы "Крыху спазніўся" выкрываюцца бацькі, якія не цікавяцца школьнымі справамі сваіх дзяцей. Дачка вельмі старалася вучыцца, шчыравала, а бацька раз за працяглы час наважыўся наведаць бацькоўскі сход. На сходзе пра ўсіх дзяцей расказалі, толькі пра сваю дачушку бацька нічога не пачуў. Ён запытаў у класнага кіраўніка: "Як вучыцца дачка мая, // Старанная такая?" Адказ быў сапраўды вясёлы: "Якраз памылка адбылася. // Прыйшлі Вы ў пяты клас, // А ў Вас // Дачка ўжо ў восьмым класе" [13, с.68]. Аўтар смяецца з тых бацькоў, якія не зважаюць на поспехі і на школьнае жыццё сваіх дзяцей, а думаюць, што гэта дзецям даецца лёгка і ўсё прыходзіць само па сабе. Трэба, каб бацькі з самага пачатку школьнага жыцця цікавіліся справамі дзяцей, наведвалі бацькоўскія сходы, вырашалі бягучыя праблемы, якія, безумоўна, маюць месца ў жыцці кожнага чалавека. Верш мае сатарычную назву, якая перадае ўсю сутнасць твора - "Крыху спазніўся". Толькі пад прыслоўем крыху маецца на ўвазе тры гады, на якія бацька памыліўся, прыйшоўшы на сход. Безумоўна, у гэтым вершы прысутнічае перабольшванне. Але і ў рэчаіснасці таты часта не ведаюць, у якім класе вучацца іх дзеці, і маюць цяжкасці пры вызначэнні ўзросту дзіцяці. Такой абыякавасці, канечне, быць не павінна.

Рыгор Барадулін прысвячаў сваю творчасць розным напрамкам: і бесчалавечнасці вайны, і роднай матулі, і роднай Беларусі, і Віцебшчыне, і мове, і каханню, і гумару з сатырай. Вышэй пералічаныя тэмы вядучыя ў творчасці паэта, творы на гэтую тэматыку найбольш часта сустракаюцца ў паэзіі. Але гэта не значыць, што ў аўтара не прысутнічаюць творы на іншыя тэмы. Паэтычная творчасць Рыгора Барадуліна разнастайная. Беручы ў рукі новы зборнік, мы кожны раз здзіўляемся, наколькі багаты кругагляд у паэта, наколькі тонкае адчуванне да ўсіх праяў жыцця. Самі назвы зборнікаў хаваюць у сабе таямнічасць і неардынарнасць: "Неруш", "Рум", "Свята пчалы", "Амплітуда смеласці", "Белая яблыня грому".

3. Мастацкая вобразнасць

Мастацкая мова Рыгора Барадуліна багатая на вобразныя сродкі. Амаль кожны верш насычаны тропамі. Свабодна валоданне і выкарыстанне мастацкасці ў мове надае творам паэта лёгкасць, шчырасць, прыгажосць і натуральнасць ва ўспрыманні.

Эпітэты (упарта-лабаты грыб, шустрая рэчка, палахлівая ўсмешка, заспаная раніца, заспаныя лугавіны, стагоддзі сівыя, цёплая ласка, дзень малады, песня босая, сонны Сож і Нёман, вочы цнатлівыя, Дзвіна разамлелая, трывожны шлях, заспаныя грымоты, самлелая баразна, вясновыя вочы, чыстыя вочы, агнявы глыток, узважлівая яснасць дзёрзкай мары, вусаты жівень, чырванацыбы лісток, буйныя вятры, вясёлы ліст, трывожны ўспамін, тугія галіны, дужы пах, вясёлы горад, босы лёс, малады пачатак мая, пакорлівая сціпласць, жыццёвыя хвалі, змоўклы кут, святое галлё, галодныя вуголлі, рухавы туман, нячыстыя думкі, бяссонная яма, хітрая кпіна, зайздросныя вочы, незагойная магіла, сірочы пыл, пакрыўджаная аблачына, ласкавыя рысы, галодная зямля, запылены гнеў, ціхая доля).

Адухаўленні (маланка спрабуе арэхі, лучына ела вочы маці, імшарамі верасень крочыць, паравоз цяжка дыхае, поўня круціць круглай галавой; расу лугоў песня да сонца нясе, лашчыць цёплай ласкай хваля, вятры ходзяць і сон будзяць, лета з восенню разыходзяцца, ішла песня, цішыня за ўсім насцярожана сочыць, ноч па зямлі ступала, рэха не спала, Сафійка не разумее, слова крыляла, злавіла Свіцязь юнакоў спакой, імя выплыве, лагчынка ледзь папярхнулася расой, прыйшла пад хату грушка дзікая, грымоты прачнуліся, шчырэў дождж, ліпень нагінаецца крыніцу выпіць, спіць залева, ішло дасвецце, зглыдаў агонь, прачнулася світанне, разгубілася слова, зоркі ў вуллі загулі, халаднавата сэрцу, прыходзіць туга, вада напоіць рызыку і одум, не сціскае пашчу яма, думкі не ходзяць пешкі, лыжка драмаць не павінна, руплівасць не слухаецца, даганяе галеча, галечы не спіцца ўночы).

Увасабленні (кветкі мне ўслед пазіраюць з усмешкаю, вайна глядзела навокал позіркам немым, вятрыска рабіны рукамі здаровымі гойдаў, верасень не мог нас даклікацца ў клас, перуны чытаюць, маланкі пішуць, лілею млявы плёс люляе, пялёстак кліча ў блакіт лілею, вырай стрэліць, сланечнік галаву цяжкую праз частакол прасунуў, дзень пераступіў парог, ноч паліла кастры, не спіць зямля - у ёй вулканы дрэмлюць, па вясне расціскаюць лісты свае кулачкі маладыя, Сафійка цягне ў неба рукі, Сафійка глядзіць вачыма, калыску маладзік да поўначы на вострых рожках калыхаў, рукой прытрымлівае верасень, тайфун вятры ў мяхах вязе, навальніцы плакалі, пакінулі пакой цішыня і спакой, каменны рогат, гаворка чароту, душа споўніць свой абавязак, дарога смяецца, луг памяне пакошу, дух моліцца, небу плакаць - вачэй не выплакаць, цэп прысягае ўмалоту, галеча прайшла ўсе навукі).

Параўнанні (як палахлівым дзіцём устрывожаным хмель каля вольхі абвіўся вакол; як у бары, бы маленькія вожыкі, шышкі хваёвыя ўсыпалі дол; а маці, як яблыня, белая з гора; цвітуць успаміны верасам; асіны, як бежанцы, як пагарэльцы; стагоддзі, як туманы; возера аж да дна, нібы цвіком, прыбіта; вожык, быццам купінка з сухой ігліцы; быстрай ластаўкай, як стралой, у мяне сонны вырай стрэліць; нада мною крылы белым дахам; іскры блякнуць патухлымі зоркамі; барана, як вожык, абчаплялася лісцем; па ім, як ганчак па следу, дарогу дадому знайду; на Беларусі пчолы, як гусі; згару я на вейцы тваёй расінкай; ралля ляжыць нядоенай каровай; вядро рыбінай цяжкай вырываецца з рук; сонца, як перагрэтая медзь; пю з неба, як з поўнага кубка; мне ясным сонцам лёс наканаваны; не знікну так, як цень, як гук пусты; абрус, як кляновы ліст з пажылкамі складак; кожны гук азяблай сінічкай цінькае; мова пацячэ цёплым Гальфстрымам; як жыта, спрадвечная беларуская мова; сосны зазвіняць купалаўскімі радкамі; жылі суседзямі лясы; грушына стаіць бабылкай на мяжы; яліна стаіць, нібы званіца; мне, як бору, цябе засланяць; час, як канакрад; надзея, як якар душы; нясіце, як сваю, чужую ношу; зляціць маркота зязюляй шэрай, хай рунню рупнасць умаладзее, зоркі, як пчолы)

Метафары (не ачарсцвець душою, старонкі кнігі стагоддзяў, у крыніцах завару хмель, спеюць навальніцы, бусел у чырвоных ботах, скроні серабрацца, смех сонца, снег аблачынак пю з неба, лёхі нематы, бор галавы, мелодыя слоў, вецер хмеліць галаву, белая хустка маладых снягоў, рэха стагоддзяў, халадок стрыманасці, рулоны грамоў, рулоны вясёлак, промні зазвіняць, далонь планеты, маладзічок пляча нырае ў сон, грыміць рогат, вачэй ільны, прорва няверя, зацьменне свядомасці, бераг спагады, бераг душы, пакіпець у бядзе, азёры ніяк не развесці вінамі, душа да пакуты прыкута, цямніца душы, збожжа разуму, мяжа туману, мяжа світання, мяжа дабра, мяжа трываласці, таямніца вечара, таямніца рання, глыбіня душы, камень злосці).

Паўторы (уверсе высока-высока шумяць векавыя хвоі; а пахне зімой-вясною зялёны-зялёны мох; Вятры! Я вас заклінаю, прашу як братоў, слухайце ўсе, слухайце ўсе!; засумавалы, белы, белы ляціць удалеч матылёк; а вятры карагодам вакол ходзяць-ходзяць; спатнелае лета, расхрыстанае лета, трывожнага дыхання трывожны сухавей, трывожныя ў тумане пагляды ласкавей; нахмураныя хмары; свет хавае святло).

Яскравымі нечаканымі тропамі насычаны тэкст амаль кожнага верша. Большую колькасць тропаў паэт скарыстоўваў у ранні перыяд сваёй творчасці Ён параўноўваў яловыя шышкі з натапыранымі вожыкамі, кроплі вады на вядры, выцягнутым са студні, - з рыбінай луской, разапрэлыя і разамлелыя пары ў рэстаране (калі зімой глядзець у памяшканне з вуліцы) з "распаранымі сасіскамі", пра твары ж міліцыянераў, абветраныя, і чырвоныя, пісаў, што яны "семафораць". У пазнейшы перыяд метафары, параўнанні, эпітэты і іншыя мастацкія сродкі не захоўваюць такой экзатычнасці, набываюць прыкметы язычніцтва, міфалогіі.

Творчасць паэта ўспрымаецца цікава і па-сапраўднаму неардынарна дзякуючы мастацкім тропам, якія ужыты паэтам вельмі арганічна і натуральна, нязмушана. Калі чытаеш яго вершы, міжволі апынаешся быццам у іншасвеце, расквечаным незвычайнасцю жыцця.

4. Уклад Р.Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі

Рыгор Барадулін пісаў выдатную літаратуру для дзяцей. Дзякуючы народнаму гумару ён набывае сваю адметную індывідуальнасць у дзіцячай паэзіі. Разумна спалучаў свой жыццёвы вопыт з дзіцячай непасрэднасцю, нестандартным вобразным мысленнем. У Барадуліна відавочны талент дзіцячага паэта. У яго вельмі ўдала наладжваўся кантакт з маленькімі чытачамі дзякуючы яго незвычайнай чуйнасці да жыватворных крыніц роднага слова.

Народнапаэтычныя традыцыі адлюстраваны ў аўтарскіх калыханках, забаўлянках, лічылках, дражнілках, хуткамоўках, загадках, казках-пераказках, небыліцах-перакрутках, жартоўных і гумарыстычных вершах. Многія жанры дзіцячага фальклору (лічылкі, хуткамоўкі, казкі-пераказкі) набылі ў барадулінскай інтэрпрэтацыі новае гучанне і адметнасць. Ці ж не калыханкі - першакрыніцы нашай душы?

У калыханках Р.Барадулін скарыстаў і любімага персанажа гэтага жанру - ката. Як вядома, кот па сваёй прыхільнасці да хатняга жыцця-быцця самы блізкі і жаданы госць, да таго ж рытмічнае мурлыканне ката-варката супакойвае і закалыхвае дзіця. Менавіта кот, лічыцца, здольны прыносіць дзецям салодкі сон. Дарэчы, кот Мірон - пастаянны персанаж у шматлікіх барадулінскіх творах для дзяцей. Натуральным падаецца і тое, што вобраз ката найчасцей гарманізуе са старажытнымі міфічнымі вобразамі Варкоты, Сну, Дрымоты як адухоўленымі істотамі (зморанымі спадарожнікамі яны блукаюць па хатах, шукаючы прытулку) альбо проста з казачна-міфалагічнымі матывамі сну-дрымоты ("Спі, засні, // Мой кот Мірон, // Хай табе прысніцца сон") [14, с.6].

З тонкім псіхалагічным майстэрствам піша Барадулін для дзетак-малалетак забаўлянкі ("Козытка", "Хто перагаворыць Бая?" і інш.). Тут арганічна спалучаны жанры забаўлянкі і хуткамоўкі з элементамі гульні. Параўнаем з народнай "Ішоў Бай па сцяне...": - ставіцца адкрытае пытанне ў зачыне і ў канцоўцы аўтарскага твора, які мае пэўную кальцавую пабудову (у народнай жа - паўтор першага і апошняга сказу-аповеду). Дзіцяці неабходна пастаяннае самасцвярджэнне ў свеце. Непахіснае пачуццё справядлівасці, сілу закона выпрацоўваюць у дзяцей лічылкі як спецыфічны жанр дзіцячага гульнявога фальклору. Эмацыянальныя, гарэзлівыя лічылкі Р.Барадуліна, у адрозненне ад фальклорных, перш за ўсё сюжэтныя. Маленькі Цімошак губляе ў лазовым кошыку кошак ("Колькі кошак у кашы?") [14, с.184], дасціпны заяц думае "Ноч і дзень, // Як уласны // Зважыць цень" ("Колькі важыць зайцаў цень?")

Прычым часта кожны паэтычны радок - гэта новая прыгода.

Зараз прааналізуем некаторыя вершы паэта.

У вершы "Як заяц стаў даўгавухі" чытач даведваецца, чаму зайка стаў даўгавухім. Аднойчы, калі зайка спраўляў імяніны, да яго прыйшоў у госці мядзведзь і пачаў цягаць зайку за вушы. Зайку стаў і свет нямілы пасля такога шчырага віншавання. З таго часу ўся заечая радня не спраўляе імянін. Чытачу, а тым больш маленькаму, вельмі добра запомніцца такі цікавы сюжэт, бо дзеці часта задаюцца цікавымі пытаннямі, і ў тым ліку, чаму ў зайца доўгія вушы. Прачытаўшы гэты верш, маленькі чытач спасцігне свет неспазнанага.

А вось чытаем яшчэ адзін цікавы вершык пад назвай "Рыжае полымя". Рыжае полымя - такое сугучча слоў ужываецца, як перыфраза: так аўтар называе вавёрку. "Полымя кіпцюрастае // З дрэва на дрэва шастае.// Фыркае, // Цокае, // Лётае" [14, с.62]. Прачытаўшы першыя радкі, дарослы чытач не заўсёды здагадаецца, а тым больш маленькі, пра каго будзе далей вясціся размова ў вершы. І міжволі працягваеш чытаць. І вось нарэшце чытач прыходзіць да высновы: "Полымя клічуць // Вавёркаю" [14, с.62]. Пазнаёміўшыся з гэтым маленькім, але змястоўным вершам дапытлівыя дзеткі даведаюцца, як паводзіць сябе цікавая жывёла - вавёрка.

У гумарыстычным вершы "Буду ўрачом" лірычнай гераіняй зяўляецца дзяўчынка, якая вырвала грабянцу ўсе зубы, і зараз яна на поўным сурёзе заўважае, што з яе вырасце ўрачыха. Верш, на маю думку, карысны не толькі сваім гумарыстычным складам, але і тым, шо дзеці падсвядома знаёмяцца з мнагазначнымі словамі, магчыма, нават не ведаючы і не задумваючыся раней пра існаванне такіх цікавых слоў, у дадзеным выпадку, слова "зубы". Так, зубы бываюць у чалавека, якія лечыць доктар, і ў грабеньчыку, якія з лёгкасцю змагла "павырываць" дзяўчынка: "Вырасце з мяне ўрачыха, // Бо сягоння пакрысе // Грабянцу // Я ціха-ціха // Зубы вырвала ўсе" [14, с.100].

У вершы "Ай! Не буду! Не хачу!" распавядаецца пра дзяўчынку Лану, якая на ўсе просьбы адказвае трыма словамі - Ай! Не буду! Не хачу! Не хоча Лана ні ўставаць, ні мыць посуд, ні ў садку палюляць ляльку, ні палюляць вярблюда. Вынік відавочны: ніхто з такой дзяўчынкай сябраваць не будзе. І таму яе не прынялі ў садок: "Хай капрызныя сястрычкі // Кепскія забудуць звычкі // I тады ідуць у сад, // А пакуль - вядзі назад!" [14, с.133]. Верш вельмі павучальны. Дзеці, чытаючы яго, разумеюць, што такія тры сястрычкі адмоўна ўплываюць на Лану, таму мець гэткіх сястрычак вельмі дрэнна. І калі ў каго з маленькіх чытачоў ёсць такія адмоўныя маральныя якасці, ён вучыцца, што ад іх трэба пазбаўляцца, таму што ў іншым выпадку з табой ніхто не будзе сябраваць.

Чытаю сучасны верш паэта пра сусветнае павуцінне. Сусветны павук распаўсюджваецца па ўсім зямным шары, абвівае яго. Ён робіць зручным наша жыццё: "Ні пяра не трэба, ні паперы // Сябру ліст прыслаць. Нячутна ў дзверы" [15]. Напрыканцы верша аўтар дае параду дзецям, ды, я думаю, гэта парада падыдзе не толькі дзецям: "Слухай інтэрнэт, чытай, пішы - // Але і сам мазгамі варушы! " [15] Інтэрнэт - рэч, канечне, добрая, калі ёю карыстацца ў меру. Усё дае дрэнныя вынікі, калі становіцца бязмерным: і агонь, і вада, … і інтэрнэт таксама. Не трэба ні ў якім разе ад яго быць залежным. І бацькі, прачытаўшы гэты верш, будуць уважлівей ставіцца да сваіх дзяцей, наглядаць за "наведваннем" сваімі любімцамі сусветнага павуціння.

Рыгор Барадулін тонка адчувае, якая тэматыка вершаў блізкая для дзяцей, адчувае псіхалогію дзіцяці і таму ведае, якія сюжэты будуць найбольш цікавыя для дзіцячай аўдыторыі. Таму яму вельмі ўдаецца ствараць дзіцячыя творы.

5. Матывы ў творчасці

5.1 Элементы паганскай міфалогіі

Абагаўленне прыроды, пакланенне яе таямнічым неспасцігальным сілам - адметная рыса беларускага народа. "Хрышчоным паганцам" паказаў сябе ў паэзіі Рыгор Барадулін. Яго творчасць у шматлікіх адносінах можна назваць паганскай, бо яна бярэ аснову ў міфалогіі. Менавіта ў натуральным адзінстве з прыродай аўтар бачыць самавітасць унутранага вобразу беларуса. Паэтава паганства пераважна бярэ выток ва Ушацкай спрадвечнай прыродзе. І вялікая барадулінская беражлівасць да роднага народнага слова ідзе ад паганскага пакланення маці-прыродзе. Паэт прызнае і нясе ў свет неабходнасць берагчы матуліна слова.

Агонь - важны вобраз язычніцтва. З сівых часін маці была ашчаджальніцай агню, які абаграваў і карміў праз вякі. Паэт нездарма называе сваю маці "вогнепаклонніцай", "вернападдадзенай святла" [7, с.7]. Яна з павагай ставілася да агню: падкармлівала яго толькі выбарнымі кавалкамі дроў. "Ёй полымя пальцы лізала з ласкаю" [7, с.7]. Маланку і Перуна маці запрашала да сябе. І гэтае ж полымя - толькі лірычны герой называе полымем болю - маму да сябе і забрала. І маці-вогнепаклонніца пакінула лірычнаму герою, які атаясамліваецца з Барадуліным, на зямлі цяпло. І зараз яму, безумоўна, лягчэй жыць на гэтым свеце.

Здзіўляе шчырасцю "Ушацкае паданне", дзе таксама сэнсаўтваральны матыў агню. "Яны сядзелі каля агню, // Кармілі галодны агонь ламаччам". Сын торкнуў галаўню ў матчыны вочы. "Агонь ні на што не зважаў, балюючы, // Ды стала светла аслеплай начы // Ад крыку матчынага балючага // - Сыночак, рукі не апячы! "Шчымлівасці агонь // Бярог надзей сляды".

Вобраз маці мае свае вытокі ў міфалогіі і фальклоры, дзе маці - сімвал жыцця і вечнасці. Маці-Зямля-Радзіма, Маці-Жанчына-Дрэва, Маці-Кроў-Вада, Маці-Агонь. У міфалогіі надзвычай жыццяздольнай ідэяй выглядае функцыя жанчыны і зямлі: адна і другая родзіць. Менавіта адсюль - Зямля-маці, Радзіма-маці. Культ вялікай багіні Маці-Зямлі - прародзіцы ўсяго жывога - адзін з самых старажытных і моцных культаў нашых продкаў, бо з яе яны выйшлі, яна іх карміла, у яе яны вярталіся. Маці і зямля характарызуюцца адзінасцю. Барадулін праз сваю творчасць падкрэслівае, што маці адна і незаменная...

Абагаўленне дрэў - зява вельмі старажытная. Лес з незабыўных часоў лічыўся пасрэднікам паміж небам і зямлёй. У лясах і гаях язычнікі хавалі мёртвых, таму што гэтыя месцы нагадвалі ім пра "блажэнныя" райскія сады, куды павінны ўзнесціся пасля смерці душы памерлых. А матыў дрэва скрозь паўтараецца ў творчасці паэта. Так, прыкмячаем: "Уверсе высока-высока // Шумяць векавыя хвоі" [4, с.14], "Як па-над ярам пад ветравым подыхам // Вольха сухая рыпіць і рыпіць" [4, с.15], "Не выйшаў ты і ў гэты раз // Мяне сустрэць, паднесці рэчы // Ля весніц толькі зноў твой вяз // Крануў галінамі за плечы" [4, с.18], "Пахне баравінаю сасна, // Пяная асіна - лісцем прэлым"

Дрэвы, што раслі ля крыніц, рэчак, азёраў, карысталіся асаблівай пашанай, бо тут можна было далучыцца да жывой вады, якая біла з зямлі. Нездарма ў Рыгора Барадуліна сустракаем "дрэва ракі": "Дрэва ракі задрыжала // ад вяршаліны да камля" [4, с.50]. А вось верш, прысвечаны Янку Купалу, але ў ім распавядаецца пра купальскую ноч, старажытна-язычніцкае свята Купалле. Абрады з травой, агнём і вадой праводзяцца менавіта ў самую кароткую Купальскую ноч. Дзень летняга сонцастаяння - галоўнае свята славян, час найвышэйшага развіцця жыццёвых сіл прыроды: "У галавах маіх светлых сноў // Стаялі // Купалле, // Купалка // Купала. // Маці мяне купала, // Спявала пра ноч на Івана Купалу"

Лірычны герой прыгадвае, як у гэтую ноч палілі кастры. Іскра ад вогнішча трапіла ў душу. Купалле яму запомнілася.

Бажаство світання, сонца і нябеснага агню ўвасаблялася ў нашых продкаў у вобразе пеўня. Певень у старажылаў часта быў ахвярай Перуновага вогнішча, але спеў пеўня, па іх сцверджанні, - да смутку, да смерці. Таму, відаць, небеспадстаўна ў барадулінскай паэзіі міфалагічны вобраз пеўня набыў статус прарочай птушкі: "Певень першы раз прапяяў, // ...Ты свайго Каліноўскага выдаў. // І другі раз голас падаў певень // ... Не ўбярог ты свайго Купалу. // Пракрычаў певень трэці раз, // ... Ты адрокся ад мовы, народзе"

У паэта паганскае светаадчуванне. Надзвычай багата выкарыстоўваў у сваёй творчасці імёны багоў (асабліва ў паэме, дзе бяседуюць багі, "Аблачына-самабранка"). У Р.Барадуліна ёсць тонкае адчуванне язычніцкага суладдзя з маці-прыродай. Бясспрэчна, у яго багі знаходзяцца ў вялікай пашане. Лірычны герой паэта не пакланяецца магічнай сіле, а адчувае і па-мацярынску адносіцца да прыроды і ўсяго жывога. Менавіта народны розум і мудрыя адносіны да прыроды праяўляюцца ў вершаваных радках: "Я запаведнік зрабіў бы, // Дзе б жылі вясковыя сны, // Вадзянікі і чэрці, // Русалкі і лесуны. // Нашчадкі некалі вярнуцца // З самых далёкіх шляхоў, // Чыстыя ад пылу зямнога // І ад зямных грахоў, - // Ім будзе незразумела, // Што такое зялёная цішыня, // Адкуль была ў сэрцы прапрадзедаў // Наіўная дабрыня?". Паэзія Барадуліна-прыродапаклонніка язычніцкая: у ёй паганскае пакланенне жыватворнаму дрэву, вадзе, агню. І паганскае светадчуванне Барадуліна зусім невыпадковае, таму што ідзе ад першароднага ўспрыняцця беларускага духу. У яго паэзіі духоўная спадчына продкаў асэнсоўваецца праз паняцці роду - народу - Радзімы. Бясспрэчна, звяртанне да першаверы ў Рыгора Барадуліна зяўляецца найперш натхняючай крыніцай, якая дорыць аўтару незвычайную вобразнасць. Р.Барадулін мае адзінства са светам, адухоўленым паганскім жыццялюбствам.

5.2 Біблейска-хрысціянскія матывы

Зварот Барадуліна да біблейскай тэматыкі заканамерны. Нядаўняя кніга паэзіі Р.Барадуліна так і называецца - "Евангелле ад Мамы" (1995). Малітва, адзначым, успрымаецца паэтам як самае святое для душы. Змешчаны ў "Евангеллі ад Мамы" "Трыкірый" - магічнае біблейскае трыадзінства, у якім спрадвечнасць, жыццё: "Трыкірый - // Тры свечкі святла // Айца й Сына й Духа Святога. // Тры полымі вера звяла // У полымя сэрца Бога [5,с.64].

Адметна, што ўсе вершы "Трыкірыя" складаюцца ні больш і ні менш як з дванаццаці радкоў. Магчыма, у паплечнікі аўтар бярэ дванаццаць апосталаў.

Трэба сказаць, у барадулінскай творчасці напачатку хрысціянскае лучыцца з паняццямі хатняга ("Трэба дома бываць часцей,.. // Каб не страціць святое штосьці" [8, с.19]), хлеба ("Нарэшце пачэснае месца // зямным і надзённым богам // займае жытнёвы бохан") [4, с.42], маці ("біблію сэрца матулінага берагу" [8, с.189]). Бог і маці ў паэта надзелены адзінай святасцю: "На ты лепей з Богам і з маці" [8, с.329]. Маці паэт абагаўляе, і праз яе вобраз увасоблена найвялікшая любоў і замілаванне боскай сутнасцю мацярынства: "Спавядаюся прачыстай Маме" [5, с.196]. Моцная, неразрушальная любоў да маці праходзіць праз увесь верш. Нават займеннік "Яна" напісаны з вялікай літары як сведчанне найвялікшай пашаны да матулі: "Прычашчаюся з Яе рукі"

Неверагодная метафара "Я царкву сваю ў душы нашу // З алтаром святла, званіцай болю" [5, с.196] заварожвае сваёй незвычайасцю, святасцю. Светлыя думкі і душэўныя перажыванні лірычнага героя, які атаясамліваецца з аўтарам, жывуць у яго душы, утвараюць прыгаданы алтар і званіцу. Лірычнаму герою мяркуецца: "Што нашу царкву, // Думаю, Ўсявышні мне даруе"

І сапраўды, насіць сваю царкву ў душы - гэта не толькі моцная метафара, але і высокамаральная жыццёвая філасофія.

Паэт пераконвае нас, што "ўсё адбылося з праху, і вернецца ў прах усё". Нязменным застаецца толькі тое, што стварае Бог. Аўтар робіць выснову: "Усе адбылося з праху. Дык значыць - нятленны прах" [5, с.12]. Гэтымі словамі ён чалавечую душу падрыхтоўвае да вечнага жыцця. Бібілія нас таксама гэтаму вучыць.

"У незнаёмай мове моліцца дух, // Але застаецца розум халодным" [5, с.35]); душа: "I ў вырай будзе зноў душа прасіцца" [5, с.7]; "Вока жмурыцца. // Душа піцуе" [5, с.278]; "І душа падасца да анёлаў" [5, с.277]; "Толькі сэрцу й даверыцца можа душа" [5, с.23]; "А спакуса не спіць, і грузнее душа ад грахоў" [5, с.24]; "I шукае душа ад падступнай будзённасці схоў" [5, с.24]; вечнасць: "Толькі вечнасць нямая, // Ды не таму, што няма" [5, с.216]; "Вечнасць душу, // Як ад свечкі агарак, // Возьме тваю, // Каб спачатку ляпіць" [5, с.216]; "Алмазнасць зерня дарагім // Каратам // Не ацаніць на вечнасць дабрыні"

"Іначце самі дні свае,// Якія подыхам адзіным // На памяць вечнасць раздае" [5, с.288]; святы: Святы Гасподзь, // Душой не пакрыві // І не падумай пра яе грахоўна" [5, с.196]; "Што вучыла мяне ксціцца й пакланяцца святой Нядзельцы" [5, с.201]; "Як самаўпэўнена я хлусіў // Сэрцу твайму святому"

"Хай руны вада прачытае - // На тое ж яна і святая!" [5, с.209];

"І сонейка - чырвонае яечка - // Знясе святая раніца ў аблокі" [5, с.215]; "Свет зрабіў, // Як святы наіў" [5, с.221]).

Крыж - увасабленне абсалютнай Божай Любові. Вобраз крыжа - значны па сэнсе вобраз. ("Крыжы, як цені продкаў" [5, с.49]); "Прымае хрышчэнне вада - // Паганка ад першай крыніцы, // З-пад цёмнага лёду жуда // І ценю ад крыжа баіцца." [5, с.209]; "Пазначыў рупны рух іголкі // Хмурыну кужалю ў крыжы, // Каб блаславілі шлях анёлкі // Аж да апошняе мяжы." [5, с.269]). Паэт звяртаецца да Бога: моліцца за шматпакутную Беларусь: "Пакуль жыву, // Датуль малюся Беларусі // І да сваіх з малітвай гэтай адыду. // З сабою Беларусь насіў па белым свеце, // Дзе толькі я ступаў, // Там і яна была. // Нашчадак крывічоў, // Я меў адно на мэце - // Як кужаль, адбяліць і слова дабяла". Вобраз Суднага дня нярэдка сустракаецца ў беларускай сучаснай паэзіі. Паводле Біібліі, уваскрашэнне памерлых адбудзецца пасля Страшнага Суда падчас другога прыходу Хрыста. Барадулін перажывае за лёс Беларусі і асэнсоўвае яго ў вобразе дарогі - Плечнага Шляху: "Ёсць Млечны Шлях. // І - Плечны Шлях: // І шлях той гнулі // Адчай сляпы, відушчы страх, // І ўсемагутная хвароба" [6, с.198].

Паэт гаворыць мастацкімі радкамі чытачам, што малітва павінна гучаць на роднай мове, бо "Халаднавата сэрцу ў мове чужой, // Нібыта ў неасвечаным храме" [5, с.35]. Малітва гучыць па-сапраўднаму толькі на матчынай мове, гэтая малітва можа разварушыць, расчуліць любога: "Малітва на матчынай мове адна // Госпаду, зорам і ніцым лозам - // Усім зразумела будзе да дна, //

I ўсцешыць, і разварушыць розум". Гэтыя радкі - сведчанне вялікай і моцнай любові і пашаны да роднай сэрцу мовы, за якую і на якой трэба маліцца

І наогул, аўтар узвышае малітву над усім зямным: "Узляціць малітва высока. // Абначуе спагада ў храме. // Боль зямны знікне ў помірг вока, // Плач нябесны ўпадзе дажджамі" [5, с.18].

Відавочна, што ў творчасці паэта яскрава бачна звяртанне да Бога, асэнсаванне біблейскіх высноў.

.3 Фальклорныя матывы ў творчасці

Прыкладам глыбокага пранікнення ў фальклор служыць цэлы цыкл "Матчыных песень", поўных мудрасці і святла, радасці і горычы, любові і суровай праўды. Матчыны песні акрылілі паэта, далучылі да народнай мудрасці, уткалі у яго паэзію народна-песенную аснову. "Матчына песня, // Ты ў полі гарбела… // Але спачувала, што ў перапёлкі ножкі баляць" [2, с.197]. Сапраўды, па творах Р.Барадуліна сёння можна вывучаць фальклор.

Так, у песні "Удава - бяроза без верху..." назва, дадзеная па першых радках, сімвалічная, таму што ў народнай песні заламванне бярозкі жанчынай - знак развітання з роднай хатай. Бацька Барадуліна не вярнуўся з вайны, родная хата гітлераўцамі была спалена, таму песня для маці паэта аўтабіяграфічная. "Удава - бяроза без верху // Адной бедаваць // Да веку. Удавіная - // Доля савіная [2, с.185].

У матчынай песні "Верабеечкі чы-чы, чы-чы..." паказаны канфлікт нявесткі і свекрыві. Такі канфлікт мае вялікае распаўсюджванне ў народнай творчасці, бо спрадвеку гэтая праблема была актуальнай. У песні ўжываецца шмат прыёмаў, характэрных для фальклору. Побач стаяць аднолькавыя па структуры галоўныя часткі сказаў: "На моры бяліць палатно // На лесе сушаць, // Каб было ладно. // На небе качаць - да зары канчаць, // У арэшак складаць, як пачне халадаць" [2, с.186]. Паўторы: "я ж не качачка плысці па моры", "я ж не сонейка хадзіць небам сінім", "я ж не вавёрачка - арэшкаў не маю". Звароткі "Зашумі, дубровачка, як шумела ў маі", "Не лютуй, не злуй, свёкар-сівер" узмацняюць эмацыянальнасць песеннага апавядання. "Голас галасуе" - цікавая таўталогія, якая моцна акцэнтуе ўвагу на тым, што хацеў перадаць аўтар.

У паэзію Р.Барадуліна арганічна ўваходзяць разнастайныя жанравыя фальклорныя матывы песні, плачу, галашэння, прыпеўкі, замовы, праклёну, заклінання, легенды і падання, балады, прыказкі, прымаўкі, дзіцячага фальклору і, нарэшце, сатыры і гумару. У аснову многіх твораў Р.Барадуліна пакладзены паданні (ушацкае паданне пра самаахвярнасць маці ў вершы "Святло", паданне пра ўзнікненне Мінска над Свіслаччу - у "Каменнай баладзе"), легенды (вершы "Птушкамі колісь былі цыганы...", "Дуброўка" і інш.), казачныя матывы (вершы "Мяккія рукі", "Верасовачка" і інш.).

Для беларусаў характэрны гумар з кпінамі, паджартоўваннямі, смехам і асуджэннем усяго амаральнага і несправядлівага. Народны гумар, які паэт пачуў на роднай Ушаччыне, ім па-майстэрску апрацаваны. Сабраныя ўшацкія прыказкі, прыбабунькі, небыліцы ў нядаўняй кнізе "Здубавецьця" (1996) маюць аўтабіяграфічнасць, бо з самага пачатку знаёмства са словам было для Барадуліна ўшацкім гумарам."І не толькі словам да скаб // Праціналі. // Быў жарт, як вожык" [16, с.2].

Верш Барадуліна "На маёвай расе" сугучны па змесце з народнай песняй. Да народнага песеннага ладу гэты верш адносяць сталыя эпітэты (ночка позняя, маці грозная, маці злосная, сцежка росная, вада крынічная), прычым усе гэтыя эпітэты ўжыты пасля назоўнікаў, да якіх адносяцца, у выніку інверсіі, што таксама зяўляецца неадемнай прыкметай народнага, гутарковага; перамяшчэнне націску (туманЕ). Словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі (ночка, расіначкі, хаціначкі). Народня тэма: дзяўчына сустрэлася з хлопцам позняю ночкай, і яны ніяк не могуць расстацца. "А ўзыйшла зара. / Хутка раніца - / А юнак ніяк / Не расстанецца" [17, с.21].

Сярод гумарыстычных жанраў беларускай народнай творчасці адно з вядучых месцаў належыць прыпеўцы. Прыпеўка - першакрыніца народнай душы. У Барадулінскім цыкле прыпевак "Полька" са зборніка "Свята пчалы" прысутнічаюць элементы небыліцы (дождж ідзе - дарога суха, дзверы я зраблю з паперы, хоць забыла серп узяць - покатам снапы ляжаць), воклічныя звароты (Ой, Поленька, Поленька; не брашыце, зладзеі; ой ты, полька-тармасуха; ой, дзяўчына, чыя ты? [2, с.227]). Ужо з самага пачатку цыкла можна сказаць пра яго тэму. Відавочна, што мова пойдзе пра прыпеўкі, для якіх будзе ў хаце цесна: "Угінай, загул, масніцы, / Позні час прыпеўцы сніцца…"[2, с.227].

У твор уведзены назвы танцаў (полечка, шэйк, твіст). Народны матыў пытання да дзяўчыны, ці пойдзе яна гуляць: "Ой, дзяўчына, чыя ты // А ці пойдзеш гуляць ты?". І парада, агульнапрынятая ў народзе: "Не хадзі пацёмначы, // Пра бацькоў не помнячы" [2, с.227]. І народнае адступленне ад яе: "Добрыя ў бацькоў намеры, // Толькі й трэба супраць меры: // Дзверы я зраблю з паперы, // Каб хадзілі кавалеры" [2, с.227].

У мастацкім свеце Р.Барадуліна ключавымі выглядаюць вобразы бору і туману. Бор - найпершы паэтаў суразмоўца. У паэта ёсць верш, які так і называецца "Бор". У вершы аўтар надае бору рысы чалавека, словам, увасабляе яго. "Заняты думаю сваёй // Бор, уздыхаеш, засмучоны" [2, с.17], "Табе і радасць я нясу, // Спяшу і горам падзяліцца" [2, с.17]. Па гэтых словах можна меркаваць, што бор для лірычнага героя, які, думаю, атаясамліваецца з аўтарам, найлепшы дарадца і сябар, бо толькі з сапраўдным сябрам можна дзяліцца і горам, і радасцю". Дзе б ні быў лірычны герой, ён заўсёды адчувае бор, чуе яго голас: "І дзе б ні быў я, - чую, бор, // Твой бас, прыглушаны, знаёмы" [2, с.17]. Вобраз бору ў творчасці паэта сустракаецца вельмі часта. Напрыклад, "Мы зноў з табой удвух. // Цяпер мы болей бачым, - кажа паэт знаёмаму бору, - Дакорам не крану, // Падзякай не зазначу, // Што дошак на труну // Для маці даў, зямляча" [2, с.177]; "Неруш ранішні - матчына слова, // Мне, як бору цябе засланяць" [4, с.54]; "Толькі трэба спачатку // Пакланіцца бору з пашанай // Мяне засланяў ад ветру" [1, с.32]. Народны вобраз туману - увасабленне тугі і смутку, сівы старажыла : " У верасня свій асаблівы пах: // Курыць сівец - плыве дымок гаркавы. // І туманы - ляжалаю атавай" [4, с.20]; "Стагоддзяў сівых, як туманы" [4, с.31]; "Пахнуць туманы аернай рыбай" [4, с.32]; "Драч крычыць у густым тумане" [4, с.34]; "Туман над Дзвіной разамлелай" [4, с.44]; "Як туман на дасвецці, святлее кашуля" [4, с.52]; "Ішло дасвецце ў туманах" [4, с.56].

Такім чынам, у паэзіі Рыгора Барадуліна яскрава гучаць фальклорныя матывы.

Заключэнне

У 1992 годзе Рыгору Барадуліну было прысуджана ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Яго актыўная рознабаковая пісьменніцкая і грамадская праца адзначана ордэнамі Дружбы народаў, "Знак Пашаны", медалём Францыска Скарыны і іншымі ўзнагародамі. На фарміраванне светапогляду, літаратурных густаў і грамадзянскіх перакананняў Р.Барадуліна паўплывала шчырае сяброўства і творчыя пошукі "філалагічнага пакалення". Яшчэ студэнтам Р.Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1959 годзе скончыў універсітэт і застаўся жыць у Мінску. Спачатку працаваў літкансультантам аддзела культуры ў рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия". Пазней у рэдакцыях часопісаў "Бярозка", "Беларусь", "Полымя". Сапраўдным падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна "Нагбом"(1963), "Неруш"(1966), "Лінія перамены дат" (1969), "Вяртанне ў першы снег"(1972), "Свята пчалы"(1975), "Вечалле"(1980), "Амплітуда смеласці"(1983), "Маўчанне перуна"(1986), "Парастак радка, галінка верша" (1987), "Самота паломніцтва"(1990), "Міласэрнасць плахі"(1992), "Аратай, які пасвіць аблокі"(1995), "Евангелле ад мамы" (1996). Многія вершы Р.Барадуліна пакладзены на музыку і сталі песнямі. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў розных народаў свету. Рыгор Барадулін - актыўны грамадскі дзеяч. Абіраўся ў прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сатырычныя і гумарыстычныя творы сабраны ў кнігах "Дойны конь" (1965), "Станцыя кальцавання" (1971), "Прынамсі…" (1977), дзіцячыя - у зборніках "Мех шэрых, мех белых" (1963), "Красавік" (1965), "Экзамен" (1969), "Ай, не буду, не хачу" (1971) і іншыя. Пераклаў "Ветрык, вей!" Я. Райніса, паасобныя творы Дж. Байрана, С. Ясеніна, У. Бранеўскага, Э. Межалайціса. Рыгор Барадулін, зяўляючыся прадаўжальнікам сваіх вядомых папярэднікаў, светачаў нашага Адраджэння Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, М. Багдановіча, знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку, у пошуку новых адкрыццяў. Ён ідзе ў нагу са сваім часам, чуйна рэагуючы на ўсе праявы грамадскага жыцця. Творы яго, захоўваючы сакавітую і найлагоднейшую матчыну мову, вучаць высокай праўдзе, справядлівасці, дабру і чалавечнасці.

Ён прысвячаў сваю творчасць розным напрамкам: і бесчалавечнасці вайны, і роднай матулі, і роднай Беларусі, і Віцебшчыне, і мове, і каханню, і гумару з сатырай. Вышэй пералічаныя тэмы - вядучыя ў творчасці паэта, творы на гэтую тэматыку найбольш часта сустракаюцца ў яго творчасці, але гэта зусім не значыць, што дадзены круг тэм абмежаваны. Тэматыка паэта разнастайная і шматбаковая. Беручы ў рукі новы зборнік, мы кожны раз здзіўляемся, наколькі багаты кругагляд у паэта, наколькі тонкае адчуванне да ўсіх праяў жацця. Самі назвы зборнікаў хаваюць у сабе таямнічасць і неардынарнасць: "Неруш", "Рум", "Свята пчалы", "Амплітуда смеласці", "Белая яблыня грому".

Мастацкая мова Рыгора Барадуліна багатая на вобразныя сродкі. Амаль кожны верш насычаны тропамі. Свабоднае валоданне і выкарыстанне мастацкасці ў мове надае творам паэта лёгкасць, шчырасць, прыгажосць і натуральнасць ва ўспрыманні. Большую колькасць тропаў паэт скарыстоўваў у ранні перыяд сваёй творчасці. У пазнейшы перыяд метафары, параўнанні, эпітэты і іншыя мастацкія сродкі не захоўваюць такой экзатычнасці, набываюць прыкметы язычніцтва, міфалогіі. Прыкметы міфалогіі ідуць ад сувязі чалавека з прыродай, натуральным, першародным светам, яго гармоніяй, непадробнасцю і ўпарадкаванасцю. Пры дапамозе сваіх цікавых вобразаў пісьменнік надзяляе і мастацтва, і чытача верай у казкі, цуды, легенды, міфы, паданні.

Рыгор Барадулін пісаў выдатную літаратуру для дзяцей. Дзякуючы народнаму гумару ён набывае сваю адметную індывідуальнасць у дзіцячай паэзіі. Разумна спалучаў свой жыццёвы вопыт з дзіцячай непасрэднасцю, нестандартнае вобразнае мысленне. У Барадуліна відавочны талент дзіцячага паэта. У паэта вельмі ўдала наладжваецца кантакт з маленькімі чытачамі, дзякуючы яго незвычайнай чуйнасці да жыватворных крыніц роднага слова.

"Адушаўленне", "абагаўленне" прыроды, пакланенне яе таямнічым неспасцігальным сілам - адметная рыса беларускага народа. "Хрышчоным паганцам" паказаў сябе ў паэзіі Рыгор Барадулін. Агонь - важны вобраз язычніцтва. З сівых часін маці была ашчаджальніцай агню, які абаграваў і карміў праз вякі. Паэт нездарма называе сваю маці "вогнепаклонніцай", "вернападдадзенай святла". Яна з павагай ставілася да агню: падкармлівала яго толькі выбарнымі кавалкамі дроў. Вобраз маці мае свае вытокі ў міфалогіі і фальклоры, дзе маці - сімвал жыцця і вечнасці. Маці-Зямля-Радзіма, Маці-Жанчына-Дрэва, Маці-Кроў-Вада, Маці-Агонь. Абагаўленне дрэў - зява вельмі старажытная. А матыў дрэва скрозь паўтараецца ў творчасці паэта. Бажаство світання, сонца і нябеснага агню ўвасаблялася ў нашых продкаў у вобразе пеўня. Таму, відаць, небеспадстаўна ў барадулінскай паэзіі міфалагічны вобраз пеўня набыў статус прарочай птушкі. Паэзія Барадуліна-прыродапаклонніка язычніцкая. Ён ужывае ў сваёй творчасці агульнапрынятыя вобразы паганства. Гэтыя вобразы характарызуюцца вялікай частотасцю ўжывання.

Зварот Барадуліна да біблейскай тэматыкі заканамерны. Нядаўняя кніга паэзіі Р.Барадуліна так і называецца - "Евангелле ад Мамы" (1995). Малітва, адзначым, успрымаецца паэтам як самае святое для душы. Змешчаны ў "Евангеллі ад Мамы" "Трыкірый" - магічнае біблейскае трыадзінства, у якім спрадвечнасць, жыццё. У барадулінскай творчасці напачатку хрысціянскае лучыцца з паняццямі хатняга, хлеба, маці. Паэт пераконвае нас, што нязменным застаецца толькі тое, што стварае Бог. Крыж - увасабленне абсалютнай Божай Любові. Вобраз крыжа - значны па сэнсе вобраз. Паэт звяртаецца да Бога: моліцца за шматпакутную Беларусь: Р.Барадулін гаворыць мастацкімі радкамі чытачам, што малітва павінна гучаць на роднай мове. І наогул, аўтар узвышае малітву над усім зямным. Відавочна, што ў творчасці паэта яскрава бачна звяртанне да Бога, асэнсаванне біблейскіх высноў. Мяркую: у кожнага народнага паэта павінна асвятляцца гэтая тэма, бо кожны паэт пакутуе пра лёс краіны і сваіх суайчыннікаў.

Прыкладам глыбокага пранікнення ў фальклор служыць цэлы цыкл "Матчыных песень", поўных мудрасці і святла, радасці і горычы, любові і суровай праўды. Матчыны песні акрылілі паэта, далучылі да народнай мудрасці, уткалі у яго паэзію народна-песенную аснову. У паэзію Р.Барадуліна арганічна ўваходзяць разнастайныя жанравыя фальклорныя матывы песні, плачу, галашэння, прыпеўкі, замовы, праклёну, заклінання, легенды і падання, балады, прыказкі, прымаўкі, дзіцячага фальклору і, нарэшце, сатыры і гумару.

У аснову многіх твораў Р.Барадуліна пакладзены паданні, легенды, казачныя матывы. У барадулінскай фальклорнай паэзіі гучаць дзіцячыя лічылкі і загадкі. Для беларусаў характэрны гумар з кпінамі, паджартоўваннямі, смехам і асуджэннем усяго амаральнага і несправядлівага. Народны гумар, які паэт пачуў на роднай Ушаччыне, ім па-майстэрску апрацаваны. Сабраныя ўшацкія прыказкі, прыбабунькі, небыліцы ў нядаўняй кнізе "Здубавецьця" (1996) маюць аўтабіяграфічнасць. Бо ўсё з самага пачатку знаёмства са словам было для Барадуліна ўшацкім гумарам.

Сярод гумарыстычных жанраў беларускай народнай творчасці адно з вядучых месцаў належыць прыпеўцы. Прыпеўка - першакрыніца народнай душы. У мастацкім свеце Р.Барадуліна ключавымі выглядаюць вобразы бору і туману. Бор - найпершы паэтаў суразмоўца.

З самых сваіх першых вершаў Рыгор Барадулін выявіў незвычайную сілу над паэтычным словам, зайздросную здольнасць валодання паэтычным вобразам. У яго творчасці цяжка знайсці прыблізныя, прахадныя радкі, звычайна яны віртуозныя. З нейкай зачараванай лёгкасцю яму падлягаюць паэтычныя вобразы, нават самыя звыклыя з іх пад пяром паэта набываюць бляск і цнатлівасць.

Майстэрства, спружыністая сіла радка… Гэта, вядома, вельмі важна для творчасці народнага пісьменніка, і гэта ёсць у поўнай меры ў Барадуліна. Ёсць вынаходлівасць рыфмы, трапнасць метафары, умельства на патрэбнай ноце, на выразнай канцоўцы абарваць верш.

Рыгор Барадулін валодаў самабытным талентам, у любым узросце ён здольны прыкінуцца хлапчуком. У яго яркая, змястоўная, надта сумленная творчасць, якая, несумненна, адносіць яго да ліку выдатных паэтаў.

Толькі лепшым, па-сапраўднаму таленавітым паэтам, надзеленым, акрамя ўласна паэтычнага таленту, яшчэ і талентам жывога ўзаемадзеяння з папярэднімі літаратурнымі традыцыямі, уменнем у час прыпасці да гаючых фальклорных крыніц, каб вярнуць вобразам першароднасць, - толькі такім паэтам суджана вызначыць кірунак самой паэзіі і яе месца ў нашым жыцці.

Такі паэт - Рыгор Барадулін.

За больш чым паўстагоддзя шчырага слугавання айчыннай літаратуры (а значыць і самой Бацькаўшчыне) беларускі варажбіт упрыгожыў беларускую творчасць выдатнай лірыкай. Талент паэта такі зіхоткі, што яе нельга не прыкмеціць і на адлегласці, таму імя Рыгора Барадуліна ведаюць і далёка за межамі нашай Айчыны.

Нядаўна, другога сакавіка 2014 года, Рыгор Барадулін адышоў у іншасвет ва ўзросце 79 гадоў. І краіна, і народ смуткуюць: не стала паэта, але яго зорка на літаратурным небасціле будзе гарэць вечна.

Бібліяграфічны спіс

1 Барадулін Р. Збор твораў 3 / паэмы, вершы. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Маст. літ., 1999 - 444 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp-content/uploads/2013/12/zbor3

Барадулін Р. Выбраныя творы. У 5-ці т. Т. 1 Вершы / Прадм. В. Сёмухі. - Мн.: Маст. літ., 1996. - 479 с.

Барадулін Р. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1 Вершы / Прадм.М. Стральцова. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 415 с.

Барадулін Р. Слаўлю чысты абрус / Выбранае. [Электронны рэсурс].- Мн.: Беларусь, 1996. - 272 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp-content/uploads/.../slauliu-chysty-abrus1996

Барадулін Р. Евангелле ад мамы. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Мастацкая літ., 1995. - 296 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp-content/.../Evanhelle

Барадулін Р. Збор твораў 2 / вершы. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Маст.літ., 1998. - 340 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp-content/uploads/2013/12/zbor2

Барадулін Р. Вечалле: Кніга паэзіі. - Мн.: Маст. літ, 1980. - 336 с.

Барадулін Р. Трэба дома бываць часцей…: Выбр. старонкі лірыкі / Прадм. В. Быкава. - Мн.: Маст. літ., 1993. - 352 с.

Барадулін Р. Амплітуда смеласці: І лірыка, і гумар. - Мн.: Маст. літ., 1983. - 222 с.

Барадулін Р. Прынамсі / вясёлыя вершы, закаханы гумар, пародыі, эпіграмы. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Маст. літ., 1977 - 213 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp-content/.../prynamsiý

Барадулін Р. Босая зорка / паэзія. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Маст. літ.,2001 - 148 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp.../bosaja-zorka-2001

Барадулін Р Зорка спагады / рамансы. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Каўчэг, 2000 - 35 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/.../zorka-spahady-2000

Барадулін Р. Мудрэц са ступаю: Радкі ў гуморы і наравістая паэма. - Мн.: Маст. літ. 1988. - 271 с.

Барадулін Р. Ішоў Коця па канапе / вясёлыя вершы, загадкі і адгадкі, казкі-пераказкі. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Полымя, 1997. - 229 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/.../Ishou-kocia-pa-kanapie-1

Рыгор Барадулін выдаў кнігу дзіцячых вершаў / Польскае радыё для замежжа. [Электронны рэсурс]. - рэжым доступу: http: //www.nastaunik.info/ news/ 919 - 2009

Барадулін Р. Збудавецьце. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Паліфакт, 1996. - 117 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp.../zdubaveccia1996

Барадулін Р. Маладзік над стэпам / вершы. [Электронны рэсурс]. - Мн.: Дзярж. Выд. БССР. Рэд.маст.літ., Мінск, 1959 - 80 с. - рэжым доступу: www.baradulin.by/wp.../maladzik-1959

Барадулін Рыгор // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. - С.150-155

Похожие работы на - Паэтычнае майстэрства Рыгора Барадуліна

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!