Расійскі шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі
Расійскі
шлях палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення індустрыяльнай цывілізацыі
Змест
1. Буржуазныя рэформы 60-70-х гг.
ХІХ ст.: асаблівасці іх правядзення на Беларусі
2. Шляхецкія
паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя ў беларускіх губернях
3. Ідэалогія
лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух на Беларусі Выспяванне нацыянальнай
ідэі ў светапоглядзе беларускіх народнікаў
4. Афармленне
агульнарасійскіх і нацыянальных партый
5. Рэвалюцыя
1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму
6. Беларускі
нацыянальны рух і «Наша Ніва»
7. Аграрная
рэформа Сталыпіна i яе ўплыў на гаспадарку Беларусi
8. Палiтычнае
становiшча ў краіне і на Беларусі (1907-1914 гг.)
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Буржуазныя
рэформы 60-70-х гг. ХІХ ст.: асаблівасці іх правядзення на Беларусі
Скасаванне
прыгону з’яўлялася першым крокам Аляксандра IІ на шляху мадэрнiзацыi расiйскага
грамадства па ўзору вядучых заходнееўрапейскiх краiн. Судовая рэформа, прынятая
ў лiстападзе 1864 г., грунтавалася на прынцыпах усесаслоўнасці, незалежнасці
суда ад адмiніcтрацыi, спаборнасці i галоснасці судовага працэсу. Пры разглядзе
крымiнальных спраў прадугледжваўся ўдзел грамадскасці праз інстытут прысяжных
засядацеляў. Iнтарэсы абвiнавачваемых абаранялi прысяжныя павераныя.
Усталёўвалася сicтэма судовых устаноў: мiравы суд, з’езд мiравых суддзяў,
акруговыя суды, судовыя палаты. Вышэйшай інстанцыяй быў cенат, а яго члены
прызначалiся царом.
На Беларусi
судовая рэформа пачалася толькi у 1872 г. Пры гэтым у суддзi не дапускалi католiкоў, а яўрэяў – нават у засядацелi. У 1883 г. была заснавана Вiленская судовая палата, якая разглядала справы жыхароў Вiленскай,
Гродзенскай, Ковенскай i Мiнскай губ. Магілёўская губ. падпарадкавалася
Кіеўскай, а Віцебская губ. – Пецярбургскай судовым палатам.
У 1864 г. для абрання земскіх органаў самакіравання былі сфарміраваны тры групы (курыі) выбаршчыкаў:
прыватныя землеўладальнiкi, гарадскiя i сельскiя грамадствы з улікам маёмаснага
цэнзу. Такiм чынам, падаўляючую перавагу ў іх набывалi дваране.
Па прычыне
пражывання на Беларусі значнай колькасці яўрэяў і палякаў, апазіцыйна настроеных
супраць царызму, ажыццяўленне земскай рэформы ў яе ўсходніх губернях было
адтэрмінавана да 1911 г., а ў заходніх – нават да 1917 г.
Гарадская
рэформа, распачатая ў 1870 г., мела на мэце перадаць справы гарадскога жыцця ў
распараджэнне калегіяльнага органа – думы. У мэтах яе абрання ўсе
падаткаплацельшчыкі фарміравалі тры курыі выбаршчыкаў, кожная з якой выбірала
сваю трэць прадстаўнікоў (гласных) у думу. Выканаўчым органам яе з’яўлялася
ўправа на чале з гарадскім галавою. Гарадская рэформа на Беларусі адбылася ў 1875 г. Улады рабілі ўсё магчымае, каб абмежаваць удзел яўрэяў у абранні і рабоце думы.
Паражэнне Расіі ў
Крымскай вайне (1853-1856) паставіла ў парадак дня неабходнасць карэнных
перамен у рускай арміі. Сама ваенная рэформа пачалася ў 1862 г., калі ў рэкруты сталі браць больш мужчын, але тэрмін іх службы быў скарочаны з 25 да 6 год у
сухапутных войсках і да 7 – на флоце. Сэнс гэтых навацый заключаўся ў тым, што
людзі пасля службы ішлі ў рэзерв (запас) і ў выпадку ваеннай неабходнасці маглі
быць мабілізаванымі ў войска. Уся тэрыторыя падзялялася на 15 ваенных акруг, а
рэгулярнае войска было скарочана да 742 тыс. (на 34, 4 %). У адпаведнасці з
Законам ад 11 студзеня 1874 г., уводзiлася ўсеагульная воiнская павiннасць
мужчын ва ўзросце ад 21 да 41 год за выключэннем карэнных жыхароў Сярэдняй Азіі
і Сібіры. Тэрмiн службы салдат з вышэйшай адукацыяй складаў 6 месяцаў,
выпускнікоў гiмназiй – 1, 5 года, вучылiшча – 3, пачатковай школы – 4 гады.
Станоўчыя вынікі рэформы выявілі сябе ў пераможнай вайне з Турцыяй (1877-1878).
Школьная рэформа,
распачатая ў 1864 г. грунтавалася на прынцыпе ўсесаслоўнасці. «Палажэнне аб
пачатковых народных вучылiшчах» дазваляла iх адкрываць арганiзацыям i нават
прыватным асобам. У выніку дзяржаўна-царкоўная манаполiя на народную асвету
некалькі паслаблялася. Гiмназii падзялялiся на класiчныя i рэальныя (пазней,
пераіменаваныя ў вучылiшчы). Вучэбная праграма класiчных гiмназiй была
заснавана на гуманітарных дысцыплінах, засваенне якіх дазваляла маладым людзям
без экзаменаў паступаць ва ўніверсітэты. Для паступлення ў тэхнічныя ВНУ
патрэбна было здаць экзамены на засваенне вучэбнай праграмы рэальнай гімназіі
(вучылішча), якая базіраваліся на дысцыплінах прыродазнаўчага цыклу.
Цэнзурная
рэформа, абвешчаная 6 красавіка 1865 г. вызваляла ад папярэдняй цэнзуры
сачыненняў (аб’ёмам звыў 200 старонак), перакладаў (звыш 400 старонак),
сталічнай прэсы, а таксама навуковых выданняў. Такім чынам грамадскасць
набывала магчымасць публічнага выказвання сваіх думак і абмеркавання бягучых
праблем у недзяржаўных выданнях. У 1886 г. адным з такіх выданняў зрабілася газета «Минский листок».
Але істотна
наблізіцца да прававой дзяржавы Расіі не ўдалося. З забойствам Аляксандра ІІ
(1881) г. у краіне пачаўся перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі. Курс новага цара
Аляксандра ІІІ (1881-1894) на «карэктыроўку рэформ» знайшоў увасабленне ў так
званых контррэформах. Так, законам ад 12 лютага 1887 г. уводзілася практыка закрытых судовых працэсаў. У 1884 г. дзецям нiжэйшых саслоўяў забаранялася паступленне ў гiмназiю, а для навучэнцаў-яўрэяў быў уведзены абмежавальны
працэнт. Аўтаномія ўніверсітэтаў была скасавана: рэктар і прафесарскі склад
прызначаўся ўрадам. Усе студэнты былі абавязаны насіць форму. З-за ўзмацнення
цэнзуры былі закрыты многія выданні. У новым палажэнні аб земствах (1890)
узмацняліся пазіцыі дваран. Новае Гарадавое палажэнне (1892) істотна скарачала
колькасць выбаршчыкаў з ліку бедных жыхароў. На Беларусi усе пераўтварэнні мелi
свае асаблiвасцi, абумоўленыя наяўнасцю моцнай антыцарскай апазіцыі.
Невыпадкова, усталяванае ў 10 губернях Расіі надзвычайнае становішча існавала
тут да краху самаўладдзя ў 1917 г.
2. Шляхецкія
паўстанні і іх уплыў на палітыку самаўладдзя ў беларускіх губернях
Пасля перамогi
над Напалеонам у вайне 1812-1815 гг. да Расii адыйшла частка Польшчы (з
Варшавай), якая была вылучана ў так званае «Царства Польскае». Нягледзячы на
яго аўтаномнае становішча ў складзе iмперыi, польская шляхта марыла аб
адраджэннi РП у межах да 1772 г. і яе поўнай незалежнасці. 29 лістапада 1830 г. пад уздзеяннем чутак аб пасылцы рускай арміі на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі ў Варшаве быў
здзейснены напад на рэзiдэнцыю царскага намесніка Канстанціна. На наступны
дзень, 30 лiстапада сталіца была ў руках паўстанцаў. 20 cнежня сейм апублiкаваў
«Манiфест польскага народа» з заклiкам падтрымаць паўстанне, каб "вярнуць
сваю незалежнасць і старажытную магутнасць". У Лiтву, на Ўкраiну i
Беларусь накiроўвалiся эмiсары. У пачатку лютага 1831 г. на тэрыторыю Польшчы ўступіла руская армiя. У яе тыле – Ашмянскi, Браслаўскi, Вiлейскi,
Дзiсенскi, Cвенцянскi паветах сталі cтварацца паўстанцкія камітэты і ўзброеныя
атрады. 19 чэрвеня аб’яднаныя сілы паўстанцаў у складзе 24 тыс. чал. на чале з
Гелгудам спрабавалі штурмаваць Вiльню, але няўдала. Рускія войскі па сіле і
ўзбраенні значна пераўзыходзілі іх. У выніку на пачатку жніўня ўсе ачагі
супраціўлення былі ліквідаваны.
Паўстанне па
складу ўдзельнiкаў было пераважна шляхецкiм. У значнай ступені яго
падтрымлівалі тыя жыхары, якія ўсведамлялі сябе палякамі. Пад Вільняй у
партызанскіх атрадах дзейнічалі гаражане і студэнты. Рэкрутаваныя ў паўстанцкія
атрады сяляне не выяўлялі зацікаўленасці ў барацьбе.
Пасля падаўлення
паўстання ўсе атрыбуты польскай аўтаноміі былі скасаваны, а Царства Польскае
падзелена на губернi. У 1831 г. было забаронена выкарыстанне Статуту ВКЛ
спачатку ў Вiцебскай i Магiлёўскай, а затым i у заходніх губернях. У 1832 г. «для навядзення парадку» быў створаны так званы Заходнi камiтэт. У лiку яго пастаноў стала
ўвядзенне ў справаводства рускай мовы замест польскай. У 1832 г. быў закрыты Вiленскi унiверсiтэт як ачаг антырасiйскiх настрояў. Закрывалiся польскiя школы
пры касцёлах. Ва ўсiх астатніх школах навучанне стала весціся па-руску.
За дапамогу
паўстанцам 191 каталіцкі кляштар з 304 быў зачынены або ператвораны ў прыход.
Ксяндзам забаранялася адлучацца ад сваiх прыходаў. Каб зменшыць уплыў палякаў
на беларусаў, 23 сакавіка 1839 г. Сінод прыняў пастанову аб далучэнні ўніятаў
да праваслаўнай царквы. У выніку самая масавая канфесія на Беларусі перастала
існаваць. З 1840 г. назвы «лiтоўскi», «беларускi» сталi знiкаць з
дакументальнага ўжытку. Замест iх укаранялася назва «Паўночна-Заходнi край».
Менавiта з таго часу назвы «Лiтва», «лiтоўскi» сталі замацоўвацца за тэрыторыяй
i Ковеншчыны.
Да следства за
ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек.
У дзяржаўны фонд было канфіскавана шляхецкіх 217 маёнткаў. Адначасова пачалася
другая хваля «разбору шляхты». Хто не здолеў даказаць свайго высакароднага
паходжання, быў абавязаны выконваць рэкруцкую і іншыя павiннасцi.
Такім чынам,
пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. польская супольнасць Беларусі істотна
пацярпела ад рэпрэсіўнай палітыкі ва ўсіх галінах яе жыццядзейнасці. Ускосна
гэта палітыка закранула і беларускую шляхту. Тым не менш 1830-1831 гг. было не
апошняй спробай палякаў аднавіць незалежнасць. У 1861 г. пачаўся новы ўздым іх нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Як і раней, асноўная сіла змагароў
рэкрутавалася са шляхты, у тым ліку літоўскай і беларускай. Удзельнікі руху
падзяляліся на два лагеры – «белых» і «чырвоных». Да першых належалі
арыстакраты, буржуа і каталіцкая вярхушка. Другія прадстаўлялі дробную шляхту,
інтэлігенцыю, працоўных. Кожны з лагераў бачыў свой шлях да дасягненні мэты:
белыя – праз маральнае і міжнародна-дыпламатычнае ўздзеянне на царскі ўрад, а
чырвоныя – праз узброенае паўстанне. Летам 1862 г. у Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Падпарадкаваным яму цэнтрам
падрыхтоўкі паўстання на Беларусі і ў Літве быў Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт
(ЛПК). Кастусь Калiноўскі (1838-1864), які ў кастрычніку 1862 г. узначаліў ЛПК, асноўную сілу ў барацьбе супраць царызму бачыў не ў шляхце, а ў беларускіх
сялянах. Менавіта на іх і была разлічана газета "Muzуckaja prauda».
Вымушаны
выступіць заўчасна ЦНК 10 студзеня 1863 г. абвясціў сябе Нацыянальным урадам і заклікаў суайчыннікаў да ўзброенай барацьбы за вызваленне ад царскага
прыгнёту. Са свайго боку ЛПК выступіў у падтрымку паўстання і абвясціў сябе
Часовым урадам Літвы i Беларусі. Характэрна, што ЦНК не давяраў К. Каліноўскаму
як прыхільніку распальвання сялянскай вайны і прызначыў на другаступенную
пасаду камісара Гродзенскага ваяводства.
У
сакавіку-красавіку 1863 г. паўстанцкія атрады пачалі баявыя дзеянні на
Беларусі. У той самы час праз цэрквы і сельскія сходы сялян пераконвалі, быццам
польская шляхта імкнецца аднавіць прыгоннае права. У цэлым разлік К.
Каліноўскага на масавы прыток беларускіх сялян не спраўдзіўся. У Гродзенскай
губерні іх доля сярод паўстанцаў складала больш за 33%, Віленскай – 27, Мінскай
– 20, Магілёўскай – 13, Віцебскай – толькі 7%. Асноўную масу барацьбітоў за
незалежную РП складала малазямельная і беззямельная шляхта, чыноўнікі,
інтэлігенцыя, студэнты і іншыя асобы. Паўстанцы прытрымліваліся партызанскай
тактыкі баявых дзеянняў, імкнучыся з найменшымі для сябе стратамі нанесці ўрон
рэгулярнаму войску. Так, 24 красавіка атраду Звяждоўскага ўдалося выбіць
праціўніка з г. Горы-Горкі.
У маі 1863 г. месца віленскага генерал-губернатара заняў генерал М. Мураўёў, прызначаны начальнікам
Паўночна-Заходняга края з надзвычайнымі, дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Важным
сродкам падаўлення антыўрадавых настрояў сярод сялянства паслужыў яго ўказ аб
скасаванні «часоваабавязанага стану», вяртанні адабраных у ходзе рэформы сялянскіх
зямель, скарачэнні (на 20%) выкупных плацяжоў.
Свае асноўныя
намаганні М. Мураўёў скіраваў на разгром паўстанцаў, колькасць якіх дасягала 15
тыс. На працягу вяснылета сіламі 40-тысячнага войска з артылерыяй лакальныя
ачагі супраціўлення былі падаўлены. За публічнае пакаранне паўстанцаў на
шыбеніцах за Мураўёвым замацавалася прозвішча «Вешальнік». Так, 123 удзельнікаў
паўстання былі павешаны ці расстраляны, 3 776 чалавек высланы ў Сібір, 12 355
пастаўлены пад нагляд паліцыі. 22 сакавіка 1864 г. у Вільні быў публічна павешаны К. Каліноўскі.
Маёмасць
асуджанай шляхты і святарства канфіскоўвалася. Усё маёнткі края, якія належалі
шляхце і каталіцкаму духавенства былі абкладзены 10 % падаткам. У краі пачалося
пераразмеркаванне зямель на карысць памешчыкаў і сялян праваслаўнага
веравызнання. Усе чыноўнікі-палякі, хто выказваў спачуванне паўстанцам,
вызваляліся з дзяржаўных пасад. Іх месцы мусілі заняць ураджэнцы расійскіх
губерняў, зацікаўленыя высокімі (на 50%) акладамі.
Звязаная з іменем
М. Мураўёва другая хваля русіфікацыі суправаджалася выкараненнем польскай мовы
з научальных устаноў, кнігавыдавецтва, тэатральных рэпертуараў, закрыццём
каталіцкіх школ. Адзіная вышэйшая школа – Горы-Горацкі земляробчы інстытут за
сувязь студэнтаў з паўстанцамі быў зачынены. Адначасова для дзяцей праваслаўных
сялян сталі адчыняцца шматлікія пачатковыя школы.
Маёмасць многіх
касцёлаў перададзена ў дзяржаўны фонд, самі яны былі зачынены, або пераўтвораны
ў праваслаўныя храмы. У той самы час пачалося будаўніцтва новых цэркваў паводле
прапанаванага М. Мураўёвым праекту – так званых «мураўёвак».
У 1863-1864 г. царскі рэжым выявіў сваю перавагу ва ўсіх сферах барацьбы з польскім нацыянальна-вызваленчым
рухам – ваеннай, эканамічнай, знешнепалітычнай, нават ідэйнай. Разам з тым
асэнсаванне беларускай шляхтай прычын трагічных для іх вынікаў паўстання
набліжала яе да мясцовага жыцця, да свайго народа, яго мовы і культуры. У новых
умовах у іх свядомасці лозунг самастойнай Польшчы спалучаўся з лозунгам
самастойнай Беларусі. Невыпадкова К. Каліноўскі ў сваіх «Лістах з-пад
шыбеніцы», заклікаючы свой народ да далейшага змагання за волю, выказваўся за
ўтварэнне самастойнага ўрада для Літвы (Беларусі).
Русіфікацыя края
праз абмежаванні вывучэння і выкарыстання польскай мовы ў дзяржаўных установах,
развіццё рускай школы, укараненне рускай літаратуры, замену польскага
чыноўніцтва рускім, усё гэта і іншае спрыяла ўмацаванню расійскай дзяржаўнасці,
што з’яўлялася найбольш істотным і прыкметным наступствам шляхецкіх паўстаннях
на Беларусі ў ХІХ ст.
3. Ідэалогія
лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух на Беларусі Выспяванне
нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх народнікаў
У Заходняй Еўропе
ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму і яго далейшага развіцця ўзнікла
палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм, які выказваў інтарэсы прамысловай
буржуазіі па абмежаванні правоў манарха парламентам, устанаўленні
канстытуцыйнага ладу і ўдзелу ва ўладзе. Лепшай формай палітычнага ладу
лібералы лічылі дэмакратыю, заснаваную на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя,
свабоду асобы і раўнапраўе грамадзян.
Пэўная частка
інтэлігенцыі, заклапочаная паскарэннем грамадскага прагрэсу ў Расіі, звярнула
ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці сялянства. Тыя з інтэлігентаў, хто ішоў «у
народ» (сяліўся ў вёсках), каб узняць яго асветніцкі ўзровень, зваліся
народнікамі. Адна іх плынь – ліберальнае народніцтва – выступала за
ўдасканаленне асобы і пашырэнне яе правоў, а таксама за ўвядзенне канстытуцыі. Каб
прадухіліць магчымы сацыяльны выбух, ліберальныя народнікі заклікалі да мірнай
замены «самадзяржаўя цара самадзяржаўем народа» на аснове ўсеагульных выбараў,
свабоды слова и свабоды сходаў.
З цягам часу з
ліберальнага народніцтва вылучылася рэвалюцыйная плынь, якая лічылі сялянства
рэвалюцыйным класам, а сялянскую абшчыну – гатовай ячэйкай будучага
сацыялістычнага грамадства. Характэрнай рысай народнiцкай iдэалогii з’яўлялася
перапляценне ідэй народаўладдзя з сялянскiм утапiчным сацыялiзмам. Яе прадстаўнікі
ставілі на мэце падрыхтоўку ў Расіі сялянскага паўстання і звяржэнне
самаўладдзя. Першая народнiцкая арганiзацыя «Зямля і Воля» была створана ў 1861 г. На Беларусi iдэi народнiцтва падзялялi К. Калiноўскi, В. Урублеўскi, З. Серакоўскi.
З-за спрэчак аб
тактыкi сваёй дзейнасці народнікі і падзяляліся на тры групоўкі – бунтарскую,
змоўшчыцкую і прапагандысцкую. Ідэолагам першай з’яўляўся М. Бакунiн, якi
заклiкаў да неадкладнага ўсенароднага паўстання супраць царызму і памешчыкаў.
Прыхiльнiкi П. Ткачова выступалi «за палiтычны пераварот з мэтай перадачы ўлады
народу». Трэцяя плынь народнiкаў падзяляла думку П. Лаўрова аб неабходнасцi
грунтоўнай падрыхтоўкi да рэвалюцыi праз прапаганду.
Намаганнямі А.
Міхайлава, Г. Пляханава і інш. у 1876 г. у Пецярбургу была адноўлена дзейнасць
нелегальнага таварыства «Зямля i Воля», у якім бралi удзел і студэнты з
Беларусi – С. Кавалiк, А. Бонч-Асмалоўскi, І. Грынявiцкi, М. Судзiлоўскi i iнш.
У жнiўнi 1879 г. «Зямля i Воля» з-за ідэйных спрэчак раскалолася на «Народную
волю» i «Чорны перадзел». На пачатку 1880-х гг. гурткi чорнаперадзельцаў
узнiклi у Віцебску, Мiнску, Оршы, Слуцку.
Другая плынь
рэвалюцыянераў (А. Жэлябаў, Н. Кібальчыч, А. Міхайлаў, С. Пяроўская, С.
Халтурын і інш.) аб’ядналася вакол «Народнай волi», якая паставіла на мэце
прымусіць царскі ўрад пайсці на дэмакратычныя рэформы. Асноўным метадам
палітычнага ўздзеяння на яго зрабіўся індывідуальны тэрор – фізічнае знішчэнне
вышэйшых дзяржаўных асоб. Прыхільнікі гэтай тактыкі спадзяваліся гэтымі
забойствамі выклікаць паралік органаў улады, анархію, а ўслед за ім – народную
рэвалюцыю. У лiку ўдзельнiкаў «Народнай волi» былі выхадцы з Беларусi. Адзін з
іх, І. Грынявіцкі 1 сакавiка 1881 г. кінуў бомбу ў Аляксандра II, смяротна
параніўшы яго і сябе.
У студзенi 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганiзацыя «Народнай волi», якая аб’яднала большасць гурткоў
Беларусi, у тым ліку Бабруйска, Вiльнi, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мiнска,
Оршы, Пiнска. Дзейнасць «Народнай волі» не прынесла тых вынікаў, на якія
разлічвалі яе арганізатары і кіраўнікі.
На фоне крызісу
народнiцкіх арганізацый у Расіі стала ўмацоўвацца новае вучэнне – марксізм. Яго
заснавальнік – К. Маркс (1818-1883) даказваў неабходнасць і магчымасць
сусветнай рэвалюцыі, звяржэння буржуазнага ладу, усталявання дыктатуры
пралетарыяту і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Асноўную ролю ў рэвалюцыі
павінен быў адыграць рабочы клас (пралетарыят). У адрозненне ад народнікаў,
марксісты не лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, тым не менш разглядалі яго
як саюзніка ў сумеснай барацьбе супраць самаўладдзя. На Беларусі асноўным
асяроддзем распаўсюджання марксiсцкiх iдэй зрабiлiся яўрэйскiя працоўныя. У 1884 г. у лiку першых пачаў працаваць гурток Абрамовiча ў Мiнску. У 1886 г. марксiзм вывучалi ужо каля 130 рабочых. У 1895 г. у горадзе дзейнiчалi 2 сацыял-дэмакратычныя
групы, якія ўзначальвалі Я. Гурвiч i C. Трусевiч. Пазней такiя ж гурткі ўзнiклi
у Вiльнi, Гродна, Смаргонi, Вiцебску, Гомелi.
На аснове рабочых
гурткоў сталi стварацца сацыял-дэмакратычныя арганiзацыі. Узнiкшыя ў Польшчы ў
1882 і 1892 гг. партыі (адпаведна) «Пралетарыят» і «Польская партыя
сацыялістычная» (ППС) сталі пашыраць свой уплыў і на Заходнюю Беларусь.
Асаблiвай актыўнасцю вызначаўся Лiтоўскi рабочы саюз з аддзяленнямi у Вiльнi,
Мiнску i Смаргонi. У жніўні 1900 г. па ініцыятыве Ф. Дзяржынскага адбылося
аб’яднанне саюза с польскімі сацыял-дэмакратамі ў адзіную Сацыял-Дэмакратыю
Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).
У прамысловых
цэнтрах Расіі таксама ўзніклі сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, у тым ліку
пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895) на чале з У.
Ульянавым (Леніным).
Колькаснае
павелiчэнне сацыял-дэмакратычных суполак яўрэйскiх рабочых стварыла ўмовы для
ўзнiкнення масавай арганізацыі Бунд – Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў
Лiтве, Польшчы i Расii (на чале з А. Крэмерам), які быў створаны ў Вiльнi у 1897 г.
Па ініцыятыве ЦК
Бунда была прадпрынята спроба ўтварэння агульнарасійскай рабочай партыі. З
гэтай нагоды 1-3 сакавiка 1898 г. у Мiнску адбыўся I з’езд 9 дэлегатаў
сацыял-дэмакратаў ад буйнейшых арганізацый Расіі, які ў прынятым Маніфесце
абвясціў аб утварэнні Расійскай Сацыял-дэмакратычнай партыі. На справе яе яшчэ
толькі належала стварыць, чым і заняліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў і іншыя.
У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, выхадцаў з Беларусі, узнікла група
«Гоман», якая называла сябе «беларускай мясцовай фракцыяй» партыi «Народная воля».
У ліку яе арганізатараў былі І. Грынявіцкі, А. Марчанка, Х. Ратнер, М.
Стацкевіч і інш. Значным дасягненнем групы стала выданне ў 1884 г. часопіса «Гомон. Белорусское революционное обозрение» для таго, каб служыць выразнiкам iдэй
сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў. У яго першым нумары за студзень–люты
абвяшчалася аб праве беларусаў пры захаванні сваёй самастойнасці «заняць у
Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя
народнасці».
У другім нумары
«Гомана», які выйшаў у лістападзе, былі змешчаны больш разгорнутыя
характарыстыкі «нашай Радзімы» Беларусі як асобнай «краіны» і саміх беларусаў
як «чыстага тыпу славянскага племені», іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з
палякамі і вялікаросамі.
Такім чынам,
«сацыяльна-палітычная група беларусаў» і іх часопіс папулярызавалі ідэю аб
самабытнасці беларускага народа і абгрунтоўвалі яго права на дзяржаўнасць
(аўтаномію) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны пераконвалі расійскую
грамадскасць у існаванні самабытнага беларускага народа, заяўлялі аб яго месцы
сярод іншых народаў і перспектывах далейшага жыцця.
4. Афармленне
агульнарасійскіх і нацыянальных партый
Уздым
рэвалюцыйнага руху, скіраванага супраць самаўладдзя, прычыніўся да ўтварэння
партый, якія ставілі на мэце заваёву палітычнай улады. Раней астатніх у
агульнарасійскую партыю вылучыліся народнікі. З 1899 у Мiнску пад кiраўнiцтвам
Л. Клячко (Радзiёнавай), Р. Гершунi, К. Брэшка-Брэшкоўскай, А.
Бонч-Асмалоўскага пачала дзейнiчаць «Рабочая партыя палiтычнага вызвалення
Расii». Неўзабаве ў складзе РППВР налічвалася каля 200 удзельнікаў, аб’яднаных
у амаль 40 гурткоў. У 1900 годзе арганiзацыя была разгромлена паліцыяй, а
рэшткі яе ўвайшлі ў Партыю сацыялiстаў-рэвалюцыянераў (ПС-Р), якая аформiлася ў
1902 г. з былых народнiкаў. Яе сацыяльнай базай з’яўляліся сялянства, рабочыя,
народная інтэлігенцыя. Эсэры выступалi cупраць самаўладдзя i памешчыцкага
землеўладання, за федэратыўную дэмакратычную рэспублiку, за пабудову
сацыялiстычнага ладу на аснове сацыялiзацыi зямлi, ураўняльнага землекарыстання
і распаўсюджвання кааперацыi.
Эсэры ў многiм
захавалі традыцыi «Народнай волi», у тым ліку тактыку індывідуальнага тэрору.
Для гэтых мэтаў існавала «Баявая арганiзацыя» на чале з Р. Гершунi. Арганiзацыi
ПС-Р мелiся ў Беластоку, Вільні, Віцебску, Гомелі, Мiнску. На Беларусi у 1904 г. узнiкла асобная Паўночна-Заходняя Абласная арганiзацыя ПС-Р.
Вялiкую ролю ў
арганізацыі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) адыграла
газета «Искра», у якой публікаваліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў, Г. Пляханаў, Л.
Троцкі.
У ліпені-жніўні 1903 г. у Бруселі і Лондане адбыўся ІІ з’езд РСДРП. Дэлегаты прынялі партыйную праграму, дзе
фармулявалiся задачы буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыi (праграма-мiнiмум):
звяржэнне самаўладдзя i усталяванне дэмакратычнай рэспублікi і інш.
Праграма-максімум лiчыла канчатковай мэтай усталяванне дыктатуры пралетарыяту і
пабудову сацыялiзму.
Пад час абмеркавання
пункту Cтатута аб тым, хто можа быць членам партыi, была прынята фармулёўка Ю.
Мартава, у адпаведнасцi з якой для членства ў РСДРП лiчылася дастатковым
прызнанне праграмы, матэрыяльная падтрымка партыi i рэгулярнае асабiстае
садзеянне ёй пад кiраўнiцтвам адной з партыйных арганізацый. У. Ленiн
выказваўся за непасрэдны ўдзел кожнага ў працы партарганiзацыi. У рэдакцыю
«Искры» абралі Ў. Ленiна, Ю. Мартава, і Г. Пляханава, а ў ЦК партыі ўвайшлі
толькі прыхільнікі Ў. Леніна, якія склалі большасць (адсюль – «бальшавікі»).
Прапанова «меншавіка» Г. Пляханава вярнуць у склад рэдакцыі «Искры» усіх
супрацоўнікаў выклікала выхад з яе Ў. Леніна. У сярэдзiне 1905 гг. у РСДРП
налiчвалася 14 тыс. бальшавiкоў i 12, 5 тыс. меншавiкоў. На Беларусi яе
буйнейшыя арганiзацыi узнiклi у Мiнску, Гомелi, Вiцебску, Барысаве, Бабруйску,
Магiлёве, Мазыры, Полацку. Падпарадкоўвалiся яны Палескаму (Гомель) i
Паўночна-Заходняму (Вiльня) камiтэтам.
У пачатку 1900-х
гг. на Беларусі адбывалася фарміраванне нацыянальных партый. Асобую актыўнасць
выяўляла яўрэйскае насельніцтва. З яго асяроддзя вылучыліся чыста нацыянальная
сіянісцкая партыя, сацыялістычныя яўрэйская рабочая партыя
(нацыянальна-народніцкага кшталту), Паалей Цыён
(нацыянальна-сацыял-дэмакратычна-га кшталту). З улікам Бунда, РСДРП, ПС-Р
прысутнасць яўрэяў у палітычных партыях была самай масавай.
З 1900 г. у Вiльні, Мiнску, Смаргоні дзейнiчалi невялiкiя групы СДКПіЛ, а з 1902 г. – ППС. У той час, як СДКПiЛ iмкнулася да супрацоўнiцтва з РСДРП, ППС была прыхiльнiцай
самастойнай дзейнасці. Частка партыйцаў вылучылiся ў асобную «ППС на Лiтве».
Вызначальную ролю
ў кансалідацыі беларускага народа, абуджэнні яго палітычнай свядомасці адыграла
нацыянальная дэмакратычная інтэлігенцыя. У канцы ХІХ ст. у Мiнску сярод
навучэнцаў гімназій утварыўся гурток па вывучэнню беларускіх нацыянальных
праблем. У 1902 г. яго заснавальнiкi – браты Антон i Iван Луцкевiчы працягвалі
гэтую дзейнасць у Пецярбургу, у студэнцкiм «Гуртку беларускай народнай асветы».
Зiмою 1902/1903
гг. члены гуртка (у тым лiку браты Луцкевiчы, Цётка, К. Каганец, А. Бурбiс, В.
Iваноўскi, Ф. Умястоўскi) з удзелам моладзi Мiнска i Вiльнi заснавалi
«Беларускую рэвалюцыйную грамаду». З’езд БРГ, якi адбыўся ў 1903 г., пазіцыяніраваў сябе сацыяльна-палiтычнай арганiзацыяй беларускага працоўнага народа. Як
вынікала з яе праграмы, канчатковай мэтай абвяшчалася знiшчэнне
капiталiстычнага ладу i пераход у грамадскую ўласнасць зямлi, сродкаў
вытворчасцi i транспарту. Блiжэйшай задачай абвяшчалася звяржэнне самаўладдзя.
Меркавалася дамагацца палiтычнай аўтаномii Беларусi з сеймам у Вiльнi i
культурна-нацыянальнай аўтаномii для этнiчных груп краю.
Недзе памiж 1904
i 1905 гг. БРГ прыняла назву «Беларуская сацыялістычная грамада» (БСГ). З
моманту свайго ўтварэння яна ўстала на рэвалюцыйны шлях барацьбы з
самаўладдзем, за ўсталяванне ў Расіі федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі і
самавызначэнне беларускага народа. Роля БСГ сярод іншых партый, якія існавалі
на Беларусі да 1905 г., у агульным рэвалюцыйным працэсе была невялікай.
5. Рэвалюцыя
1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму
У 1905 г. у Расіі адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Яе выклікала абвастрэнне супярэчнасцей
памiж самаўладдзем i грамадствам, памешчыкамi i сялянамi, буржуазiяй i
пралетарыятам, царызмам i народамi нацыянальных ускраiн; няўдалы ход i вынiкi
для Расii вайны з Японiяй.
Пачаткам рэвалюцыi
паслужыла «Крывавая нядзеля» – расстрэл 9 студзеня 1905 г. мiрнай манiфестацыi працоўных Пецярбурга, якiя ішлi да цара з просьбай аб паляпшэнні іх
становішча. У выніку ад салдацкіх куль загінула больш 1000 чал. У адказ
абураныя рабочыя i прагрэсiўная iнтэлiгенцыя ў той жа дзень выйшлi на вулiцы
сталiцы пад лозунгамi «Далоў самаўладдзе!». Акцыi салідарнасці пракацiлiся па
ўсёй краiне. У іх удзельнічала каля 440 тыс. На Беларусі найбольш актыўна
выступілі працоўныя Мінска, Гомеля, Брэста, Смаргонi, Мазыра, Полацка, Слонiма
і інш. Арганiзатарамi выступленняў былi партыйныя камiтэты Бунда, РСДРП і ПС-Р.
Чарговай
падставай для рэвалюцыйнага ўздыму зрабілася святкаванне 1 мая. Дэманстрацыi,
маёўкi, сходкi праходзiлi пад лозунгамi «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве
дэмакратычная рэспублiка!». У Пінску і Віцебску адбыліся сутыкненні
дэманстрантаў з паліцыяй.
Пад уздзеяннем
рэвалюцыйных падзей сяляне прадпрымалі спробы дамагчыся паляпшэння свайго
становiшча. У асноўным іх выступленні ўяўлялі сабой патравы панскіх лугоў,
парубкi лесу, зрэдку – падпалы i разгромы маёнткаў. Забастовачны рух сельскіх
пралетарыяў адбываўся пад уплывам агiтацыi арганiзацый РСДРП, Бунда, ПС-Р.
6 жнiўня 1905 г. Мікалай ІІ ў адказ на патрабаванні рэформ падпісаў распрацаванае міністрам унутраных спраў
Булыгiным «Палажэнне аб выбарах у законадарадчую Дзяржаўную думу». Але ў выніку
абвешчанага «левымі» партыямі выбары ў яе так і не адбыліся.
У тых умовах
буржуазiя, чыноўнiцтва, iнтэлiгенцыя, усе носьбіты ліберальнай ідэалогіі, якія
не iмкнулiся да звяржэння манархii, палічылі за лепшае арганізавацца і выступіць
з патрабаваннем канстытуцыі. З гэтай мэтай былі створаны дзве партыi –
акцябрыстаў («Союз 17 октября») i кадэтаў (канстытуцыйных дэмакратаў). У першую
ўваходзiла праваліберальная, частка чыноўнікаў, памешчыкаў,
гандлёва-прамысловай буржуазіі на чале з А. Гучковым, якая ў пытаннi аб уладзе
прытрымлівалася памяркоўна-канстытуцыйных поглядаў і не выказвала самаўладдзю
нiякай варожасці. Сацыяльную базу другой партыі з’яўляліся служачыя земстваў,
творчая інтэлігенцыя, буржуазія, буйныя і дробныя землеўладальнікі. Кадэты
складалі левае крыло лібералізму. Іх ідэалам дзяржаўнага ўладкавання з’яўлялася
манархія, абмежаваная парламентам. Кадэты выступалі за правы асобы, прыватную
ўласнасць, вяршэнства закону. У адрозненне ад сацыялістычных партый, яны абралі
рэфармацыйны, негвалтоўны шлях яе рэалізацыі. Адным з лідэраў партыі быў
прафесар П. М. Мілюкоў.
У адпаведнасці з
Маніфестам 17 кастрычніка, усе існаваўшыя дагэтуль сацыялістычныя партыі
(РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ, трудавікі і інш.) выйшлі з падполля і сталі дзейнічаць
легальна. Дэмакратызацыя палітычнага жыцця выклікала непакой так званых
«чарнасоценцаў» – кансерватыўных пластоў расійскага грамадства праваслаўнай
веры – дваранства, чыноўніцтва і інш., якія аб’ядналіся пад вялікадзяржаўнымі,
шавіністычнымі і юдафобскімі лозунгамі. Арганізацыі чарнасоценцаў «Саюз рускага
народа» і інш. утварыліся і на Беларусі – у Віцебску, Глыбокім, Гомелі, Мінску,
Оршы, Пінску. Пры падтрымцы паліцыі яны тэрарызавалі яўрэйскае насельніцтва
ўсёй краіны.
Бальшавікі і
іншыя «левыя» арганізацыі палічылі заўчасным прыпыненне рэвалюцыі. 7 снежня 1905 г. у Маскве ў пачалася палiтычная стачка, якая перарасла ва ўзброенае паўстанне. У гэты ж час
забастоўкi адбывалiся ў Баранавiчах, Гомелi, Мазыры, Мінску, Пiнску, усяго ў 28
гарадах i мястэчках з удзелам каля 44 тыс. чал. Але паўстанне ў Маскве не
перарасло ў агульнарасiйскае i было падаўлена.
Не абмяжоўваючыся
рэпрэсіўнымі захадамі, царызм ішоў насустрач той частцы грамадства, якая
імкнулася да супрацоўніцтва з уладай. Абвешчаныя выбары ў заканадаўчы орган
стымулявалі ідэі парламентарызму. Тым не менш усе «левыя» партыі заклiкалi
байкатаваць выбарчую кампанію. Але яна ўсё ж адбылiся 26 сакавіка-20 красавіка 1906 г. i прынесла перамогу кадэтам, якія занялі 179 дэпутацкіх месцаў з 478. У лiку 36 дэпутатаў ад
5 беларускiх губерняў было 10 памешчыкаў, 2 ксяндзы, 11 лiберальных
iнтэлiгентаў і 13 сялян.
У думе былi
створаны партыйныя фракцыi, пераважна, правага кшталту. Асноўная ўвага дэпутатаў
прыцягвала зямельнае пытанне. 20 чэрвеня 1906 г. быў абвешчаны дзяржаўны аграрны праект, які выклікаў адмоўнае стаўленне да яго з боку дэпутатаў. Указам цара ад
8 лiпеня 1906 г. Дума была распушчана за тое, быццам яна аказалася
непрацаздольнаю і распальвала напружанасць у грамадстве. Адначасова абвяшалася
аб падрыхтоўцы да новых выбараў. Старшыня царскага ўрада П. Сталыпiн узмацнiў
рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў, асабліва тэрарыстаў. У выніку сітуацыю ўдалося
паступова стабілізаваць.
У тых умовах
сацыялiсты таксама прыйшлi да меркавання аб неабходнасці выкарыстання
парламенцкіх метадаў барацьбы за інтарэсы працоўных і на гэты раз яны не сталi
байкатаваць выбары ў ІІ Думу, а актыўна ўключылiся ў выбарчую кампанiю. Пасля
выбараў у лютым 1907 г. з 518 дэпутатаў думы 222 належалі да сацыялiстаў, 98 –
да кадэтаў. Беларускiя губернi прадстаўлялi 13 памешчыкаў, 3 святароў, 4
iнтэлiгентаў i 16 сялян. У выніку, замест «непрацаздольнай» першай Думы, склад
другой быў у сваёй большасці «левы». Неўзабаве жандармерыя паведаміла, быццам
55 думцаў з ліку сацыял-дэмакратаў рыхтуе ваенную змову. 1 чэрвеня П. Сталыпін
запатрабаваў адхіліць указаных асоб ад удзелу ў думскіх пасяджэннях, а 16 –
пазбавіць недатыкальнасці. Невыкананне гэтага патрабавання дало падставы цару
Ўказам ад 3 чэрвеня распусціць Думу.
Новае «Палажэнне
аб выбарах у Думу» ад таго ж, 3 чэрвеня 1907 г., было складзена з мэтай мiнiмiзацыi у ёй колькасці апазiцыйных элементаў. Яно надавала значную перавагу маёмным
класам, у першую чаргу, вялiкарускаму дваранству праваслаўнага веравызнання.
Супраць левых партый былi разгорнуты рэпрэсii, а сацыял-дэмакратычная фракцыя –
арыштавана. Такім чынам, абяцанні Мікалая ІІ дэмакратычным шляхам стварыць
заканадаўчы орган, былі адкінуты, і на гэтай падставе новы выбарчы закон быў
успрыняты прагрэсіўнай грамадскасцю як «Трэцячэрвенскi дзяржаўны пераварот».
У выніку
восеньскіх 1907 г. выбараў з 442
дэпутатаў да крайніх правых належала – 50, умерана-правых і вялікарускіх
нацыяналістаў – 97, акцябрыстаў і блізкіх да іх – 154, «прагрэсістаў» – 28,
кадэтаў – 54, http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D1%80%D1%83%D0%B4%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D0%BA%D0%B8трудавікоў
– 13, сацыял-дэмакратаў – 19 і інш. З 36 дэпутатаў ад беларускіх губерняў
большасць складалі памешчыкі і праваслаўнае духавенства, па палітычным спектры
– да крайне правыя дэпутаты.
З разгонам II i
пачаткам дзейнасцi ІІІ Думы перадавой грамадскасцi рабiлася вiдавочна, што
рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Царызм захаваў свае асноўныя пазiцыi i з апорай
на кансерватыўныя пласты грамадства, на армiю i рэпрэсiўны апарат абрынуўся
супраць свядомых рэвалюцыянераў, рабочага i сялянскага рухаў. Таму спрыяў зноў
абраны дэпутацкі корпус Думы.
6. Беларускі
нацыянальны рух і «Наша Ніва»
У 1905 г. БСГ выступала ў адзіным з іншымі сацыялістычнымі партыямі рэвалюцыйным рэчышчы. У студзенi 1906 г. у Мiнску на II з’ездзе партыі былi прыняты новая праграма i арганiзацыйны статут, выбраны ЦК
у складзе А. і І. Луцкевiчаў, В. Iваноўскага i А. Бурбiса. У праграме
гаварылася, што партыя ставiць канчатковай мэтай замену капiталiстычнага ладу
cацыялiстычным, а блiжэйшай задачай – звяржэнне самаўладдзя i утварэнне
Расiйскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi cа свабодным самавызначэннем i
культурна-нацыянальнай аўтаномiяй народнасцей. Для Беларусi самавызначэнне
павiнна было ўвасобiцца ў дзяржаўнай аўтаномii з соймам у Вiльнi.
У аграрным
пытаннi складальнiкi праграмы сталі аддаваць перавагу не эсэраўскай
сацыялiзацыi, а праекту ўтварэння Абласнога зямельнага фонду, што адпавядала
аўтаномii Беларусi. Усе важнейшыя пытаннi мусiў вырашыць Устаноўчы сойм для
Беларусi i толькi пасля рэвалюцыйнага звяржэння самаўладдзя.
Друкаваным
органам БСГ стала газета «Наша доля». Першы нумар, які выйшаў 1 верасня 1906 г., пачынаўся з верша Цёткi «Наш палетак». Тут жа змяшчалася рэвалюцыйная проза – «Прысяга над
крывавымi разорамi». Урэшце 5 нумароў з 6 былі канфiскаваны ўладамі, а 11
студзеня 1907 г. «Наша доля» была забаронена назаўсёды.
Рэпрэсіі царскіх
улад прымусілі грамадоўцаў змяніць сваю тактыку. Так, 10 лiстапада 1906 г з’явiўся першы нумар «Нашай нiвы», у якім вызначыўся курс яе выдаўцоў на рэфармацыйны шлях
дасягнення беларусамі сваіх інтарэсаў.
Пасля
Трэцячэрвеньскага перавароту на Беларусi узмацнiўся нацiск вялiкадзяржаўнага
шавiнiзму. Царскiм уладам, праваслаўнай царкве, чарнасоценцам i акцябрыстам
удалося павесцi за сабою большасць кандыдатаў беларускага сялянства.
Не апошнюю ролю
адыгрывала і ўкараненне на Беларусі ідэалогіі заходнерусiзму
(западно-руссизма), якая адмаўляла самастойнасць i самабытнасць беларусаў.
Прадстаўнiкi
кансерватыўнага вялiкадзяржаўна-шавiнiстычнага накiрунку ў заходнерусiзме
лiчылi этнiчныя прыкметы беларусаў вынiкам польска-каталiцкай эспансii.
М. Каяловіч і
іншыя прыхiльнiкi лiберальна-памяркоўнага кiрунку прызнавалi пэўную
гiсторыка-этнiчную адметнасць Беларусi, але выключалi мэтазгоднасць яе
дзяржаўнага самавызначэння, варожа ўспрымалi праявы беларускага адраджэнскага
руху і лічылі яго «польскай iнтрыгай».
Удзельнікі
чарнасоценна-акцябрысцкiх суполак абвяшчалі Беларусь «Исконно русским краем», а
беларусаў далучалi да велiкаросаў (западнороссов). У 1908 г. члены групоўкi «Белорусское общество» абвінавачвалі «Нашу Нiву», беларускi нацыянальны рух у
сепаратызме, «мазепiнстве», у польскiм i касцёльным утрыманстве.
З другога боку,
прадстаўнiкi польскай арыстакратыi, iдэолагi «Вялiкай Польшчы», таксама
адмаўлялi самабытнасць беларускага народа, разглядалi Беларусь як «ускраiнную»
частку колішняй польскай дзяржавы. Польская прэса таксама адмаўляла беларускаму
этнасу у праве на iснаванне; цкавала «Нашу нiву», сцвярджала, быццам яна
выдаецца на казённыя грошы i г. д. Такiм чынам, беларускi рух, як пiсалi
пазней, трапiў «памiж молатам i кавадлам».
Частка
ўдзельнікаў польскага руху, у якім дамінавала так званая краёвая плынь,
выступала з ідэяй яднання ўсіх этнасаў Беларусі і Літвы на глебе агульнасці
інтарэсаў краю.
Газета «Наша
Нiва» была вымушаны адыйсці ад радыкальных ацэнак палітычнага і эканамічнага
жыцця ў краіне і засяродзіцца на асветніцкіх праблемах: культурна-нацыянальным
адраджэнні народа, барацьбе за мову, нацыянальную свядомасць i кансалідацыю
беларусаў, незалежна ад веравызнання. Газета друкавала шматлікія і разнастайныя
матэрыялы беларускіх аўтараў. Упершыню са старонак «Нашай Нівы» у вершаваным
творы Я. Купалы форме прагучала беларуская нацыянальная ідэя. Намаганнямі
нашаніўцаў узнікла і пачала ўкараняцца беларуская літаратурная мова.
З перапыненнем
дзейнасці БСГ менавiта «Наша Нiва» да пачатку І сусветнай вайны заставалася
цэнтрам беларускага нацыянальнага руху і з поспехам выканала ўскладзеную на яе
місію.
7. Аграрная
рэформа Сталыпіна i яе ўплыў на гаспадарку Беларусi
Царызм добра
ўсведамляў патрэбу аграрнай рэформы, здольнай вырашыць эканамічныя праблемы. Яе
ажыццяўленне дыктавалася і палітычнымі матывамі: неабходнасцю ўмацавання
дзяржаўнага ладу i пазбаўлення рэвалюцыйных сiл шырокай сацыяльнай апоры.
Невыпадкова, царскі ўрад выступіў з ініцыятывай ажыццяўлення аграрнай рэформы
«зверху». Яе ідэолагам і арганізатарам з’яўляўся прэм’ер-міністр П. Сталыпiн.
На яго думку, здзяйсненне рэформы павiнна было адбыцца не за кошт памешчыцкага
землеўладання, а шляхам разбурэння сялянскага абшчыннага землекарыстання з
замацаваннем надзельнай зямлi у прыватную ўласнасць.
Пачатак рэформы
быў пакладзены царскiм указам ад 9 лiстапада 1906 г. Ва ўмовах існавання «цераспалосiцы» селянін мог запатрабаваць ад грамады вылучэння яму аднаго
цэлага ўчастка – водрубу або хутара па месцу яго жыхарства, калi ён збiраўся
выязджаць з сяла. Указ ад 14 чэрвеня 1910 г. рабiў выхад сялян з абшчыны абавязковым. Гэтая рэформа закранала, у асноўным, тыя губернi, у тым ліку Вiцебскую
і Магiлёўскую, дзе пераважала абшчыннае землекарыстанне. Напярэдаднi Лютаўскай
рэвалюцыi у абшчынным карыстаннi заставалася толькi 28,5 % зямель. За 10 год
рэформы тут узнiкла каля 128 тыс. хутароў (12 % гаспадарак).
Важнейшым
накірункам вырашэння аграрнай рэформы стала асваенне сялянамі
сельскагаспадарчых угоддзяў Сібіры і Далёкага Ўсходу. Пад час перасяленцкай
кампаніі, арганізаванай пры фінансавай і тэхнічнай падтрымцы ўрада, з 1907 па
1914 год з Беларусi на новае месца жыхарства і працы выехала 335 366 чал., але
па розных прычынах 36 544 чал. былi вымушаны вярнуцца.
У цэлым жа,
сталыпiнская рэформа станоўча паўплывала на развiццё аграрнага сектару эканомікі,
у тым ліку сялянскай гаспадаркi: пашырылася плошча пасяўных зямель (амаль на
11%), павялiчылася ўраджайнасць бульбы, збожжа, iльну, на 10% вырасла пагалоўе
буйнарагатай жывёлы i свiней. Штогод з Беларусi вывозiлася 2 млн пудоў
iльновалакна, 550 тыс. пудоў мяса, амаль 400 тыс. малочных прадуктаў i iнш.
Тым не менш,
рэформа так i не набыла свайго лагiчнага завяршэння. У многiм гэта было звязана
з забойствам у верасні 1911 г. яе ініцыятара і ідэолага П. Сталыпiна.
Па-другое, класава-палітычныя інтарэсы ўрада і землеўласнікаў пакінулі
непарушным памешчыцкае землеўладанне і тым захавалі сялянскi зямельны голад на
вёсцы, а разам з iм – i значную сацыяльную базу для рэвалюцыйнага руху.
8. Палiтычнае
становiшча ў краіне і на Беларусі (1907-1914 гг.)
Пасля паражэння
рэвалюцыi 1905-07 гг. па Расii пракацiлася хваля рэакцыi. У выніку амаль усе
левыя арганiзацыi левых партый перапынілі існаванне або былі вельмi аслаблены.
Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі правакатары, накшталт лідэра «Баявой
арганізацыі» ПС-Р Е. Азефа. У асяроддзі сацыял-дэмакратаў узнікла плынь
«ліквідатараў», якія выступалі зд адмову нелегальнай дзейнасцi. БСГ перапыніла
сваё існаванне, а яе кiраўнiцтва згуртавалася вакол «Нашай нiвы». Партыя
кадэтаў таксама паступова губляла былы ўплыў на грамадскую думку, а іх
правінцыяльныя арганізацыі распадаліся.
Рэпрэсіі царскіх
улад супраць рабочага руху абумовілі яго паступовы заняпад. Дзейнасць
прафсаюзаў забаранялася. З 1907 па 1910 гг. не адбылося ніводнай палітычнай
стачкі. У той час, як у буйных прамысловых раёнах імперыі ў 1911-1912 гг. у
рабочым руху вызначылася тэндэнцыя да ўзрастання, на Беларусі яна была менш
прыкметнай. Усяго з ліпеня 1910 да пачатку сусветнай вайны ў 1914 гг. у
забастоўках узялі ўдзел толькі каля 19 тыс рабочых – нават менш, чым за
папярэднія тры гады. Колькасць сялянскіх выступленняў таксама значна
зменшылася: са 161 у 1907 г. да 92 у 1909 г. і ні адно з іх не мела дачынення да палітыкі.
Важнай прыкметай
затухання рэакцыі на Беларусі стала доўгачаканае ажыццяўленне ў 1911 г. земскай рэформы, абвешчанай яшчэ пры Аляксандры ІІ. Але, па-першае, яна праводзілася толькі ў
трох губернях з пяці – Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай. Па-другое, парадак
выбараў па нацыянальных курыях ("руская" і "польская") не
дазваляў беларусам пастаяць за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы.
Тое ж адбылося
восенню 1912 г. пад час выбарчай кампаніі ў ІУ Думу. Урад прыклаў шмат
намаганняў, каб у ёй апынуўся лаяльны яму дэпутацкі корпус. Так, па свайму
складу Дума мала адрознівалася ад папярэдняй. З 442 дэпутатаў 120 належала да
нацыяналістаў і памяркоўна-правых, акцябрыстаў – 98, правых – 65, кадэтаў – 59,
прагрэсістаў – 48, сацыял-дэмакратаў – 14, трудавікоў – 10 і інш. 36 дэпутатаў,
абраных у беларускіх губернях па партыйнай прыналежнасці да правых і
нацыяналістаў далучалася 27 чал., да акцябрыстаў – 3, краёўцаў
(польска-беларуская група) – 6. У цэлым, спадзяванні ўрада на падтрымку з боку
Думы не спраўдзіліся. З пачаткам сусветнай вайны іх узаемаадносіны яшчэ больш
пагоршылася. Нават акцябрысты і кадэты крытыкавалі ўрад за няздольнасць
вырашэння бягучых праблем. Спробы дэпутатаў дамагчыся ад цара падпарадкаванасці
ўрада Думе станоўчага выніку не далі. У выніку ўзраслі не толькі антыўрадавыя,
але і антыманархічныя настроі.
Такім чынам,
распачатыя «звыш» спробы палітычнай мадэрнізацыі ў працэсе станаўлення
індустрыяльнай цывілізацыі пэўным чынам дэмакратызавалі расійскае грамадства,
паспрыялі ўзнікненню шматпартыйнай сістэмы і нават заканадаўчага органа. Але
зараджэнне новай палітычнай сістэмы ва ўмовах абсалютнай манархіі, палітычнага
і эканамічнага дамінавання дваранства было немагчымым і пагражала сацыяльнымі
калізіямі.
Спіс
выкарыстаных крыніц
1. Гісторыя Беларусі: у 2-х ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка,
Г.С. Марцуля. – Мн., 1998.
2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я.
Сяменчык – Мн., 2009 г.
3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В. В. Гетад,
M. I. Калінскі. 3 - е выд. – Мн., 1992.
4. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А.
П. Ігнаценка. – Мн., 1994.