Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы XX ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)

  • Вид работы:
    Дипломная (ВКР)
  • Предмет:
    Литература
  • Язык:
    Белоруский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    79,76 Кб
  • Опубликовано:
    2015-06-08
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы XX ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)

РЭФЕРАТ

Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы ХХ ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)

Ключавыя словы: жаночы вобраз, мастацкая рэпрэзентацыя, мастацкая проза, хрысціянскае светабачанне, тыпалогія вобразаў.

Мэта даследавання - вывучэнне мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай ў нацыянальнай прозе другой паловы ХХ ст.

Змест працы адлюстроўвае вырашэнне пастаўленых задач:

даследаваць агульнасацыяльныя і ўласна літаратурныя фактары, што ўплывалі на фарміраванне вобраза жанчыны ў другой палове ХХ ст.;

прасачыць этапы станаўлення і развіцця жаночага вобраза ў прозе класікаў нацыянальнай літаратуры - І. Мележа, В. Быкава, раскрыць значэнне іх творчай дзейнасці ў мастацкім выяўленні вобраза беларускай жанчыны;

акрэсліць спецыфіку мастацкай інтэрпрэтацыі жаночых вобразаў у творчай спадчыне І. Мележа, В. Быкава;

вылучыць сістэму каштоўнасцей, якую маніфестуюць жаночыя характары;

распрацаваць тыпалогію жаночых вобразаў паводле іх сацыяльна-родавай функцыі ў літаратурным празаічным тэксце.

У дыпломным даследаванні акрэсліваюцца вытокі фемінісцкіх ідэй у беларускай літаратуры, на аснове аналізу творчасці пісьменнікаў ваеннага і пасляваеннага пакалення разглядаецца інтэрпрэтацыя жаночага вобраза ў літаратуры другой паловы ХХ ст., даецца аналіз рэпрэзентацыі жаночай суб'ектыўнасці ў прозе класікаў нацыянальнай літаратуры (І. Мележа, В. Быкава), робіцца спроба тыпалагічнай класіфікацыі жаночых вобразаў.

Адзначаецца, што вызначальнымі ў выяўленні характару беларускай жанчыны адпаведнага перыяду сталі творы І. Мележа, В. Быкава. І. Мележу ўдалося выявіць народны тып беларускай жанчыны, узнавіць яго адпаведна нацыянальным уяўленням беларусаў, псіхалагічна праўдзіва раскрыць у разнастайных індывідуальных праяўленнях. Дзякуючы В. Быкаву ў гісторыю літаратуры ўвайшлі не толькі жанчына-каханая і жанчына-маці, але жанчына-чалавек, жанчына-асоба. Пісьменніку ўласціва тэндэнцыя да трансфармацыі феміннага вобраза ад пасіўнага вобраза-ахвяры да актыўнага вобраза-субекта (гераіні, змагаркі).

ЗМЕСТ

РЭФЕРАТ

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ

Глава І. Семантыка жаночых вобразаў у беларускай прозе 1940- - 1990-х гадоў

.1Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя

.2Жаночы характар у творчасці І. Мележа

1.2.1Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа

.2.2Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах Палескай хронікі І. Мележа

.3Маральны выбар: жанчына-гераіня і жанчына-ахвяра ў прозе В. Быкава

.3.1Вобраз жанчыны-гераіні ў прозе В. Быкава як носьбіткі лепшых нацыянальных духоўных якасцяў

.3.2Вобразы жанчын-ахвяр, жанчын-здрадніц у прозе В. Быкава як заложніц войнаў і таталітарных сістэм

ЗАКЛЮЧЭННЕ

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

УВОДЗІНЫ

Беларуская літаратура на працягу ХХ ст. перажыла істотныя змены. У гэты час, як адзначае А. Лойка ў артыкуле Перыядызацыя - гэта сурёзна, карэнным чынам мянялася сацыяльна-гістарычная база беларускай літаратуры - змянялася паэтапна, і ад гэтых змен узалежніваліся этапы развіцця самой літаратуры [44, с. 45]. За гады фарміравання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці наша прыгожае пісьменства здолела прайсці шляхамі развітых еўрапейскіх літаратур ад фалькларызаваных форм да рамана і ўзняцца на якасна новы ўзровень.

Як на пачатку, так і напрыканцы ХХ ст. беларускае грамадства перажывала перыяд разняволення пасля доўгага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску. Часы сацыяльна-эканамічных зрухаў робяцца часамі псіхалагічна-грамадскіх змен. Яны прадстаўляюць магчымасць выйсці на свет, людзьмі звацца не толькі занядбаным раней нацыянальным меншасцям, але і адсунутым на перыферыю ў сацыяльнай структуры жанчынам. Гэта спрыяе пашырэнню кола інтэрпрэтацый вобраза жанчыны ў т.зв. культурных тэкстах - творах розных відаў мастацтва.

На Беларусі фемінісцкія ідэі выспявалі пад уплывам агульнаеўрапейскіх жаночых рухаў. Асабліва актывізаваліся гэтыя працэсы ў 1900-я і 1990-я гг. Пасля польскіх шляхецкіх хваляванняў 1830 - 1831, 1846 - 1848 гг., рэвалюцыйных падзей 1848 г. у Чэхіі, Красавіцкага паўстання ў Балгарыі (1876), Цімокскага (1883) - у Сербіі, паўстання 1863 - 1864 гг., якое на Беларусі і Літве ўзначальваў Кастусь Каліноўскі, - змагарны дух запанаваў над Еўропай. Рэвалюцыйныя змены закранулі ўсе слаі грамадства - і такім чынам жанчыны таксама выйшлі на гістарычную арэну.

Прага разняволення чалавечай асобы выклікала да жыцця актыўны жаночы рух у Польшчы 40 - 50-х гг. ХІХ ст. (гурткі і саюзы т.зв. эмансіпатак, ці энтузіястак). Зараджэнне польскага фемінізму звязваюць з імёнамі фалькларысткі Ю. Вайкоўскай, пісьменніцы Н. Жміхоўскай, пазней - Э. Ажэшкі, М. Канапніцкай. У Чэхіі ў другой палове ХІХ ст. дзейнічаюць пісьменніцы-феміністкі Караліна Светлая, Э. Краснагорская, Т. Навакава. Гэтыя аўтаркі ўвялі ў славянскую літаратуру вобраз сацыяльна актыўнай, нацыянальна свядомай жанчыны - носьбіткі культурных традыцый.

Жаночы вобраз усё больш актыўна пачынае заяўляць пра сябе і ў творах усходнеславянскіх літаратур. Ва ўкраінскай яго распрацоўваюць аўтарка апавяданняў Тры долі, Адарка, Казачка, Сястра Марко Ваўчок, а таксама славутая Леся Украінка, В. Кабылянская, у рускай - папулярныя пісьменніцы М. Жукава (Дзве сястры), К. Тур (Маша). У беларускай прозе фемінны вобраз зяўляецца на пачатку ХХ ст. у творах З. Тшашчкоўскай, М. Косіч, Ванды Левай, Цёткі.

Напрыканцы ХХ ст. пасля распаду СССР, уваходжання некаторых краін сацыялістычнага лагера ў Еўрапейскі Саюз, зняцця таталітарнага цэнзу распачался другая хваля фемінісцкага руху і, натуральна, развіццё жаночай літаратуры. У постмадэрнісцкім кантэксце зяўляюцца творы славянскай жаночай прозы: А. Забужко - ва ўкраінскай літаратуры, В. Такарчук, М. Кунцэвіч - у польскай, Л. Петрушэўскай, Т. Талстой - у рускай. На Беларусі жаночая літаратура прадстаўлена творамі С. Алексіевіч, В. Іпатавай, В. Коўтун, Г. Багданавай і інш.

Дарэвалюцыйная проза прадстаўляла жанчыну найперш у розных іпастасях: гаротнай маці, добрай альбо дрэннай нявесткі і жонкі, сіраты, гараджанкі ці сялянкі-бяднячкі, каханай дзяўчыны. Як у жыцці, так і ў літаратуры жанчына адыгрывала пасіўную ролю, выступаючы перадусім як абект, а не як субект гісторыі. Вялікую ролю ў стварэнні гэтых жаночых вобразаў адыгралі празаікі-мужчыны: Ядвігін Ш., Якуб Колас, Змітрок Бядуля, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, і безумоўна, Цётка. Менавіта яна, А. Пашкевіч, і сваім асабістым лёсам, і сваімі апавяданнямі (Зялёнка, 1910 - 1912; Лішняя, 1912) выводзіць на беларускую літаратурную ніву сацыяльна-актыўных, удумлівых гераінь, здольных да рэфлексіі і філасофскіх абагульненняў.

Літаратура 1920 - 1930-х гг. пад уплывам грамадскіх змен стварыла абагульнены станоўчы вобраз савецкай - новай - жанчыны, які не зяўляецца лагічным працягам заяўленага раней каларытнага і адметнага вобраза беларускі ў літаратуры 1905 - першай паловы 1920-х гг., - слушна адзначыла І. Воюш [32, с. 153]. Гэта адбываецца з прычыны стандартызацыі жаночага вобраза ў савецкі перыяд і сацыялагізатарства ў крытэрыяльным падыходзе да яго. Спробы Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага і інш. пранікнуць у глыбіні жаночай псіхалогіі былі годна ацэнены, на жаль, толькі праз многія дзесяцігоддзі.

Нацыянальныя рысы характару беларускай жанчыны паступова вяртаюцца ў прозе ваеннай пары і ў пазнейшых пасляваенных творах М. Лынькова, Я. Брыля, І. Мележа, В. Быкава. Тэорыя бесканфліктнасці ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе затрымала вяртанне ў нашу літаратуру паўнакроўнага вобраза беларускі. Толькі ў творчасці шасцідзесятнікаў У. Караткевіча, А. Кулакоўскага, М. Лобана, І. Навуменкі, І. Шамякіна жанчына заняла сваё пачэснае месца. Гэтыя пісьменнікі адлюстроўвалі жанчыну ў розных іпастасях: як маці, як гераіню, як грамадскую дзеячку, і, вядома, як проста каханую жанчыну.

Сучасная літаратура мае тэндэнцыю, з аднаго боку, да высокага філасофскага асэнсавання вобраза жанчыны, а з другога - да вяртання жанчыне яе спрадвечнага месца ў маленькім, утульным хатнім свеце. Проза апошніх дзесяцігоддзяў А. Адамовіча, В. Быкава, В. Адамчыка, І. Шамякіна, І. Чыгрынава, В. Казько, В. Карамазава, А. Кудраўца, А. Федарэнкі, Ю. Станкевіча не толькі пераасэнсоўвае літаратурныя набыткі ў сферы інтэрпрэтацыі жаночага вобраза, а нібы падхоплівае перарваную традыцыю, закладзеную Міхасём Зарэцкім, Кузьмой Чорным, а пазней адноўленую І. Мележам [29, с. 23].

Так, у творчасці В. Быкава пераасэнсоўваецца вобраз жанчыны 1930 - 1940-х гг. Адначасова, мажліва, пад уплывам быкаўскіх твораў, а таксама ў залежнасці ад павеваў часу ў літаратуры 1980 - 1990-х гг. рыхтуецца глеба для зяўлення жаночага характару, які народжаны новымі сацыяльнымі абставінамі. На гэтай ніве творча пераасэнсоўваецца не толькі гісторыя (напрыклад, Сны імператара У. Арлова альбо Літоўскі воўк Алеся Наварыча), але і сучаснасць (да прыкладу, традыцыйна беларуская аповесць Сны пра маму А. Жука ці постмадэрнісцкія цыклы Мама і я, Толькі не гавары маёй маме Адама Глобуса).

Дыпломнае даследаванне прысвечана аналізу некаторых твораў класікаў беларускай прозы, дзе адбіліся найбольш характэрныя тэндэнцыі эвалюцыі вобраза беларускай жанчыны ў сацыяльна-гістарычным разрэзе.

Актуальнасць тэмы даследавання.

Занепакоенасць правамі чалавека прыцягнула ўвагу сусветнай супольнасці да становішча жанчын. Гэтыя праблемы паступова сталі ўсведамляцца сучасным беларускім грамадствам і, адпаведна, успрымацца ў дзяржаўным маштабе. У Рэспубліцы Беларусь распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці [61], у якім перад навуковымі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны пастаўлены наступныя задачы:

·правядзенне навуковых даследаванняў па праблемах жанчын;

·распрацоўка і апрабацыя курса па праблемах жанчын для ВНУ і інш. навучальных устаноў.

У сувязі з тым, што літаратура - гэта культурны тэкст, то заканамернасці глабальнага працэсу фемінізацыі, адпаведна, распаўсюдзіліся і на яе. Такім чынам, акрэсліўся новы аспект літаратуразнаўчых даследаванняў - выяўленне жаночага пачатку ў мастацкім тэксце.

Зварот да асэнсавання сацыяльна-полавай функцыі жанчыны ў нацыянальным прыгожым пісьменстве ў значнай ступені звязаны і з імклівым пранікненнем ва ўсходнеславянскія школы ідэй французскага і амерыканскага літаратуразнаўства.

Ступень распрацаванасці тэмы. Інтэрпрэтацыя жаночай субектыўнасці ў вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры стала спецыяльна вывучацца беларускімі крытыкамі параўнальна нядаўна, у сярэдзіне 1990-х гг. Манаграфічных работ па гэтай праблеме пакуль няшмат, але цікавасць да яе нязменна расце. Пра гэта сведчаць работы даследчыкаў І. Багдановіч, І. Bоюш, А. Гапавай, А. Мельнікавай, Т. Камароўскай, Л. Рублеўскай, Т. Фіцнер, Т. Шамякінай і інш., якія пераважна аддаюць увагу выяўленню вобраза жанчыны ў міфалогіі, беларускай і замежнай жаночай літаратуры.

Эвалюцыя, рэпрэзентацыя і заканамернасці функцыянавання жаночага вобраза ў празаічных тэкстах, створаных класікамі беларускай літаратуры, цэласна яшчэ не даследаваліся. Паколькі абём назапашанага беларускай прозай мастацкага матэрыялу велікі, то зараз маецца магчымасць прасачыць эвалюцыю жаночага вобраза на працягу апошняга стагоддзя, класіфікаваць шматлікія жаночыя характары, асэнсаваць іх ролю і значэнне і ў літаратурным працэсе, і ў канкрэтных мастацкіх тэкстах.

Мэтай дыпломнага даследавання зяўляецца вывучэнне мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай ў нацыянальнай прозе другой паловы ХХ ст.

У сувязі з гэтым пастаўлены наступныя задачы:

даследаваць агульнасацыяльныя і ўласна літаратурныя фактары, што ўплывалі на фарміраванне вобраза жанчыны ў другой палове ХХ ст.;

прасачыць этапы станаўлення і развіцця жаночага вобраза ў прозе класікаў нацыянальнай літаратуры - І. Мележа, В. Быкава, раскрыць значэнне іх творчай дзейнасці ў мастацкім выяўленні вобраза беларускай жанчыны;

акрэсліць спецыфіку мастацкай інтэрпрэтацыі жаночых вобразаў у творчай спадчыне І. Мележа, В. Быкава;

вылучыць сістэму каштоўнасцей, якую маніфестуюць жаночыя характары;

распрацаваць тыпалогію жаночых вобразаў паводле іх сацыяльна-родавай функцыі ў літаратурным празаічным тэксце.

Абект і прадмет даследавання. Беларуская літаратура другой паловы ХХ ст. багатая на жаночыя вобразы, і гэта акалічнасць вымушае звузіць колькасць твораў для даследавання, акрэсліўшы крытэрыі іх адбору: 1) прыналежнасць да празаічных жанраў; 2) наяўнасць адметных рэалістычных жаночых персанажаў; 3) канцэптуальная значнасць выяўленых жаночых вобразаў. У выніку, абектам даследавання сталі празаічныя творы І. Мележа і В. Быкава.

Прадметам даследавання зяўляюцца асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі літаратурнага вобраза беларускай жанчыны ў нацыянальнай прозе другой паловы ХХ ст.

Метадалогія і метады даследавання.

У дыпломным даследаванні выкарыстаны канкрэтна-аналітычны, параўнальна-гістарычны і метад сістэмна-тыпалагічнага аналізу.

Тэарэтыка-гістрычным падмуркам даследавання сталі працы аўтарытэтных айчынных і замежных вучоных у галіне літаратуразнаўства, культуралогіі А. Бачарова [7], Ю. Лотмана [45], а таксама на работы беларускіх літаратуразнаўцаў А. Адамовіча [1], С. Андраюка [2, 3], Дз. Бугаёва [8 - 14], І. Воюш [29 - 32], П. Дзюбайлы [38, 39], В. Каваленкі [40], Л.Корань [43], А. Матрунёнка [48], А. Пяткевіча [62, 63], М. Тычыны [67] і інш.

Практычная значнасць атрыманых вынікаў. Матэрыялы і вывады дыпломнага даследавання могуць быць выкарыстаны настаўнікамі беларускай літаратуры, вучнямі сярэдніх і сярэднеспецыяльных устаноў на факультатыўных занятках па творчасці І. Мележа, В. Быкава, пры напісанні рэфератаў і дакладаў, падрыхтоўцы паведамленняў.

Структура і абём працы. Дыпломнае даследаванне складаецца з уводзін, адной главы, заключэння, спіса выкарыстаных крыніц (68 пазіцый). Асноўны матэрыял працы займае 56 старонак, са спісам літаратуры - 60.

Глава І. Семантыка жаночых вобразаў у беларускай прозе 1940- - 1990-х гадоў

.1Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя

Літаратура перыяду вайны і пасляваеннага дзесяцігоддзя існавала ва ўмовах жорсткай цэнзуры і таталітарызму, але народная трагедыя - вайна - была настолькі вялікай, што, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, пісьменнікі заканамерна прыйшлі да больш глыбокага асэнсавання рэчаіснасці. У гады Вялікай Айчыннай асабліва папулярнымі сталі жанры навелы, фельетона, памфлета, і толькі ў другой палове 1940-х гг., пасля прытоку новых сіл, літаратары звярнуліся да буйных празаічных твораў. Перыядычныя выданні былі напоўнены апавяданнямі, аповесцямі, раманамі, у якіх па свежых слядах узнаўлялася ваенная рэчаіснасць, паказвалася аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Кузьма Чорны, І. Мележ, І. Шамякін, Я. Брыль плённа працавалі на ніве адраджэння нацыянальнай прозы - рыхтавалі глебу для ўсплёску творчай актыўнасці пасля падзей 1956 г.

Адпаведна, беларуская жанчына паўстала перад чытачом у новай для сябе ролі - жанчыны на вайне і жанчыны, якая аднаўляе разбураную вайной гаспадарку і нармальнае чалавечае жыццё.

У літаратуры гэтага часу трансфармуецца вобраз маці. Глабальная роля мацярынства, якая заключаецца ў ратаванні сваіх дзяцей і ўсяго свету ад катастрофы, асабліва ярка праяўляецца ў прозе гэтага перыяду.

Маці ў апавяданні М. Лынькова Ірына (1942) аказваецца здольнай узарваць мост, каб адпомсціць за забойства дзіцяці. Ахвярай гвалтоўнага пасляваеннага бюракратызму становіцца Хвядосіха - маці трох сыноў, якія загінулі на вайне, з твора А. Кулакоўскага Сад (1947). У аповесці Я. Брыля На Быстранцы (1955) маці ахвяруе жыццём, каб уратаваць чатырнаццацігадовага сына, і хлопец пакутуе ад адчування віны.

Варта прыгадаць і славутае брылёўскае апавяданне Маці (1957). У творы паўстае вобраз жанчыны, якая ўвасабляе найлепшыя рысы мацярынства - дабрыні, ахвярнасці, спачування, адданасці сваім дзецям. Яна рашаецца накарміць палонных - уцекачоў з фашысцкага канцлагера - і прымае пакаранне разам з імі. Успрыняцце чужых дзяцей як сваіх паядноўвае вобразы маці і бабы Зось з аповесці Я. Брыля Зялёная школа (1957). Знешне непрывабная бабуля Зось, якую баяцца дзеці, аказваецца чалавекам вялікай душы: ратуе ад карнікаў малую яўрэйскую дзяўчынку.

Трывала ўваходзіць у мастацкую прозу вобраз савецкай жанчыны. Значная роля ў яго распрацоўцы належыць І. Шамякіну. Тэма аднаўлення разбуранай вайной краіны, памяці пра ахвяры вайны нарадзіла ў яго творчасці шматлікія станоўчыя жаночыя вобразы. Гэта маці салдата Раманенкі з аповесці Помста (1945). Сумленная камсамолка, інтэлігентка, якая прагне барацьбы [33, с. 598], - паводле В. Локун, Таццяна Маеўская (Глыбокая плынь, 1946 - 1949). Маша Кацуба з рамана У добры час (1949 - 1952) - каханая галоўнага героя Максіма Лескаўца - аддае ўсе сілы адбудове калгаса. Праўда, росквіт творчасці пісьменніка прыйшоўся на першую палову 1950-х - 1970-я гг., калі зявіліся пенталогія Трывожнае шчасце (1957 - 1965), раманы Крыніцы (1957), Сэрца на далоні (1963) і інш.

Засяроджваецца на душэўных перажываннях жанчыны Я. Брыль у апавяданнях Марыля (1937 - 1943) і Галя (1953). Пранікнёны лірызм аўтара тут спалучаны з глыбокім псіхалагізмам, абсалютна па-новаму выяўлены багаты ўнутраны свет беларускай жанчыны.

Такім чынам, у ваенны час і ў перыяд першага пасляваеннага дзесяцігоддзя ў літаратуры адбывалася далейшая распрацоўка жаночага характару, якая пазней дала свой плён у творах Я. Брыля, І. Мележа, В. Быкава, І. Шамякіна, У. Караткевіча, І. Навуменкі, А. Кулакоўскага, М. Лобана, А. Адамовіча, І. Чыгрынава, В. Адамчыка і інш.

Другая палова ХХ ст. прынесла нашаму грамадству хрушчоўскую адлігу і масавыя рэабілітацыі незаконна асуджаных падчас сталінскіх рэпрэсій, перыяд дысідэнцтва і застою, часы перабудовы і ўтварэнне нацыянальна і палітычна незалежнай суверэннай дзяржавы.

Літаратура зноў апынулася ў віры імклівага развіцця падзей і была заклікана ацаніць і пераасэнсаваць многае са створанага раней, у час панавання сацыялістычнага рэалізму. Яна павінна была знайсці ў сабе сілы і, пераадолеўшы творчы застой, адрадзіцца ў новай якасці напрыканцы ХХ ст., у 90-я гг., як бы вярнуўшыся да маральных, гуманістычных набыткаў яго пачатку.

Агульная тэндэнцыя развіцця нацыянальнай літаратуры пасля адлігі - аднаўленне ўжо знойдзеных у перыяд беларусізацыі каштоўнасцей, агульначалавечых ідэалаў. Да жаночага вобраза паступова вяртаецца яго духоўны пачатак, а сама жанчына з сацыяльнага элемента, шрубчыка пераўтвараецца ў паўназначную асобу. Вобразу жанчыны за перыяд з канца 50-х да 90-х гг. ХХ ст. было нададзена першапачатковае значэнне абекта і стваральніцы кахання, ахоўніцы хатняга ачага, яна з вытворчасці была зноў вернута ў сямю, да мужа і дзяцей.

Духоўнае, а не класавае прызначэнне жанчыны на Зямлі было адлюстравана ўжо ў аповесці А. Кулакоўскага Нявестка (1956). Заглыбленне аўтара ў нематэрыяльныя сферы чалавечага жыцця заканамерна вывела на першы план паўзабыты жаночы вобраз пачатку стагоддзя - вобраз добрай нявесткі.

Шматаспектна пачаў інтэрпрэтавацца вобраз маці: яго значэнне стала пашырацца за кошт разнастайнасці характараў і абставін.

У рамане А. Адамовіча Вайна пад стрэхамі (1960) Ганна Міхайлаўна Корзун знаходзіцца ў дастаткова супярэчлівых абставінах: з аднаго боку, яна мае дваіх сыноў і адказвае за іх жыццё, а з другога - яна аптэкарка, якая заклікана дапамагаць хворым. Прыкметы часу адбіліся ў яе характары: жанчына абірае сацыяльна значымы шлях - дапамагае медыкаментамі падпольшчыкам, падвяргаючы пры гэтым небяспецы сваіх дзяцей. Значнае месца ў духоўнай канве твора займае таксама вобраз маці ў пазнейшай аўтабіяграфічнай аповесці А. Адамовіча Vixi (1993).

Тэме драматычнага лёсу беларускай жанчыны-маці ў неспакойным свеце прысвечана апавяданне С. Грахоўскага А маці не спіць (1987).

Вобразы маці, дзяцінства і роднага кута спалучаны ў вясковай прозе - аповесцях М. Стральцова Адзін лапаць, адзін чунь (1970), А. Кудраўца Раданіца (1988), Б. Сачанкі Родны кут (1989), апавяданні В. Карамазава Дзяльба кабанчыка (1988) і інш.

Вобраз сучаснай жанчыны-маці і праблема адносін да яе паўстаюць у творы Алеся Наварыча Сузіранне начной поўні (1988), дзе сын дазнаецца аб алкагалізме маці, А. Кудраўца Пахахуцікі (1988), у якім маці з-за нявесткі падкараціла сабе жыццё, І. Сяргейчыка Горкая пяшчота (2000), дзе паказана маці афганца.

З прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў літаратуру 1960 - 1980-х гг. прыйшла жанчына-гераіня, якая, аднак, істотна змянілася. Вялікая роля ў развіцці жаночага гераічнага персанажа належыць М. Лынькову (Векапомныя дні, 1958), І. Мележу (Мінскі напрамак, 1952 - 1974), В. Быкаву (Карер, 1987; Знак бяды, 1982; Велікоднае яйка, 2001, і інш.), І. Шамякіну (Гандлярка і паэт, 1975; Трывожнае шчасце, 1957 - 1965), І. Пташнікаву (Алімпіяда, 1984).

Стварэнню вобразаў савецкіх жанчын прысвяціў сваю творчасць 1950 - 1970-х гг. І. Шамякін. Гэта вобразы Марыі Сяргееўны і Сашы Траянавай з пенталогіі Трывожнае шчасце, доктара Таісы Міхайлаўны з рамана Вазьму твой боль (1978). Трагедыю душы жанчыны-функцыянера пісьменнік раскрыў у аповесці Драма (1988).

На працягу другой паловы стагоддзя ў літаратуру быў вернуты занядбаны ў савецкія часы вобраз жанчыны ў гісторыі. Асабліва плённа працаваў у гэтай галіне У. Караткевіч, пяру якога належаць арыгінальныя рамантычныя жаночыя вобразы з гістарычных аповесцяў Сівая легенда (1961), Цыганскі кароль (1961), Дзікае паляванне караля Стаха (1964), Ладдзя Роспачы (1968), рамана Каласы пад сярпом тваім (1964 - 1966). Жанчыне пісьменнікам адводзіцца асаблівае месца ў гісторыі. Яна самой сваёй прысутнасцю матывуе не толькі ўнутраны рух сюжэта, але і гістарычна значныя калізіі. Традыцыі пісьменніка творча працягваюць І. Шамякін, Т. Бондар, В. Іпатава, В. Коўтун, В. Чаропка, Алесь Наварыч.

Тэма кахання і, адпаведна, вобраз каханай таксама трансфармаваўся. Адкрытыя юначыя пачуцці Сашы Траянавай і Пятра Шапятовіча з вядомай пенталогіі істотна адрозніваюцца ад сузіральна-заглыбленага кахання Вялічкі да суседкі (І. Пташнікаў Мсціжы, 1972), сталага пачуцця герояў А. Жука з аповесці Праклятая любоў (1990).

Перыяд духоўнага разняволення ў грамадстве канца 1980-х гг. (часоў перабудовы) даў штуршок для стварэння праблемнага, часам трагічнага жаночага вобраза. Раней завуаляваныя праблемы аказаліся на паверхні. Дзяўчаты, для якіх у выніку жорсткіх абставін каштоўнасць кахання і любові застаецца непазнанай або дыскрэдытаванай, - гераіні твораў 1990-х гг. У. Рубанава Распусная (1991), І. Жарнасек Мона Літа (1991), Я. Хвалея «Прынцэса Жалезная дзева» (1991), Г. Багданавай Супер-8 (1990), Народжаныя поўзаць (1991), Салодкія арэшкі (1991), Мамін вальс, або Як мы развітваліся з рамантыкай (1991), Тармазнутая (1996) і інш.

Асаблівае гучанне набывае вобраз адзінокай, пакінутай сам-насам з доляю жанчыны ў неспакойным свеце. Праблема жаночай адзіноты адлюстравана ў прозе У. Рубанава (Буслы на снезе, 1981), Алеся Наварыча (Гепардава лета, 1992), І. Шамякіна (Адна на падмостках, 1994; Палеская мадонна, 1996), Г. Багданавай (Смерць настаўніцы, 1997) і інш.

Пачуццёвыя, эмацыянальныя, эстэтычныя ацэнкі знешняму хараству жанчыны дае т.зв. эратычная проза. Да гэтай плыні В. Старычонак і А. Бельскі адносяць творы Г. Далідовіча са зборніка апавяданняў пра жанчын Жар кахання (1994), прозу Адама Глобуса - Дамавікамерон (1996), Эратычная проза (1998), Інтымнае (1999), Тэксты (2000), А. Казлова - Графіня з ружай (1993).

Нечаканым для літаратуры канца стагоддзя, але вядомым па прозе 1900-х, стаў вобраз жанчыны-жабрачкі, або бамжа, зэка. Так, у аповесці В. Быкава Ваўчыная яма (1999) мы сустракаем выкрасленую з грамадскага жыцця жанчыну, былую прастытутку Жаржэту, да якой поўнасцю можна аднесці словы самога аўтара пра адрэзаную лусту, сказаныя ў дачыненні да іншага героя (Хведара Роўбы): як не ссохне, то зядуць. Такая ж бяздольная адпушчаная з турмы Нінка ў апавяданні А. Асташонка Супер (1989).

Такім чынам, нягледзячы на пэўную навізну інтэрпрэтацый, у літаратуры другой паловы ХХ ст. прадстаўлены традыцыйныя іпастасі жанчыны, якія былі створаны папярэднімі пакаленнямі творцаў. Проза канца мінулага і пачатку нашага стагоддзя мае падабенства ў тым, што цяпер літаратуры вернуты традыцыйны вобраз жанчыны, які быў заяўлены дакастрычніцкімі аўтарамі, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, М. Гарэцкім.

Істотная роля ў яго аднаўленні і развіцці належыць І. Мележу і В. Быкаву - празаікам, творчасць якіх стала вяршыняй літаратурнага працэсу другой паловы ХХ ст. З гэтай прычыны жаночыя характары і тыпы ў творах гэтых аўтараў мы разгледзім больш падрабязна ў асобных раздзелах.

1.2 Жаночы характар у творчасці І.Мележа

1.2.1 Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа

Творчая індывідуальнасць Івана Паўлавіча Мележа адметная не толькі для айчыннай, але і для сусветнай літаратуры. Унікальнасць таленту пісьменніка адзначаюць шматлікія даследчыкі яго творчасці - Ф. Куляшоў (Іван Мележ: Літаратурная біяграфія, 1968), В. Смыкоўская (Творчая канцэпцыя пісьменніка: Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў Палескай хроніцы І. Мележа, 1976), Дз. Бугаёў (Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць І.Мележа, 1977), У. Гніламёдаў (Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці, 1984). Аналітычныя артыкулы, прысвечаныя мележаўскай прозе, належаць А. Адамовічу, С. Андраюку, П. Дзюбайлу, В. Каваленку, В. Жураўлёву, У. Юрэвічу і інш.

У сучасным літаратуразнаўстве за мастаком трывала замацавалася званне майстра псіхалагічнай прозы, і згаданая якасць яго твораў найбольш ярка выявілася ў раманнай трылогіі Палеская хроніка. Пісьменнік ішоў да вялікай прозы праз пошукі свайго героя, праз адточванне пяра ў малых жанрах. Раннія апавяданні і аповесці І. Мележа - гэта той пласт творчасці пісьменніка, што выяўляе найперш асаблівасці творчага сталення аўтара, пошукі ім уласнай сюжэтнай прасторы, падзей, герояў, сярод якіх значнае месца аддадзена жаночым вобразам.

У гэтым сэнсе заўважым, што ў дараманнай прозе аўтара асаблівае месца займаюць творы, дзе жанчыны зяўляюцца галоўнымі гераінямі. Варта, напрыклад, прыгадаць апавяданні Ноччу (1945), Адна (1946), На рацэ (1953), На скрыжаванні (1954), Спатканне за горадам (1955). У цыкле Гарачы жнівень (Перад навальніцай, 1947; Павел прыехаў, 1947; Гарачы жнівень, 1946) адной з галоўных гераінь зяўляецца брыгадзір Алена Гаркуша.

Жаночыя персанажы другога плана - памочніца машыніста Валя (Канец размовы, 1943), медсястра Оля (Сустрэча, 1944), Ліда (Такі кароткі водпуск, 1945), маці (Незнаёмы, 1947), жонка пагранічніка Галіна Сасноўская (Што ён за чалавек, 1955), Жэня Крушынская (аповесць Блізкае і няблізкае, 1954) - пераважна нясуць моцную сэнсавую нагрузку, яны цікавыя змястоўнасцю і неадрыўнай повяззю з ідэяй твора.

Не менш цікава створаны і многія эпізадычныя, але запамінальныя вобразы - такія, як старая Таквіля і гаспадыня з ранніх апавяданняў Апошняя аперацыя (1943) і У завіруху (1944). Дарэчы, падзел мележаўскіх герояў на галоўных і негалоўных у дадзеным выпадку дастаткова ўмоўны. Як згадвае А. Адамовіч у прадмове да 10-томнага Збору твораў пісьменніка, кожны з персанажаў у ходзе падзей можа аказацца ў фокусе і нават павесці за сабой сюжэт [51, с. 14].

Карыстаючыся жанрава-храналагічным прынцыпам, зробім спробу прасачыць шляхі развіцця і адзначыць асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі ў творчасці І. Мележа жаночых вобразаў.

Пачнем са значэння жаночага персанажа ў апавяданнях І. Мележа. У першым апавяданні Апошняя аперацыя, што ўбачыла свет у газеце Бугурусланская праўда (1943), жаночыя вобразы гаспадыні, Таквілі і юнай пацыенткі доктара Бацюні яшчэ традыцыйна выконваюць службовую функцыю, падкрэсліваючы якасці галоўнага героя - мужчыны.

Па сюжэце галоўны герой доктар Бацюня напачатку імкнецца абараніць сваю пацыентку, семнаццацігадовую дзяўчыну, ад сепсісу, аднак бяссільны перад цяжкай хваробай. Потым з-за наступлення ворагаў доктар вымушаны пакінуць хату, дзе кватараваў. Урэшце, зноў жа ён, Бацюня, не мае магчымасці прааперыраваць параненую старую Тэклю.

Калі выяўляць значэнне назыўнога прозвішча галоўнага героя апавядання, можна заўважыць, што Васіль Дзянісавіч Бацюня - абагульнены вобраз бацькі, з аднаго боку, і сына, калі мець на ўвазе ягоныя адносіны да Тэклі, з другога. Адным словам, мужчыны, які павінен быў стаць абаронцам. У той жа час семнаццацігадовая дзяўчына, якую ўрач ратаваў да вайны, і вясковая гаспадыня доктара, і цётка Тэкля - гэта ўвасабленне абараняемых дачкі, маці, пацвярджэннем чаму можа служыць фінал апавядання. Тэклю, у якой немец бачыць параненую бальшавічку, Бацюня называе маткай, спрабуючы паўплываць на чалавечыя пачуцці фашыста. Высокая адказнасць, віна рухае гэтага героя да апошняга, здавалася б, безнадзейнага ўчынку - спробы ўратаваць Тэклю.

У эпізодзе развітання гаспадыня паказана найперш як ахвяра, абект адказнасці ваеннага мужчынскага свету перад мірным, жаночым пачаткам, які разбураецца. Не маючы сілы выканаць сваё прызначэнне на зямлі - абараніць, - Бацюня гіне. У гэтым, магчыма, і заключаны трагічны пафас твора.

У датуемым 1944 г. апавяданні Сустрэча ўсяго адзін жаночы персанаж - медсястра Оля. У кампазіцыйным плане вобраз даволі перыферыйны, але значны. Праз эмацыянальную рэакцыю гераіні, яе спробу затуліць ад хваляванняў хворага на сэрца доктара Цулукідзе апасродкавана становіцца зразумелым боль усёй ягонай сямі. У фінале апавядання відавочна, што з жаночым вобразам звязана галоўная думка твора. Пра гэта сведчаць апошнія радкі: Оля выбегла з пакоя, адчуваючы, што праз хвіліну расплачацца, як стары... Яна была рада за ўрача, за Георгія, за гэту сустрэчу, якой яна так баялася. Хто б мог падумаць, што так будзе?.. - са здзіўленнем падумала яна, узбягаючы па лесвіцы. Яна была занадта ўзрушана, каб шукаць прычыны [51, с. 33].

Вынесены ў апошні радок аўтарскі імператыў па-новаму раскрывае сэнс папярэдняга аповеду: прычына шчаслівага ўздыму ў сэрцы хірурга якраз у тым самым галоўным, што хацеў данесці аўтар. Сыну ваенурача Богам захавана самае каштоўнае - жыццё. Стары Цулукідзе ўспрымае навакольнае ўжо на іншым, ваенным, узроўні, а не па-мірнаму, па-жаночаму, як Оля. Спачувальны падыход да любога, нават звыклага, болю, нават у самых экстрэмальных абставінах, уласцівы і яшчэ адной гераіні І. Мележа - доктарцы Марыі Андрэеўне, якая ў адным з эпізодаў рамана Мінскі напрамак мякка ўгаворвае партызана пацярпець. Вобраз гэтай гераіні, як і вобраз Олі, паказвае недалучанасць жаночага свету да жорсткасці і антычалавечнасці вайны, чужароднасць у ім.

У творы Канец размовы сустракаемся з памочніцай машыніста Валяй. Стары чыгуначнік Антонік і Валя вымушаны весці на наступную станцыю ваенны эшалон з ворагамі. Немец, які пільнуе машыніста, назаляе ўсім сваімі развагамі пра фашысцкую мараль. У свядомасці Валі і Антоніка спеюць планы адносна таго, як сарваць прыбыццё цягніка на станцыю. І раптам налёт савецкай авіяцыі выратоўвае сітуацыю. Валі ўдаецца ўцячы, Антонік гіне.

Неспакойным характарам і нязломнаю воляй гэты жаночы вобраз нагадвае Сцепаніду з аповесці В. Быкава Знак бяды, Дусю Валярянаву з ягонага ж апавядання Жоўты пясочак. У пэўным сэнсе вобраз Валі мог бы стаць працягам вобраза Ганны Чарнушкі ў Праўдзе вясны і За асакою бераг. Але І. Мележ не быў бы сабою, каб патрыятызм гераіні-чыгуначніцы не пашырыў далей ідэалагічнай думкі - а менавіта да разумення жыцця наогул. Згадаем, да прыкладу, як стары машыніст Антонік успрымае выпакутаваны, акрэслены на індывідуальным узроўні патрыятызм спадарожніцы: «Трэба быць героем, каб не быць здраднікам... Сярэдзіны няма... - успомніліся яму словы Валі, і ён падумаў, што ў іх была суровая праўда» [51, с. 47].

Па словах І. Мележа, Валя здольна цярпліва маўчаць, спакойна пакутаваць, можна часам нават здзівіцца яе цярплівасці. Але ці не было і так, што вытрымкі не хапала: калі ўсё, што паліла душу, горача прарывалася, нядобрае, неразумнае, і тады яе нішто не магло ні спыніць, ні спалохаць [51, с. 45]. Гэтая ацэнка, дарэчы, магла б быць даслоўна прыменена і да Ганны Чарнушкі, пра якую пісьменнік напіша потым: Ганну не дай бог увесці ў гнеў: тады яна ў момант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна! [54, с. 29].

Пры выяўленым падабенстве, аднак, варта адзначыць, што паміж згаданымі вобразамі ёсць прынцыповае адрозненне - вобраз Валі праяўлены сацыяльна, вобраз Ганны, хутчэй, інтымна-пачуццёва.

Ужо адно з першых апавяданняў - У завіруху - засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў аўтар-псіхолаг. Зусім маладзенькі салдат Засмужац - галоўны герой твора - прыносіць у штаб важны пакет. Змораны, напаўжывы ад стомы, прыходзіць у хату да сваёй гаспадыні, збіраючыся нарэшце адпачыць. Але нечакана вайскоўцу выпадае выканаць яшчэ адно даручэнне, і хлопец моцным намаганнем волі прымушае сябе ісці. Пра псіхалагічны партрэт Засмужца напісана многа, таму звернемся да іншага сюжэтнага плана: спынімся на эпізадычным жаночым вобразе.

Як часта бывае ў І. Мележа, знешняя другараднасць жаночага персанажа кампенсуецца сэнсавай нагрузкай. Так, трапна ўжываючы антанімію (прыемна, весела, смешна - сумна, нявесела; цёплы, напалены - замерзлы) аўтар апавядання У завіруху дабіваецца псіхалагічнай апраўданасці жаночага вобраза і падсвядома рыхтуе да драматычнага фіналу твора, хаця на папярэдніх старонках яшчэ нічога не сведчыць пра магчымую бяду: У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Салдат весела прывітаўся з маладзіцай і доўга расшпільваў шынель. Замерзлыя пальцы не слухаліся. Жанчына, сумна сочачы за ім, паківала галавой. Дай дапамагу... Ад нечаканага наплыву вясёласці Засмужац моцна абхапіў жанчыну за стан і прыцягнуў да сябе. Маладзіца нявесела паглядзела на яго стрыжаную галаву, на якой спераду смешна, па-дзіцячаму, тырчалі вожыкам серабрыстыя валаскі, паспрабавала вызваліцца [51, с. 57].

Гераіня твора з сумам бачыць няшчасце маладога байца, добра ўяўляючы маштабы ўсеагульнай бяды. Па-жаночы, інтуітыўна маладзіца разумее, што такое хвіліннае, настраёвае адчуванне шчасця, як у маладога Засмужца, недаўгавечнае, бо яно не можа быць працяглым на вайне, і спачувае хлопцу. Канцэпт хатняе як увасабленне поўнага і неабходнага шчасця таксама звязваецца ў тэксце з вобразам гаспадыні і ўсяго таго, што вакол яе. Паводле І. Мележа, шч асце вельмі простае: застацца жыць - шчасце; быць у напаленай хаце - шчасце; цяпло і пах свежаспечанага хлеба, малака, бульбы - шчасце; чалавечы клопат - шчасце.

Аўтар пакрысе малюе, мадэлюе гэтую ўладкавана хатнюю, асаблівую ўтульнасць: Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Засмужцу было радасна сачыць, як над чыгунком падымаецца пара... Жанчына паставіла кубак з малаком, Засмужац сеў за стол і пачаў вячэраць [51, с. 58]. У Подыху навальніцы нешта падобнае чытаем пра Апейкаву жонку, якую муж заўсёды ўспамінае з замілаваннем. Цяпло любага чалавека, цяпло роднага дома для гэтага героя, асабліва пасля холаду, беспрытульнасці дарогі, пасля чужых канап і ўслонаў, пасля навалачы турбот [55, с. 186] заўсёды былі шчаслівым адхланнем. Шмат агульнага ў Апейкавай Веры і Засмужцавай гаспадыні-маладзіцы з Жэняй Крушынскай (аповесць Блізкае і няблізкае).

Тэма любай жанчыны і яе дома як духоўнага прыстанішча праменіць і ў апавяданні Такі кароткі водпуск. У цэнтры ўвагі - адпушчаны ў кароткі водпуск салдат Васіль, які прыязджае ў родны горад. І скарыстоўвае ён гэты каштоўны час для таго, каб пабачыцца з каханай. Васіля перапаўняе радасць ад магчымасці бачыць знаёмыя вуліцы, дамы, і звязана яна з прысутнасцю тут, у горадзе, каханай дзяўчыны. Шчасце вяртання ў адабраную вайной маладосць поўніць душу героя твора, які прызнаецца каханай: Мне ўсё роўна як шчасце - бачыць цябе, твае вочы, твае рукі [51, с. 74].

Мадэль прыватнага дамашняга свету як духоўнага прыстанішча, апірышча ў неспакойным жыцці, як гэта назіраецца і ў Кузьмы Чорнага, а потым у І. Мележа і В. Быкава, цесна паяднана з фемінным вобразам і яго варыяцыямі - літаратурнымі вобразамі маці, жонкі, каханай. У апавяданні І. Мележа Ноччу (Салдаткіна ноч) галоўная гераіня Маша чакае весткі ад мужа Сямёна з фронту. Адчуванне душэўнага разладу, тонкага ўнутранага канфлікту - вельмі ўласцівая празаіку рыса. Гатоўнасць бязмерна трываць, цярпець, рыхтавацца да горшага, як кажуць, трымацца прымушаюць Машу паводзіць сябе годна, хаваючы ад навакольных ды і ад самой сябе гнятлівыя пачуцці, якія поўняць яе душу. На сэрцы галоўнай гераіні - ноч, яно стыне, замірае ў цемрыве дум і сумненняў без роднага чалавека: У акно пазірае белая месячная ноч. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Праз шыбы бачны кавалачак сіняга неба ў халодным раўнадушным бляску шматлікіх зорак. Нерухомая бясконцая ноч [51, с. 66].

Ноч - гэта асацыяцыя са свядомасцю гераіні, раўнадушны бляск... зорак за шыбамі ўвасабляе непрытульны свет адзінокай жанчыны, калі людзі ад яе перажыванняў на такой жа касмічнай адлегласці, як халодныя зоркі. Выбух нечаканых слёз у Машы - вынік напружанага ўнутранага жыцця, чакання, калі растануць застылыя, замарожаныя горам пачуцці. Нечаканыя жаночыя слёзы часта ілюструюць выключна моцныя, хаця і схаваныя, перажыванні гераіні.

Своеасаблівым працягам апавядання Ноччу зявіўся твор Незнаёмы, дзе шчаслівы момант вяртання салдата-каханага (Сяргея) таксама звязаны з жаночымі слязьмі: Пасля маці нечакана адразу засмяялася і заплакала, але Сяргей не супакойваў, а толькі пазіраў на яе і радасна ўсміхаўся [51, с. 100].

Праявы жаночай псіхалогіі, нечаканыя змены настрояў гераінь паглыбляюць уяўленне чытача пра невядомы, але рэальны жаночы свет, пра яго паралельнае, побач з мужчынскім, існаванне. І. Мележ стаіць на парозе наватарскай для беларускага патрыярхальнага менталітэту думкі: жанчына здольна быць не толькі абектам кахання, сацыяльных змен, але і іх субектам.

Апавяданне Адна ўзбагаціла палітру жаночых вобразаў, сярод якіх і галоўная гераіня твора Аня, яе сястра Арына, Арыніна дачка Лорка і маці. Пакуль Ані не было дома, у вёску ўварваліся карнікі і на вачах у яе жыхароў расстралялі маці за сувязь з партызанамі. Праз некалькі дзён Аня вяртаецца ў родную хату, дзе яе чакае страшная вестка. Дзяўчына з болем і любоўю ўспамінае маці. Але дачку непакоіць не характэрная для вялікага гора віна, што не змагла быць з маці да апошніх хвілін, не змагла пахаваць, а перапаўняе прага помсты.

Факт непрымання жорсткіх абставін ў пэўным сэнсе родніць яе са Сцепанідай В. Быкава. Але ў творы І. Мележа асобасная матывацыя (пісьменнік разгортвае дзіцячыя ўспаміны Ані пра маці) паступова саступае месца сацыяльна-ідэалагічнай, бо ідэя твора галоўным чынам скіроўваецца ў плынь адлюстравання ўсенароднай барацьбы. Думаецца, што ўхіл у сацыяльную сферу дае пабочны эфект спрашчэння псіхалагічнага партрэта гераінь.

Не пазбаўлена ідэалагізацыі і апавяданне І. Мележа На рацэ. У творы раскрываецца праблема адабранай маладосці цэлага пакалення, якое перажыло фінскую вайну, падзел Беларусі, фашысцкую навалу. Заўважым, што тэма раскрыта найперш праз вобраз брыгадзіра-ўдарніцы Васіліны Карпаўны Крэнь. З яе маналогу відаць, што ў сваім сталым узросце яна перажывае духоўную маладосць. Вобраз Васіліны пэўным чынам пераклікаецца з вобразам галоўнай гераіні аповесці Гарачы жнівень, таму што Алену таксама можна назваць жанчынай, якая не зведала сапраўднай маладосці.

Аднак варта адзначыць, што абодвум вобразам бракуе той жыццёвай сілы і абектыўнасці, якія так выразна акрэсляцца пазней у жаночых характарах Палескай хронікі. Са згаданых вышэй твораў выпалі падзеі калектывізацыі, эпоха вялікага пералому, і гэта, відавочна, надае створанай пісьменнікам рэальнасці адчуванне штучнасці, хаця развіццё дзеяння застаецца эмацыянальна апраўданым, падзейна матываваным.

Што тычыцца апавядання На скрыжаванні, то яно цікавае ў першую чаргу тым, што аўтарам пададзены надзвычай лірычны жаночы вобраз, які дазваляе ўявіць разуменне пісьменнікам сапраўднага мацярынства. Старэнькая Андрэіха прыязджае ў горад, каб адшукаць свайго непуцёвага сына Трахіма, які ў свой час зехаў з роднай вёскі. Папрацаваўшы на розных работах, ён нідзе стала не асеў. Сэрца маці неспакойнае, і яна адпраўляецца паглядзець, як жыве яе Трахім. Не застаўшы хлопца дома, жанчына вырашае пайсці да яго на працу - на тое скрыжаванне, дзе сын стаіць за рэгуліроўшчыка. Калі яна нарэшце ўбачыла яго ў справе, сэрца маці напоўнілася гонарам, бо старая... глядзела на гэта інакш. Яе сэрца перапаўняла адчуванне велічы бачанага - за ўсё сваё жыццё Андрэіха, можа, ніколі не была такой усцешанай, як тут. Ёй здавалася, што і пешаходы, і пасажыры ў тралейбусах, і ліпы, і вокны дамоў, і сіняе, высачэзнае неба без хмурынкі - усё глядзіць на яго, на яе Трахіма [51, с. 148]. У вобразе Андрэіхі ўжо праглядваюцца рысы будучага вобраза Алены - маці Васіля Дзятла, асабліва калі ўлічыць, што першапачаткова Васіля аўтар называў Трахімам.

У лірыка-інтымным апавяданні Спатканне за горадам на першы план вылучаецца праблема адказнасці ў каханні. Адзін з галоўных герояў твора, Леанід Андрэевіч, свядома завязвае блізкае знаёмства з юнай Алечкай, хоць бачыць, што ў дзяўчыны ўжо ёсць сябар. У выніку Алечка, нават баючыся грознага бацькі, закахалася ў старэйшага за сябе мужчыну, у якога расце дзіця. Калі Алечка зацяжарыла, Леанід, прыкрываючыся сынам, фактычна адмовіўся дзяліць адказнасць за ўчыненае. Дзяўчына застаецца адна са сваімі праблемамі, гатовая да ўсяго. Глыбіня дзявочага разумення абставін, калі спадзявацца можна толькі на сябе, сталенне Алечкі праз пакуты выклікаюць не толькі агіду да ўчынку Леаніда, але і нараджаюць захапленне душэўнымі якасцямі галоўнай гераіні.

Для прозы І. Мележа вельмі натуральна, што ён надае вялікую ўвагу інтымным пачуццям: праяўленне чалавека ў каханні - найбольш яркая характарыстычная рыса ў партрэце героя. Уменне бачыць сутнасць міжасобаснага канфлікту і рэалізаваць яго з усёй сілай у мастацкім слове - істотная адметнасць мележаўскага стылю. Гэты ж канфлікт па-новаму выявіцца потым у шчымлівым вобразе Канапляначкі.

Наогул, матыў пошукаў шчасця альбо праблема здрады ці неразборлівасці ў каханні ўласцівы многім творам празаіка. Так, у рамане Мінскі напрамак урач Марыя Андрэеўна, у якой не ўдалося асабістае жыццё, знаходзіць шчасце з партызанам Тураўцом. Удаву Аксінню, што адна засталася ў напаўразбуранай вёсцы з сынам, сватае падрыўнік Шашура. Аляксей Лагуновіч пасля смерці жонкі Ніны бярэ шлюб з яе сяброўкай Клавай. У аповесці І. Мележа Блізкае і няблізкае сардэчная дылема ўзнікае і ў Зыбіна. У Ніжнім Тагіле засталася ягоная нявеста Надзя, а на Беларусі ў партызанскім атрадзе яго выратавала ад смерці будучая жонка Жэня.

Думкі пра шчасце і маральную адказнасць перад тым, каго кахаеш, непакояць і Марціна - аднаго з герояў мележаўскага цыкла Гарачы жнівень. На яго вачах пры прарыве партызанскай блакады загінула жонка Гануля. Але мінуў час, і пасля вайны Марцін, ужо старшыня калгаса, адчувае ў сабе пяшчоту да Алены Гаркушы, нечакана апынуўшыся на душэўным раздарожжы. Зноў-такі, Ганна Чарнушка, хоць і найбліжэй да азначэння адналюбкі, на працягу ўсяго твора не раз спрабуе ўладкаваць асабістае жыццё: з Васілём, потым з Яўхімам, з Башлыковым, з Міканорам.

Адным словам, І. Мележ дае права сваім героям шукаць сваё шчасце, памыляцца, выпраўляць памылкі, знаходзіць новае каханне, загойваць душэўныя раны. Паказваючы балючыя працэсы ў сферы чалавечых пачуццяў, аўтар не апускаецца да пустога маралізатарства, а хутчэй спачувае сваім героям. Наяўнасць моцнай інтымнай плыні дазваляе І. Мележу значна пашырыць арсенал выяўленчых сродкаў для паказу разнастайных характараў, што выразна праяўляецца ў момант, калі ў фокусе аповеду аказваецца паўнакроўны, выразна акрэслены жаночы персанаж.

Новы паварот у адлюстраванні жаночага характару звязаны з ваеннай тэматыкай. Характэрны для ваеннай прозы сюжэт ратавання жанчынай параненага салдата ў тыле ворага (І. Мележ Блізкае і няблізкае, І. Шамякін Начныя зарніцы, В. Быкаў Карер, Сцюжа, Вочная стаўка, І. Пташнікаў Алімпіяда і інш.) у нечаканым варыянце ўвасобіўся ў апавяданні Што ён за чалавек. Брат Галіны Сасноўскай быў паранены, калі збіў амерыканскі самалёт, што перасек савецкую мяжу. Сястра прыязджае да ягонай жонкі дзеля падтрымкі братавай. Вобраз Галіны ўвабраў спрадвечныя рысы беларускай жанчыны, якая стрымана перажывае сваё гора, умее браць на свае плечы чужы клопат. І. Мележ, як ён гэта часта робіць, не расказвае падрабязнасці з жыцця Галіны ў лагеры смерці, не націскае на шкадаванне, а дазваляе здагадацца пра тое, што іменна прыйшлося перажыць жанчыне, вывезенай у Германію. Галіна хавае на ферме амерыканскага лётчыка Давіда - і па даносе свайго баўэра трапляе ў канцэнтрацыйны лагер. Пачуццё ў яе спецыфічнае, дваістае. Гэта, з аднаго боку, неспакой пра параненага амерыканцамі ў мірны час брата, а з другога - ціхая сімпатыя да амерыканскага народа, які звязаны ў яе свядомасці не з імперыялістычнымі памкненнямі заатлантычнай краіны, а з выратаваным Давідам.

Зяўленне ў творы вобраза амерыканца не толькі наватарства, але і свядомы выбар аўтара, які надзяляе лётчыка рысамі звычайнага чалавека, што трапіў у бяду. Нягледзячы на тое, што твор увогуле адпавядае ідэалагічным канонам прозы перыяду хрушчоўскай адлігі, заўважаецца, што агульначалавечае хвалюе празаіка ў большай ступені, чым вузкапалітычнае. Творчы імператыў аўтара гучыць так: ты - чалавек, і я - чалавек, і няважна, у якой краіне мы народжаны.

Заўсёдная ўнутраная гатоўнасць да спачування і дапамогі, няздольнасць пакінуць чалавека ў бядзе, богабоязнасць - яшчэ некаторыя з характэрных рыс нацыянальнага жаночага характару.

Такім чынам, ужо ў апавяданнях І.Мележ засведчыў, што ў яго творах ёсць месца сэнсава напоўненаму жаночаму вобразу, глыбока нацыянальнаму жаночаму характару.

Цыкл аповесцяў Гарачы жнівень па духу найбольш набліжаны да галоўнай кнігі І. Мележа - Палескай хронікі. У ім часткова ўвасобілася першасная задума пра аповесць аб меліярацыі (як у апавяданнях Здарэнне, Дадому), і да яе далучыліся ўспаміны пра любімае аўтарам Палессе. Пасля перамогі аднаўляецца народная гаспадарка. Жанчыны-калгасніцы паказаны ў час жніва. Усе яны штодзённа здзяйсняюць своеасаблівы подзвіг, працуючы ў полі без мужчын ад цямна да цямна. Аповесць гэтая ўвабрала ў сябе штосьці вельмі важнае з душэўнага набытку пісьменніка, звязанае найперш з душэўна-паэтычнымі адносінамі да жыцця [3, с. 72], - піша пра гэты твор вядомы даследчык прозы І. Мележа С. Андраюк.

Менавіта ў гэтым цыкле разгарнулася і набыло глыбокае дыханне яго, мележаўскае, Палессе. Маючы вопыт стварэння запамінальных вобразаў палескіх жанчын такімі майстрамі слова, як Якуб Колас (На ростанях), І. Купрын (Алеся) і інш., пісьменнік, сапраўдны знаўца людзей свайго краю, звярнуўся да іх яшчэ раз, толькі раскрыў гэтыя вобразы знутры. Алена, Насця, Малання - палескія жанчыны, убачаныя не этнографам, не шукальнікам экзотыкі, не прыезджым, а палешуком па нараджэнні. Аўтарскае бачанне падзей - гэта бачанне былога партызана, а цяпер калгаснага старшыні Марціна. Ён па-апейкаўску глядзіць на пасляваенную рэчаіснасць і з болем бачыць, якая доля выпала ўчарашнім салдаткам у калгасе, спачувае ім.

Аповесць Гарачы жнівень - гэта жыццёвыя гісторыі Насці і Паўла, Марціна і Ганны, Алены і Андрэя. Асабістае і вытворчае настолькі сплаўлены ў І. Мележа, што цяжка аддзяліць гэтыя два ўзроўні. Вобразы Насці, Лізаветы пэўным чынам перагукаюцца з вобразам Сарокі (Палеская хроніка). Насця без прымаўкі і з лаўкі не зваліцца. Спрыт, гарачасць Насці перальюцца пазней ў вобраз Ганны Чарнушкі, а пакуль Гануля - жонка Марціна, якая загінула на вачах старшыні ў час прарыву блакады.

Калі ўважліва прааналізаваць аповесць Гарачы жнівень і чарнавыя накіды рамана Завеі, снежань, то можна заўважыць некаторае падабенства і ў іншым плане. Марцін і Міканор - абодва старшыні калгасаў, да таго ж абодва закаханы ў жанчын па імені Ганна, а, як вядома, лёс Ганны Чарнушкі ў апошніх раманах Палескай хронікі аўтар звязвае з Міканорам. У чацвёртай і пятай кнігах пісьменнік планаваў паказаць ваенны і пасляваенны час, і таму натуральна, што Міканор - патэнцыяльна Марцін, а Ганна - Гануля. Відавочна і тое, што ў абодвух тэкстах дачку Ганны Чарнушкі і Марцінавай Ганны зваць аднолькава - Галька. Праўда, напрыканцы накідаў Палескай хронікі аўтар ужо піша, што ў Ганны не дачка, а трое сыноў.

Трэба аддаць належнае ўменню пісьменніка захапляцца негалоўнымі персанажамі, выкарыстоўваць дэталь, эпізод для раскрыцця ўнутранага свету другараднага персанажа. Асаблівае захапленне, думаецца, выклікала ў аўтара гераіня згаданай аповесці Малання, як яе называе пісьменнік, строгая, вострая, нават крыху сярдзітая, фельдфебель у андараку, а па сутнасці - проста нешчаслівая ў асабістым жыцці жанчына. Стойкасць і строгасць, у першую чаргу, да сябе, уменне гэтай гераіні змагацца са стомаю і абставінамі ўласцівы і Аўдоцці Шабунісе (Мінскі напрамак), якая выводзіць дзяцей з блакады, і маці Зыбіна (Блізкае і няблізкае). Думаецца, аднак, што не сама строгасць, а духоўная нязломнасць, загартаванасць у цяжкіх жыццёвых абставінах імпануюць аўтару ў духоўным вобліку гэтых жанчын.

У зборніку Гарачы жнівень аповесць невыпадкова мела назву У адной сямі. Для І. Мележа праблема сямейнасці, агульнага калгаснага клопату застаецца актуальнай і пры напісані Хронікі. Ён неаднаразова зазначае, што першыя куранёўскія калгаснікі рабілі, дапамагалі адно аднаму, як тыя сямейнікі. І вялікая роля ў гэтай сямі надавалася бацьку - старшыні. Ідэал бацькі-працаўніка І. Мележ якраз бачыць не ў Міканоры, а ў селяніне-заможніку. Былі і такія заможнікі, - думае Апейка, - дзе дастатак увесь набываўся тым, што сямя ўся - з падрослых, працавітых дзяўчат ды хлопцаў, якімі правіць суровы, бязлітасны камандзір-бацька. Бацька-манарх, бацька-катаржнік; камандзір катаржнай каманды [55, с. 175]. І ў пэўнай ступені жаночыя вобразы закліканы падкрэсліць гэтую сямейнасць, далучанасць да агульнай справы.

Востра пастаўлена праблема пошукаў героем сваёй Радзімы - месца, дзе жыве яго сэрца і застаецца яго каханне, у аповесці Блізкае і няблізкае, што адлюстравана ў назве. Галоўны герой творы - тагіляк Зыбін. Аднак эмацыянальны канфлікт твора звязаны з вобразам ягонай жонкі Жэні Крушынскай. Жэня дорыць яму ўвесь нерастрачаны пыл кахання, маючы вельмі кволыя спадзяванні на ўзаемнасць: От паедзеш ты дамоў, пабачыш там Надзю сваю. А я... а пра мяне і ўспомніць, можа, забудзешся. С глаз долой, из сердца - вон... Вы, мужчыны, гэта ўмееце... - скардзіцца яна Васілю, і атрымлівае нечаканы па шчырасці адказ: Умеем, вядома... А чаго тут - навука няхітрая [51, с. 337]. Урэшце Жэня з горыччу ўсведамляе сваё становішча: Палюбоўніца я, от хто! [51, с. 337].

Духоўная спустошанасць Зыбіна паступова аддаляе яго ад жонкі, працягваючы ніць недаверу, якая была завязана на самым пачатку ўзаемаадносін герояў. Паранены Васіль спачатку бянтэжыцца ад таго, што ляжыць бездапаможны, як інвалід... як маленькі [51, с. 333]. У гэтым ён нагадвае Паўла Агеева з рамана В.Быкава Карер. Затым, упэўніўшыся ў адданасці любай дзяўчыны, Васіль Зыбін пачынае рэзка мяняцца і пачуваць сябе сапраўдным гаспадаром.

Паступова ролі герояў твора акрэсліваюцца і трансфармуюцца: Зыбін перарастае ў грамадска значную асобу будаўніка вытворчасці, а Жэня спыняецца на ролі хатняй гаспадыні. У фінале апавядання чытач нечакана адкрывае, што мілая, адданая Жэня з адкрытай, шчырай дзяўчыны-партызанкі, якая рада была цёпламу кутку, раптоўна, нематывавана ператвараецца пад уплывам высокага становішча мужа ў гаспадыню зыбінскіх харомаў, у мяшчанку. Прыметы мяшчанства госць Зыбіна бачыць у жоўтай гасцінай з распіснымі сценамі, у разгалістым фікусе, падушачках на канапах, вышыўках.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя выдаткі ў выяўленні жаночага характару ў ранніх аповесцях пісьменніка, быў набыты вопыт стварэння дынамічных жаночых вобразаў. І. Мележу ўдалося найбольш ярка выявіць народны тып жанчыны, падаць яго адпаведна нацыянальным уяўленням беларусаў, раскрываючы ў разнастайных індывідуальных праяўленнях.

мележ творчасць літаратура беларускі

1.2.2 Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах Палескай хронікі І. Мележа

Ствараючы жаночыя характары трылогіі Палеская хроніка, пісьменнік яшчэ бліжэй падыходзіць да разумення важнасці прыватнага (жаночага) свету, абяўляючы адзінкавае, асабістае, індывідуальнае такім жа самакаштоўным, як і грамадскае, вялікае, агульнае: Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. За грандыёзнымі падзеямі, якія гісторыя ўвекавечыла для нашчадкаў, прыціхла, а часам і прапала з увагі тое, што было немаштабным, абыдзённым, хвалявала аднаго чалавека. Як бы само сабой забылася, што людзям у той час - як і ва ўсе часы - даводзілася штодня жыць абыдзённасцю; што тое дробнае, можа нікчэмнае, на нашу думку, было для іх у аснове сваёй і важным, і вялікім, - бо без яго не было як жыць. Свет у куранёўцаў - гэта праўда - найбольш быў нешырокі, невялікі: гумно, хата, вуліца, але ў гэтым невялікім свеце было сваё вялікае: урэшце, чалавек мерыць усё мерай свайго розуму і свайго сэрца [55, с. 27].

Мастацкі свет галоўнага твора населены па-сапраўднаму народнымі характарамі. І кожны з іх тоіць у сабе патэнцыяльныя магчымасці далейшага мастацкага развіцця. Нават калі персанаж не вядзе за сабою дзеянне, яго прысутнасць адкрывае прасторы творчай фантазіі, вабіць у зманлівыя лабірынты чалавечай душы. Менавіта такімі, як бы асцярожна прыадчыненымі для нас аўтарам, зяўляюцца думкі і памкненні паляшучак. У непаўторных вобразах дзяўчат і жанок з самай глыбі страчанага намі цяпер Прыпяцкага Палесся ўвасобіўся плён шматгадовых пошукаў. Гэта - маладыя Хадоська, Ганна; прадстаўніцы старэйшага пакалення - Дзятліха, Дамеціха, Глушачыха, Ганніна мачыха; яркія эпізадычныя персанажы - швачка Годля і гаспадыня Цыля, цётка Сарока, настаўніца Параска і Ганніна маці-нябожчыца.

Паводле значэння жаночых персанажаў у развіцці сюжэта і стварэнні псіхалагічнага мікраклімату, вобразная палітра Палескай хронікі шматслойная. Каларытныя жаночыя вобразы адметныя сваёй цеснай далучанасцю да ўсіх перыпетый. У гэтым плане вылучым гераінь, што адносяцца да інтымнай (прыватна-сямейнай) і сацыяльнай лініі трылогіі.

У абсягах інтымнай плыні хронікі даволі выразна вызначаюцца такія постаці, як Ганна Чарнушка, Хадоська-Канапляначка і Пракопава Маня.

Ганна ўвасабляе тую скразную духоўную жаночую плынь, інтымную лінію, якая звязвае ў адзін сюжэтны вузел аддаленыя па месцы і часе падзеі эпапеі. Ганна ў Куранях - дзеянне развіваецца ў вёсцы, Ганна ў Юравічах - пераносіцца ў мястэчка. Зяўленне гераіні заўсёды звязана з раскрыццём яшчэ аднаго характару. Так, каханне з Васілём раскрывае духоўны воблік Васіля, жыццё з Яўхімам - характар Яўхіма. Безадмоўная Сцяпанава прыхільнасць характарызуе Сцяпана, стоенае Апейкава пачуццё - Апейку, які таксама тайна закаханы, любуецца, думае: Паспяшаўся нарадзіцца! [57, с. 447]. Брудныя заляцанні Дубадзела звязаны з выяўленнем характару ўпаўнаважанага, сакратарская ўвага да гераіні выяўляе характар Башлыкова, шлюб з Міканорам - Міканораў.

У другім і трэцім раманах вобраз Ганны і элемент прыватнага жыцця персанажаў страчвае цэнтральныя пазіцыі ў сувязі з разгортваннем сацыяльна значнага дзеяння, гістарычна-грамадскага фону. Цікава, што Ганна Чарнушка, нягледзячы на вядучую пазіцыю гэтага персанажа ў архітэктоніцы твора, амаль не прычыняецца да галоўнай - калгаснай - тэмы, а вядзе за сабой як бы паралельную раманную лінію асабістых перажыванняў герояў, што падаецца не меней важным пры стварэнні агульнай падзейнасці хронікі.

Сярод мележаўскіх жаночых вобразаў Ганна стаіць асобна. Яна не проста ўвасабленне спрыту ў працы і маладосці, прадмет увагі куранёўскіх хлопцаў. Дзяўчына - натура супярэчлівая, з жывым розумам і пачуццямі. Яна - небяспечная, гарачая, несамавітая, у яе жылах цячэ бунтарская кроў. Многія з учынкаў Ганны Чарнушкі хутчэй звяртаюць на сябе ўвагу рашучасцю і непакорлівасцю, чым разважлівасцю і паслухмянасцю. Згадаем, колькі крокаў зрабіла дзяўчына насустрач Васілю ў каханні, прычым насуперак куранёўскім звычаям: выклікала яго на прызнанне ля шапаткіх груш, абараняла перад міліцыянерам Шабетам, кінулася да хлопца, калі таго вялі ў Юравіцкую турму, здолела пайсці ад Глушакоў, адмовіць Башлыкову, паставіць на месца Дубадзела і, нарэшце, затуліла сабой Дзятла, калі ў таго стрэліў Яўхім (паводле чарнавых накідаў).

Лінія кахання Ганны і Васіля не перарываецца ва ўсіх трох раманах. Сваёй адкрытасцю і спагадлівасцю Ганна ўзрушвае нязвыклае да дабрыні і шчырай увагі сэрца суседскага хлопца. Іх спатканні на сенажаці і ля гумна, пад грушамі, паўтараюцца з рамана ў раман, вяртаючы на кругі сапраўднага пачуцця. Пры першай сустрэчы яны радзьмухваюць вогнішча - агеньчык-сімвал свайго кахання, які ўрэшце гасне і разгараецца толькі ад вугольчыка, пазычанага ў Яўхіма. Так аўтар сімвалічна прадказвае гісторыю іх узаемаадносін. Наогул, І. Мележ часта згадвае, што каханне - гэта гарэнне, вогнішча, цяпло, вугольчык, агонь, яно грэе, пячэ, томіць, паліць сэрца. Сімвалічна і тое, што патаемныя сустрэчы з камуністам Башлыковым, які не здольны кахаць па-сапраўднаму, адбываюцца ўзімку, калі Ганна мерзне ў начной дарозе.

Пры апісанні спаткання герояў на сенажаці ў другім рамане Подых навальніцы празаік выкарыстоўвае псіхалагічны прыём - сугучныя думкі Ганны і Васіля, ужывае сінтаксічны паралелізм: Калі Глушаковы калёсы выкаціліся з цёмнай, залітай вадою дарогі на зялёнае разлеглае балота, Ганна раптам няцямна павяла вачыма: вунь тое месца, дзе яны начавалі ў тую ноч. Глянула - і адразу адвярнулася, не глядзела больш туды, адно сачыла за дачушкай [55, с. 12]. Калі спыніліся наводдаль, блізка ад падрослага куста, у Васіля ўсярэдзіне зацеплілася салодкае, добрае і нібы зайздрослівае: Там!.. Там було!.. Адразу, нібы зусім нядаўняе, не перажытае яшчэ, ажыў, захваляваў незвычайны настрой той незабыўнай ночы, з якой тады пачалося самае лепшае ў яго жыцці [55, с. 13].

Ціхае няспраўджанае каханне хлопца, загнанае на самае дно душы, выяўляецца ў аўтарскім каментарыі, калі Васіль спаткаўся з ужо замужняй Ганнай каля памятных груш у Подыху навальніцы: Яна ціха, як бы не верачы сабе, сказала: - Ты... ты не забуў саўсім, Вася?.. - Ён не адказаў. Дзіўныя пытанні часам у гэтых жанчын бываюць. Абы запытацца [55, с. 240].

Ганна і Васіль разумеюць шчасце па-рознаму. Для Ганны дэвізам зяўляюцца словы: Любоў будзе - усё нажывецца! І не на гора - на радасць! [55, с. 266]. Але гэтую мару дзяўчына разбурае ўласнымі рукамі, шукаючы зманлівага шчасця з Яўхімам, з Башлыковым, з Міканорам... Што развяло Ганну з Васілём? Ці зразумела яна да канца свайго каханага? Страціўшы дачку, кінуўшы Карчоў, Ганна апынаецца з развязанымі рукамі, а ён, хоць згодны расціць Яўхімава з Ганнай дзіця, не можа кінуць сына і сваё дзецішча - зямлю. Зямля для яго - не багацце, а нешта большае: сэнс жыцця, родная маўклівая душа. Васіль не можа выбраць шчасце паміж або-або. І зямля - яго душа, і Ганна - яго душа.

Востры і дапытлівы розум Ганны сугучны перадавым і вельмі чалавечным думкам Сцяпана, малодшага з Глушакоў. Яўхімаў брат кахае Ганну непрыкметна, ахвярна, безадказна. Аўтар перадае яму сваё захапленне гераіняй: Не адзін раз хацелася Сцяпану дакрануцца да яе рукі, пагладзіць супакойліва, сказаць ласкавае, добрае слова! [55, с. 43]. Ён шкадаваў, любіў яе, якое хараство, радасць якая, надзея таміліся, гарэлі ў ім, чакалі, спадзяваліся, імкнуліся [55, с. 45], калі сустракаўся вачамі з Ганнаю. Толькі жанчына ніяк не паказана ў дачыненні да яго - падабаецца ёй Сцяпан ці не, злуе на яго, а можа, адчувае ўдзячнасць альбо асцерагаецца нечаканых пачуццяў? Магчыма, яе адыдзі было сказана таму, што не магла абнадзеіць хлопца, не магла сказаць праўду.

Бачыць у Чарнушкавай дзяўчыне годнага саперніка, непрыступную вяршыню, якую трэба скарыць, і Яўхім. Плётка пра Ганніну сутычку з ім толькі Чубу на карысць. Гавораць - дак штось е... Дыму без агню не бувае [58, с. 233], - сумняваецца ў Ганне нават Васіль. У сваім змаганні з чуткамі, нагаворамі ды, зрэшты, і з самой сабою дзяўчына не адважваецца зрабіць адкрыты выклік звычаю. Яна вырашае пайсці за Яўхіма. Быццам бы не ў яе характары скарацца абставінам, але справа ў тым, што на карту пастаўлена не толькі яе добрае імя, але і спакойная старасць бацькі, дабрабыт і гонар сямі (мачыха ведала, якія струны закрануць, калі ўгаворвала падчарку на шлюб). Да таго ж паміж Ганнай і Яўхімам яшчэ ў малінах было як бы заключана бязмоўнае пагадненне: дзяўчына выставіла яму ультыматум - па-добраму кеб з ёй, а інакш - не бачыць яму зрэбнай каралевы. Яўхім з падкрэсленым форсам выконвае ўмовы дагавора і на кірмашы, калі дапамагае Чарнушкам прадаць авечак, і ў час вяселля, калі воз з нявестай засеў у гразкай лужыне, і нават сам-насам з Ганнай, але ўсё гэта - да вянчання, а потым нагадвае ёй, што ўжо забываць трэба, што нічыя була [58, с. 383] .

Нельга сказаць, што паступацца сваім гонарам было лёгка для Чуба, але ён атрымаў дастойную кампенсацыю - завалодаў абектам свайго нястрымнага кахання. У гэтым каханні ёсць нешта ад пачуццяў чорнаўскага Лявона Бушмара, і лёс мужчын агульны - абодва застаюцца самотнымі, затраўленымі жыццём. У сямейным жыцці Яўхім як бы помсціў за тое, што не любіла, што ўпарцілася некалі. Помсціў за Васіля, за вольныя гады [55, с. 233]. Віной жа ўсяму было Яўхімава пачуццё, моцнае, спапяляючае, бязладнае, неадступнае, злітае ў цвёрды сплаў з нянавісцю, якое ўрэшце змушае хлопца на адчайны учынак: ён (у накідах да апошняга рамана), нямецкі паслугач, коштам свайго загубленага здрадай жыцця выпускае Ганну з фашысцкага палону.

Праўду, мабыць, казаў калісьці разюшаны і закаханы Яўхім пра ўласную жонку: Як бы бог знае, дзе расла! [58, с. 383]. Ягоныя думкі як бы пераходзяць у наступны раман Завеі, снежань, толькі там іх выяўляе такі ж самы прагны да ўлады Башлыкоў. Калі той упершыню глядзіць на Чарнушкаву дачку, ён думае, што раней нічога такога не бачыў! Як яна тут вырасла такая!.. Цуд нейкі, і толькі! [58, с. 172]. І ўсё ж вонкавая станоўчасць Башлыкова розніць яго з Яўхімам, які не здраджвае свайму каханню. У той жа час партыйны сакратар нават дакарае сябе: Калі табе ўжо так захацелася жаночай ласкі, хіба мала тут дзяўчат, прыгожых і надзейных. Адданых справе, з ясным жыццём... Колькі дзяўчат - камсамолак - з радасцю пайшлі б насустрач, каб ты зажадаў гэтага [58, с. 208]. Памылковая падатлівасць на дасведчанасць і ласку штурхае Ганну да Башлыкова, хоць і цепліцца ў ёй разуменне гэтай памылковасці: Ні на што мне ўсё ето... Да і не пара мы. Што дуб і лаза... [58, с. 180]. Надзвычай дакладна ацэньвае былога калегу Апейка: Агню ў цябе няма на жанчын. Марны ты чалавек. Без карысці. Што за чалавек, які не ўмее любіць. Не чалавек. Ва ўсякім разе - не мужчына [58, с. 447].

Цягай да новага і перадавога спачатку захапляе Ганну Міканор, але яна зноў трапляе ў пастку выхаванай гадамі звычкі быць не самой, а пры кімсьці. Міканор на працы, у турме, на вайне, на курсах, яна - дома, з дзецьмі. Гэта вельмі характарыстычна ў адносінах да Міканора. Калі Ганна побач з Міканорам, то адчувае, што не любіць яго. Спакойная. Халодны ён. Чагосьці не хапае ў яго. Увесь у справах. Дзеці - адна радасць [58, с. 432]. Адзінаю ўцехаю для Ганны сталі яе малыя, падобна да Ганкі з быкаўскага апавядання Велікоднае яйка ці брылёўскай Галі з аднайменнага твора.

У другім рамане трылогіі мацярынства Ганны прапісана не дэталёва, але яскрава. Ганну доўга трывожыць віна за смерць Верачкі: Заныла, запякла думка: а можна было б дачушку ўратаваць! Магла б Верачка не ў труне ляжаць, пад важкай зямлёй, а жыць, жыць!.. Калі б не свая віна: што слухалася іх, сядзела - тады, калі трэба было хутчэй бегчы па ратунак! Не ўратавала, дала загубіць маленькую! Загубіла, можна сказаць, сама!.. [55, с. 46].

Падводзячы вынік, трэба адзначыць, што Ганна, хоць і моцная гераіня, але не стваральніца абставін, яна абект мужчынскай гульні і раўнапраўная ў каханні толькі з Васілём. Астатнія вышэй за яе ці па становішчы, ці па заможнасці, ці па адукаванасці. Цяжкі лёс жанчыны, немагчымасць выбрацца на грэбень жыцця абумоўлены лёсам тагачаснай беларускай жанчыны, у якой ёсць прыродныя здольнасці, працавітасць, высокія духоўныя якасці. Але побач з гэтым суседзіць адсутнасць адукацыі, падначаленае становішча, моцная повязь са звычаямі і стандартамі паводзін. Зробім спробу паглядзець на праблему і з другога боку: ці магла б стаць Ганна шчасліваю дзе-небудзь далёка ад бацькі, ад Васіля, ад сваіх Куранёў? Нават тое, што І.Мележ перасяляе яе ў Глінішчы, да Параскі - ужо нацяжка, бо і там яна жыве спатканнямі з мінулым - Васілём, бацькамі, Яўхімам, носіць ягонае дзіця.

Характар Ганны развіваецца па законах жанру, адлюстроўваючы змены рэальнага жыцця. Ганну змяняюць замужжа, смерць дачкі - пакута назаўсёды пакінула ў ёй знак. Новыя штрыхі да яе вобліку дадае потым пераезд у Глінішчы і сустрэча з Башлыковым. Дзейсная жыццёвая сіла Ганны аціхае з кожным раманам Палескай хронікі, падаючы толькі знак былой гарачасці, няўрымслівасці. Яе пачынае вабіць спакой, лес, цішыня і адзінота. Па запале, па здольнасцях той Ганны, у якую закахаўся Васіль, ніяк нельга было прадбачыць, што яна некалі стане маладой удавой пры жывым мужу, з трыма дзецьмі, на парозе вайны.

Дзіўная жанчына Ганна. Па-сапраўднаму кахае яна аднаго Васіля. Астатняе - толькі паслухмянае выкананне аўтарскай волі. Не ў характары Ганны мілавацца з Башлыковым і жыць з нялюбым Міканорам па суседстве з адзінокім Васілём, але аўтар не пакідае яе і са Сцяпанам. Многія белыя плямы Ганнінай душы застаюцца неразгаданымі, і аўтар нам ужо іх не адкрые.

Вобраз Пракопавай Мані ў творы - антыпод Ганны і па знешняй прываблівасці, і па працавітасці, і па асобасных якасцях. У той жа ступені, у якой празаік захапляецца Ганнай, ён асуджае Маню. Маня, тоўстая, санлівая, спіць, робячы, а ў Ганны ў руках работа гарыць. Васіль гаруе: Другім, канешне, можна і не паказваць гэтага, а сам жа ад сябе не ўтоіш, не ашукаеш самога сябе: ці ж такую трэба жонку!.. Няўдача, а не жонка!.. [55, с. 262]. Калі ў Ганны пераважаюць вызначаныя маральныя арыенціры, то Маня не лепшым чынам праяўляе сябе ў час наведвання хворай Хадоські ў бальніцы. Не скупіцца яна і на моцнае слова. Канчатковы аўтарскі прысуд гераіні вынесены І.Мележам у накідах да чацвёртага рамана, дзе пісьменнік зазначае, што Маня радуецца прыходу немцаў, якія, можа, вернуць ёй багацце. Тым самым ён паказвае першаснасць для жанчыны матэрыяльных каштоўнасцей, супрацьпастаўляючы яе Ганне, прагнай да пошукаў душэўнага ладу і шчасця.

Вобраз Хадоські - адзін з самых лірычных, цёплых у творы - таксама пададзены ў рамках інтымнай плыні. Яе чыста жаноцкі, пачуццёва-эмацыянальны, шчымліва наіўны і даверлівы погляд на свет, мяккае, лагоднае і прамяністае аблічча асабліва востра кантрастуюць з воблікам Яўхіма, які прадстаўляе ў творы неўтаймоўную мужчынскую сілу, а ў дадзеным выпадку - безадказнасць, якой у народзе заўжды знойдзецца апраўданне: хіба мужчынская гэта справа - за дзеўку думаць? Нарэшце, у Канапляначкі зяўляецца прага справядлівай адплаты за Яўхімаў учынак, за завейную ноч у Юравіцкай бальніцы, знядоленай жанчыне здаецца, што праз смерць Верачкі на малодшага Глушака сышла божая кара: Хоць бы на міг паявілася спачуванне ў яе зеленаватых, халодных, як ільдзінкі, вачах... Быў спакой, хоць там сядзела Ганна, хоць побач груганом горбіўся той, хто даў ёй, Хадосьцы, столькі гора, хто, можна сказаць, скалечыў ёй усё жыццё. Хадоська глядзела спакойна, можа ўпершыню за гэтыя гады так спакойна: бог пакараў іх! Заступіўся за яе, пакараў за ўсё! [55, с. 50]. Для Хадоські ўсё, што людзям уласціва ўспрымаць як шчасце - каханне, нараджэнне дзяцей, - абярнулася непапраўнай бядой. Пісьменнік апасродкавана, праз згадкі куранёўцаў, адлюстроўвае, як змяніла бяда Канапляначку: Яшчэ заўважылі ў Куранях, што пры такой непрыхільнасці да дарослых Хадоська аж дзіва гарнулася да дзяцей... А яшчэ злыя языкі казалі, што за ўсе гэтыя гады не было такога, каб Хадоська падышла к якой маладзіцы, у каторай было грудное на руках... [55, с. 66].

Апісваючы яе замілаванасць кветкамі, аўтар мякка падкрэслівае, што дзяўчына перастала верыць людзям, пазбягае шумлівай кампаніі, вячорак, засяродзілася на сваім горы і адзіноце, шукае спакою ў размовах з раслінамі. Нельга не заўважыць і своеасаблівых узаемадачыненняў двух персанажаў, Хадоські і Ганны, пэўнай кантрастнасці іх характараў. На пачатку твора мы захапляемся іх шчырым сяброўствам, але з развіццём дзеяння дзяўчаты становяцца ўсё больш непадобныя адна на адну. Першая па натуры - пяшчотная, пакорлівая, ласкавая, другая - незалежная і ганарлівая, першая - пакутліва плыве па цячэнні, другая ўступае ў змаганне за права распараджацца сваім жыццём у неспрыяльных абставінах. Лёс Канапляначкі нялёгкі, але пісьменнік больш літасцівы да яе, чым да Ганны. У рамане Подых навальніцы відаць, як красуня-канапляначка акрыяла пасля свайго цяжкага дзявочага гора, харошая сабою стала [55, с. 51].

Яна доўга пакутуе ад таго, што адчувае віну перад Хонем, перад сабой, і пісьменнік у рэшце рэшт дорыць ёй каханне і адданасць хлопца-веселуна, якія лечаць душэўныя раны Канапляначкі. Некаторыя пытанні ў дачыненні да вобраза дзяўчыны застаюцца без адказу: чаму яна так упарта рухаецца па дарозе свайго лёсу? ці не спрадвечная вера ў прадвызначанасць Богам кожнага дня, у нядобрую долю, у адчайную бездапаможнасць перад злымі языкамі пацягнула Хадоську ў глінішчанскую багну? Так, можна абвінавачваць Канапляначку ў сляпым падпарадкаванні наканаванаму, але цячэнне жыцця, па якім яна плыве, выносіць Хадоську, у адрозненне ад упэўненай Ганны, да асабістага шчасця.

Прыватна-сямейная плынь таксама дастаткова выяўлена: і Алена Дзятлікава, і Ганніна маці-нябожчыца, і Глушакова Куліна - надзвычай каларытныя, адметныя постаці.

Вобраз цёткі Алены ўяўляе сабой яркі прыклад жаночага светапогляду і ладу жыцця, якія сфарміраваліся ва ўмовах патрыярхальнай беларускай вёскі. Сэнс яе існавання - служэнне бацьку, потым мужу, затым сыну - а дакладней, сямі і яе гаспадару, мужчыну. Прынцып жыцця Дзятліхі - саступаць, улагоджваць, супакойваць, мірыць, дагаджаць, спачуваць - г.зн. забяспечваць станоўчы, спрыяльны і стваральны мікраклімат у сямі і, наогул, вакол сябе.

Асабліва выразна гэта праяўляецца ў азначэннях, якія выкарыстоўвае І. Мележ для абмалёўкі вобраза Алены: сама яна маўклівая, паслухмяная, худая, высушаная надмернай працай і рознымі турботамі [55, с. 178], у складцы яе... губ выраз шкадавання і вінаватасці [58, с. 24]. Найбольш увагі аўтар надае вачам маці. Яе вочы добрыя і сумныя, позірк - спасцярожлівы, часам і востры, то яна пазірае на сына, нібы на малога, то болесна глядзіць услед вачыма, поўнымі жалю і трывогі. У эпізодзе, калі Алена наведвае сына ў турме, аўтарскае пачуццё да гераіні прарываецца ў цэлым феерверку псіхалагічных эпітэтаў: Маці, якая сядзела ўскрай услончыка, не зводзячы добрых вачэй з яго (Васіля), хапаючыся, узнялася, стала ў замяшанні. Так і стаяла, маўклівая, і толькі вочы, насцярожаныя, чулыя, павільгатнелыя, поўныя вялікага шкадавання, казалі, што робіцца ў яе душы [58, с. 105].

Нягледзячы на нібыта прыніжанае становішча, у якім знаходзіцца цётка Алена сярод сямейнікаў, пісьменнік паказвае яе з ціхім замілаваннем, нават узвышана, апяваючы спагадлівасць і ахвярнасць Васілёвай маці. Гэта асабліва відаць, калі яна дзеліць з сынам душэўныя пакуты ў час яго зняволення ў турме, бароніць яго ад разюшанага Яўхіма ў памятнай бойцы за зямлю ля цагельні. І. Мележ часта падкрэслівае, што нямарныя былі яе ахвяры і клопаты, паказвае, як мацярынскае шчасце перарастае ў гордасць за свайго ўзмужнелага, дарослага, працавітага, ёю выхаванага Васіля. Калі сын косіць, яна пазірае яму ўслед, ласкавая і гордая, і ад гэтага ў руках і нагах сілы быццам большае [58, с. 24].

Вобраз Алены Дзятлікавай для І. Мележа - увасабленне ахвярнага пачуцця мацярынства, непрыкметнага, ціхага і ўсеабдымнага. Тут на першы план выступае культурна-хрысціянскі ідэал маці і мацярынства, - слушна заўважае І. Воюш [30, с. 204].

Вобраз жа Ганнінай маці-нябожчыцы мае ў творы, на наш погляд, іншую, але не менш значную сэнсавую нагрузку. Празаік згадвае яе, калі апісвае найважнейшыя моманты Ганнінага жыцця. Упершыню ўспамін пра маці-нябожчыцу ўзнікае ў лірычным аўтарскім маналогу, калі Ганна пасталела і выбіваецца на дзяўчо, там, дзе яна параўноўваецца з рабінай: Часам успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дочка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча - дык як вылітая... [58, с. 34]. Гэты напамін звязаны з момантам росквіту дзявочай прыгажосці, з самым шчаслівым часам у жыцці Ганны. Прыгадаем, што ў другім рамане аўтар ужо стане параўноўваць яе душу, як гэта было калісьці ў Ядвігіна Ш., з бярозай: Бяроза ўжо дажывала век. Вецце яе было ўжо найбольш пасохлае, там і тут вятры абламалі галіны, ствол чарнеў старэчай карою... Ад гэтай бярозы Ганне стала яшчэ страшней. Ето ж - я сама! - пранізала яе думка [55, с. 234].

Яшчэ раз згадка пра памерлую маці, якая, відаць, не дапусціла б такога здзеку з дачкі, прымеркавана да драматычнай падзеі ў жыцці Ганны - вяселля. У гэтым кантэксце значным выглядае маналог Чарнушкі, які збег ад етай гадзюкі Куліны і ад гасцей, каб не бачыць Ганніных пакут, расплакаўся: Ты помніш, дочачко, маці-нябожчыцу?.. Не даждалася, не паплача... [58, с. 374]. Роспач ад бездапаможнасці ў такіх складаных жыццёвых варунках, калі так неабходна падтрымка, а яе няма, перадаецца і Ганне. Але дзяўчына прывыкла прымаць удары лёсу і не дазваляе сабе самашкадавання. Светлы вобраз роднай маці, відаць па ўсім, захоўваецца ў адным з тых нямногіх куточкаў Ганнінай памяці, дзе яна можа адпачыць душой.

Калі ж стары бацька непакоіцца за лёс дачкі ў час калектывізацыі, ён, успамінаючы яе нядобрае замужжа, зноў згадвае пра нябожчыцу-жонку: Не ўтрымаў перад бядою дзіця, пусціў Ганулю на пакуту!.. Пахадзіла, пабачыла добрага, забыла нішчымніцу!.. Даў шчасця дачцэ сваёй! Устала б, пабачыла б нябожчыца-матка! А цяпер - з Карчамі разам - і яна кулачка, лішэнка!.. [58, с. 89].

Семантычна вобраз Ганнінай маці вельмі набліжаны да вобраза Алены Дзятлікавай, але ён заключае ў сабе яшчэ большую ступень абагульнення ў выяўленні духоўнай сутнасці мацярынства.

Вобраз жанчыны традыцыйна ўспрымаецца як увасабленне абекта кахання, альбо як прыклад самаадданага мацярынства, альбо як узор вернасці народным ідэалам дабра і справядлівасці. Фальклорны вобраз жанчыны прадугледжвае яшчэ адну - цёмную - іпастась: вядзьмаркі, русалкі, мачыхі. Апазіцыя маці - мачыха выразна праяўляецца не толькі ў народнай творчасці, але і ў мастацкіх творах: у адных як пацверджанне, у другіх - як абвяржэнне вуснапаэтычнай традыцыі. І.Мележ не ідзе насуперак народнаму ўяўленню пра няродную маці і паказвае другую Чарнушкаву жонку Куліну няшчырай, крывадушнай, з прыхаванай думкай пра свой уласны інтарэс.

У Чарнушкавай сямі, як кажуць, спявае курыца, і падобна на тое, што Ганнін бацька махнуў рукою на такое становішча. Магчыма, ён стаміўся ад дробных сварак, вечнай незадаволенасці жонкі. Ганна таксама не ўступае ў спрэчкі з мачыхай - гэта бессэнсоўна, бо бацька з дачкою жывуць у іншым вымярэнні, дзе сквапнасць да грошай, імкненне схітрыць не знаходзяць месца.

У час сватання Яўхіма мачыха фактычна прадае Ганну, патрабуючы ад яе вялікай ахвяры быццам бы дзеля сямі: Пра нас, пра бацьку падумала б!.. Як яму дажываць век у нішчымніцы?.. І пра браціка, пра Хведзьку не грэх падумаць! [58, с. 243]. Хаця гэта і натуральна - хвалявацца за свайго сына, але ж не за чужы кошт. Мачышына ліслівасць да залатога зяцька, яе імкненне паддобрыцца да Карча выклікае ў Ганны гідлівасць і сорам.

Падобна таму, як Васілёва жонка Маня супрацьстаіць у творы яго каханай Ганне, так і Ганніна маці-нябожчыца выступае антыподам мачыхі - Чарнушкавай Куліны. Нешта нядобрае адчувае нават Башлыкоў, калі ўпершыню яе бачыць: Колькі зацятасці і непрыязнасці ў твары маці! Як бы загадзя папярэджвае: нічога добрага не чакайце! [56, с. 135].

Агульныя рысы назіраюцца таксама ў лёсах Васілёвай Мані і Глушаковай Куліны. У раманах Палескай хронікі шляхі Глушачыхі і Мані не перасякаюцца, але іх падабенства заўважаецца адразу. Па-першае, у Васіля Дзятла і старога Карча супадаюць погляды на стварэнне сямі: гаспадарчы разлік пераважае над сардэчнымі парываннямі. Глушак узяў за сябе няўдаліцу Куліну з-за бацькаўшчыны - палоскі зямлі, прадаўшы якую, ён прыдбаў лапік ля цагельні. Васіль таксама выбраў сабе ў жонкі дачку багатыра Пракопа не ад вялікага кахання - яго прывабліваў багаты пасаг. Зрэшты, гэта вынік псіхалогіі неабходнасці, якая панавала ў небагатых і нават у заможных семях і давала магчымасць выжыць і пракарміцца. Цікава, што яўна негатыўна маркіраваны Яўхім не спакушаецца такім утылітарна-разліковым падыходам - і бярэ сабе жонку паводле сардэчнай прывязанасці.

Выпісаная пісьменнікам яркімі штрыхамі, Глушачыха моцная сваёй фанатычнай прывязанасцю да сямі; жанчына без памяці любіць сыноў. Асабліва пераканаўча І. Мележ паказвае гэта ў эпізодзе арышту Яўхіма: Больш Міканору не ўдалося стрэліць. Разятраная Глушачыха, затульваючы сына, раскінуўшы рукі, рушыла на яго [56, с. 311]. Паказальны і такі момант: калі малодшы сын Сцяпан угаворвае маці ўступіць у камуну, жанчына бачыць у гэтым здраду мужу, сямі і годна адказвае: Разам звекавалі. Разам дажываць будзем [56, с. 318]. Яе вобраз зяўляецца выразнікам спрадвечных культурных канонаў патрыярхальнай вёскі, яе маральна-этычных норм.

Сацыяльную плынь у трылогіі прадстаўляюць пераважна другарадныя, а часам і эпізадычныя вобразы: Адаря Дамеціха, удава Сарока, настаўніца Параска, швачка Годля, гаспадыня Цыля.

Да прыкладу, Адарю Дамеціху напаткаў цяжкі лёс: пяцярых дзяцей яна перавезла на могілкі. Бедавала ў халоднай хаце з гнілымі падвалінамі, расцягваючы чорную муку да першай травы. Жыццё навучыла яе трываць, цярпець, чакаць горшага і радавацца, калі яно не наступіць. Дапамогі асабліва чакаць не было адкуль - і яна, як і ўсе ў Куранях, чакала яе з неба. Вера ў Бога дапамагала людзям выжыць, у горы - акрыяць душой, не паддацца адчаю, з ёю ў цёмныя хаты палешукоў штогод завітвала надзея на новае лета, на добрае жыта. Бог, мабыць, адзін, хто заставаўся з імі на балоце, калі яно адразала вёску ад свету. Багоў не мяняюць хутка, тым больш жанчыны - найбольш кансерватыўная палова чалавецтва, якая заклікана захоўваць і перадаваць наступным пакаленням нацыянальную памяць, а значыць, і рэлігію.

Малады Міканор яшчэ не мае такога вопыту ў перакананні людзей, як, скажам, Апейка, і намагаецца пераадолець барер з наскоку. І ён пачынае перастаўляць жыццё на новыя рэйкі са сваёй хаты. Мудры аўтар не палемізуе з Дамецікам у адкрытую, але ён выбірае і апісвае такія моманты куранёўскага жыцця, якія б адлюстроўвалі не столькі цемнату і фанатычную веру палешукоў, колькі народную мараль, увасобленую ў па-свойму зразуметых імі законах Божых, традыцыйную абраднасць, нацыянальны лад жыцця. Таму, думаецца, І.Мележ усё ж аддае перавагу пазіцыі старой Дамеціхі. Невыпадкова менавіта яна часта ўключаецца ў абмеркаванне самых надзённых, палітычных, нежаночых пытанняў.

Дамеціха і Апейка - натуры падобныя. Вуснамі Дамеціхі гаворыць аўтар, калі Апейкі няма. У яе словах, як у клятве Гіпакрата, лейтматывам гучыць - не нашкодзіць. Жаночы падыход Адарі да стварэння калгаса і да раскулачвання, да брата Глушака і да любога суседа - па-добраму кеб, па-людску - характэрны і для Апейкі. Нездарма Харчаў кажа яму: Мяккацелы ты, Іван. Бабскае ў табе нешта [56, с. 321]. Гэта бабскае, якое можна называць жаночым падыходам, жаночай логікай (лепш недапакараць, чым перагнуць, любы чалавек мае права жыць, у кожнага павінен быць шанц і г.д.), на наш погляд, і зяўляецца сапраўднай праявай гуманізму, чалавекалюбства.

У спрэчцы з маці фактычна выкрываецца і Міканорава просталінейнасць, і яго ачмуранасць новымі жорсткімі павевамі. Яна, маці, намагаецца вярнуць яго да адчування рэальнасці: Міканорко, што ето ты кажаш: галоў шкадаваць не будзем! Ето так можно з людзьмі! [56, с. 283]. Сынаў адказ выкрывае сутнасць таго псіхозу, як яго называе Апейка, пад уплывам якога знаходзіцца Міканор: Мамо, людзей цяпер няма: е - трудавыя, і е кулакі. Такая наша паліціка [56, с. 283].

Вобраз Дамеціхі ў раманах Палескай хронікі - не столькі ўвасабленне сляпой, інстынктыўнай мацярынскай любові, як, скажам, у Глушачыхі, а хутчэй праваднік гуманістычнага, хрысціянскага светапогляду аўтара. Таму і статус мележаўскай гераіні ў творы не прыватна-лакальны, як, напрыклад, маці Васіля, а канцэптуальны, філасофскі.

Удава Сарока, як і Дамеціха, прадстаўляе свой сацыяльны пласт і найчасцей прыгадваецца падчас калектыўнай будоўлі грэблі і выбараў старшыні ў сувязі з разважаннямі вяскоўцаў пра стварэнне калгаса, пра спосабы і мэты ўваходжання ў новае жыццё. Характэрна, што гуманістычныя ідэалы для яе такія ж першаступенныя, як і для Дамеціхі. Нягледзячы на свае даволі прагрэсіўныя погляды, яна не бачыць сацыяльныя змены падставаю для знішчэння чалавека і прымае да сябе ў хату раскулачаных Глушакоў (накіды да рам. Завеі, снежань). І. Мележ згадвае, што яе сыну, як і Міканору, незразумелая яўна палітычна недальнабачная пазіцыя жанчыны.

Да сацыяльна значымых таксама можна аднесці вобразы яўрэйскіх жанчын. В. Ляшук, цытуючы ўспаміны І. Мележа ў кнізе Іван Мележ у школе, паказвае, што вобраз швачкі Годлі, як і Зайчыка, і Нохіма, у рамане рэальны [47, с. 25], нават імёны не зменены. Вобраз жанчыны настолькі натуральна ўпісаўся ў мастацкую тканіну твора, што не ўзнікае ніякіх сумненняў у мэтазгоднасці яго ўключэння ў сюжэтную канву. Менавіта дзякуючы такім персанажам, як Годля, пісьменнік разважае над лёсам збяднелага беларускага яўрэйства.

Швачка, якая жыве з выпадковага заказу, часта не знаходзіць прымянення свайму, відаць, не абы-якому ўмельству, але бярэцца за любую работу. Злая доля пазбавіла яе сямю кармільца, узняла з наседжанага месца і занесла ў палескае балота разам з малымі і старэйшымі дзецьмі, якіх трэба пракарміць, выгадаваць, вывесці ў людзі. Толькі пазней, у рамане Завеі, снежань, мы бачым Годлінага чалавека, які вярнуўся здалёку, - ціхага, далікатнага Элю.

Асаблівую ўвагу звяртае аўтар на праніклівасць яўрэйскіх жанчын, якія маюць рэдкую ўласцівасць бачыць людзей навылёт. Для Карча Годля - яхідная, вострая, праніклівая, цікаўная, хітрая жыдоўка, якая кальнула яго пільным позіркам, нацэліла, стрэльнула вокам. Хоць і была яна слепавокая, а як зіркне - бы ў нутро, паганка, улазіць!.. [55, с. 103]. У апошнім рамане трылогіі мы сустрэнем яўрэйку Цылю - гаспадыню кватэры, дзе жыве Башлыкоў. І зноў жа падзівімся з яе праніклівасці. Зіркастая Цыля адразу бачыла, калі ў Башлыкова здаралася нешта непрыемнае.

Звернем увагу і на вобраз студэнткі Параскі, з якою мы сустракаемся ў першым рамане Палескай хронікі. У будучай настаўніцы ёсць выразная грамадзянская пазіцыя - яна цвёрда для сябе вырашыла прыехаць на працу ў глухую вёску. Яна, як і коласаўскі Андрэй Лабановіч, не грэбуе неадукаванымі палешукамі, а імкнецца несці ім праменьчык асветы. Параска ў творы, як Апейка і Міканор, - прадстаўніца новага, будучага жыцця, таму невыпадкова па працягу трылогіі мы яшчэ ўбачым, што менавіта да яе звернецца Ганна па дапамогу, калі назаўсёды пакіне Глушакову хату.

Настаўніца ў творы І. Мележа надзелена прывабнымі чалавечымі рысамі, але яе вобраз рафіна вана сацыяльны, народжаны савецкім часам, спрошчаны і ў нечым нагадвае Веру Засуліч з рамана Міхася Зарэцкага Вязьмо - вясёлая, жвавая, аптымістычная мясцовая актывістка, закаханая ў свайго начальніка, ставіць па вечарах агітпесы, выступае на сходах. Напачатку яе характар мае выдатныя перспектывы для развіцця, але ў наступных раманах выяўляецца пераважна знешне і нематывавана.

Такім чынам, выяўляючы нацыянальны тып беларускай жанчыны ў раманах Палескай хронікі, І. Мележ найперш абмалёўвае яе ў традыцыйных праявах, а менавіта ў прыватна-сямейных адносінах. Каханая дзяўчына (Ганна, Хадоська) і маці (Васілёва, Хонева, Ганніна маці) разглядаюцца аўтарам як выразніцы лепшых рысаў характару беларускі. Вобразы ж мачыхі (Чарнушкавай Куліны), дрэннай жонкі (Мані), злой свекрыві (Глушачыхі), адпаведна фальклорнай традыцыі, стылістычна зніжаны. Па-другое, празаік імкнецца ўвесці ў абыход таксама вобраз сацыяльна актыўнай жанчыны - настаўніцы, удавы, проста неабыякавай да несправядлівасці сялянкі.

Пісьменніку ўдалося выявіць народны тып жанчыны, падаць яго адпаведна уяўленням беларусаў, раскрываючы ў разнастайных індывідуальных праяўленнях. Фемінныя вобразы, створаныя І. Мележам, пазбаўлены схематызму і просталінейнасці, аднатыпнасці альбо шаблоннасці, але яны прывабныя ў сваёй тыповасці, у глыбокай роднасці з рэальным характарам беларускай жанчыны.

Паставіўшы жанчыну ў кантэкст грамадска-гістарычных змен, выявіўшы яе гуманістычны падыход да чалавека ў рэчышчы любых сацыяльных калізій, пісьменнік змог паказаць такія яе істотныя рысы, як справядлівасць, дабрачыннасць, хрысціянскае чалавекалюбства і ахвярнасць.

Чарнобыльская катастрофа адабрала ў беларускага народа Прыпяцкае Палессе, і яго жанчыны - носьбіткі унікальных мясцовых традыцый - аказаліся расселенымі па ўсёй краіне. Таму проза пісьменніка-палешука І. Мележа дагэтуль застаецца адной з найгалоўнейшых літаратурных крыніц, дзе ў вышэйшай ступені таленавіта занатавана ментальнасць палескага рэгіёна, выяўленая ў вобразах беларускіх жанчын.

1.3 Маральны выбар: жанчына-гераіня і жанчына-ахвяра ў прозе В. Быкава

.3.1 Вобраз жанчыны-гераіні ў прозе В. Быкава як носьбіткі лепшых нацыянальных духоўных якасцяў

Мастацкая проза Васіля Уладзіміравіча Быкава заканамерна ўзрасла на тым падмурку, які быў закладзены класікамі беларускай літаратуры - М. Гарэцкім, Якубам Коласам, Кузьмой Чорным і інш. Крок да вялікай літаратуры пра вайну пісьменнік рабіў поруч з выдатнымі рускімі пісьменнікамі - аўтарамі прозы суровых лейтэнантаў - Р. Бакланавым, Ю. Бондаравым. Рэалістычнае мастацкае мысленне В. Быкава, моцны сацыяльны імператыў, скандэнсаваны ў тэкстах, яго ўнутраная повязь з нацыянальным менталітэтам, а ў выніку - высокі ўзровень мастацкага абагульнення - усё гэта дае падставы разглядаць творы празаіка ў кантэксце нацыянальнай сацыяльна-філасофскай прозы.

Арыгінальныя праблемныя аповесці аўтара перакладзены больш чым на 50 моў свету і шырока даследаваліся ў літаратуразнаўстве. Усебаковаму аналізу быкаўскай прозы прысвечаны манаграфіі Дз. Бугаёва Васіль Быкаў: Нарыс жыцця і творчасці (1987), І. Афанасьева Хто ўзыходзіць на Галгофу? (на руск. мове, 1993), грунтоўныя даследаванні А. Адамовіча, С. Андраюка, П. Дзюбайлы, В. Жураўлёва, В. Каваленкі, М. Тычыны і інш. Рускія даследчыкі І. Дзядкоў і Л. Лазараў у нарысах творчасці В.Быкава паставілі прозу аўтара ў кантэкст савецкай літаратуры пра вайну. А. Макмілін, вядомы англійскі даследчык беларускай літаратуры, стваральнік англамоўнай Гісторыі беларускай літаратуры, прысвяціў быкаўскім ваенным аповесцям крытычныя артыкулы Васіль Быкаў і беларуская савецкая аповесць (1976, на англ. мове), Вайна і мір у прозе Васіля Быкава (1983, на англ. мове). Балгарскія, кітайскія, нямецкія, польскія, украінскія, французскія, чэшскія і эстонскія крытыкі звярталіся да асэнсавання быкаўскай прозы.

Творы пісьменнікаў узроўню В.Быкава маюць велізарнае значэнне для развіцця нацыянальнай культуры. І гэта звязана найперш з тымі каштоўнасцямі, якія яны ў гэтую культуру нясуць. Каштоўнасці, якія абараняе аўтар, сапраўды можна назваць агульначалавечымі, гендэрна не заангажаванымі. Яны ўяўляюць сабой тое адрознае і агульнае, чым мужчынскі і жаночы свет узаемадапаўняюць адзін аднаго, а ў экстрэмальных абставінах і ўзаемазамяняюць.

Нацыянальны свет сканцэнтраваны не столькі вакол быкаўскіх герояў, колькі ў іх душах. Характэрна, што нефальшывыя, хрысціянскія прынцыпы існавання ў прозе пісьменніка фармулююць персанажы-жанчыны. У большасці твораў В. Быкава не яны выступаюць галоўнымі гераінямі, але найчасцей менавіта іх вуснамі гаворыць быкаўская праўда жыцця.

Быкаўская рэпрэзентацыя феміннага вобраза прадугледжвае наступнае. Вядучую ролю ў яго стварэнні адыгрывае не апісальны кампанент, не канкрэтныя ацэначныя меркаванні апавядальніка і нават не партрэтная характарыстыка. Ядро вобраза канцэнтруецца вакол учынкаў і абставін, звязваецца з праяўленнем асабістых якасцяў гераіні, раскрываецца ў яе дзеяннях і ўзаемадачыненнях з іншымі вобразамі. Як вынік судакранання з жаночымі персанажамі, на іх фоне звычайна раскрываецца і развіваецца характар галоўнага героя - мужчыны. Іншымі словамі, жанчына і стаўленне да яе - своеасаблівы крытэрый ацэнкі аўтарам духоўнай сутнасці яго героя. Тыя ж творы, дзе жанчыны выступаюць у ролі галоўных гераінь, - апавяданне Сваякі (1966), аповесць Знак бяды і апавяданне Велікоднае яйка - можна ўмоўна назваць дыягнастычнымі ў плане ацэнкі аўтарам стану здароўя нашага грамадства на пэўным этапе.

У вобразе кожнай з гераінь па-асабліваму раскрываецца сутнасць жанчыны і жаночага змагання. Зробім спробу ў праблемна-тэматычным накірунку прасачыць, як і калі адбываецца маральны выбар быкаўскай гераіні.

Праблемы агульначалавечага зла і расплаты за яго хвалююць пісьменніка на працягу ўсёй яго творчасці. Але ён асабліва засяроджвае ўвагу на тым факце, што стваральнік зла і той, хто расплачваецца за яго, - у абагульненым сэнсе не адна і тая ж асоба. Ён бачыць мужчынскае сумленне адказным за ваенныя страты (Трэцяя ракета, 1961; Карер, 1985; Пакахай мяне, салдацік, 1995; Балота, 2001), за знявечаныя людскія лёсы (Зенітчыца, 1995; Вочная стаўка, 1999; Дваццаць марак, 2000), за агалцелую прымусовую калектывізацыю, рэпрэсіі і гвалтоўнае высяленне вяскоўцаў (Знак бяды; Аблава, 1989; Сцюжа, 1969, 1991; Велікоднае яйка). Разам з тым пісьменнік сцвярджае наступную думку: жанчына з яе спрадвечнымі, гістарычна наканаванымі гуманістычнымі ідэаламі не зможа, не здолее перажыць такое зло. Аўтар неаднойчы паўтарае словы, якія маглі б стаць эпіграфам да яго творчасці. За ўсё трэба плаціць - за добрае і за кепскае, якія так моцна звязаны ў гэтым жыцці. Але ўся справа ў тым: хто плоціць? - усклікае ён у фінале рамана Карер. - Плоціць, канешне ж, той, хто менш за ўсіх вінаваты, хто не разлічвае на выгаду, хто ад нараджэння больш схільны даваць, у адрозненне ад тых, хто навучыўся прыстойна браць ды патрабаваць з іншых. У свой час ён заплаціў ЁЮ і быў бязлітасна пакараны. Таму што яна была паслана яму для шчасця, а не для збавення [24, с. 276].

Да падобнай высновы прыходзіць аўтар і ў апавяданні На чорных лядах (1994): Як заўжды на вайне, галоўная плата - кроў, і плоціць той, хто найменш вінаваты [25, с. 273]. Той, хто найменш вінаваты, паводле В. Быкава, - гэта дзяўчына, жанчына-маці альбо безабароннае дзіця.

У адплату за вынікі прамужчынскага развіцця цывілізацыі і грамадства на алтар калектывізацыі, вайны, Чарнобыля (Ваўчыная яма, 1999) паклалі свой лёс гераіні В. Быкава. Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы.

Першая - змагаркі, гераіні, якія робяць свядомы выбар: не збаяцца памерці, пазбыцца існавання, калі яно бачыцца ім бессэнсоўным. Гэта такі тып жанчын, як, напрыклад, санінструктары Люся-Сінявочка (Трэцяя ракета) і Каця (Мёртвым не баліць), Сцепаніда Багацька (Знак бяды), пападдзя Бараноўская, фельчарка Яўсееўна (Карер), Дуся Валярянава (Жоўты пясочак, 1992), Ганка (Велікоднае яйка).

Асобна стаяць нешматлікія вобразы жанчын, якія здрадзілі свайму сумленню. Гэта Паліна Пташкіна (Сцюжа), Ніна Башмакова (Зенітчыца), Ніна (Вочная стаўка), Анечка (Балота). Такія персанажы ўведзены ў тканіну твораў з мэтаю падкрэсліць, да якой ступені таталітарная сістэма можа знявечыць чалавечую душу.

В. Быкаў паказвае жанчыну-гераіню, змагарку, не стэрэатыпна, не традыцыйна (як жанчыну-маці, каханую або падпольшчыцу) - гэта значыць, у выяўленні яе сацыяльна-родавых функцый. Ён адлюстроўвае жанчыну як значымую першачарговую асобу, ад якой у вялікай ступені залежыць тое галоўнае, без чаго жыццё немагчыма, - заўважае І Воюш [31, с. 10]. Так, калі ў знішчальна скажоных страхам і невядомасцю ваенных умовах не здолее ацалець яе вера ў праўду, яе душа, то будуць разбураны маральныя чалавечыя зносіны. Падчас акупацыі, калі жыхары Беларусі былі аддадзены пад уладу чужынцам і на ганьбу сваякам з паліцыі, цэнтр цяжару грамадскіх адносін перамясціўся ў духоўную сферу - у традыцыйны жаночы свет. Невыпадкова менавіта жаночы вобраз вядзе за сабою дзеянне ў апавяданнях Сваякі і Велікоднае яйка, аповесці Знак бяды.

Выяўляючы жаночыя вобразы, В. Быкаў імкнуўся дасягнуць як мага большай ступені абагульнення, не стамляючыся падкрэсліваць значнасць мацярынства і звязаных з ім праяў жаночай логікі. Так, у апавяданні Сваякі пісьменнік не дае імені галоўнай гераіні - маці. Мацярынства тут выступае як спецыфічна жаночая катэгорыя, якой уласцівы ўсе праявы жаночай логікі, жаночага выбару - вера ў тое, што заўсёды ёсць магчымасць паразумецца чалавеку з чалавекам, што калі не парушаць парадку, то не будзе пакарання, што дзеці не павіннны адказваць за свае ўчынкі ў такой меры, як дарослыя.

Вобраз маці з апавядання Сваякі пераклікаецца з вобразам настаўніцы-салдаткі Аўгінні з твора Дваццаць марак (2000). Гэтая гераіня, кіруючыся менавіта жаночай логікай, мацярынскім пачуццём, а не ідэалагічнымі канонамі, палічыла магчымым па-чалавечы дамовіцца з нямецкім камендантам, каб ён даў ёй каня заараць гародчык: трэба было ратаваць ад голаду малога сына. Хіба магла яна даўмецца, што гэта будзе расцэнена сваімі як супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі акупантамі [19, с. 23]. Потым за ўяўнае супрацоўніцтва яе з дзіцем партызаны забяруць у лес разбірацца, а тады вернуць на расправу фашыстам назад у вёску, і яна ў рэшце рэшт загіне.

Партызан Тумаш, які шмат чаго зведаў на вяку, разважаючы, тлумачыць яе ўчынак менавіта тым, што яна дзейнічае з пункту гледжання жаночай логікі, не як мужчына: Ну што было Аўгінні рабіць? Можа, і не трэба было ісці да таго каменданта, яшчэ як-небудзь ратавацца ад голаду. Але ж у яе быў свой, жаночы розум [19, с. 27].

У апавяданні Сваякі непадкупны і палітычна непадкаваны жаночы розум прыводзіць маці ў пошуках ратунку, таксама, як і настаўніцу Аўгінню, да парога камендатуры, а потым, пасля забойства яе сыноў паліцаямі, да душэўнага разладу. Ідучы па дапамогу да сваяка-паліцая, каб той адгаварыў яе хлопцаў ад рызыкоўных уцёкаў у партызаны, яна не магла прадугледзець расправы над дзецьмі. (Духоўны надлом натуральны ўсюды, дзе месца справядлівасці занята абсурднай, банальнай жорсткасцю.) Яна дабрыла да калодзежа, упала жыватом на край яго прысадзістага аслізлага зруба і, убачыўшы ў ягонай глыбі далёкі пробліск святла, нібы за няздзейсненай справядлівасцю таропка рынулася ў змрочную зыбкую пройму [15, с. 184]. Такім чынам, гэтая жанчына знайшла ў смерці збавенне ад незразумелага ёй агрэсіўнага свету і ад бездапаможнасці, таксама як і гераіня ўжо згаданага апавядання Дваццаць марак, напісанага аўтарам праз трыццаць з лішнім год.

Звернем увагу, што жаночы розум выступае як сапраўдны, натуральны, адпаведны каштоўнасным арыенцірам самога аўтара. Пацверджаннем гэтаму выказванню могуць служыць словы салдата Лукянава, героя аповесці Трэцяя ракета: Наогул, шмат нашых уяўных бед ад таго, што мы не верым жанчыне. Мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць вякоў. Яна антаганіст злачынства [20, с. 149]. У яго вусны В.Быкаў уклаў сваю думку пра ролю і значэнне жаночага ўспрыняцця свету для ўсяго чалавецтва.

Менавіта гэтая думка тлумачыць заканамернасць зяўлення ў творы жаночага персанажа Люсі, якая ўсімі ўчынкамі дзейнічае насуперак ваеннай логіцы і адпаведна жаночай. Яна прыбягае да пакінутых адзін на адзін з ворагам артылерыстаў, шкадуе і мірыць іх, спачувае людзям, кінутым у самае жэрала бітвы, хоць у пару пашкадаваць яе саму.

Найбольш ярка жаночыя вобразы раскрыты пісьменнікам у аповесцях, дзе жанчына зяўляецца адной з галоўных дзеючых асоб. Так, вобраз Сцепаніды Багацькі, галоўнай гераіні аповесці Знак бяды, пашырае абсягі існуючых ўяўленняў пра беларускую жанчыну як абяздоленую, але цярплівую, трывушчую, бязмоўную вясковую кабету. Ён дэманструе, што ў сэрцы сялянкі побач са спагадай, ахвярнасцю, дабрынёй, гаспадарлівасцю і клапатлівасцю могуць ужывацца рашучасць, гнеў, актыўная прага справядлівасці, абвостранае пачуццё ўласнай годнасці: Сцепаніда топіць варожую вінтоўку, выкупляе ў Карнілы бомбу, выдойвае на зямлю малако ў Бабоўкі, дзеля таго каб яно не дасталося ворагам. Паводле В. Быкава, напярэдадні і ў час акупацыі жанчыны засталіся, у традыцыйным разуменні, за мужчын, узялі на сябе іх функцыі прыняцця рашэнняў. Менавіта так, па-мужчынску, паводзіць сябе Сцепаніда, нягледзячы на тое, што побач з ёй муж, Пятрок.

Характэрна, што менавіта Пятрок, а не яго жонка, больш выразна праяўляе традыцыйныя рысы жаночага характару. Дарэчы, у свядомым перанясенні элементаў жаночага менталітэту (імкненне дамовіцца, упарадкаваць адносіны з іншымі людзьмі пры любых акалічнасцях) на герояў-мужчын і выяўляецца замена гендэрных роляў. У гэтым бачыцца істотнае наватарства празаіка, які, падобна заходнееўрапейскім літаратарам, прыйшоў да ідэі замены гендэрных функцый.

Характэрная, адметная для Сцепаніды рыса - неабыякавасць, спагада да чужога гора. У тканіне твора побач з ёй, адцяняючы гэтую актыўную дабрыню, знаходзяцца нямоцныя героі (зноў заўважым: большасць з якіх - мужчынскага полу) - тыя, хто патрабуе апекі і дапамогі: нямоглы муж, нямко Янка, вясковы міліцыянер Вася Ганчарык, старшыня Лявон.

Празаік паступова даследуе, як злавеснае прадчуванне вайны пранікае ў вёску, на хутар, у сэрца гаспадыні Яхімоўшчыны разам са знакамі бяды, якія выразна маркіруюць прыналежнасць вобраза ці факта да станоўчых ці адмоўных каштоўнасцей. Разуменне жанчынай дабра і зла набліжаецца ў творы, па вялікім рахунку, да разумення дабра і зла наогул. Аповесць напоўнена характарыстычнымі для дадзенага вобраза знакамі.

Найперш гэта знакі-гукі, што зяўляюцца ўмоўнымі папярэджаннямі блізкай бяды. Гэта гул далёкіх і блізкіх бамбёжак, якія чула Сцепаніда, калі наступала зацішша; спалоханы крык нямога Янкі, які напаткаў Багацьку ў полі.

Потым гэта знакі-сімвалы. Значэнне сімвалу бомбы, якую гераіня выкупляе ў Карнілы, інтэрпрэтавалася Дз. Бугаёвым. Ён зазначаў, што бомба ў аповесці - гэта спрасаваная народная нянавісць, якая, не зважаючы на жахлівую смерць Сцепаніды, з часам грымне магутным выбухам усеагульнага супраціўлення акупантам, усенародным размахам партызанскай вайны [11, с. 169]. На нашу думку, можа быць і іншае прачытанне гэтага сімвалу. Бомба - гэта месцішча зла, гневу, смерці, страху. У выніку, вобраз Сцепаніды ўзвышаецца да вобраза жанчыны наогул, якая апрыёрна няздольная ўчыніць забойства, развязаць кровапраліцце, даць выбухнуць снараду. (Зразумела, што ў руках аўтара было дазволіць Сцепанідзе ўзарваць мост.) Сцепаніда дзейнічае паводле сваёй, немужчынскай, логікі - для яе важней завалодаць гэтым злом і схаваць яго, каб ніхто і ніколі не адшукаў. Заключны быкаўскі сказ пра бомбу, якая на ўзроўку чакала сваёй пары, - глыбока сімвалічны. Гэтая бомба - маўклівы і грозны напамін, што ахвяры жанчыны і яе мужа, і нямога Янкі, і наогул, ахвяры фашызму і сталінізму могуць быць дарэмнымі, калі яна (бомба), будзе адшукана і дачакаецца сваёй пары, здзяйснення свайго прызначэння - выбухне новай бядой.

Гэты сімвал стаў працягам іншых знакаў бяды (у першую чаргу, духоўнай): і мёртвага жаваранка на Багацькавым полі, і спілаванага камсамольцамі крыжа на Галгофе, і нежывога пана Адолі ва ўласнай і адначасова чужой хаце, і тонкай душы Петрака - прададзенай скрыпкі. Адметна, што бядой, паводле В.Быкава, для жыхароў Яхімоўшчыны сталі абедзве таталітарныя сістэмы - сталінізм і гітлерызм. Пісьменнік адзін з першых паставіў гэтыя паняцці ў адзін шэраг.

Да знакаў-міфалагем можна аднесці алегарычны вобраз дрэннай навіны - вароны, што ў Багацькавым двары на ліпе пачала драць горла і ўжо чацвёрты ці пяты ранак - уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала [26, с. 39]. Народнае ўяўленне пра гэтую птушку і звязаныя з ім нядобрыя прадчуванні Сцепаніды апраўдваюць сябе на працягу твора.

Істотнае значэнне маюць і знакі-колеры, якія існуюць побач з жаночым вобразам. Белы, як колер малака - сялянскага, хатняга, шчымліва роднага, надоенага ад сваёй Бабоўкі, - рэзка дысфанічны ва ўмовах гнятлівай мастацкай рэальнасці твора. Так, можна прыгадаць шматлікія эпізоды аповесці, дзе неаднаразова згадваецца малако. Напрыклад, тую абразу, калі гаспадары вымушаны падаць цывілізаваным заезджым фашыстам на пробу Бабоўчына малако. Вось як падае гэту сцэну В.Быкаў: Чацвёрты (немец), высокі, як жардзіна, апрануты ў нейкі балахоністы камбінезон, толькі паспытаў з кварты і тут жа пляснуў малако на траву; зялёная мурава на пяць крокаў забялелася, нібы ўзялася цвіллю [26, с. 68]. Альбо той выпадак, калі ўпартая Сцепаніда, не могучы вынесці здзеку, доіць карову на зямлю, і белыя струмені малака з-пад яе рук бюць у дробную, перасыпаную апалым лісцем траву [26, с. 41].

Паводле тэксту, для фашыстаў учынак Сцепаніды ўяўляе сабой дэманстратыўную правакацыю, але для самой жанчыны мэта зусім іншая - не паддацца разюшанай гвалтоўнай сіле, не даць ворагу апаганіць кварту ці гарлач сваім нячыстым дотыкам [31, с. 11]. Лепш гэтую вадкасць выліць парсючку альбо проста нікому не аддаць, чым паіць ёю нелюдзяў.

І. Афанасьеў у даследаванні Хто ўзыходзіць на Галгофу? звязвае неаднаразовае зяўленне зрокавага вобраза малака ў Знаку бяды са свядомасцю земляроба, у якой шчодры жыватворчы дождж асацыіруецца з нябесным млекам, што праліваецца статкамі дажджаносных хмар [4, с. 116]. Даследчык тлумачыць, што ў сітуацыі, калі фашыст сваёй рукой вылівае на траву Бабоўчына малако, яно, наадварот, замест жыватворчага пачатку, становіцца нежывым у вуснах ката, і менавіта таму мурава ўзялася цвіллю (тленностью) [4, с. 116]. А ў гібелі каровы І. Афанасьеў бачыць знішчэнне цэнтру міфалагічнага сялянскага сусвету. Логіка ў гэтым меркаванні, безумоўна, ёсць, але сам аўтар зазначае, што Сцепаніда, як ні дзіўна, не дужа ўбівалася па карове - яна чакала горшага.

В. Быкаў дакладна ўлавіў псіхалагічнае стаўленне гаспадыні да звыклых у гаспадарцы вадкасцей, сярод якіх малаку належыць асаблівае месца. Вобразы малака, вады, самагону, па-першае, паяднаны ў архітэктоніцы твора з жаночым персанажам, а па-другое, набываюць падтэкставае, калі не сказаць сімвалічнае, гучанне. Так, у экстрэмальных абставінах вадзе са сваёй студні надаецца значэнне нечага святога, дотык да чаго без дазволу гаспадыні падворка расцэньваецца як абраза. Сцепаніду перасмыкнула ад балючай крыўды, калі нямецкі начальнік стаў правяраць на смак і на якасць ваду з іх калодзежа. Антыпод чыстай вады - ненавісны самагон, з-за якога, па жаночай логіцы, усе напасці: з-за яго мяняе скрыпку на змеявік і з-за яго фактычна гіне Пятрок, на яго купляюцца прадажныя душы паліцаяў-сваякоў Гужа і Каландзёнка. Калі вада і малако ў жаночым разуменні - дар божы, то самагон - нечалавечая, прыдумка нячыстага, якая можа быць выкарыстана толькі для нелюдзяў.

Калі гаварыць пра фінал аповесці, то самагубства Сцепаніды, як і пана Адолі, былога гаспадара Яхімоўшчыны (як смерць Васі Ганчарыка (Знак бяды) ці Хведара Роўбы з аповесці Аблава, 1989), абумоўлена немагчымасцю жыць далей, не парушаючы ўласных жыццёвых перакананняў. І. Афанасьеў у названай вышэй рабоце выказвае іншую думку пра прычыну жыццёвага фіналу Багацькі. Ён бачыць сувязь ахвяравання Сцепаніды з пакланеннем агню [4, с. 121] усходнеславянскіх народаў. Нам здаецца, што ў агні гераіня хутчэй ачышчаецца ад даўняга граху, які ціснуў ёй душу - ад несумленна набытай хаты.

Ганка, галоўная гераіня апавядання Велікоднае яйка, як і Сцепаніда, трывае да апошняй мяжы. Мэта яе жыцця - вырасціць дзяцей, яе адзіны набытак у жыцці, адзінае шчасце [17, с. 17]. Увогуле, твор прысвечаны сумнавядомым 1930-м гг. Яго гераіні - удава Пятруха, веруючыя сёстры Барашкавы, баба Наста - маці паліцая, якую па гэтай прычыне выгналі з уласнай хаты, калгасніца Паланея, сялянкі Касачова Галя і Каржовы нявесткі, Хадоска, сяброўка Ганкі. Дзяржаўную моц, уладу і сілу прадстаўляе ў творы былы асабіст партызанскага атрада падрыўнікоў, а затым парторг калгаса, муж Ганкі з гаваркім прозвішчам Выпаўзкоў.

Канфлікт, які прывёў да трагічнай развязкі, разгарэўся тады, калі ён, пыхліва імкнучыся сцвердзіць сваю ўладу, прымушае жанок на Вялікдзень вывозіць у поле гной. Ганка - не толькі актыўная ўдзельніца бабскага бунту, выразніца абурэння вяскоўцаў з-за пазбаўлення іх апошняга - духоўнага свята, яе вобраз яшчэ - увасабленне народнага гневу, які, як і ў Знаку бяды, ледзьве не зрокава згушчаецца ад пачатку да фіналу твора. Таму нават замах жонкі на жыццё Выпаўзкова ў стане афекту выглядае не як амаральны, антыгуманны ўчынак, а наадварот, як заканамерны выхад справядлівага народнага гневу.

У вобразе Ганкі ўвасоблена не толькі цяжкая доля жанчыны ваеннай і пасляваеннай пары, але і лёс тых, хто, нягледзячы на смяртэльную небяспеку, асмельваўся быць нязгодным з недарэчнай і жорсткай палітыкай выпаўзкаў. Жыццё гераіні скончылася ў Галоўпячорлагу. Вобраз жанчыны можна паставіць у адзін шэраг не толькі з характарам Сцепаніды, але і з вобразам жонкі аднаго са зняволеных у апавяданні Жоўты пясочак.

Валярянава Дуся, так звалі гэтую гераіню, на зло кідаецца, нібы тыгрыца, не паглядзіць, хто перад ёй - следчы, канваір ці нават начальнік турмы, яна не зважыць ні на чын, ні на сілу. З уласнага досведу Валярянаў ведаў, што такія характары ў турме доўга не вытрымліваюць. Або іх забіваюць, або яны - самі забіваюць сябе [25, с. 535]. Нязвыклая характарыстыка для жанчыны, і тым не менш, яна прынцыпова выяўляе, які выбар прапаноўвае ёй аўтар.

Калі гаварыць аб праблеме выбару ў творчасці В. Быкава, якая ўвогуле вельмі грунтоўна даследавана ў нашым літаратуразнаўстве, не ў абстрактна-абагульненым плане, а канкрэтна - скажам, у дачыненні да яго жаночых вобразаў, то, як бачна з разгледжаных твораў, выбар у яго гераінь трагічны. Кожная з іх павінна вырашыць: ці застацца сабою ў любых абставінах, ці расстацца з жыццём. Для актыўна настроенай жанчыны фіналам становіцца свядомы выхад з даўкага кола жыцця, а для жанчыны-ахвяры выбар ажыццяўляюць абставіны і галоўны герой.

Такім чынам, адным з самых моцных у пісьменніка з'яўляецца вобраз жанчыны-гераіні (змагаркі) - носьбіткі найлепшых нацыянальных духоўных якасцяў, пераможцы, узброенай супраць зла актыўнай дабрынёй.

1.3.2 Вобразы жанчын-ахвяр, жанчын-здрадніц у прозе В.Быкава як заложніц войнаў і таталітарных сістэм

Вобраз жанчыны-ахвяры мужчынскага выбару ў ваеннай прозе В. Быкава пераважна стаіць на другім плане. Так, шмат агульнага паміж вобразамі юнай італьянскай патрыёткі Джуліі Навэллі з ранняй аповесці Альпійская балада (1963) і каханай Агеева Марыі (Карер). Іх паядноўвае ўсё тая ж думка аб ахвярах і кошце ахвярнасці, аб мужчынскай вінаватасці і жаночай плаце, аб расстраляным наступным пакаленні. Абедзвюм гэтым гераіням было суджана ўпершыню спазнаць каханне і шчасце будучага мацярынства ў пагранічным стане паміж жыццём і смерцю, калі сапраўднае (высокае або нізкае) выяўляецца асабліва выразна і акрэслена, ачышчаючыся ад будзённага, наноснага і дробязнага. Персанажы-мужчыны Іван Цярэшка і Павел Агееў - галоўныя героі - адчуваюць сябе адказнымі за той вычарпаны крэдыт даверу да жыцця і людзей, які быў адабраны ў іх каханых, у іх ненароджаных і народжаных вайной дзяцей.

Таксама не зведалі кахання да вайны цнатлівыя, чыстыя душой Зося Нарэйка з аповесці Пайсці і не вярнуцца (1978) і Франя з аповесці Пакахай мяне, салдацік. Іх першае жаночае пачуццё было зганьбавана, падманута, няспраўджана, знявечана горкім напластаваннем гвалту і забойства. Віна за не ім учыненае, а ім дапушчанае забойства остаўкі Франі падштурхоўвае вяртанне Змітрака Барэйкі да ўласнай чалавечнасці. Усведамленне бясцэннасці жыцця, кошту бязвіннай ахвяры прыйшло да яго праз страту кароткай, але ўзвышанай любові, праз адкрыццё новага, глыбокага і поўнага хрысціянскай дабрыні дзявочага светабачання, праз разуменне таго, што забойства дзяўчыны - гэта ёсць двайное забойства: яе і яе будучых малых.

Разбуральнікам Зосінага (Пайсці і не вярнуцца) уяўлення пра сапраўднае пачуццё стаў яе спадарожнік - здраднік Антон Галубін, які, паводле А.Рагулі, сабе запраграміраваў некалькі роляў. Галоўнай... застаецца гандляра ці ката. Збіраючыся стаць мужам, ён хоча выгадна падзяліць Зоську з гестапаўцамі: сабе пакінуць Зосьчына цела, а ім прадаць яе сумленне [64, с. 138].

І, як аказваецца, той, хто здольны пагарджаць каханнем, здольны здрадзіць сяброўству, сумленню, сабе, замахнуцца на чужое жыццё. Высакародства Зосі, тонкая душа Франі не засцерагаюць іх ад расплаты за мужчынскія ўзброеныя гульні. Галубін страляе ў сваю выратавальніцу Зосю. Змітрок вяртаецца да каханай і застае там разрабаваны савецкімі тылавікамі дом і нежывую дзяўчыну.

Наогул, сіла - мужчынская (моц і зброя) і жаночая (душа і дабрыня) - у творах В. Быкава выразна пазначаны і размежаваны. Узброены мужчына аказваецца часта па волі абставін слабейшым, чым моцная духам жанчына, залежным ад яе, што само па сабе нямала бянтэжыць самастойных, незалежных персанажаў пісьменніка. Гэтая сітуацыя, паводле аўтарскай устаноўкі, выяўляе таксама сапраўднасць духоўнай сілы і часовасць, ілюзорнасць сілы фізічнай.

Выяўленне многіх жаночых вобразаў у творах пісьменніка звязана з хрысціянскай мараллю, у якой для аўтара заключаецца канцэпцыя чалавечага існавання.

Так, для Паўла Агеева (Карер) невырашальным робіцца ўнутраны канфлікт - хто ён: абаронца ці абараняемы ў эпізодзе з гаспадыняй Бараноўскай. Ён, паранены салдат, раней закліканы ратаваць мірных жыхароў ад фашыстаў, становіцца падапечным адрынутай навакольнымі з прычыны стойкіх хрысціянскіх перакананняў, палітычна ненадзейнай пападдзі Бараноўскай. Яна, забыўшыся пра асабістую крыўду на савецкую ўладу, бясстрашна выконвае свой абавязак у адносінах да бліжняга, паступае адпаведна сваім ідэалам.

Падобнае пытанне непакоіць і Ягора Азевіча (Сцюжа). Ён выказвае сваю трывогу ў размове з велікадушнай вясковай жанчынай, у адрыне якой вылежваў неадступную хваробу. Безыменная цётка, вобраз якой увабраў усю Беларусь і самаахвярных у сваёй дабрыні яе жанок, выхаджвае, лечыць параненага Азевіча, нягледзячы на тое, што пазнала ў ім чалавека, які ў памятныя сялянам 1930-я гг. біў у хатах па недалёкіх вёсках жорны, заганяў у калгасы, абагульваў маёмасць, мітынгаваў, аднаго з такіх, якія вінаваты ў беспадстаўным арышце яе мужа-брыгадзіра.

Шматзначна выглядае адказ на пытанне: абаронца ці забойца Булаўскі, герой апавядання Вочная стаўка (1999), у сітуацыі з настаўніцай Станіславай Вікенцьеўнай і яе старой свякроўю, сына і мужа якіх, польскага афіцэра, знішчылі ў 1939 г. саветы. Станіслава Вікенцьеўна і старая дапамагаюць залячыць раны бальшавіку Булаўскаму, хоць ведаюць, што такія, як ён, мелі дачыненне да расстрэлу іх Юрака. Булаўскі і ёсць прадстаўнік тых савецкіх войскаў, чые салдаты расстрэльвалі мужа Станіславы, і ў той жа час ён - той, каму патрэбна дапамога. І Булаўскі гэтую дапамогу атрымлівае.

Усе згаданыя жанчыны пад пагрозай расстрэлу ратавалі кінутых на волю абставін акружэнцаў, раней моцных і ўпэўненых, а цяпер прыгнечаных сваім становішчам і хворых. Яны змаглі падняцца вышэй за ўласную крыўду са сваёй чалавечнай жаночай праўдай - дабрынёй.

Веліч простай беларускай сялянкі В. Быкаў бачыць у тым, што яна здольная да даравання нават насуперак звычайнай логіцы. Зрэшты, гэта, мабыць, і ёсць праяўленне той жаночай логікі, якую часта згадвае празаік у сваіх творах. У апісаных эпізодах жанчыны праяўляюць непадробнае высакародства. З пункту гледжання мужчыны, іх учынкі добрыя, але нелагічныя, ды жаночая логіка для В. Быкава якраз і заключаецца ў непахісным служэнні дабру, міру, ладу, блізкім і кожнаму бліжняму, у разуменні або інтуітыўным імкненні да гарманізацыі супярэчлівага, несправядлівага, часам страшнага і ненавіснага свету.

Людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесіях і пасадах, а на добрых і злых і... на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных... Дабрата немагчымая без Бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца дябал [24, с. 86], - так па-філасофску разважае ў сваім маналогу - рэквіеме па жыцці - гаспадыня Агеева Варвара Бараноўская, і з ёю згаджаецца аўтар.

Такім чынам, паводле В. Быкава, сіла мужчыны - воля, моц і зброя, сіла жанчыны - Бог, душа і дабрыня. Страціць першае і стаць слабым і бездапаможным лёгка, страціць другое - можна толькі разам з самім жыццём.

Праблема сэнсу і спосабу выжывання на вайне ўвесь час хвалюе аўтара, прымушаючы чытача шукаць яе вырашэнне ў тэксце і падтэксце. Таму невыпадкова пісьменнік уклаў у вусны Варвары Бараноўскай словы пра веру і яе прызначэнне на зямлі. Менавіта вера - непарушная агульначалавечая каштоўнасць - у крызісных абставінах дазваляе выжыць і пры гэтым застацца самім сабой: Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой. Не мітусіцца душой, як некаторыя - з разліку ці ад страху [24, с. 113].

Праўда, Дз. Бугаёў схіляецца да думкі, што рэлігійнасць, вера ў Бога ў яе (Варвары Бараноўскай.) адносныя, ва ўсякім разе, своеасаблівыя, бо яна лічыць, што для верніка галоўнае не старанна выконваць абрады, а хутчэй - мець Бога ў душы [11, с. 198]. У сувязі з гэтым хочацца зазначыць, што мець Бога ў душы - гэта, паводле В. Быкава, і ёсць сапраўдная вера, правераная часам ды і вопытам самой Варвары. Думаецца, што В. Быкаў меў на ўвазе непадробную хрысціянскую перакананасць былой пападдзі, а не адносную рэлігійнасць, што і засведчыў пазней у творах Пакахай мяне, салдацік і Велікоднае яйка.

Вобразы Варвары Бараноўскай і веруючых сясцёр Барашкавых з апавядання Велікоднае яйка, якія асмеліліся падарыць дзіцяці асвечанае яйка, наводзяць на думку аб біблейскім сюжэце пра ахвярнае ягня на алтары вайны і дэспатызму. Гэта вынікае і з падабенства іх прозвішчаў да малітоўнага выкліку, якім велічаецца Хрыстос - баранку Божы.

У аповесці Пакахай мяне, салдацік заложніцай дзвюх таталітарных сістэм становіцца Франя, якая, як і згаданыя вышэй гераіні, транслюе гуманістычную думку аўтара, што лейтматывам гучыць з твора ў твор: А ўвогуле розум - не самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць і злачынца. Разумны для сябе. - А што ж галоўнае? - Чалавечнасць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад дябла... Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве без Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Без Бога ён проста сам сябе зесць. Асабліва прымітыўны народ [27, с. 89].

Менавіта пранікнёныя словы Франі, а не толькі знешняя прывабнасць зацікавілі Змітрака Барэйку. Ён знайшоў чыстую душу ў такі неспакойны час і ў такім нечаканым месцы, што гэта проста не магло не ўскалыхнуць яго лепшыя пачуцці.

Калісьці яшчэ ў адной са сваіх ранніх аповесцяў Трэцяя ракета пісьменнік таксама ўклаў у вусны адной з гераінь, Люсі, самыя галоўныя словы - пра чалавечую душу. Дз. Бугаёў адзначае яе вялікі чалавечы патэнцыял, гуманістычную вышыню, яе арганічнае міралюбства, скіраванасць на ўсё добрае, высакароднае, справядлівае, увогуле на стваральныя пачаткі ў чалавеку і самім жыцці [11, с. 56], якія праяўляюцца ў Люсіных маналогах.

Важна душа ў чалавеку: каб ён быў сумленны, адданы, таварыскі, праўдзівы. Гэта ж найпершае ў чалавеку! [20, с. 206] - сцвярджае гераіня. Важнасць ролі Сінявочкі ў раскрыцці ідэі аповесці адстойвае Дз. Бугаёў у кнізе Арганічнасць таленту. Ён з жалем канстатуе, што некаторыя даследчыкі скептычна паставіліся да Люсі, не паверылі ў жыццёвыя вытокі гэтага вобраза [13, с. 116]. (Маецца на ўвазе даследчык А. Кандратовіч, які сцвярджаў, што Люся прыйшла ў аповесць В. Быкава з твораў Ю. Бондарава і Р. Бакланава і што фігура жанчыны аказалася ў творы самай няўдалай.) Беларускі крытык пагаджаецца з І. Навуменкам, які бачыць у вобразе гэтай дзяўчыны неадемную частку аповесці, выдатны мастацкі штрых.

Вынікае, што хрысціянскі светапогляд, непахісная вера гераінь у свае ідэалы імпануюць В. Быкаву. Думаецца, невыпадкова спосаб існавання, духоўна блізкія пісьменніку правілы быцця ўвасоблены менавіта ў вобразах жанчын - тых, хто захоўвае і працягвае ніць духоўнага жыцця свайго народа, тых, каму, у адрозненне ад мужчын, дазволена ўголас гаварыць пра нематэрыяльны, духоўны свет.

Эпізадычныя жаночыя вобразы таксама пакідаюць цэласнае ўражанне, нясуць значную сэнсавую нагрузку.

З шэрагу жаночых персанажаў другога плана, на першы погляд, знешне быццам бы выбіваецца грубаватая, з папяроскай у зубах, доктарка Яўсееўна (Карер). Тым не менш, яе вобраз, як і ўсе быкаўскія, важкі і ёмісты. Акушэрка па спецыяльнасці, яна існуе дзеля таго, каб дапамагаць прыйсці ў свет новаму чалавеку, але ў час акупацыі штодзённа бачыць смерць і змагаецца з ёй. Такая падкрэслена анамальная сітуацыя надзвычай абвастрае, робіць выпуклай ідэю твора: вайна - гэта бессэнсоўная, неўтаймоўная жорсткасць, прысутнасць жанчыны на вайне - гэта падстава выжыць і адпомсціць.

У сувязі з Яўсееўнай прыгадваецца вобраз санінструктара Каці са славутай аповесці Мёртвым не баліць. Дзяўчына да апошняга ўздыху застаецца з хворымі. Яна таксама непрыгожая, рэзкая, а ўвогуле такая надзейная. Мабыць, на вайне гэта галоўнае, і параненыя ўжо прывыклі за... суткі да яе грубаватага клопату [23, с. 413].

У эсэ Вайна і перамога, што адкрывае зборнік Сьцяна (1997), В. Быкаў выказаў свае адносіны да мабілізацыі жанчын, такіх, як санінструктар Каця ці Люся-Сінявочка альбо Зося Нарэйка, Ніна Башмакова (Зенітчыца, 1995). Пісьменнік з іроніяй і болем піша: Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць геніяльная ідэя мабілізаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай арміі нічога падобнага не назіралася... На чыста мужчынскай працы, якой зяўляецца вайна, сярод мужчынскіх масаў яны адразу выяўлялі ўсю сваю бездапаможнасць [27, с. 16]. Хто яны, бездапаможныя перад варожай куляй? Дзеці, маладыя і сталыя жанчыны, маці.

Калі ўважліва прааналізаваць жаночыя вобразы ў творах В. Быкава, то можна заўважыць, што жанчына ў творчасці пісьменніка выступае ў наступных іпастасях.

Вобраз жанчыны-гераіні (змагаркі) - носьбіткі найлепшых нацыянальных духоўных якасцяў, пераможцы, узброенай супраць любога зла актыўнай дабрынёй, - адзін з самых моцных у В. Быкава. Лёс тых, хто выбраў актыўнае змаганне з абставінамі, трагічны: іх напаткала смерць, але подзвіг іх напоўніў сэнсам існаванне наступных пакаленняў. Люся-Сінявочка назаўжды застаецца на полі бою. Санінструктар Каця падрываецца на міне, калі пракладае шлях праз міннае поле параненым. Сцепаніда развітваецца з жыццём у агні ўласнай хаты, акружанай ворагамі. Гаспадыня Агеева Бараноўская трапляе ў лапы гестапа. Дусю Валярянаву чакаюць кіпцюры ГПУ. Ганка з прабітымі штыком вартавога грудзьмі застаецца ляжаць у снезе далёкай Поўначы.

Вось вынік жаночага змагання, жаночага выбару. Сэнс яго ў тым, што, каб пазбавіць жанчыну духу, недастаткова пазбавіць яе жыцця. Пакуль не скорана яна, не скораны народ, не знішчана нацыянальная душа, не высахла крыніца, з якой наталялі смагу героі твораў В. Быкава.

Значнае месца ў творчасці пісьменніка займае вобраз жанчыны - ахвяры заганнай сацыяльнай практыкі, заложніцы развязанай мужчынамі вайны са сваім ці чужым народам.

Так, жанчына-маці прадстаўлена як ахвяра нечалавечай жорсткасці сталінскай і фашысцкай таталітарных сістэм, а таксама як носьбітка гарманічнай, міласэрнай жаночай логікі. Напрыклад, галоўная гераіня апавядання Сваякі не ў стане перанесці пакуты віны за смерць сыноў - няўдалых партызанаў.

Вобраз дзяўчынкі-дзіцяці ўвасабляе асірацелае новае пакаленне, якое ўступае ў жыццё без надзей і перспектыў. Гэта Волечка - дачка раскулачанага Хведара Роўбы, якой суджана было загінуць (Аблава). Як Волечка з апавядання Вочная стаўка (дачка Булаўскага) вырасла, не ведаючы роднага бацькі, так Волечка і яе меншая сястрычка - дочкі Ганкі, раслі бязбацькавічамі (Велікоднае яйка). Гэтыя вобразы паводле зместу і напаўнення набліжаюцца да вобразаў дзяўчынак трэцяга пакалення Кузьмы Чорнага, але з тою розніцай, што В.Быкаў не бачыць для іх шчаслівай будучыні.

Як увасабленне духоўнай чысціні, дабрыні, спагады, кахання выступае дзяўчына-спадарожніца, паплечніца - маладая жанчына, жонка. Такая Джулія Навэллі, што не расстаецца з Іванам Цярэшкам, Зося Нарэйка, якая расплацілася страшнай цаной за сваю даверлівасць да Антона. Паплечніцай каханага ў бядзе бачыцца і Марыя, што дапамагае ў падпольнай барацьбе Агееву, і Гануля Роўба (жонка Хведара, Аблава), пахаваная ў котласаўскім балоце, і остаўка Франя, якая адкрыла Змітраку Барэйку свет высокіх пачуццяў.

Як было адзначана, асаблівае месца сярод вобразаў ахвяр таталітарызму належыць нешматлікім персанажам жанчын-здрадніц. Іх здрада - у першую чаргу духоўная, яна вымушаная і не вынікае з заганнасці характару гераінь. Гэта здрада - таксама выбар, толькі не фізічнай, а, замест яе, духоўнай смерці. Яго ажыццяўляюць Паліна Пташкіна (Сцюжа), Ніна Башмакова (Зенітчыца), Ніна (Вочная стаўка), Анечка (Балота).

Думаецца, што вобраз Паліны Пташкінай службовы: наяўнасць такога персанажа - апасродкаваная характарыстыка часу і ладу, пры якім для дасягнення пастаўленай мэты ўсе сродкі прыдатныя. Дзяўчына, спакусіўшы Ягора Азевіча, выкарыстоўвае яго ў якасці інфарматара органаў НКУС. Вобраз Паліны выкрывае ганебны промысел дзяржаўна неабходнай легальнай прастытуцыі. Трагедыю камсамольскай актывісткі дакладна выразіў Дз.Бугаёў у артыкуле «Ахвяры вялікага пералому», ахарактарызаваўшы яе як асобу зламаную і, відаць, за непатрэбнасцю неўзабаве адпрэчаную тымі, хто штурхаў яе на правакацыі [11, с. 221].

Ніна з апавядання Вочная стаўка (жонка вялікага чалавека, заслужонага, адказнага начальніка з нашых органаў [18, с. 19], а да вайны - галоўнага героя Булаўскага) адмаўляецца ад мужа-палоннага, здраджвае свайму каханню. У ёй ёсць падабенства з эпізадычным вобразам генеральскай пакаёўкі Анечкі з аповесці Балота, якая рашыла, стаўшы каханкай генерала, выбавіць свайго мужа-лётчыка з лап асабістаў. Але ёсць і прынцыповая розніца паміж гэтымі персанажамі: Анечка, хай па-свойму, але спрабуе ўратаваць мужа, а Ніна - толькі сябе.

Былая сувязістка, а потым пражэктарыстка зенітнай роты Ніна Башмакова (яна пасмела падаць скаргу на заляцанні свайго начальніка Беражнога, за што і была пераведзена ім на небяспечны зенітны плацдарм) апынаецца ў пастцы сваіх ідэалагічных забабонаў. Трагедыя яе душы - прывітыя вычварныя формы вернасці Радзіме наогул, за што і паплаціўся жыццём каханы чалавек. Ніна ўдваіх з камбатам выжываюць у баі і разам выбіраюцца з акружэння. Калі яны падыходзяць да сваіх, дзяўчына вырашае, што ўцёкамі з поля бою яны здраджваюць Радзіме, і забівае спадарожніка. Стрэліўшы ў камбата Калашніка, яна зрабіла крок да ўласнай гібелі - да страты жыцця і сумлення.

Агульнае ў гэтых персанажаў тое, што ў гістарычнай калатнечы жанчыны страцілі каштоўнасныя арыенціры, але В. Быкаў не столькі канстатуе іх віну, колькі робіць акцэнт на абставіны, якія, фармальна захоўваючы жанчыне жыццё, прыводзяць да яе духоўнай смерці.

Такім чынам, на падставе аналізу жаночых вобразаў у творах В. Быкава можна зрабіць наступныя высновы.

.Жаночы вобраз у пісьменніка поліфункцыянальны. Ён удзельнічае ў сюжэтным дзеянні, зяўляецца рупарам аўтарскай ідэі, уздымаецца да значэння сімвала хрысціянскай духоўнасці.

. Пісьменніку ўласціва тэндэнцыя да эвалюцыі феміннага вобраза ад пасіўнага вобраза ахвяры да актыўнага вобраза субекта (гераіні). Гэта бачна па тым, як празаік уводзіць жанчыну ў сюжэт. Ад эпізадычных згадак у сувязі з галоўным характарам (напрыклад, Люся-Сінявочка, Яўсееўна, Волечка і Гануля Роўбы) ён паступова імкнецца да канцэптуалізацыі нацыянальнага характару жанчыны (у вобразах маці, Сцепаніды Багацькі, Варвары Бараноўскай, Франі, Ганкі і інш.).

. Беспамылковым крытэрыем ацэнкі В. Быкавым жанчыны, як і мужчыны, зяўляецца яе маральны выбар у экстрэмальнай сітуацыі.

Такім чынам, у творчасці пісьменнікаў другой паловы ХХ ст., перш за ўсё ў творах І. Мележа і В. Быкава, плённа працягвалася і развівалася традыцыя стварэння жаночых вобразаў, закладзеная папярэднікамі - прадстаўнікамі даваеннай пары. Беларуская проза 1940 - 1990-х гг. узбагацілася высокамастацкімі тыпамі жанчын мележаўскага Палесся, быкаўскімі канцэптуальнымі характарамі жанчын-гераінь і жанчын-ахвяр. Дзякуючы ім літаратура ўзнялася да вяршынь асэнсавання нацыянальнага характару і менталітэту беларускай нацыі.


Вынікі праведзенага даследавання можна сфармуляваць наступным чынам:

. Развіццё празаічнага вобраза жанчыны дэтэрмінавана сацыяльна-палітычнымі зменамі ў грамадстве і абектыўнымі ўмовамі літаратурнага працэсу другой паловы ХХ ст. Беларуская проза акрэсленага перыяду чуйна рэагавала на палітычныя і сацыяльна-эканамічныя змены ў грамадстве, імкнулася спазнаць і асэнсаваць кожны этап быцця народа.

Нацыянальныя рысы жаночага характару сталі паступова аднаўляцца толькі ў прозе ваеннай пары, найперш у творах Кузьмы Чорнага, М. Лынькова, а потым - В.Быкава. Тэорыя бесканфліктнасці і чарговае ўстанаўленне жорсткай цэнзуры ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе затрымала вяртанне ў нашу літаратуру паўнакроўнага жаночага вобраза. Тым не менш, у прозе 1960-х гг. (творы І. Мележа, І. Шамякіна, У. Караткевіча, А. Кулакоўскага, М. Лобана) жанчына заняла сваё пачэснае месца.

У другой палове ХХ стагоддзя жаночы вобраз, адпаведна развіццю жанраў, паступова трансфармаваўся ад эпічнага да канцэптуальнага, раманнага.

У найноўшай літаратуры распрацоўваюцца пераважна невялікія па абёму эпічныя жанры, якія абяцаюць нарадзіць, калі ісці за логікай развіцця мінулага стагоддзя, новую нацыянальную прозу. У нейкай ступені такія творы ўжо зявіліся. Гэта раман Ю. Станкевіча Любіць ноч - права пацукоў, а таксама аповесць А. Федарэнкі Нічые, якая па свайму абёму і шырыні ахопу падзей набліжаецца да рамана. Праўда, жаночыя вобразы ў гэтых творах адыгрываюць другарадную ролю. Затое ў гістарычным рамане Алеся Наварыча Літоўскі воўк вобраз Аксаны - актыўнай удзельніцы паўстання 1863 г. - займае адно з цэнтральных месц.

. Вызначальнымі ў выяўленні характару беларускай жанчыны адпаведнага перыяду сталі творы І. Мележа, В. Быкава.

Для прозы І. Мележа характэрны выразны падзел на сацыяльна арыентаваныя і лакальна, прыватна, арыентаваныя вобразы. Так, Палескую хроніку насяляюць персанажы, якія выяўляюць сябе ў сацыяльнай і інтымнай сферах, апошнія падаюцца паралельна, амаль не перасякаючыся. Пры гэтым роля маці, каханай дзяўчыны - прадстаўніц прыватнага хатняга свету - у параўнанні з іншымі ніколькі не зніжана, а наадварот. Пісьменніку ўдалося выявіць народны тып беларускай жанчыны, узнавіць яго адпаведна нацыянальным уяўленням беларусаў, псіхалагічна праўдзіва раскрыць яго ў разнастайных індывідуальных праяўленнях.

Дзякуючы В.Быкаву ў гісторыю літаратуры ўвайшлі не толькі жанчына-каханая і жанчына-маці, але жанчына-чалавек, жанчына-асоба. Пісьменніку ўласціва тэндэнцыя да трансфармацыі феміннага вобраза ад пасіўнага вобраза-ахвяры да актыўнага вобраза-субекта (гераіні, змагаркі).

Сітуацыі выбару зяўляюцца своеасаблівым крытэрыем пры ацэнцы жаночага вобраза як у творчасці В. Быкава. Афарбоўка жаночага вобраза ў творах празаіка пераважна трагічная, і свядомы справядлівы выбар у неспрыяльных абставінах вымушае гераінь расстацца з жыццём альбо паламаць яго. У творах жа І. Мележа крытэрыяльнымі пераважна зяўляюцца чалавечыя вартасці, а таксама значнасць гераіні для іншых персанажаў.

. Нацыянальнай літаратуры ўласціва інтэрпрэтацыя жаночага вобраза ў кантэксце хрысціянскіх традыцый. Узрастанне хрысціянскага пачатку, выяўленага ў вобразе беларускі, неабходна адзначыць як адну з нацыянальных асаблівасцяў беларускай прозы другой паловы ХХ ст.. Культ Божай Маці і, адпаведна, праявы духоўнай цнатлівасці, мацярынскай любові, пакорлівасці, уседаравання далі моцныя парасткі ў нашай літаратуры.

Моцны хрысціянскі імператыў назіраецца ў творчасці В. Быкава. Жанчына маніфестуецца празаікам як увасабленне божай любові, як прадаўжальніца чалавечага роду, вялікая ахвяравальніца. У гэтым кантэксце шматзначна выглядае імя адной з гераінь рамана Карер, цяжарнай жанчыны, якая гіне, - Марыі. Наогул, заўсёды і ва ўсім па-божаму, па-хрысціянску паводзяць сябе глыбока веруючыя Варвара Бараноўская, сёстры Барашкавы, остаўка Франя і Зося Нарэйка, а таксама Сцепаніда Багацька.

У тым жа ключы раскрываюцца І.Мележам вобразы Дамеціхі, Сарокі, Хадоські, пры дапамозе якіх пісьменнік апасродкавана выявіў уласнае разуменне справядлівасці і стаўленне да веры.

. Жаночы вобраз можа існаваць на мяжы прыватна-сямейнай і сацыяльнай плыняў, але часцей за ўсё ён належыць якой-небудзь адной з іх. Такім чынам, жанчына ў беларускай прозе першай паловы ХХ ст. прадстаўлена ў наступных іпастасях:

І. Жанчына як прадстаўніца прыватна-сямейнай плыні.

Да гэтай групы можна аднесці вобразы, якія традыцыйна характарызуюць жанчыну праз адносіны ў сямі і ў сферы інтымных пачуццяў. Вобразы-антыподы злой/добрай жонкі, злой/добрай нявесткі, свекрыві, маці і мачыхі, дачкі маюць карані ў народнай творчасці. Так, вобраз маці ў розных інтэрпрэтацыях - ад лакальнага да сімвалічнага - прасочваецца ў прозе І. Мележа, В. Быкава. Вобраз каханай жанчыны прадугледжвае паказ жанчыны як абекта кахання. Ён адзін з самых распрацаваных у нашай літаратуры. Жанчына-каханая амаль паўсюдна прысутнічае ў творах І .Мележа, нярэдка - у В.Быкава.

ІІ. Жанчына як прадстаўніца сацыяльнай плыні.

У дадзенай групе можна выдзеліць характары сацыяльна актыўных і сацыяльна пасіўных жанчын, а іменна, ахвяр заганнай сацыяльнай практыкі. Вобразы актыўных у сацыяльным плане жанчын пераважна рэпрэзентуюцца як гераічныя, вобразы ахвяр - як трагічныя. Актыўнымі можна назваць вобразы жанчын сацыяльнай плыні І. Мележа (Сарока, Дамеціха), жанчын-гераінь В. Быкава (Сцепаніда Багацька, Ганка). Ахвярамі заганнай сацыяльнай практыкі выступаюць вобразы жанчын жанчын-ахвяр у прозе В.Быкава (Зося Нарэйка, Франя).

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1.Адамовіч, А. Літаратура, мы і час: Літ.-крытыч. артыкулы / А. Адамовіч. - Мінск: Маст. літ., 1979. - 384 с.

.Андраюк, С. Жыць чалавекам: Літ.-крытыч. артыкулы / С. Андраюк. - Мінск: Маст. літ., 1983. - 271 с.

.Андраюк, С. Пісьменнікі. Кнігі: Літ.-крытыч. артыкулы / С. Андраюк. - Мінск: Маст. літ., 1997. - 319 с.

4.Афанасьев, И. Кто восходит на Голгофу?: Антивоенная идея в творчестве В. Быкова / И. Афанасьев. - Минск: Маст. літ., 1993. - 160 с.

5.Афанасьев, И. Мелодия оборванной струны / И. Афанасьев // Неман. - 1994.- № 2. - С. 169 - 173.

.Бельскі, А. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80-90-я гг.). А.Бельскі. - Мінск: Нар. асвета, 1997. - 254 с.

.Бочаров, А. Литература и время: Из творч. опыта прозы 60-80-х гг. / А. Бочаров. - М.: Худож. лит., 1988. - 383 с.

.Бугаёў, Дз. Аповесць Пайсці і не вярнуцца ў кантэксце быкаўскай эстэтычнай сістэмы / Дз. Бугаёў. // Беларус. літ. - 1987. - Вып. 15. - С. 143 - 160.

.Бугаёў, Дз. Васіль Быкаў: Нарыс жыцця і творчасці / Дз. Бугаёў. - Мінск: Нар. асвета, 1987. - 207 с.

.Бугаёў, Дз. Вернасць прызванню: Творч. індывідуальнасць І.Мележа / Дз. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1977. - 239 с.

.Бугаёў, Дз. Праўда і мужнасць таленту: Выбранае: Кн. пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог. / Дз. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1995. - 414 с.

.Бугаёў, Дз. Трагедыя на зыходзе вайны: Аповесць В.Быкава Пакахай мяне, салдацік / Дз. Бугаёў. / / Родн. слова. - 1997. - № 2.- С. 10 - 22.

.Бугаёў, Дз. Арганічнасць таленту: Літ.-крытыч. артыкулы / Дз. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1989. - 351 с.

.Бугаёў, Дз. Вобраз маці і ўвогуле жанчыны ў творах В.Быкава / Дз. Бугаёў. // Роднае слова.- 2006.- № 1. - С. 17 - 20.

.Быкаў, В. Аповесці і апавяданні / В. Быкаў. - Мінск: Нар. асвета, 1978. - 208 с.

.Быкаў, В. Ваўчыная яма: Аповесць / В. Быкаў. // Полымя. - 1999. - № 1. - С. 3 - 66.

.Быкаў, В. Велікоднае яйка: Апавяданне / В. Быкаў. // Полымя.- 2001.- № 1. - С. 3 - 23.

.Быкаў, В. Вочная стаўка: Апавяданне / В. Быкаў. // Полымя.- 1999. - № 5. - С. 3 - 22.

.Быкаў, В. Дваццаць марак: Апавяданне / В. Быкаў. // Полымя. - 2000. - № 1. - С. 3 - 31.

.Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 1: Жураўліны крык. Трэцяя ракета. Альпійская балада. Дажыць да світання: Аповесці; Сваякі: Апавяданне / В. Быкаў. - 1991. - 477 с.

.Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994.- Т. 2: Сотнікаў. Здрада. Яго батальён. Праклятая вышыня: Аповесці. / В. Быкаў. - 1992. - 463 с.

.Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т.- Мінск: Маст. літ., 1991-1994.- Т. 3: Круглянскі мост. Абеліск. Воўчая зграя. Пайсці і не вярнуцца: Аповесці / В. Быкаў. - 1993.- 415 с.

.Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т.- Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 4: Знак бяды. Пастка. Мёртвым не баліць: Аповесці / В. Быкаў. - 1993. - 495 с.

.Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 5: Карер: Раман; У тумане. Аблава: Аповесці / В. Быкаў. - 1994. - 432 с.

.Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 6: Сцюжа: Аповесць; Апавяданні; Апошні шанц: Драма; Публіцыстыка / В. Быкаў. - 1994. - 543 с.

.Быкаў, В. Знак бяды: Раман / В. Быкаў. - Мінск: Юнацтва, 1991. - 254 с.

.Быкаў, В. Сьцяна: Кн. прозы апошніх гадоў / В. Быкаў. - Мінск: Наша Ніва, 1997. - 382 с.

.Васючэнка, П. Трагедыя пісьменніцкага лёсу / П. Васючэнка. // Полымя. - 2000.- № 5. - С. 256 - 274.

.Воюш, І. Вобраз беларускай жанчыны ў кантэксце мележаўскай малой прозы / І. Воюш. // Гендер и проблемы коммуникативного поведения: Сб. материалов І междунар. науч. конф., Новополоцк, 28-29 нояб., 2002 г. / Полоцк. гос. ун-т. - Новополоцк, 2002. - С. 103 - 106.

.Воюш, І. Жаночы характар у творчасці І. Мележа / І. Воюш. // Полымя. - 2003.- № 3. - С. 191 - 209.

.Воюш, І. Зварот да гераіні: Воблакі васьмідзесятых: Жаночы вобраз у творах В.Быкава і І.Пташнікава / І. Воюш. // Родн. слова. - 2002. - № 10. - С.10 - 11.

.Воюш, І. Жаночыя вобразы і іх мастацкая функцыя / І. Воюш. // Рэсп. Купалаўскія чытанні: Матэрыялы міжнар. навук. канф., Гродна, 24 кастр., 2001 г. / Гродзен. дзярж. ун-т. - Гродна, 2002. - С. 152 - 156.

.Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.: У 4 т.- Мінск: Беларус. навука, 1999 - 2001. - Т. 3.: 1941-1965. - 2001. - 950 с.

.Гісторыя беларускай савецкай літаратуры: У 2 ч. / Пад рэд. І.Навуменкі і інш.- Мінск: Выш. школа, 1981 - 1982. - Ч 2. - 1982. - 399 с.

.Гісторыя беларускай савецкай літаратуры: У 2 ч. / Пад. рэд. І.Навуменкі і інш.- Мінск: Выш. школа, 1981 - 1982. - Ч 1. - 1981. - 382 с.

.Гніламёдаў, У. І.Мележ: Нарыс жыцця і творчасці / У. Гніламёдаў. - Мінск: Нар. асвета, 1984. - 128 с.

.Дедков, И. В.Быков: Очерк творчества / Ю. Дедков. - М.: Сов. писатель, 1980. - 288 с.

.Дзюбайла, П. Вобраз нашага сучасніка ў беларус. прозе / П. Дзюбайла. - Мінск: Навука і тэхніка, 1978. - 192 с.

.Дзюбайла, П. У пошуках духоўных каштоўнасцей: Беларус. проза сёння / П.Дзюбайла. / Акад. навук БССР. Ін-т літ. / П. Дзюбайла. - Мінск: Навука і тэхніка, 1987. - 176 с.

.Каваленка, В. Веліч праўды: Выбранае / В. Каваленка. - Мінск: Маст. літ., 1989. - 557 с.

.Кавалюк, А. Святло душы мележаўскай Канапляначкі: Вобраз Хадоські ў Палескай хроніцы І.Мележа / А. Кавалюк./ / Родн. слова.- 1999.- № 11. - С. 34 - 40.

.Кайдаш, С. О женской культуре / С. Кайдаш. // Феминизм: Восток, Запад, Россия.- М.: Наука, 1993. - С. 183-205.

.Корань, Л. Цукровы пеўнік: Літ.-крытыч. артыкулы / Л. Корань. - Мінск: Маст. літ., 1996. - 286 с.

.Лойка, А. Галгофа: Кн. Лёсаў / А. Лойка. - Слонім: Слонім. друк, 2001. - 288 с.

45.Лотман, Ю. Внутри мыслящих миров: Человек - текст - семиосфера - история / Ю. Лотман. - М.: Язык рус. культуры, 1999. - 447 с.

.Лявонава, Е. Плыні і постаці: З гісторыі сусветнай літаратуры другой паловы ХІХ-ХХ ст. / Е.Лявонава. - Мінск: Рэд. час. Крыніца, 1998.- 336 с.

.Ляшук, В. І. Мележ у школе / В. Ляшук.- Мінск: Нар. асвета, 1981. - 152 с.

.Матрунёнак, А. Псіхалагічная проза: Тадыцыі і час / Акад. навук БССР. Ін-т літ. / А. Матрунёнак. - Мінск: Навука і тэхніка, 1988. - 205 с.

.Мележ, І. // Беларус. пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т.- Мінск: БелЭн, 1992-1995. - Т. 4: Лазарук - Перкін.- 1994.- С. 281 - 293.

.Мележ, І. Адна: Апавяданне / І. Мележ. // Беларусь. - 1954.- № 11. - С. 8 - 11.

.Мележ, І. Збор твораў: У 10 т. - Мінск: Маст. літ., 1979 - 1985. - Т. 1: Апавяданні. Аповесці / І. Мележ. - 1979. - 448 с.

.Мележ, І. Збор твораў: У 10 т.- Мінск: Маст. літ., 1979 - 1985. - Т. 3: Мінскі напрамак: Раман у трох кнігах. Кн. 1: Хмары на світанні / І. Мележ. - 1980. - 416 с.

.Мележ, І. Збор твораў: У 10 т. - Мінск: Маст. літ., 1979-1985. - Т. 5: Людзі на балоце: Раман з Палескай хронікі / І. Мележ. - 1981. - 415 с.

.Мележ, І. Збор твораў: У 10 т. - Мінск: Маст. літ., 1979-1985. -Т. 6: Подых навальніцы: Раман з Палескай хронікі / І. Мележ. - 1982. - 573 с.

.Мележ, І. Збор твораў: У 10 т.- Мінск: Маст. літ., 1979-1985. - Т. 7: Завеі, снежань...: Раман з Палескай хронікі / І. Мележ. - 1983. - 558 с.

.Мележ, І. Клава: Урывак з рамана Мінскі напрамак / І. Мележ. // Большэвік Палесся. - 1952. - 1, 6, 8 чэрв.

.Мележ, І. Людзі на балоце: Раман Палескай хронікі / І. Мележ. - Мінск: Маст літ., 1987. - 388 с.

.Мележ, І. Салдаткіна ноч: Эцюд/ І. Мележ. // Полымя. - 1945. - № 4. - С. 37 - 41.

.Мішчанчук, М. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэб. дапам. / М. Мішчанчук, І. Шпакоўскі. - Мінск: Выш. школа, 2001.- 352 с.

61.Национальный план действий по обеспечению гендерного равенства в РБ на 20011 - 2015 гг. // Постановл. Сов. Министров Респ. Беларусь № 10101 от 16.08.2011.- С. 1 - 9.

.Пяткевіч, А. Партрэт у літаратурным творы: Партрэтная характарыстыка герояў рамана І.Мележа Людзі на балоце / А. Пяткевіч. // Беларус. мова і літ. у школе. - 1988. - № 10.- С. 32 - 28.

.Пяткевіч, А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага / А. Пяткевіч. - Мінск: Маст. літ., 1981. - 159 с.

.Рагуля, А. Пафас станаўлення: Літ.-крытыч. артыкулы / А. Рагуля. - Мінск: Маст. літ, 1991. - 286 с.

.Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах / В.Рагойша. - Мінск: Беларус. энцыкл., 2001. - 383 с.

.Смыкоўская. В. Творчая канцэпцыя пісьменніка: Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў Палескай хроніцы І.Мележа / В. Смыкоўская. - Мінск: Выд-ва БДУ, 1976. - 112 с.

.Тычына, М. Час працы: Літ.-крытыч. артыкулы / М. Тычына. - Мінск: Маст. літ., 1988. - 205 с.

.Храпченко, М. Горизонты художественного образа / М. Храпченко. - М.: Худ. лит., 1982. - 439 с.

Похожие работы на - Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы XX ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!