Жыцце і творчы шлях У.М. Ігнатоўскага

  • Вид работы:
    Курсовая работа (т)
  • Предмет:
    История
  • Язык:
    Белоруский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    26,29 Кб
  • Опубликовано:
    2015-03-08
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

Жыцце і творчы шлях У.М. Ігнатоўскага

Уводзіны

ігнатоўскі гісторыя беларускі

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (19.4.1881-4.2.1931) не дажыў да 50 год. Ен загінуў у выніку распачатай сталінскім кіраўніцтвам партыі бальшавікоў і партыйным кіраўніцтвам на Беларусі барацьбы супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Барацьба гэта вялася супраць так званых «нацдэмаў» (нацыянал-дэмакратаў), да якіх залічаліся і беспартыйныя, і камуністы, адданыя нацыянальнай справе, справе беларускага нацыянальнага адраджэння.

Творы Ус. М. Ігнатоўскага былі забаронены для агульнага карыстання і знаходзіліся ў аддзелах спецсхова дзяржаўных бібліятэк або былі знішчаны. Сярод ягоных твораў найбольш важнае значэнне маюць «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» (1-е выд., 1919 г.; 2-е і 3-е выд., 1921 г.; 4-е выд., 1926 г.), «Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця» (2-е выд., 1926 г.; 3-е выд., 1928 г.) і «1863 год на Беларусі» (1930 г.). Менавіта ў гэтых творах найбольш яскрава вызначаны і раскрыты асноўныя гістарычныя погляды Ус. Ігнатоўскага, ягоны марксісцкі падыход да аналізу гістарычных падзей. Так, напрыклад, у надрукаванай У.М. Ігнатоўскім у 1930 г. манаграфіі «1863 год на Беларусі» былі ўдасканаленьг многія палажэнні. У пачатку кнігі ён пісаў: «Паўстанне 1863 года па свайму характару было не рэакцыйна-шляхецкім рухам, а рухам прагрэсіўным, буржуазна-дэмакратычным». Гэтыя і іншыя вывады супадалі з ацэнкамі Маркса, Энгельса і Леніна.

Разам з марксісцкім падыходам да аналізу гістарычных падзей, творы У.М. Ігнатоўскага напоўнены любві і гордасці да сваей радзімы - беларускага края. Яны добра раскрываюць мірапогляд белрускага вучонага і грамадска-культурнага дзеяча. Таму у наш час даследванне жыцця і поглядаў У.М. Ігнатоўскага прадстаўляецца ўсе больш актуальным.

Зыходзячы з актульнасці разглядаемай праблемы, аўтарам пры напісанні работы была пастаўлена мэта: разгледзець асобу У.М. Ігнатоўскага, як грамадскага і палітычнага дзеяча.

Для дасягнення пастауленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:

. Разгледзець жыцце і творчы шлях У.М. Ігнатоўскага;

. Даць аналіз канцэпцыі У.М. Ігнатоўскга на гісторыю беларускага краю скрозь прызму яго «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі».

У даследванні аўтарам былі выкарыстаны гісторыка-генетычны і гісторыка-параўнальны метады.

1. Крыніцы і гістарыяграфія

Жыцце, асветніцка-педагагічная і грамадска-палітычная, культурная дзейнасць У.М. Ігнатоўскага, беларускага таленавітага прафесара заўседы прываблівала да сабе пэўныя колы даследчакаў ва усі часы, але ж узровень вывучэння асобы У.М. Ігнатоўскага з часам вагаўся. Таму у наш час даследванне жыцця і поглядаў У.М. Ігнатоўскага вядзецца больш актыўна, пастаянна зяўляюцца новыя работы па разглядаемай праблеме.

Матэрыялы, якія былі выкарыстаны пры напісанні работы можна падзяліць на дзве катэгорыі:

) Дакументы - афіцыяльная перапіска, тэкст «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі» [1], зборнікі матэрыялаў і дакументаў па гісторыі Беларусі, якія маюць таксама і прамое дачыненне да асобы У.М. Ігнатоускага: «История Беларуси в документах и материалах» [2], «Матэрыялы па гiсторыi Беларусi з удакладненнямi i дапауненнямi» [3]. Кола выкарыстаных крыніц дазваляе дастаткова фактычна падмацаваць разглядаемыя у рабоце праблемы, а таксама абгрунтаваць прывадзімыя аўтарам работы тэзы, наконт поглядаў беларускага вучонага, а таксама яго складанага і трагічнага жыцця. Стэпень абектыўнасці прывадзімых крыніц высокая, таму, што яны былі выдадзены ўжо пасля распада Савецкага саюза і на іх не налажыўся адбітак марксісцка-ленінскай метадалогіі, якая варожа ставілася да нацыянальных момантаў у беларускай гісторыі;

) Навукова-гістарычная літаратура па разглядаемаму кругу праблем.

З дастаткова вялікай колькасці літаратуры прысвечанай жыццю і поглядам беларускага вучонага, грамадска-культурнага дзеяча У.М. Ігнатоўскага можна вылучыць толькі шэраг работ. Гэта даследванні Брыгадзіна П.І., Мацяса І. Дз. «Усевалад Ігнатоўскі: Палітычны дзеяч, вучоны» [7], Ігнаценкі І., Караля А. «Усевалад Iгнатоўскi i яго час» [11]. Гэта грунтоўныя даследванні, якія пісаліся ужо пасля развалу Савецкай дзяржавы з новых падыходаў з прыцягненнем раней забароненых крыніц. Яны добра разгортваюць старонкі жыцця У.М. Ігнатоўскага, дазваляюць лепей прасачыць падзеі складанага часу канца 20-30-х гг. XX ст. для беларускай інтэлігенцыі, высвятляюць асноўныя прычыны на жаль трагічнай гібелі У.М. Ігнатоўскага, паказваюць наколькі цяжкім быў ідэалагічны прэс над беларускім вучоным.

Пры напісанні курсавой работы аўтарам былі таксама выкарыстаны «Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння У.М. Ігнатоўскага» [4]. Тут таксама змешчаны грунтоўны і добра фактычна і дакументальна падмацаваны матэрыял, які адносіцца да нашага вядомага земляка. Арыткулы напісаны прафесіянальнымі навукоўцамі, якія на працягу шмат гадоў распрацоўвалі акрэсленыя ў курсавой рабоце праблемы.

Цікавая інфармацыя аб У.М. Ігнатоўскім змешчана ў энцыклапедыі гісторыі Беларусі дзе знаходзіцца артыкул «Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч» [12], а таксама ў энцыклапедычным даведніку «Беларусь» «Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч» [13]. У лаканічнай форме у гэтых артыкулах распавядаецца пра жыцце і творчы шлях У.М. Ігнатоўскага.

Шэраг артыкулаў у перыядычным друку, такіх як: «Асветніцка-педагагічная дзейнасць Усевалада Ігнатоўскага» Андрэевай Е.Г., размешчаны ў зборніку «Гісторыі народнай адукацыі Беларусі (1917-1941)» [5], «Усевалад Ігнатоўскі - асветнік, педагог» Андрэевай Е.Г., размешчаны ў часопісе «Адукацыя і выхаванне» [6], «Погляды Усевалада Ігнатоўскага на гісторыю Беларусі феадальнага перыяду» Грыцкевіча А., размешчаны ў зборніку артыкулаў па гісторыі «Беларусіка=Albaruthenica» [8], «Воля на крыжы: трагедыя» Петрашкевіча А., размешчаны ў часопісе «Полымя» [15], «Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (Да 125-годдзя з дня нараджэння)» Петрыкава П.Ц., размешчаны ў зборніку «Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук» [16], «Перад трагічным стрэлам: дакументальная хроніка апошняга года жыцця акадэміка Усевалада Ігнатоўскага» Платонава Р., размешчаны ў часопісе «Беларусь» [17] таксама аналізуць і разглядаюць асобу У.М. Ігнатоўскага ў кантэксце яго часу і даюць добрую характэрыстыку яго творчай і грмадска-культурнай дзейнасці.

Акрамя таго, некаторыя звесткі біяграфічнага, а таксама энцыклапедычнага плана можна знайсці ў вучэбных дапаможніках для вышэйшых вучэбных устаноў для гуманітарных факультэтаў. Імі зяўляюцца: «Гiсторыя Беларусi ад старажытных часоў да пачатку XXI ст.: у пытаннях i адказах» [9], «Гісторыя Беларусі: у 2 ч. - Ч. 2» [10], «Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. - Ч. 2» [14], Ковкеля И.И. «История Беларуси: с древнейших времен до нашего времени» [18], Чигринова П.Г. «История Белоруссии с древности до наших дней: учебное пособие» [19].


2. Жыцце і творчы шлях У.М. Ігнатоўскага

Ус. М. Ігнатоўскі нарадзіўся ў вёсцы Такары Брэсцкага павета (цяпер Камянецкі раён) Гродзенскай губерні ў беднай сям'і народнага настаўніка. Пасля бацька стаўся праваслаўным святаром. Усевалад Ігнатоўскі вучыўся ў Віленскай гімназіі, адкуль быў выключаны за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях моладзі [4, с. 7]. Працягваў вучобу ён у Магілёўскай гімназіі, якую скончыў у 1902 г. Дзеля атрымання вышэйшай адукацыі ён запісаўся на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Аднак закончыць універсітэт яму не ўдалося. 3 юнацтва Ігнатоўскі прымаў удзел у рэвалюцыйным руху. У 1901-1917 гг. ён быў членам партыі эсэраў. За ўдзел у рэвалюцыйным руху яго не раз арыштоўвалі. У 1905 годзе Ігнатоўскі быў арыштаваны і высланы з сталіцы расійскай імперыі на радзіму, у Брэсцкі павет. Толькі ў канцы 1906 г. яму было дазволена вярнуцца ў Пецярбург і наведваць лекцыі. Аднак праз кароткі час Ігнатоўскі быў звольнены з універсітэта і высланы ў адміністрацыйным парадку з Пецярбурга на поўнач, у Аланецкую губерню. Пасля адбыцця ссылкі яму было забаронена жыць у пяці найбуйнейшых гарадах Расіі. 3 вялікімі цяжкасцямі, дзякуючы настойлівасці Ігнатоўскага і ягонай прагнасці да ведаў яму ўдалося ў 1908 г. дабіцца прыёму ў Юр'еўскі, або Дорпацкі, універсітэт. У 1911 г. ён паспяхова скончыў універсітэт [11, с. 17].

Пасля заканчэння універсітэта Ігнатоўскі паехаў у Вільню і там працаваў настаўнікам у прыватнай гімназіі Вінаградавай. Калі ж у Мінску быў адчынены настаўніцкі інстытут, ён быў прызначаны туды ў 1915 г. выкладчыкам гісторыі, а пасля і старшынёй педагагічнага савета. Апрача выкладання гісторыі ў інстытуце Ігнатоўскі аддаваў шмат часу навукова-даследчай працы ў галіне гісторыі Беларусі, якая тады яшчэ нараджалася. Навуковую працу ён пачаў яшчэ ў ссылцы. У 1915-1920 гадах Усевалад Ігнатоўскі быў выкладчыкам, а потым прафесарам Мінскага настаўніцкага (з 1919 г. - педагагічнага) інстытута. У 1915 г. падчас набліжэння германскай арміі да Мінска Ус. М. Ігнатоўскі разам з інстытутам эвакуіраваўся ў Яраслаўль. У 1915 г. ён удзельнічае ва ўтварэнні аўтаномнай эсэраўскай арганізацыі левага накірунку «Наш край», якая займала рэвалюцыйна-дэмакратычныя пазіцыі. Сам Ус. М. Ігнатоўскі ўжо набудзіўся да рэвалюцыйнага беларускага нацыянальнага руху. Падчас выкладання ў Мінскім настаўніцкім інстытуце ён распрацаваў курс лекцый, які стаўся асновай ягоных кніг па гісторыі Беларусі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Ус. М. Ігнатоўскі, які знаходзіўся ў гэты час на платформе левых эсэраў, удзельнічаў разам з імі ў арганізацыі Савета рабочых дэпутатаў у Яраслаўлі (побач з бальшавікамі). У маі 1917 г. арганізацыя «Наш край» пераўтвараецца ў арганізацыю «Маладая Беларусь», праграма якой у той час была набліжана да праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады [13, с. 344]. Ужо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1918 г., Ус. М. Ігнатоўскі наладзіў кантакты з Белнацкомам (аддзелам Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей) і беларускімі секцыямі РКП(б). Улетку 1918 г. Ігнатоўскі разам з выкладчыкамі Мінскага настаўніцкага інстытута вяртаецца ў Мінск. Ад лютага 1918 г. да снежня 1918 г. Мінск знаходзіўся ў зоне германскай акупацыі. У гэты момант Беларуская сацыялістычная грамада знаходзілася на мяжы распаду з-за сур'ёзных рознагалоссяў паміж левым і правым крыламі гэтай партыі. У выніку расколу БСГ з яе левага крыла была створана Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у склад якой увайшоў Ус. М. Ігнатоўскі ў верасні 1918 г. Ен таксама ўвайшоў у склад ЦК гэтай партыі як прадстаўнік аўтаномнай (у межах партыі) арганізацыі «Маладая Беларусь» [13, с. 344]. Праграма гэтай партыі найбольш адпавядала ў той час ягоным палітычным перакананням, якія складваліся яшчэ ў часы ягонай рэвалюцыйнай дзейнасці падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. У ЦК БПС-Р Ігнатоўскі займаў крайнія левыя пазіцыі, выступаючы за супрацоўніцтва з падпольнымі бальшавіцкімі арганізацыямі.

Пасля вызвалення Беларусі ў снежні 1918 г. Ус. М. Ігнатоўскі не прымаў удзелу ў актыўнай палітычнай дзейнасці, займаючыся педагагічнай і культурна-асветніцкай працай. Ен арганізоўваў курсы беларусазнаўства, удзельнічаў у адкрыцці беларускіх школ і культурна-асветных устаноў.

Падчас польскай акупацыі большай часткі тэрыторыі Беларусі ў 1919-1920 гг. Ус. М. Ігнатоўскі вёў падпольную барацьбу супраць польскіх акупантаў, узначальваючы левую плынь партыі беларускіх эсэраў - арганізацыі «Маладая Беларусь». У снежні 1919 г. па ягонай ініцыятыве гэтая арганізацыя адкалолася ад партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ігнатоўскі разам з рэвалюцыйна настроенымі членамі арганізацыі, у ліку якіх былі С. Булат, Міхась Чарот, А. Сташэўскі, I. Каранеўскі, 1 студзеня 1920 г. стварылі ў Мінску арганізацыйны цэнтр Беларускай Камуністычнай арганізацыі (БКА), які часова ўзяў на сябе абавязкі ЦК БКА і заявіў аб прызнанні праграмы і тактыкі РКП(б). Ус. М. Ігнатоўскі напісаў праграмны дакумент, у якім гаварылася, што БКА вядзе барацьбу за аднаўленне Савецкай Беларускай Рэспублікі, спадзяецца на дапамогу Савецкай Расіі, з якой Савецкая Беларусь знаходзіцца ў федэратыўнай сувязі [7, с. 49].

БКА спачатку складалася галоўным чынам са студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага педагагічнага інстытута, але хутка пачала пашыраць свае ўплывы, адлюстроўваючы інтарэсы пэўных слаёў беларускага сялянства і інтэлігенцыі, якія займалі пазіцыі супрацоўніцтва з балыпавікамі ў барацьбе супраць польскіх акупантаў.

У канцы лютага 1920 г. у Мінску адбылася нарада прадстаўнікоў падпольных груп, на якой быў абраны ЦК БКА. Старшынёй ЦК БКА быў выбраны Ус. М. Ігнатоўскі. Арганізацыі БКА былі створаны ў Мінскім, Слуцкім, Ігуменскім, Гродзенскім, Дзісненскім, Слонімскім і Лідскім паветах. Яны супрацоўнічалі ў падполлі з бальшавіцкімі арганізацыямі і налічвалі дзве тысячы чалавек. Пад кіраўніцтвам БКА дзейнічалі «Сялянскія дружыны» - партызанскія атрады, якія вялі ўзброеную барацьбу супраць польскіх акупантаў. Была наладжана сувязь з ЦК КП(б) Літвы і Беларусі ў Смаленску і з Рэўваенсаветам Заходняга фронту. ЦК БКА падчас вызвалення тэрыторыі Беларусі ад польскіх акупантаў удзельнічаў у падрыхтоўцы да абвяшчэння незалежнасці БССР і ў падпісанні 31 ліпеня 1920 г. Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. У жніўні 1920 г. БКА налічвала некалькі дзесяткаў мясцовых арганізацый. 20 жніўня 1920 г. Беларуская Камуністычная арганізацыя па яе просьбе была прынята ў склад Кампартыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (праз некаторы час - Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі), якая ўваходзіла ў склад РКП(б). Ус. М. Ігнатоўскі быў прыняты ў члены РКП(б) раней - 30 ліпеня 1920 г., бо справы членаў БКА вырашаліся персанальна [16, с. 17].

У Савецкай Беларусі Ус. М. Ігнатоўскі займаў шэраг высокіх навуковых, дзяржаўных і грамадскіх пасад. У 1920 г. ён быў членам Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта БССР. Кароткі час у 1920-1921 гг. ён быў народным камісарам земляробства рэспублікі, у 1921-1926 гг. - народным камісарам асветы БССР. Стаўшы на чале гэтага народнага камісарыята, Ігнатоўскі пачаў выяўляць і прыцягваць да працы ў рэспубліцы раскіданую вайною беларускую інтэлігенцыю. Падчас дзейнасці Ігнатоўскага наркамат асветы фактычна стаўся цэнтрам абмеркавання і ажыццяўлення неабходных і наспелых мерапрыемстваў у галіне беларускага нацыянальнага адраджэння. Адначасова, каб падняць навуковы ўзровень вышэйшай адукацыі ў рэспубліцы, пры адкрыцці Беларускага дзяржаўнага універсітэта (у 1921 г.) Ігнатоўскі прычыніўся да запрашэння вядомых рускіх прафесараў з Масквы і іншых гарадоў РСФСР, якія ўжо праз год, авалодаўшы беларускай мовай, чыталі свае лекцыі на беларускай мове. У большасці ж факультэты Беларускага дзяржаўнага універсітэта былі ўкамплектаваны пераважна беларускімі нацыянальнымі кадрамі. Ігнатоўскі карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод студэнцкай моладзі, якая называла яго «бацькам» [5, с. 97].

Другою важнаю падзеяй было ўзнаўленне дзейнасці ў гэты перыяд Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках у 1925 г., а таксама крыху раней (у 1924 г.) - Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Тады ж быў адчынены Мінскі педагагічны тэхнікум, які атрымаў імя Усевалада Ігнатоўскага. 3 гэтага тэхнікума выйшла шмат настаўнікаў, паэтаў і пісьменнікаў.

Вялікую арганізацыйную работу ў якасці наркома асветы Усевалад Ігнатоўскі праводзіў побач з выкладчыцкай і навуковай. Ен быў у 1921 г. абраны прафесарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дэканам факультэтаў грамадскіх і педагагічных навук, намеснікам рэктара універсітэта. 3 1926 г. ён становіцца старшынёй Інстытута беларускай культуры. 3 1928 г. Ігнатоўскі - правадзейны член Беларускай Акадэміі навук, а з студзеня 1929 г. да студзеня 1931 г. - яе прэзідэнт [14, с. 151].

Ус. М. Ігнатоўскі займаў шэраг пасад у кіраўніцтве Кампартыі (балшавікоў) Беларусі. У 1923-1924 гг. ён быў кандыдатам у члены ЦК КП(б) Б, у 1924-1930 гг. - членам ЦК КП(б) Б. У 1925-1930 гг. выбіраўся ў члены бюро ЦК КП(б) Б. Выбіраўся ён і ў кіруючыя савецкія органы. У 1925-1927 гг. яго выбіраюць членам Цэнтральнага выканаўчага камітэта СССР, у 1920-1930 гг. - членам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР, а ў 1924-1930 - членам Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР [12, с. 470].

Ус. М. Ігнатоўскі часта выступаў з дакладамі па пытаннях нацыянальна-культурнай палітыкі партыі на з'ездах Кампартыі Беларусі і на пленумах ЦК. Даклады і выступленні яго адпавядалі тагачаснай агульнапартыйнай лініі. У лістападзе 1924 г. ЦК КП(б) Б прыняў рашэнне адзначыць 20-гадовы юбілей культурна-педагагічнай і рэвалюцыйнай дзейнасці Ус. М. Ігнатоўскага. Станоўчай лічылася і яго дзейнасць у наступны перыяд.

У 1929-1930 гг. прайшла першая моцная хваля рзпрэсій, накіраваных супраць беларускай інтэлігенцыі. У рэшце рэшт яна дакацілася і да Ус. М. Ігнатоўскага. У 1930 г. ён публічна быў абвінавачаны ў тым, што ў сваёй дзейнасці і навуковых працах ставіць на першае месца і моцна падкрэслівае нацыянальныя моманты замест класавых. Ігнатоўскага абвінавацілі ў тым, што ён у сваіх лекцыях залічвае беларускіх пісьменнікаў Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча ў народнікі, тады як яны з'яўляліся на самай справе прыгоннікамі і клерыкаламі. Ен быў таксама абвінавачаны ў тым, што ён «ідэалізуе нашаніўцаў», а не выкрывае іх «варожую класавую сутнасць» і г. д.

На пленуме ЦК КП(б) Б у кастрычніку 1930 г. Усевалад Ігнатоўскі быў выведзены з членаў бюро ЦК КП(б) Б і з членаў ЦК КП(б) Б. У снежні 1930 г. ён быў вызвалены ад пасады прэзідэнта Акадэміі навук. У студзені 1931 г. пастановай прэзідыума і парткалегіі ЦКК КП(б) Б ён быў выключаны з партыі як нацыянал-ухіліст. На пачатку лютага 1931 г. ён быў выкліканы ў ДПУ на допыт. Пасля допыту, у сябе дома, Ус. М. Ігнатоўскі застрэліўся [17, с. 16]. Яго імя звязвалася зсправай аб так званым «Саюзе вызвалення Беларусі», штучна распрацаванай органамі ДПУ для знішчэння беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Ігнатоўскага меркавалася «зрабіць» лідэрам гэтай фіктыўнай «арганізацыі». Так трагічна загінуў беларускі вучоны і грамадскі дзеяч прафесар Ігнатоўскі.

Такім чынам, біяграфія Ус. М. Ігнатоускага выглядае занадта цяжкай і ў большасці сваей трагічнай. Яна адпавядае біяграфіям многіх таленавітых і сапраўды любячых свой край грамадскіх дзеячоў, інтэлігенцыі, падпаўшых пад жорсткі молат сталінскіх рэпрэсій, дзечоў, якія шмат зрабілі дзеля таго, каб захаваць спадчыну для нашчадкаў.

3. Канцэпцыя У.М. Ігнатоўскага на гісторыю беларускага края

Погляды У.М. Ігнатоўскага на гісторыю беларускага края можна добра прасачыць аналізуя адну з лепшых яго работ - «Кароткі нарыс па гісторыі Беларусі».

Разглядаючы нарыс па гісторыі Беларусі Ус. М. Ігнатоўскага, які быў адным з першых курсаў па гісторыі Беларусі, трэба адзначыць, што Ус. М. Ігнатоўскі меў папярэдніка ў гэтай працы. Яшчэ ў 1910 г. у Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшла асобным выданнем кніга Вацлава Юсцшавіча Ластоускага «Кароткая гісторыя Беларусі», якая друкавалася ў газеце «Наша Ніва» [18, с. 433]. Гістарычны нарыс В. Ластоўскага быў першым выданнем гісторыі Беларусі, напісаным беларусам, па-беларуску і для беларусаў яшчэ ў царскай Расіі. Таму Усеваладу Ігнатоўскаму было ўжо лягчэй пісаць свой курс гісторыі Беларусі, разглядаючы гістарычны працэс са сваіх пазіцый, але ўжо маючы ў руках узор такога роду навуковага і навукова-папулярнага твора. Таму ізалявана разглядаць нарыс гісторыі Беларусі Ус. Ігнатоўскага не выпадае.

«Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ус. Ігнатоўскага доўгі час быў школьным падручнікам па гісторыі.

Адзначаючы ролю капіталізму, які эксплуатуе працоўную масу, Ус. Ігнатоўскі зазначае, што распрацоўка гісторыі Беларусі як асобнай рэспублікі, асобнай краіны толькі ў ягоны час пачынаецца, бо раней, да рэвалюцыі, была гісторыя адзінай і непадзельнай Расіі, «царская, агульнаруская гісторыя», якая выкладалася ва ўсіх школах вялікай імперыі. Аднак гэтыя першыя спробы разгледзець гісторыю Беларусі з марксісцкага пункту гледжання пададзены аўтарам спрошчана, а часам прымітыўна і нелагічна, асабліва ў такіх выпадках, калі дзейнасць полацкага капіталу і эксплуатацыя працоўных разгортваюцца падчас ранейшага феадалізму. Так, гаворачы пра Полацкую Русь, Ус. Ігнатоўскі піша: «У руках купцоў зьбіраюцца вялікія капіталы, каторыя даюць ім магчымасьць эксплёатаваць полацкую працоўную масу. Вечы гарадоў зьяўляюцца тым месцам, дзе асабліва яскрава выяўляецца барацьба паміж «лепшымі» людзьмі, уладарамі капіталаў, і «подлымі» людзьмі, уладарамі рабочых рук» [1, с. 29]. Ва ўводзінах у гісторыю Беларусі аўтар «Кароткага нарыса» распавядае пра тэрыторыю Беларусі і яе насельніцтва. У склад тэрыторыі Беларусі, згодна з тагачаснымі этнаграфічнымі даследаваннямі, якія былі пададзены яшчэ ў XIX стагоддзі ў працах А.К. Кіркора, П.А. Бяссонава, I.I. Насовіча, Е.Р. Раманава, у манаграфіі акадэміка Я.Ф. Карскага, у энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Ефрона, Ус. М. Ігнатоўскі залічыў «старыя губерніі - Менскую, Магілёўскую і Горадзенскую, узятыя амаль што цалкам; Віцебскую ў пераважнай большасьці свае тэрыторыі; Смаленскую і Чарнігаўскую некаторымі асобнымі паветамі». Ен адзначае: «Есьць моцна русыфікаваны беларускі этнографічны тып у суседніх губернях - Цверскай, Пскоўскай і Арлоўскай» [1, с. 24].

Такім чынам, Ус. Ігнатоўскі разглядае гістарычныя падзеі на тэрыторыі тагачаснай этнаграфічнай Беларусі - да 300 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам у 10 мільёнаў чалавек, з якіх 80 працэнтаў складаюць беларусы, «самага чыстага этнографічнага тыпу ўсходня-славянскага рускага племя» [1, с. 26], бо «турка-мангольская лявіна да іх не дакацілася…» і «этнографічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса не было. Калі і прызнаць этнографічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты ўплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны - такія ж арыйцы, як і беларусы, а палякі - славяне, толькі заходняй галіны» [1, с. 26]. Так Ігнатоўскі акрэслівае паходжанне беларусаў.

Перыядызацыя гісторыі Беларусі, якую прапануе Ус. Ігнатоўскі, заснавана на дзяржаўнай прыналежнасці Беларусі. Ен падзяляе гісторыю Беларусі на пяць перыядаў: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі (у складзе Рэчы Паспалітай), Расійскі і апошні, які ён назваў «Беларусь пасьля звяржэньня царызму». У гэтым сэнсе перыядызацыя гісторыі ў кнізе В. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» больш дэталізаваная, прычым яна зусім не звязана з храналагічнымі межамі. Так, частка другая ў «Кароткай гісторыі» В. Ластоўскага заключана паміж 1132 («ад павароту полацкіх князёў») і 1430 («да смерці Вітоўта»). Такой, дзяржаўніцкай перыядызацыі, якую ўвёў Ус. Ігнатоўскі, у асноўным прытрымліваліся і наступныя гісторыкі да апошняга часу, фактычна разглядаючы гісторыю Беларусі менавіта паводле тых перыядаў, у залежнасці ад таго, у склад якой дзяржавы ўваходзіла ў гэты перыяд Беларусь. У канцы 30-40-х гадоў у кнізе I.Ф. Лочмеля «Тэзісы по гісторыі Беларусі» («Бальшавік», 1948, №6), а потым і ў артыкулах Л.С. Абэцэдарскага і школьным падручніку па гісторыі БССР, напісаным пад ягоным кіраўніцтвам, такі прынцып дзяржаўніцкай перыядызацыі быў захаваны, толькі замест Літоўска-Беларускай дзяржавы ўжо нагадваецца Вялікае княства Літоўскае як чыста літоўская дзяржава, гэта значыць поўнасцю паўтаралася перыядызацыя гісторыі, запазычаная ў рускіх дваранскіх гісторыкаў дзяржаўніцкай школы [19, с. 516].

Для Ус. Ігнатоўскага няма ніякіх сумненняў у тым, што Полацкае княства было ад пачатку незалежным, і толькі на некалькі год (у першай палове XII ст.) яно трапіла ў залежнасць ад Кіеўскага, каб яшчэ раз дабіцца самастойнасці. Таму адпаведны перыяд у ягоным «Кароткім нарысе» і называецца Полацкім (IX-XIII ст.).

Ус. Ігнатоўскі вызначыў і другі, Літоўска-Беларускі, перыяд гісторыі Беларусі (XIII - палавіна XVI ст.), які непасрэдна звязаны з Полацкім. 3 XIII ст. будуецца Вялікае княства Літоўска-Беларускае, на чале якога стаіць гаспадар, вялікі князь-літвін, а пануюць культура і мова Полаччыны, беларуская мова, якая стала дзяржаўнай. Ус. Ігнатоўскі адзначае, што ў Літоўска-Беларуекім гаспадарстве згодна жывуць дзве веры: усходне-хрысціянская - у славян і паганская - у літвінаў. Ус. Ігнатоўскі быў першым з беларускіх гісторыкаў, які даў правільную назву Вялікаму княству Літоўскаму, характарызуючы яго нацыянальны характар. Нават у кнізе В. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) гэтая дзяржава названа паводле традыцыі рускіх дваранскіх і буржуазных гісторыкаў - Літоўска-Руская дзяржава.

Наступны перыяд у Ус. Ігнатоўскага называецца Польскім, паколькі аўтар лічыць, што пасля Люблінскай уніі 1569 г. «Літва і Беларусь былі інкарпарыраваныя ў арганізм Польшчы. Асобнасьць і незалежнасьць Літвы і Беларусі была згублена» [1, с. 30]. Гэты тэзіс Ус. Ігнатоўскага быў заснаваны на тых падставах, што з канца XVII ст. на Беларусі і Літве пачала панаваць польская мова як дзяржаўная, а нобач з ёю - польская культура, польскі сацыяльны і палітычны лад і каталіцкая вера. Шляхта апалячвалася і адыходзіла ад свайго народа. Такая аргументацыя была ўспрынята і наступнымі гісторыкамі, якія таксама ўжывалі яе да апошняга часу, нягледзячы на тое, што шэраг гістарычных фактаў паказваў, што асобныя феадальныя інстытуты, асобны феадальны лад і законы, асобная феадальная дзяржаўнасць захоўваліся, а самастойнасць Літоўска-Беларускай дзяржавы ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай існавала да падзелаў гэтай дзяржавы ў канцы XVIII ст.

Чацвёрты перыяд гісторыі Беларусі адносіцца да канца XVIII - пачатку XX ст., калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

Пяты перыяд - упершыню ў маладой беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі - Ус. Ігнатоўскі прысвяціў савецкаму перыяду.

Значнае месца ў кнізе аддадзена першаму, Полацкаму перыяду. Ен дэтальна разглядае гістарычныя падзеі, а таксама асобныя накірункі гістарычнага працэсу IX-XIII ст. на Полацкай Русі. Пры гэтым выкарыстоўваюцца шматлікія цытаты са старажытнарускіх летапісаў і іншых гістарычных крыніц, а таксама вынікі археалагічных раскопак. Ус. Ігнатоўскі падкрэслівае, што заканадаўчая ўлада ў воласці ў Полацкім княстве належала да народнага веча, або сходу, а князі ў Полацку былі юрыдычна абмежаваныя ў сваёй дзейнасці. Аўтар робіць упор, абапіраючыся на звесткі летапісаў, на пастаяннае змаганне Полацкага княства з Кіеўскім за незалежнасць, а таксама «за ўплыў на Ноўгарад і за пяршынство ўва ўсходнеславянскім сьвеце» [3, с. 145], падкрэсліваючы асабліва ролю князя Усяслава, Брачыславага сына (з 1044 да 1101). У гэтым раздзеле Ус. Ігнатоўскі, згодна з сваімі устаноўкамі, апісвае барацьбу паміж кіеўскімі і полацкімі князямі ў 1127-1129 гг., калі полацкія князі былі выгнаны, а замест іх у Полацку і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі былі пасаджаны сыны і родзічы кіеўскага князя Мсціслава. Край быў разрабаваны, а тысячы насельнікаў зямлі былі праданы ў няволю. Ус. Ігнатоўскі адзначае: «Нявольнічы гандаль пашырыўся. Ад яго карысталіся як прышлыя князі, так і мясцовыя капіталістыя, інтарэсы каторых супалі з інтарэсамі князёў. Такім спосабам, мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная палітычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысць, руйнавалі Полацкі край» [3, с. 146]. Тут зноў наглядаецца мадэрнісцкі падыход да гісторыі. Аўтар паказвае, як свабодалюбівы народ, які паўстаў, выгнаў прышлых князёў і іх мясцовых прыхільнікаў і вярнуў полацкіх князёў да ўлады. Ен таксама адзначыў перыяд 1180-1190 гг., калі ў Полацку князя не было, а фактычна княствам кіравалі 30 старшынь, абраныя вечам, і Полацк ператварыўся на гэтыя дзесяць год у рэспубліку. Ен разглядае таксама ўплыў хрысціянства на асвету і развіццё Полацкай зямлі, ролю ў гэтым княжны Прадславы-Еўфрасінні, а таксама ролю Кірылы Тураўскага ў Тураве і Кліманта Смаляціча ў Смаленску [8, с. 66].

Другі перыяд гісторыі Беларусі, які вызначыў Ус. М. Ігнатоўскі, гэта XIII-XVI ст. калі Беларусь і Літва ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Аўтар называе гэтую дзяржаву Літоўска-Беларускай дзяржавай. Ён падкрэслівае: «…Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім. Літоўскі гаспадар добра разумеў, што аперціся ў сваёй будоўлі толькі на адных літвінаў ён ня можа. Племя літвінаў было невялікае, апроч таго, у ім ня было культурнай мовы. …I трэба зазначыць, што Полацкая Русь пэўна дала новаму гаспадарству свае парадкі, установы і культуру» [2, с. 473]. Вельмі падрабязна разглядаўся Ігнатоўскім гэты перыяд у гісторыі Беларусі, бо ён быў добра распрацаваны дарэвалюцыйнымі гісторыкамі. Ус. М. Ігнатоўскі слушна падкрэсліў, што ў гэтай Літоўска-Беларускай дзяржаве «абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасьць» [2, с. 474]. Ен таксама зазначыў, што «літвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў канцы XIV сталецьця больш як 50 літвінскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе болын культурных элементаў, як паганская вера…» [1, с. 81]. 3 гэтых сваіх назіранняў аўтар робіць выснову: «Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элементамі дзяржавы залежала ад таго, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудавана больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны» [1, с. 81]. Гэтыя палажэнні аўтара былі абвергнуты ў 40-50-х гадах, і доўга яшчэ ў навуковых працах і падручніках хадзіў міф пра нібыта заваёву беларускіх зямель літоўскімі захопнікамі. Толькі ў 70-х гадах частка гісторыкаў вымушана была на падставе фактаў вярнуцца да палажэнняў Ус. М. Ігнатоўскага ў гэтым пытанні.

Шмат увагі ўдзяліў Ігнатоўскі барацьбе беларускіх і літоўскіх воінаў супраць крыжакоў і адносінам Літоўска-Беларускага гаспадарства з Полынчай і Масквою. Ен лічыць, што дзяржаўны саюз (унія) паміж Польшчай і Літоўска-Беларускім гаспадарствам быў заключаны не ў 1385, а ў 1386 г. на з'ездзе ў Ваўкавыску, а ў Крэве ў 1385 г. былі толькі нарада і пагадненне з польскімі пасламі. Але ён заўважае, што унія з Польшчай «была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці» [1, с. 90]. Калі ў 40-50-х гадах беларускія савецкія гісторыкі лічылі, што унія 1385 г. у Крэве адразу ж несла з сабой падпарадкаванне Вялікага княства Літоўскага Польшчы (згодна з загадзя распрацаванай схемай), то цяпер, зноў пад напорам фактаў, гісторыкі вымушаны вярнуцца да палажэнняў, выказаных Ус. М. Ігнатоўскім у гэтым пытанні. I толькі апошняя, Люблінская унія 1569 г. прывяла, як лічыць Ус. М. Ігнатоўскі, да страты Літвой і Беларуссю сваёй палітычнай і культурнай незалежнасці.

Спецыяльны падраздзел кнігі Ус. М. Ігнатоўскага прысвечаны беларускай культуры у XV-XVI ст. Тут разглядаецца і заканадаўчая праца, аналізуюцца прывілеі, Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг. Адзначыў Ус. М. Ігнатоўскі і культурную дзейнасць першага беларускага друкара Францішка Скарыны (аўтар дадаткова і без тлумачэнняў называе яго таксама другім імем - Юрый).

Вельмі цікавую выснову з падзей царкоўнай гісторыі на Беларусі зрабіў Ігнатоўскі. Ен адзначыў, што ў XV ст. праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы аддзялілася ад праваслаўнай царквы ў Маскоўскім княстве. А калі ў 1589 г. Маскоўскай дзяржаве ўдалося падняць сан мітрапаліта свайго галавы царквы да сану патрыярха, што магло прычыніцца да падпарадкавання праваслаўнай царквы на Беларусі і Украіне, дзе быў толькі мітрапаліт, маскоўскаму патрыярху, то як процівага гэтаму мясцовымі царкоўнымі коламі была праведзена царкоўная унія ў Брэсце ў 1596 г., і праваслаўная царква на Беларусі і Украіне арганізацыйна была падпарадкавана рымскаму папе [1, с. 110]. Гэтае палажэнне Ігнатоўскага супярэчыць розным канструкцыям палітычнага характару 40-50-х і пазнейшых гадоў аб «каталіцкай агрэсіі», «барацьбе народных мас за праваслаўе і за уз'яднаньне з царскай Расіяй», якія растлумачвалі гэты палітычны акт з пазіцый дарэвалюцыйных дваранскіх і клерыкальных гісторыкаў, толькі цяпер ужо з марксісцкай фразеалогіяй. Ігнатоўскі таксама слушна адзначыў, што «Праваслаўная царква мела сваё права, хоць і меншае, ад каталіцкага. Наогул, палітыка дзяржавы была даволі верацярплівая» [1, с. 110].

У трэцім перыядзе гісторыі Беларусі (XVI-XVIII ст.) Ус. М. Ігнатоўскі падрабязна разглядае ўсе падзеі, якія тычыліся Люблінскай уніі 1569 г. і Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. Ус. М. Ігнатоўскі да прычын заключэння Люблінскай уніі адносіць жаданне беларускай шляхты атрымаць больш палітычных правоў за кошт правоў магнатаў, зраўняцца з правамі польскай шляхты. Аўтар прыводзіць факт стварэння Віцебскай канфедэрацыі беларускай шляхты ў 1562 г., якая паставіла сабе мэту дабіцца палітычнай уніі з Польшчай. Вонкавым жа фактарам у заключэнні дзяржаўнага саюза з Польшчаю быў пастаянны палітычны націск, пачынаючы з канца XIV ст., на Літву і Беларусь з боку Маскоўскай дзяржавы, спусташэнне і руйнаванне беларускай зямлі, - піша Ігнатоўскі [1, с. 112].

Асабліва гэты націск праявіўся ў час Лівонскай вайны, што і вымусіла феадалаў Літвы і Беларусі шукаць хутчэйшых шляхоў да уніі. Ус. М. Ігнатоўскі адзначыў таксама супраціўленне магнатаў заключэнню уніі. Усе гэтыя палажэнні Ігнатоўскага былі абгрунтаваны на падставе ранейшых работ іншых вучоных. У адным тут памыляўся Ус. М. Ігнатоўскі: ён лічыў, што Рэч Паспалітая, створаная актам Люблінскай уніі, была адным цэлым, адной непадзельнай дзяржавай. На самай справе, як сведчаць шматлікія дакументы, Рэч Паспалітая прадстаўляла сабою федэрацыю дзвюх дзяржаў з адным каралём (ён жа вялікі князь літоўскі і рускі), з адным феадальным парламентам - Соймам, з адной палітыкай, але з рознымі законамі, войскамі, дзяржаўнымі пасадамі і апаратам, рознымі дзяржаўнымі мовамі, фінансамі, судовымі ўстановамі.

Таксама падрабязна разглядае Ус. М. Ігнатоўскі царкоўную унію 1596 г. Ён паўтарае ў асноўным палажэнні рускіх дваранскіх і клерыкальных праваслаўных гісторыкаў аб нацыянальна-рэлігійным уціску ў Беларусі. Таму прыняцце уніі ён лічыць не рэлігійным, а палітычным пытаннем; яна была працягам палітыкі скасавання незалежнасці Літоўска-Беларускай дзяржавы, пачатай Люблінскай уніяй 1569 г., лічыць Ус. М. Ігнатоўскі. Такім чынам, аўтар даў падставы і пазнейшым гісторыкам прытрымлівацца пазіцый рускіх дарэвалюцыйных гісторыкаў. Гэту пазіцыю Ігнатоўскага можна вытлумачыць палітычным становішчам Беларусі ў той момант, калі пісалася кніга. Свой настрой супраць польскіх акупантаў у 1919 г. аўтар, які сам вёў барацьбу супраць іх і кіраваў барацьбой, перанёс і на старонкі кнігі. Таму палітыка Польшчы паказана адмоўнай, як потым паказвалася яна і ў кнігах іншых беларускіх гісторыкаў [9, с. 193]. Таму і Люблінская унія 1569 г. паказана аўтарам як акт, падчас якога «ад вялікага Літоўска-Беларускага княства былі адабраны і сілком прылучаны да «кароны» (як называлі Полыдчу) такія багатыя, каштоўныя землі, як Падолія, Валынь, Кіеўшчына і Падлясьсе» [1, с. 135]. I тут Ус. М. Ігнатоўскі ідзе за рускімі гісторыкамі. Аналіз дакументаў паказвае, аднак, што сама шляхта гэтых ваяводстваў намагалася далучыцца да Польшчы пры ўмове захавання старадаўніх законаў і справаводства. Прычынамі гэтага былі ўжо моцная паланізацыя шляхты на Падляссі і спроба прыцягнуць польскую шляхту да абароны ўкраінскіх зямель ад штогадовых нападаў крымскіх татар, а таксама намаганне мясцовай шляхты ўраўнаваць свае правы з польскай.

Ігнатоўскі ў той жа час прызнае, што і пасля Люблінскай уніі Літоўска-Беларуская дзяржава захавала сваю самастойнасць. Ен спасылаецца на Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., дзе было запісана, што палякі разглядаюцца як іншаземцы і не маюць права набываць сабе землі на Беларусі і Літве, таксама як і атрымоўваць дзяржаўныя пасады (урады).

Ус. М. Ігнатоўскі распрацаваў новы для яго часу сюжэт у гісторыі Беларусі - пра казацтва на Беларусі. Гэты падраздзел яго працы стаўся асновай для далейшай распрацоўкі тэмы пазнейшымі гісторыкамі - В.К. Шчарбаковым, I.Ф. Лочмелем і асабліва Л.С. Абэцэдарскім. А В.К. Шчарбакоў нават выдаў кнігу па гэтай тэме [15, с. 107].

А вось палітычную гісторыю Беларусі з сярэдзіны XVI-XVII ст. прафесар Ігнатоўскі даў у сваёй кнізе вельмі коратка, нават канспектыўна, літаральна на некалькіх старонках. Трошкі больш ім напісана пра падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст., але ў асноўным ён прывёў факты без вялікіх абагульненняў.

Адносна невялікім з'яўляецца чацвёрты раздзел кнігі, у якім гаворыцца пра становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Ус. М. Ігнатоўскі, коратка характарызуючы далучэнне Беларусі да Расіі, зрабіў слушную заўвагу: «Доля працоўных мас Беларусі не палепшылася ад палітычнай перамены» [1, с. 166]. I сапраўды, калі раней Беларусь была ў складзе дзяржавы са слабым дзяржаўным апаратам, то ў Расіі прыгонніцкі апарат дзяржаўнай улады быў значна мацнейшы. Таму становішча беларускага селяніна было больш цяжкае, як адзначае аўтар [1, с. 167]. Гэты раздзел гісторыі Беларусі таксама вельмі кароткі. Ен складае толькі 8 старонак, паколькі гэты перыяд быў асветлены Ус. М. Ігнатоўскім у асобнай кніжцы, як адзначыў сам аўтар. Фактычна тут даецца канспектыўны агляд гісторыі Беларусі XIX і пачатку XX ст. Аўтар адзначае, што асноўная маса памешчыкаў Беларусі была задаволена далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі, бо ў Расіі такіх груповак сярод шляхты, якія б хацелі правесці карэнныя рзформы дзяржаўнага ладу, як у Рэчы Паспалітай, не было. Памешчыкі маглі жыць спакойна і ўпэўнена. Ус. М. Ігнатоўскі адзначыў, што становішча жыхароў гарадоў - мяшчан - у Расійскай імперыі ў параўнанні з іх становішчам у Рэчы Паспалітай пагоршылася: было скасавана самакіраванне гарадоў паводле магдэбургскага права, павялічаны падаткі, на іх пашыралася вайсковая, рэкруцкая павіннасць.

Ус. М. Ігнатоўскі, насуперак гістарычным фактам, зыходзячы са сваіх марксісцкіх, класавых пазіцый (каб і на Беларусі было сялянскае паўстанне, а не толькі Пугачоў у Расіі), ахарактарызаваў польскае паўстанне 1863 г. на Беларусі як, з аднаго боку, сялянскі рух, накіраваны супраць паноў, з другога боку, палітыка-вызваленчы, незалежніцкі рух, накіраваны супраць рускага царызму. Сапраўды, можна пагадзіцца з Ус. М. Ігнатоўскім у тым, што паўстанне 1863 г. на Беларусі мела нацыянальна-вызваленчы характар, а для групоўкі чырвоных мэтаю было ўтварэнне незалежнай ад Расіі і Польшчы Беларускай рэспублікі [10, с. 131]. Для рэвалюцыянераў-народнікаў (чырвоных) і чырвонага дыктатара паўстання В.К. Каліноўскага такая мэта існавала. Але з тым, што паўстанне на Беларусі было сялянскім, пагадзіцца нельга. Шляхецкім яго лічылі і дарэвалюцыйныя даследчыкі, да такой жа высновы прыйшлі і савецкія даследчыкі, і перш за ўсё С.М. Самбук. Дастаткова зазірнуць у Беларускую Савецкую Энцыклапедыю, каб пераканацца ў шляхецкім характары паўстання 1863 г. на Беларусі. 70% удзельнікаў паўстання складалі дваране (галоўным чынам дробныя чыноўнікі, інтэлігенцыя, малазямельная і беззямельная шляхта). I толькі 18% складалі сяляне (у болыпасці ў Гродзенскай губерні). Асноўная маса беларускага сялянства за паўстанцамі не пайшла, нягледзячы на заклікі Каліноўскага і ягонай «Мужыцкай праўды». Царызму ўдалося нават накіраваць беларускіх праваслаўных сялян, растлумачваючы, што яны рускія, супраць паўстанцаў-паноў. Дайшло да парадаксальнай сітуацыі, калі пануючы клас рускага дваранства ўзбройваў прыгнечаных сялян, накіроўваючы іх супраць другой часткі дваранства - апалячанага беларускага і польскага. На жаль, версія, якую ўвёў Ус. М. Ігнатоўскі, раз-пораз з'яўляецца на старонках друку.

Тут таксама трэба заўважыць, што Ус. М. Ігнатоўскі, зыходзячы хіба з таго меркавання, што імя Вікенцій не беларускае, а польскае (а сапраўды - каталіцкае), вырашыў пасмяротна перайменаваць нацыянальнага героя Беларусі Вікенція Канстанціна Каліноўскага толькі ў Канстанціна, каб не быў палякам, бо ў той час, як ён пісаў сваю працу, Ус. М. Ігнатоўскі вёў барацьбу з палякамі. Таму ўпершыню ў гістарычнай літаратуры з'явілася новая форма найменавання Каліноўскага - Кастусь Каліноўскі (Кастусь - правадыр сялянскага паўстання), пра якую сам Вікенцій Каліноўскі так ніколі і не даведаўся, бо загінуў на шыбеніцы ў 1864 г.

Ва ўсіх сваіх асабістых дакументах Каліноўскі подпісваўся заўсёды «Вікенцій Каліноўскі», бо калі ў католікаў два імені, то заўсёды ўжываецца першае. I ў тагачасных афіцыйных дакументах і Пецярбургскага універсітэта, і губернскай дваранскай зборкі, і ў прыгаворы да пакарання смерцю ўжывалаея толькі імя Вікенцій. Пра гэта прыхо дзіцца гаварыць, бо легенда пра імя Кастусь, якую ўвёў у абіход Ус. М. Ігнатоўскі, пашыраецца і дагэтуль. Яна вельмі нагадвае гісторыю з «палепшаным» імем Францішка Скарыны, якога трэба абавязкова было ў 40-х гадах зрабіць праваслаўным беларусам, г. зн. Георгіем. Усе гэтыя пасмяротныя перайменаванні з'яўляюцца далёкімі вынікамі русіфікатарскай палітыкі царскіх улад на Беларусі. У сувязі са скарачэннем аб'ёму сваёй кнігі ў канцы яе Ус. М. Ігнатоўскі ў тэлеграфным стылі апавядае пра нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі ў другой палове XIX-XX ст.

Пятаму перыяду гісторыі Беларусі пасля звяржэння царызму і да 1924 г. Ус. М. Ігнатоўскі прысвяціў толькі 6 старонак. Практычна гістарычныя падзеі тут толькі пералічаны. Ус. М. Ігнатоўскі адзначае: «На Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя, развязаўшы сацыяльнае пытаньне, павінна была спаткацца і спаткалася з нацыянальным пытаньнем» [1, с. 177]. Ен падкрэсліў, што на грунце адзінага нацыянальнага фронту стаў і Усебеларускі Кангрэс, які сабраўся ў снежні 1917 г. і абвясціў Беларусь дэмакратычнай рэспублікай і разам з тым прызнаў Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Аўтар кнігі тлумачыць пазіцыі розных накірункаў беларускага нацыянальнага руху. Вельмі цікавае яго назіранне адносна неабходнасці ўтварэння БССР, пытанне пра якое было пастаўлена на VI паўночна-заходняй канферэнцыі Расійскай Кампартыі ў Смаленску ў канцы снежня 1918 г. Ен адзначае: «На працягу працы канферэнцыі выявілася, што партыя павінна дзеля балыпавізацыі беларускіх мас узяць у свае ўласныя рукі разьвязваньне нацпытаньня» [1, с. 178]. Таму і была абвешчана БССР.

Такім чынам, «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ус. М. Ігнатоўскага застаецца да нашага часу адным з каштоўных твораў беларускай гістарыяграфіі. Ен у канцы 20-х гадоў XX ст. лічыўся першым марксісцкім курсам беларускай гісторыі. Гэты твор беларускага гісторыка адлюстраваў новы падыход да гістарычных фактаў аўтара, часам з удалымі высновамі, часам са спрошчаным і паспешлівым тлумачэннем падзей, выкліканым сацыяльным заказам. Але трэба аддаць належнае гэтай працы. Яна была пэўнай ступенню ў распрацоўцы гісторыі Беларусі як прадмета. Пасля «Кароткага нарыса» з'яўляецца шэраг прац іншых беларускіх гісторыкаў, якія ўнеслі свой уклад у далейшае развіццё гістарычнай навукі на Беларусі.

Заключэнне

У.М. Ігнатоўскі пакінуў прыкметны след у гісторыі Беларусі. Ён быў упэўнены ў тым, што прыцягнуць масы, сялянскую большасць насельніцтва рэспублікі да будаўніцтва новага жыцця можна, перш за ўсё, шляхам прапаганды ідэалогіі Кампартыі на роднай беларускай мове. Адсюль яго намаганні перавесці работу Наркамасветы БССР на беларускую мову, стварэнне пры Наркамасветы Навукова-тэрміналагічнай камісіі для распрацоўкі нарматыўнай базы беларускай мовы; адсюль - паспешная беларусізацыя ўсяго жыцця ў БССР; адсюль - стварэнне Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), потым на яго базе - Беларускай Акадэміі навук.

У.М. Ігнатоўскі не заўважаў, як паступова нарасталі зайздрасць і супрацьдзеянне правадзімай ім рабоце. Перш за ўсё супраць фарсіраванай, а таму ў многім насільнай, беларусізацыі.

Такая настойлівая рэалізацыя моўна-культурнага развіцця БССР гістарычна была апраўдана, але метады яе правядзення выклікалі незадаволенасць як рускамоўнага насельніцтва, так яўрэйскай і польскай меншасці (руская, беларуская, польская і літоўская мовы былі прызнаны ў 1924 г. раўнапраўнымі на дзяржаўным узроўні ў БССР). Былі недахопы, у тым ліку істотныя, і ў навуковых працах У М. Ігнатоўскага.

Таму яго падзенне з высокага алімпа БССР было ў тых умовах непазбежна.

У.М. Ігнатоўскі трагічна загінўу. Трагічны лес спасціг і яго кнігу «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі», дзе добра адлюстраваны нацыянальныя моманты ў гісторыі беларускага края. Кніга была забаронена і на многія гады арыштавана ў спецхове. Некалькі пакаленняў людзей былі пазбаўлены магчымасці вывучаць гісторыю Беларусі.

Можна сцвярджаць, што памылкі і недахопы ў навуковых працах У.М. Ігнатоўскага, як і у яго грамадска-палітычнай і дзяржаўнай дзейнасці, не былі накіраваны супраць Савецкай улады і інтарэсаў беларускага народа. Іх належыць тлумачыць складанасцю жыцця 1920-1930-х гадоў. Таму навуковая спадчына першага беларускага гісторыка-марксіста будзе і далей займаць ганаровае месца ў беларускай гістарыяграфіі.

Спіс крыніц і літаратуры

1 Ігнатоускі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі [Тэкст]: [навукова-публіцыстычнае выданне]. - Мн.: Беларусь, 1992. - 190 с.

История Беларуси в документах и материалах [Текст]: [сборник документов] / Авт.-сост. В.Г. Мазец. - Мн.: Амалфея, 2000. - 672 с.

Матэрыялы па гiсторыi Беларусi з удакладненнямi i дапауненнямi [Тэкст]: [зборнiк дакументау] / Пад рэд. Н.С. Шаровай. - Мн.: Кнiжны дом, 2004. - 200 с.

Акадэмiк У.М. Iгнатоўскi [Тэкст]: Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110-годдзю з дня нараджэння. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - 314 с.

Андрэева Е.Г. Асветніцка-педагагічная дзейнасць Усевалада Ігнатоўскага [Тэкст]: [навукова-публіцыстычнае выданне] // Гісторыя народнай адукацыі Беларусі (1917-1941). - Мн.: Асвета, 2001. - С. 88-106.

Андрэева Е.Г. Усевалад Ігнатоўскі - асветнік, педагог [Тэкст]: [навуковае выданне] // Адукацыя і выхаванне. - 1996. - №12. - С. 9-19.

Брыгадзін П.І., Мацяс І. Дз. Усевалад Ігнатоўскі: Палітычны дзеяч, вучоны [Тэкст]: [навуковае выданне]. - Мн.: Полымя, 1998. - 189 с.

Гiсторыя Беларусi ад старажытных часоу да пачатку XXI ст. [Тэкст]: у пытаннях i адказах / В.I. Ермаловiч, В.Ф. Голубеу, Г.А. Грыгореу i iнш. - Мн.: Экаперспектыва, 2003. - 297 с.

Гісторыя Беларусі [Тэкст]: [падруч. для студэнтау вузау па спецыяльнасцi «Гісторыя Беларусі»]: у 2 ч. - Ч. 2. Люты 1917 г. - 2000 г. / Я.К. Новiк, Г.С. Марцуль, Э.А. Забродскi i iнш; Пад рэд. Я.К. Новiка, Г.С. Марцуля. - 3-е выд. - Мн.: Універсітэцкае, 2003. - 464 с.

Iгнаценка I., Кароль А. Усевалад Iгнатоўскi i яго час [Тэкст]: [навуковае выданне]. - Мінск: Полымя, 1991. - 235 с.

Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч [Тэкст]: [энцыклапедычны артыкул] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Т.3. - Мн.: БелЭн, 1996. - С. 470-471.

Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч [Тэкст]: [энцыклапедычны артыкул] // Беларусь: энцыклапедычны даведнік. Мн.: Беларусь, 1995. - С. 344.

Нарысы гісторыі Беларусі [Тэкст]: [падруч. для студэнтау вузау па спецыяльнасцi «Гісторыя Беларусі»]: у 2 ч. - Ч. 2 / Пад рэд. М.П. Касцюка, I.М. Ігнаценкі, У.I. Вышынскага і інш. - Мн.: Беларусь, 1994. - 560 с.

Петрашкевіч А. Воля на крыжы: трагедыя // Полымя. - 2000. - №2. - С. 82-146.

Петрыкаў П.Ц. Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (Да 125-годдзя з дня нараджэння) [Тэкст]: [навуковае выданне] // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. - 2006. - №2. - С. 13-29.

Платонаў Р. Перад трагічным стрэлам: дакументальная хроніка апошняга года жыцця акадэміка Усевалада Ігнатоўскага // Беларусь. - 1997. - №7. - С. 14-16.

Ковкель И.И. История Беларуси: с древнейших времен до нашего времени [Текст]: [учебное пособие для студентов высших учебных заведений по специальности «История Беларуси»]. - 4-е изд. - Мн.: Аверсэв, 2004. - 605 с.

Чигринов П.Г. История Белоруссии с древности до наших дней [Текст]: учебное пособие. - Мн.: Книжный дом, 2004. - 672 с.

Похожие работы на - Жыцце і творчы шлях У.М. Ігнатоўскага

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!